Я аўтар песні “Еўрабачання-2011” пад назвай “I love Belarus”, прадзюсар песні “З сябрамі”, якая перамагла на дзіцячым “Еўрабачанні-2007”. Мае кампазіцыі ўдзельнічалі ў розныя гады ў розных краінах у адборах на дарослае і дзіцячае “Еўрабачанне”. І я ніколькі не стаміўся ад гэтага конкурсу, у якім наша краіна бярэ ўдзел дзясятак гадоў!

“Еўрабачанне” ўвесь час новае і суперпапулярнае. Сумарная аўдыторыя леташняга спеўнага спаборніцтва склала больш за 200 мільёнаў чалавек. Гэта самы, так бы мовіць, глядзiбельны неспартыўны тэлепраект у свеце. І ўсе размовы пра тое, што “Еўрабачанне” з’яўляецца несур’ёзным праектам, —абсурдныя.

“Еўрабачанне” ўсюды папулярнае па-свойму. У Вялікабрытаніі, да прыкладу, толькі апошнім часам сталі надаваць яму ўвагу. Але як! Даслалі спачатку гурт “Blue” , потым Боні Тайлер. У Швецыі справы ідуць інакш: увесь тамтэйшы музычны рынак развіваецца вакол нацыянальнага адбору, які называецца “Melodifestivalen”. У сярэднім, на адбор падаюць чатыры — пяць тысяч заявак з усяго свету, але журы, як кажуць, негалосна адсейвае замежных аўтараў і выканаўцаў, падтрымліваючы сваіх. У 2012-м я спрабаваў удзельнічаць у гэтым адборы са шведскім суаўтарам і шведскай спявачкай. Наша песня не прайшла нават першы круг. Потым я даведаўся, што справа зусім не ў “зорнасці”, а менавіта ў патрыятызме: разам са мной не прайшло мноства знакамітасцей, у тым ліку і амерыканскі прадзюсар з сусветнай славай RedOne.

Што ж адбываецца з “Еўрабачаннем” у Беларусі сёння? Я б ахарактарызаваў тое, што маем, наступным чынам: застой. Скандалы мінулых гадоў ладна падарвалі матывацыю выканаўцаў да ўдзелу ў адборы. Але маё меркаванне: пад ляжачы камень вада не бяжыць. І ў конкурсе неабходна ўдзельнічаць па адной простай прычыне: для стварэння новых песень еўрапейскага ўзроўню.

Многія думаюць, што фармат “Еўрабачання” — выглянцаваны танцавальны поп 1990-х з элементамі вакальнага шматгалосся. Гэта не так. Нашы музыканты ў большасці сваёй пазбаўлены зносін з еўрапейскім гледачом. Як чалавек, што выступаў у Еўропе і меў кантракт з “Universal AZ” — вядучым французскім лэйблам, — я магу сказаць: на полі традыцыйнай еўрапейскай поп-музыкі нам бессэнсоўна змагацца з тамтэйшымі артыстамі. Але! Уся Еўропа “стаіць на вушах” ад нашых народнікаў, оперных спевакоў і… дзяўчат! Менавіта ў сімбіёзе гэтых складнікаў я бачу поспех на сцэне “Еўрабачання”. Вядома, усё павінна быць аформлена вельмі зразумела для еўрапейскага гледача, але рысы нацыянальнага павінны прысутнічаць абавязкова.

З дзяцінства мяне бянтэжыць, што ў нас прынята ставіць на стол прыгожыя талеркі толькі тады, калі прыходзяць госці. Напэўна, у гэтым феномене крыецца агульнаславянская рыса, якая і не дазваляе зірнуць, у прыватнасці, на “Еўрабачанне” як на нацыянальны працэс. Мы запрашаем замежных аўтараў, прадзюсараў, рэжысёраў, тэлеканалы і спонсары плацяць ім у сотні разоў больш, чым за лепшы прадукт айчынным спецыялістам. Магчыма, многія нашы музыканты, аўтары, танцоры, дызайнеры, харэографы, кліпмейкеры не з’ехалі б з краіны, каб атрымлівалі за сваю працу (у тым ліку — і на пляцоўцы “Еўрабачання”) годную плату. Але штораз з экранаў, са СМІ нам распавядаюць, што выбару не было: гэта бельгійскі кампазітар, гэта грэчаскі бэк-вакал, гэта польскі рэжысёр, гэта, жартам кажучы, марсіянскія стылісты і танцоры з сузор’я Альфа Цэнтаўра. І такіх у Беларусі, вядома ж, няма…

10 гадоў таму мы ўпершыню прынялі ўдзел у гэтым конкурсе. І амаль уся наша прысутнасць на ім звялася сёння да таго, што велізарныя ганарары, затрачаныя на спаборніцтва, атрымліваюць замежнікі. Я ганаруся тым, што ўгаварыў у свой час кіраўніцтва тэлеканала, і ў 2011 годзе, калі мая песня прадстаўляла краіну, уся вытворчасць і падрыхтоўка вяліся ў Беларусі беларускімі ж спецыялістамі. Так, мы не прайшлі ў фінал, але выступілі не горш, чым выканаўцы, якіх рыхтавалі хвалёныя еўрапейскія прадзюсары. Затое засталася нацыянальная песня, якую да гэтага часу спяваюць на канцэртах. Затое нашы майстры акунуліся ў самае вялікае музычнае тэлешоу свету. У гэтых людзей цяпер — каштоўныя веды, яны набылі канкрэтны вопыт, сталі больш глыбока разумець конкурс. “Еўрабачанне” ў гэтым сэнсе можа стаць каталізатарам нацыянальнага руху поп-музыкі. І хто яго ведае, а раптам не за гарамі той час, калі і мы будзем жыць год у “еўрабачанным” раі пасля перамогі на конкурсе беларусаў?..