Магчыма, гэта невыпадкова, што валявыя высілкі ў нас могуць дэманстраваць толькі жанчыны, як, напрыклад, Домрачава, Каваленя (не блытаць з акадэмікам-сакратаром) і Азаранка. Вось некалькі фрагментаў маёй кнігі, дзе гутарка ідзе пра загадкавую terra feminarum («краiну жанчын»), вядомую таксама як Квенланд (Quenland) ды Амазонію, якая ў рэляцыях сярэднявечных схаластаў і на ранніх еўрапейскіх картах змяшчаецца побач з Белай Руссю, або і часткова атаясамліваецца з ёй.

… Паводле Адама Брэменскага, «там [на Русi] ёсць тыя, якiя называюцца Аланы цi Албаны (Alani vel Albani), якiя на iх уласнай мове называюцца Вiцы (Wizzi), надзвычай жорсткiя разбойнiкi i зладзеi, якiя нараджаюцца сiвымi, згаданыя Солiнам». У іншым месцы ён піша: «Таму, хто вяртаецца з поўначы да вусця Балтыйскага залiва, спачатку на шляху сустракаюцца Нарманы (Nortmanni), затым Сконэ (Sconia), частка дацкай зямлi, над якой на працяглай палосе жывуць готы да самай Бiркi (ad Bircam). Пасля гэтага на шырокай прасторы пануюць свеi да самай Краiны Жанчын (terra feminarum). Над гэтымi апошнiмi, як сцвярджаюць, жывуць Вiцы (Wizzi), Мера (Mirri), Емь (Lami), Чудзь (Scuti) i Туркi (Turci) да самай Русi (usque ad Ruzziam), на чым i заканчваецца гэты марскi залiў. Паўднёвым берагам гэтага мора валодаюць славяне (Sclavi), а паўночны належыць шведам (Suedi)».

апавяданне пра народы–волаты, складзенае не пазней за пачатак XIV ст., паведамляе: «У Вялiкай Швецыi ёсць албаны, белыя, як снег, i колерам валасоў, i скурай, пакуль яны не састарэюць; у iх залатыя вочы, i яны бачаць лепей уначы, чым удзень». «Вялiкай Швецыяй» (Suitiod hin micla) скандынавы лiчылi крайнi ўсход Еўропы — усе вобласцi, што прымыкалі да iх з усходу, у тым лiку i Русь («Гардарыкi»). Як i Адам, побач са сваёй Албанiяй яны змяшчалi «краiну жанчын» — Квенланд (Quenland): вельмі трывалая традыцыя, якая пратрымалася да ранняга Новага Часу.

І калi адны скандынаўскiя крынiцы, найбольш блiзкiя да «Этымалогiй» Ісiдора, размяшчалi Квенланд на поўнач ад Індыi i Бактрыi, дык паводле iншых, магчыма, складзеных пад уплывам Адама Брэменскага, яна знаходзiлася побач са Скандынавiяй, на поўнач ад Біярмii. Услед за вучонымi антычнасцi скандынавы лiчылi Албанiю адным з самых халодных месцаў у свеце, хаця iх уяўленнi пра холад, пэўна, адрознiвалiся ад Страбонавых i Плiнiевых.

Вельмi цiкавая сама этымалогiя слова «Квенланд». Уласна кажучы, квены — гэта iншая назва фiнаў, якая, магчыма, паходзiць ад фiнскага kainu — «балота». Такое ж значэнне мае i сучасная саманазва фiнаў — suomi. Але скандынаўскiя вучоныя–схаласты пры тлумачэннi этнонiма «квены» зыходзiлi са старажытнагерманскага слова, якое азначае «жанчына» цi нават «каралева» (адсюль, напрыклад, англ. queen), а затым распаўсюдзiлi на квенаў–фiнаў усе атрыбуты старажытных амазонак. Трэба меркаваць, па такой жа схеме адбывалася i ператварэнне вепсаў у «албанаў». Як мы ўбачым ніжэй, на некаторых картах нават XV—XVI ст. Белую Русь часта змяшчалі побач з «краінай амазонак», што наўрад ці можна лічыць простым супадзеннем.

Прыцягвае ўвагу, што Белая Русь на карце Фра Маўра (1457), мяжуе са згаданым «востравам Амазонiя»: у Адама Брэменскага i ў скандынаўскiх геаграфiчных творах Албанiя i «краiна жанчын» (Квенланд) таксама суседзяць.

Белыя адзенне, галаўныя ўборы, скура, валасы, ландшафт і г.д. стала прысутнічаюць пэўным фонам у заходніх апісаннях Албаніі, Ноўгарада, Белай Русі, што, як лічыць аўтар, ускосна падмацоўвае гіпотэзу паходжання Russia Alba ад Albania – хаця і не з’яўляецца прамым доказам. Фантастычныя атрыбуты Албанiі (людзі, якія нараджаюцца сівымі, залатыя вочы, велізарныя сабакі і г.д.), суседства з «краінай жанчын» (terra feminarum або Quenland), з Рыфейскімі гарамі, у якіх жыве грыфон – праяўлялі дзіўную ўстойлівасць на працягу стагоддзяў. Ці не звязаная нейкім чынам з «краінай жанчын» з «залатымі вачыма» і легенда пра ідал «Залатая Баба»? Непасрэдна на Белай Русі яго змяшчалі Рыхенталь і Мяхоўскі, а іншыя, як Герберштайн, прыводзілі легенду пра «Залатую Бабу» ў адным геаграфічным кантэксце з Белай Руссю.