Кожны жыхар архіпелага стабільнасці, як ваўкалак, вокамгненна перакідаецца ў мовазнаўца, калі гаворка заходзіць пра напісанне ягонага прозвішча ды імені. І ў авангардзе гэтай вайны людзей супраць логікі мовы стаяць айчынныя пашпарты(сткі). Але гэтая бойка бязлітасная, і зусім не зразумела, хто за каго і хто чый, – тут кожны сам за сябе, кожны адстойвае сваё права пісаць прозвішча менавіта так, таму што:

– так у пасведчанні аб нараджэнні,
– так ва ўсіх родных,
– бо ў мяне тата рускі,
– бо Volha – гэта машына,
– бо па-ангельску маё імя – Andrew, а гэтыя прыдуркі пішуць Andrej,
– бо адкуль у маім прозвішчы па-англійску “H” замест “G”?
– а, гэта яны хочуць падкрэсліць “калхознае” беларускае “гэ”!
– бо прозвішчы не перакладаюцца (аргумент выкарыстоўваецца, калі трэба пакінуць у беларускім варыянце, напрыклад, мяккі “р”, або пазбавіцца “дз” ці “ц”).

З другога боку, хтосьці спрабуе адваяваць выпраўленне савецкіх памылак, носіць даведкі ад акадэмікаў, змагаецца з дакумантавай транслітарацыяй.

Няма спакою яшчэ і ад таго, што квітнее міжкультурная камунікацыя. Плюс гэтыя лаціннікі зладзілі дуду, а нам, “грэкам”, пад яе скакаць даводзіцца. А калі не ведаеш заморскага танца, то пагана выходзіць. Так шчыры беларус Хлусевіч, які адправіўся шукаць лепшага жыцця, у Польшчы будзе Chłusiewicz, у Нямеччыне – Chlusewitsch, у Францыі – Hlusevitsh, у Іспаніі – Jlusevich. Такі разнабой нібыта мусіла паправіць перадача лацінскімі літарамі ў пашпартах, але цяперашняе напісанне (з надзеяй, што гэта прачытае ангелец ці амерыканец) – спроба і на елцы пасядзець, і беларускую адметнасць перадаць. Нават таго, каго нельга называць, у розных краёх перадаюць па-рознаму (sh / ch / sch / sz / š, –enka / –enko).

Так, нашы пашпартысты, стараючыся дагадзіць прывідна-туманным ангельцам, беларускае прозвішча “Шут” запішуць Shut. Але ж тыя падступныя саксы ды англы наўрад ці прачытаюць яго так, як бы таму Шуту хацелася. Shoot – выпальваюць “правільны” варыянт поўныя глабалісты, якія аддана чакаюць часоў, калі ўвесь свет будзе размаўляць на адной мове – ангельскай (але самі пакуль, на ўсялякі выпадак, размаўляюць па-руску), каб ніхто не памыліўся.

Каб усе чыталі прозвішча “слушна” (вядома, на 100% правільна ніхто ваша прозвішча чытаць не збіраецца, бо акцэнт ніхто не адмяняў, і як там ужо фламандзец або лапландзец вымавіць галосныя, ці “zh”, якое звычайна ў нашых шыротах сімвалізуе “ж”, ці “s”, якое ці то “з”, ці то “с”, etc., адзін Санта Клаўс ведае), дык вось, каб не часалася рука даць замежніку ў вуха, за “перакручванне” вашага мілагучнага прозвішча, трэба пісаць яго міжнародным фанетычным алфавітам (МФА). Кажуць, што нават скрып зубоў і гукі ад расшчаплення нёба можна перадаць з дапамогай пашырэнняў да МФА. Але для яго паспяховага ўжывання ў нашых сінявокіх пашпартах, дый ва ўсіх іншых пашпартах свету, давядзецца прымусіць кожнага патэнцыйнага “чытача” засвоіць 107 знакаў-літар, 52 дыякрытычныя знакі і 4 сімвалы прасодыі.

А можна проста рабіць, як робяць усе вольныя людзі, – карыстацца сваім, а не рэверансы біць, калі госці яшчэ толькі сінеюць дымам на даляглядзе. Што такое “сваё” і як яго запіхнуць у пашпарт, прыдумалі нашы дзяды ў кааперацыі з даўнімі нямецкімі Freunde, яшчэ падчас Першай сусветнай. Яны адчулі, што беларуская лацінка – адзіна магчымае лагічнае рашэнне (ну хіба што можна да кітабаў звярнуцца, у выпадку перастаноўкі сіл у сусветным панаванні).Дзякуючы пажару, што распаліла мапа метро, паў-Беларусі ўжо ведае, што такое беларуская лацінка, што такое сістэма транслітарацыі, і назаве пяць адрозненняў паміж імі. Ясна адно: лацінскія танцы й дудкі не такія нам і чужыя і на нашы ногі кладуцца, да таго ж, даўно ўсё ёсць, проста гэтыя калекцыйныя архіўныя запісы на кружэлках доўга пыліліся на паліцы.

Паколькі наўрад ці мовазнаўцы беларускага ўрада пагодзяцца, каб ім у пашпарце псавалі нешта, таму пашырэння сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў на запісванне асабовых імёнаў чакаць не варта. Застаецца спадзявацца, што моўныя партызаны пралабіруюць пастанову аб тым, што кожны чалавек – гэты цэлы свет, ну ці хаця б горад або вёска, на скрайні выпадак, урочышча. Тады ўсім давядзецца мяняць свае асабістыя шыльды-ўказальнікі.

І як ва ўсім свеце ведаюць, што Mickiewicza пішуць менавіта так, бо ён паляк,

Václava Havla так, бо ён чэх, Goethe – немец, Charles de Gaulle – француз, а Maksim Bahdanovič, Vasiĺ Bykaŭ і Chlusievič – беларусы.