Карыстальнік filskeit у сваіх допісах на by_mova перыядычна ўжывае тэрмін «змагарскі жаргон», чым правакуе раздражненне аўдыторыі. Тэрмін сапраўды выглядае здзекліва, улічваючы тое, што слова «змагар» ужываецца са зневажальнымі канатацыямі ў рускай мове, калі рускамоўны хоча абазначыць носьбіта беларускай нацыянальнай свядомасці. Атрымліваецца, што беларускамоўным наступаюць на мазоль. Цікава адзначыць і дуалістычнасць стаўлення да мовы гэтага карыстальніка, бо ён знаходзіць месца ў гэтым свеце як норме (ідыялекту) Яна Станкевіча, так і афіцыйнай літаратурнай норме беларускай мове.

Незалежна ад асобы гэтага карыстальніка, яго паводзін і прыдуманага ім тэрміна варта прызнаць, што адпаведнае паняцце ёсць і яно сапраўды мусіць неяк называцца. Сёння ёсць першапачаткова русіфікаваныя людзі, што жадаюць вывучыць беларускую мову. Як робяць людзі ў выпадку іншых моў, якія хочуць вывучыць? Пачынаюць вучыць па кнігах, потым паглыбляюцца ў асроддзе носьбітаў. Але з носьбітамі ў нас такая загваздка, што рэальныя носьбіты ў Беларусі (тыя, хто выхоўваўся і вучыўся па-беларуску) раскіданыя і ў пасіўным стане, а новыя папулярызатары мовы ігнаруюць іх, бо жывуць мадэлямі пра штучнае навязванне няправільнай беларускай мовы ў савецкія часы, супрацьпастаўляючы ім сваё правільнае навязванне ідэальнай сінтэзаванай мовы (няўцям ім, што жывая мова на Беларусі не знікла адразу з паваеннымі эмігрантамі і што старыя беларускамоўныя — далёка неабавязкова такія ж пачаткова рускамоўныя, як самі папулярызатары). Што застаецца — ў якасці асяроддзя прапануюцца такія ж навучэнцы. Дый з кніжкамі бяда, пэўныя папулярызатары выхоўваюць недавер да афіцыйнай навукі, яе адмаўленне, у выніку навучэнцы вучацца па выданнях, створаных сабе падобнымі.

У той жа час застаюцца носьбіты, узус якіх быў увасоблены ў афіцыйных слоўніках і якія могуць яго ведаць з адукацыі, застаюцца знаўцы літаратурнага стандарту, якія могуць быць у асноўным рускамоўнымі, але чытаць па-беларуску і перыядычна нават штось пісаць. А яшчэ ёсць людзі, якія хочуць аддаваць дзяцей у школы з беларускай мовай (дзе адпаведна ўжываецца літаратурны стандарт). Яшчэ ёсць прафесійнае ўжыванне беларускай мовы, дзе выбар таго ці іншага слова патрабуе абгрунтавання і арыенціраў. То-бок, гэта людзі, што прадстаўляюць мову носьбітаў, або людзі, якія трымаюцца арыенціраў у навучанні і карыстанні мовы першых.

Відавочна, што паводзіны другой групы абгрунтаваныя з навуковага, лінгвістычнага гледзішча. Імкненне трымацца за літаратурную норму як за грамадскую дамову — справядлівае. А што ў выпадку першай групы? Яе паводзіны можна параўнаць з паводзінамі натоўпу, ніхто не ведае, куды ён ідзе, але выпадковаму чалавеку з натоўпу лёгка накіраваць яго, куды ён захоча, асабліва калі ён выберацца наперад натоўпу і падбухторыць сябрукоў. Вы чулі такое пытанне «Як правільна па-беларуску?» Навучэнец ідзе ў кола такіх жа, як ён, научэнцаў, можа трохі больш прасунутых, і яны вучаць яго, як правільна. А потым адбываецца цікавы фокус (сачыце за рукамі). Навучаныя не верыць афіцыйным навучальным матэрыялам, навучэнцы пачынаюць ствараць новыя словы замест тых, якія ім не падабаюцца, выкопваць з пыльных слоўнікаў (нават тых, якія ігнараваліся сур’ёзнымі людзьмі ў часы іх выдання) найбольш незвычайнае слова, знаходзіць у старых пыльных газетах іншазменае запазычанне (ну вядома, гэта ж запазычанне не з актуальнай асіміляцыйнай мовы) і прасоўваць яе ў сваё маўленне. Калі хтось здзівіцца, чаму ён ужыў гэта слова, на дапамогу прыходзіць мантра «Мова жывая, яна развіваецца». Заўважце, тое, пра што звычайна робяць выснову на аснове стыхійных масавых тэндэнцый, навучэнец зрабіў аднаасобна, мэтанакіравана. Ён мусіў бы сказаць «Я развіваю мову», але сказаў за ўсю мову. Гэта як калі б той адзінкавы завадатар сказаў натоўпу «Увесь натоўп ідзе да расейскай амбасады», бо проста хоча скіраваць туды натоўп.

Чаму я кажу «мантра»? Бо той, хто так робіць, на самай справе не бачыць, што мова жывая і развіваецца, ён проста хоча ў гэтым пераканацца, таму сам ініцыюе праявы жыцця і развіцця, сам назірае за імі і сам робіць высновы. Гэта, ведаеце, як даць хвораму, які ляжыць, ін’екцыю допінгу, каб ён ускочыў і пабегаў, каб пераканацца ў яго здароўі. Просты ход рэчаў (напрыклад, «стан стабільны, пульс нармальны») такога рупліўца не клапоціць. Ён не можа цярпець, што мова, хоць і ачуньвае, але ляжыць у ложку тут і цяпер — яму падавай скокі і актыўны спорт.

Пытанне: калі яна жывая і развіваецца, чаму ж вы выдумлялі нейкае слова, чаму лезлі ў пыльныя слоўнікі і газеты. Узялі б выйшлі у беларускамоўны горад, дзе мова жывая і развіваецца сотні гадоў, пачулі б ад жыхароў, не так жа ўсё было, то чаму вы падманваеце? Нават калі не вы нешта прыдумалі і выкапалі, а паўтарылі чужую мантру, спытайце сябе, ад каго вы гэта пачулі? У большасці выпадкаў гэта аказваюцца такія ж навучэнцы, якія спярша гаварылі па-руску, дык адкуль яны могуць ведаць штосьці пра развіццё?

Гэта ўсё не мела б значэння, калі б не ўплывала на працэс навучання, прафесійны ўжытак, навуку. Калі вы пытаецеся «Як правільна па-беларуску», падумайце, што стаіць за гэтым пытаннем і ў каго вы пытаецеся, і як з гэтым пытаннем звязаны вашы будучыя паводзіны. Калі актыўныя беларускамоўныя ў большасці такія ж навучаныя, то гэта трэба ўлічваць, калі вы збіраецеся вучыцца ў іх. Гэта як універсітэцкая аўдыторыя, дзе сядзяць навучэнцы. Яны, безумоўна, могуць слухаць выкладчыка, а могуць паслаць яго далей і вучыцца адзін у аднаго. У такіх умовах пытанне «Як правільна?» губляе сэнс. Як можна пытацца аб правільнасці ў чалавека, які не валодае мовай ад прыроды, але з’яўляючыся такім жа навучэнцам ігнаруе працэс навучання і займаецца валюнтарысцкай самадзейнасцю? Тут як у нейкім баевіку з Ван-Дамам, калі на рынгу кажуць «Правіла адно: няма ніякіх правілаў». Калі шукаеце правільнасці — паглядзіце, куды і да каго вы прыйшлі, і што для вас — правільнасць. Калі вы ўсведамляеце, што вам важна проста быць у гэтым коле, камунікаваць у ім, то прынцып тут — як вы самі захочаце. Гэта натоўп. Гаварыце, як хочаце. Выдумляйце. Калі ж для вас мае значэнне правільнасць як такая, то пачніце верыць афіцыйнай навуцы і не верце тым, хто лічыць, што жывых носьбітаў мовы тут няма з канца 40-х,а ў акадэміях заселі камісары з наганамі, а яшчэ пачытайце тэму. Як варыянт — дачакайцеся стварэння міжнароднага сертыфіката беларускай мовы, які мусіць паўстаць у 2014 годзе.

Дзіўна было б, калі на курсах замежных моў выкладанне пачыналася б з вулічнага слэнгу і калі б ганілася літаратурная мова і агульнамоўная лексіка. Безумоўна, у слэнгу ёсць свая каштоўнасць, але спецыфічная. Літаратурная мова — гэта агульная дамова, тое, што заклікана быць агульным сродкам паразумення для розных слаёў насельніцтва. Можа быць, вы не зразумееце брытанскага гопніка з яго слэнгам, затое ён мусіць разумець вас з вашай агульнамоўнай лексікай. Безумоўна, вы можаце прыляцець у Лондан і паглыбіцца ў якіясь жабрацкія трушчобы і навучыцца там жывой мове. Цудоўна, толькі вось гэта сумніўны здабытак, калі вы будзеце размаўляць як брытанскі гопнік і не ведаць як сказаць тое ж па-літаратурнаму. Вы, можа, ведаеце, як размаўляюць па-расійску каўказцы, якое маўленне ў іх распаўсюджана — так, яно заснавана на расійскім слэнгу, на жывой мове, але ці гэта добры паказчык, калі яны ўмеюць размаўляць толькі на гэтай фені? І на тэму «Мова развіваецца» у іх ёсць аналаг — словы «братуха», «борцуха», як бы і гучаць па-руску, толькі вось рускімі ўспрымаюцца як наватвор гэтых каўказцаў і як іх атрыбут.

Спынюся на тэрміне «піджын», вынесеным у загаловак. Піджын — гэта мяшанка-жаргон, утвораны носьбітамі іншых моў, калі яны спрабуюць паразумецца між сабой на тутэйшай мове. У выніку ўсталёўваецца нейкае падабенства мясцовай мовы, у якім нават ёсць свае інавацыі. Наша сітуацыя падобная з тым адрозненнем, што ў нашых навучэнцаў не розныя базавыя мовы,а адна — руская. Тым не менш, яны праяўляюць сябе як турысты-рэпатрыянты, што вярнуліся у роднае ўлонне, але камунікуюць з такімі ж турыстамі, прымаючы іх за аксакалаў, самі не выдаюць сябе і цешацца, што вось гэтак вярнуліся да каранёў. Сур’ёзнае навучанне іх можа не цікавіць, ім важны эфект вяртання да каранёў і забыцця акутальнай асіміляцыйнай культуры (якая, чорт пабяры, з’яўляецца роднаснай і падобнай, абцяжарваючы яе забыццё). Такі вось піджын.

Такім чынам у нас ёсць дзве тэндэнцыі — людзі, для якіх правільнасць мае значэнне, і тыя, для якіх гэта хімера, якіх цікавіць «мова вуліц». І, здаецца, гэта непазбежна на цяперашнім этапе, пакуль палітызаваныя папулярызатары мовы не перастануць шырыць нігілізм адносна афіцыйнай навукі. Піджын мусіў бы быць прызнаным у якасці такога, як бы ён ні называўся. Важна, каб рэпатрыянты-навучэнцы ведалі падчас вывучэння «мовы вуліц», што яны вучаць менавіта «мову вуліц», а не «правільную» мову. Што зносіны на моўных шоў-праграмах не робяць іх пісьменнымі, а для авалодання пісьменнасцю ёсць альтэрнатывы. У сваю чаргу вылучэнне пэўнага пласта мовы ў «піджын» мусіла б дапамагчы і афіцыйнай норме. Бо паметы пра рэгістр, пры стылістычную афрбоўку слова дапамагаюць ужываць або не ўжываць яго людзям арыентаваным на правільнасць, паказваць яго пісьменнасць/непісьменнасць, пэўнасць/сумніўнасць, у той жа час раскрываючы яго значэнне.

Цяпер гэта тым больш важна, бо неўзабаве будзе створаны міжнародны сертыфікат беларускай мовы, да чаго спрычыньваецца Таварыства беларускай мовы. Сістэма, якая дазваляе вывучаць беларускую мову па стадыях, ад простага да складанага, з раздяленнем агульнамоўнага, спецыяльнага і афарбаванага. Магчыма, гэта будзе сістэмай, паказальнай у сэнсе правільнасці. Магчыма, яна здолее набыць аўтарытэт. Спадзяюся, што ў палітызаваных «папулярызатараў» не павернецца язык супраць міжнароднага сертыфіката, гэтай каштоўнай ініцыятывы ТБМ. І тады будзе актуальна абазначыць розніцу між мовай, што стыхійна выкладаецца на моўных шоў-праграмах ды на інтэрнэт-прасторах, і навукова выверанай мовай.

UPD: Забыў згадаць маленькую дэталь. Вось яшчэ адна супярэчлівасць паміж «Хачу ведаць, як правільна» і мантрай «Мова жыве і развіваецца». Калі хтось пытае, як правільна, ён хоча ведаць цяперашні, актуальны стан, канкрэтны стан. Як мінімум, для вывучэнца-пачаткоўца патрэбныя асновы, пачатковыя веды. Навучэнец прыйшоў не па вывучэнне эвалюцыі мовы. Калі на здзіўленне наконт нейкай змены, адрознення, неадпаведнасці яму заўжды будуць казаць «мова развіваецца», то значыць да гэтага яму сказалі састарэлую інфармацыю, а хіба ён прыйшоў да «настаўнікаў» па няякасны тавар? Калі ж такі адказ гучыць часта, гэта павінна насцярожыць, не можа ж у нармальнай моўнай сітуацыі быць такога, каб не сказалі «першы раз чую» або «так нядаўна некаторыя пачалі казаць, але я так не кажу». Тым больш павінна насцярожыць, калі такое развіццё адбываецца ледзь не штодзень. Гэта можа сведчыць альбо тое, што ніхто нічога не ведае, альбо што вучыць «як правільна» не мае сэнсу, бо ўсё мяняецца штодзень. Калі ж навучэнец прымае гэтае тлумачэнне, а тым больш калі пачынае кіравацца тымі ж правіламі і выдумляць, то ў выніку ён падманвае самога сябе — прыходзіў па навучанне, а заканчвае галюцынацыямі.