Думкі па матывах летняй школы ЭГУ, прысвечанай нацыябудаванню.

Стварэнне новых формаў ці цэлых стыляў у архітэктуры, як і любой форме творчасці чалавека, мае досыць складаную прыроду. Аднак архітэктура – гэта таксама своеасаблівая форма кшталтавання чалавекам навакольнага асяроддзя. Такое створанае асяроддзе ў сваю чаргу з’яўляецца адлюстраваннем арганізацыі і структуры грамадства. Асновай нацыі, галоўнай формы існавання сучасных грамадстваў, з’яўляецца агульная самасвядомасьць, угрунтаваная на агульнай калектыўнай памяці. Альфрэд Лянг вылучаў тры формы памяці, сярод якіх разам з арганічнай памяццю генома і псіхічнай памяццю вылучыў вонкавую культурную памяць, якая захоўваецца ў створаным чалавекам асяроддзі. Іншымі словамі архітэктура ёсць спецыфічным носьбітам інфармацыі важнай для супольнасці. Тэорыя біхэвіярызму, распрацаванай Роджэрам Баркерам, тлумачыць узаемазалежнасць паводзіна чалавека і наваколля наступным чынам. Чалавек ці супольнасць відазмяняе і мадэлюе наваколле для захавання існуючай сацыяльнай рэальнасці. Г. зн. створанае наваколле з’яляецца носьбітам сацыяльна-рэгулятыўнай інфармацыі і выконвае функцыю сацыялізацыі суб’ектаў у супольнасці. Наколькі моцныя сувязі збудаванага навакольля і захавання супольнасці паказвае наступны прыклад з кнігі “Самотныя тропікі” К. Леві-Строса. Доўгі час намаганні місіянеры па хрысціянізацыі племя барора ў рэчышчы Амазонкі былі марнымі, а іх прывязанасці да прыроднай рэлігіі заставалася вельмі моцная.

 

Вырашальным крокам, які дазволіў прасунуць справу наперад, стала разбурынне традыцыйнайй структуры паселішча і перасяленне тубыльцаў у тыповыя для еўрапейцаў вёскі з вулічнай планіроўкай і дамінуючым хрысціянскім храмам. Такім чынам, просты парадак растаноўкі даволі прымітыўных хатак тубыльцаў быў надзвычай моцным фактарам захавання супольнасці.

 

У пошуку “гістарычных каранёў” нацыі, як канструкта мадэрновай эпохі, варта бачыць механізм аб’яднаньня супольнасці і міфалагізацыі ідэі аб яе адвечным адзінстве. Падобныя функцыі ўласцівы і т.зв. “нацыянальным стылям” у архітэктуры. Заканчэнне эпохі вялікіх стыляў у архітэктуры у першай палове ХІХ ст. было звязана з заняпадам Асветніцтва і пачаткам эпохі нацыяналізма ў Еўропе.

 

Змаганне за “адраджэнне” ці  сцвярджэнне гістарычных стыляў у архітэктуры, якое ішло паралельна ці папярэднічала фарміраванню нацыянальных дзяржаў, было па сутнасці нацыяналізацыяй архітэктуры. Найбольшай папулярнасцю як нацыянальны стыль ў краінах Заходняй Эўропы карысталася готыка, у той час як для Расейскай імпэрыі сымбалем адзінства “рускага народа” стала рэінкарнацыя т.зв. “рускага стылю”. У нацыянальных стылях выразна бачна імкненне да міфалагізацыі спадчыны і стварэння новага адзінага і агульнага канону для супольнасці пад выглядам адраджэньня старога. Дэкаратыўныя сыстэмы ці нават асобныя элемэнты набываюць надзвычайную сімвалічнасьць у грамадзкай свядомасьці менавіта ў нацынальным фокусе.

 

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст. канструктыўная аснова нацыянальных стыляў значан эвалюцыянавала, аднак легітымацыю яны ўсё адно імкнуліся атрымаць у сівой даўніне, як напрыклад скандынаўскі мадэрн, які актыўна выкарыстоўваў раманскія матывы. У міжваенны перыяд нягледзячы на пашырэнне ідэй канструктывізму і функцыяналізму для многіх краін тэматыка нацыянальных стыляў заставалася надзвычай актуальнай. У гэты час над стварэннем своеасаблівага беларускага стылю працаваў Л. Вітан-Дубейкаўскага, які ў сваіх праектах імкнуўся спалучыць новую канструктыўную аснову і традыцыйныя для Беларусі архтэктурныя матэрыялы і формы.

 

Як ніколі да эпохі мадэрнасьці не існавала канцэпцыі аб адзінстве і самастойнасьці нацыі, так ніколі раней не ставілася пытанне аб стылёвым адзінстве архітэктуры ў межах пэўных этнічных супольнасцяў. Сімволіка архітэктуры і механізм утварэння стыляў меў зусім іншую аснову. З пачаткам эпохі нацыяналізма, архітэктура стала адной з формаў прапаганды ідэі аб адзінстве нацыі, г.зн. адным з інструментаў стварэння гэтай новай супольнасьці.

 

Пашырэнне і росквіт беларускага нацыянальнага стылю ў пачатку ХХ ст. быў магчымы толькі ў выпадку развіцця беларускай нацыі і станаўлення нацыянальнай беларускай дзяржавы. Бальшавіцкія праекты як у дзяржаўным будаўніцтве, так і ў развіцці культуры першапачаткова мелі касмапалітычны характар, што бачна на панаванні канструктывізма і функцыяналізма ў архітэктуры міжваеннага часу. Аднак ужо пасля вайны разам з разгромам нацыянальных рухаў у многіх рэспубліках у СССР актыўна рэалізуецца спроба стварэння новай ідэнтычнасці т.зв. “савецкага чалавека”. У архітэктуры гэта бачна па пашырэньні нэаклясыцыстычных ідэяў. Пры гэтым у архітэктуры розных рэгіёнаў СССР на ўзроўні дэкора захоўвалася пэўная этнаграфічная своеасаблівасць. У выпадку Беларусі найбольш тыповым  будынкам такога кшатлту стаў будынак ГУМа ў Менску. Па сутнасці правы на нацыянальныя рысы ў архітэктуры заставаліся толькі на ўзроўні дэкаратыўнага афармлення фасада і інтэр’ера. Падобная архітэктурная дактрына распаўсюджвалася і на камуністычныя краіны Цэнтральнай Еўропы, што яскрава рэпрэзентуе Палац культуры і мастацтва ў Варшаве.

 

Архітэктурнае афармленне ўрбаністычных цэнтраў Беларусі ў большасці было сфарміравана ў  другой палове ХХ ст. і па сваёй сутнасці мусіла сцвярджаць савецкую ідэнтычнасць. Дадатковым досыць моцным фактарам з’яўляецца савецкая ўрбаніміка. Фактычна тое збудаванае асяроддзе, што атрымалі беларусы мусіла спрыяць фарміраванню касмапалітычнай асобы адданай камуністычнай ідэалёгіі з лёгкай формай прывязанасці да этнаграфічных адметнасцяў рэгіёну. З цягам часу перашпачатковае значэньне камуністычных сімвалаў як у архітэктурным афармленні, так і ўва ўрбаніміцы было забыта. Іншымі словамі новая генерацыя беларусаў не бачыць, ці не можа ўбачыць старыя савецкія прапагандысцкія сымбалі, бо не здольна іх дэкадаваць. Мала хто з менчукоў ўзгадае, што выяўлена над уваходам у станцыю метро Кастрычніцкая ці што вісіць на франтоне будынку Глаўпаштамта ў Менску. Асобныя сімвалы захоўваюць сваю актуальнасьць, як прыкладам плошча Перамогі, з прычыны ўключэння іх у функцыянаванне сучаснай постсавецкай ідэалагічнай сістэмы.

 

Прастора беларускіх гарадоў і, найперш, сталіцы чыстая ад сімволікі, якая б магла ўмацоўваць беларускую суспольнасць ці беларускую нацыю. Гэта замаруджвае як працэс станаўлення нацыі, так і агульнае развіццё грамадства, якое знаходзіцца пад ціскам аўтарытарнай дзяржавы. Савецкая забудова цэнтру Менску і блёчная забудова жылых раёнаў, якая ў многім сімвалізуе сілу дзяржавы, выцясняе індывіда на другі плян, што аслабляе ідэнтыфікацыю, прывязанасць да месца, дзе жыве чалавек. Відавочнай праблемай беларускіх гарадоў ёсць разбурэнне гістарычных цэнтраў, месцаў, дзе павінна канцэнтравацца грамадскае жыццё, якія б змяшчалі ў сваёй архітэктуры сімволіку здольную умацоўваць супольнасць. Цягам станаўлення сучаснай т.зв. “ідэалёгіі беларускай дзяржавы” адбываецца спроба стварэньня новых сімвалаў.

 

Адным з найбольш вядомых з’яўляецца новы будынак Нацыянальная бібліятэкі Беларусі. Аднак у гэтым будынку выразна бачны гігантызм, які мусіць адлюстроўваць сілу дзяржавы.

 

Прасторавае асяроддзе беларускіх гарадоў, дзе канцэнтруецца жыцьцё нацыі, такім чынам, не спрыяе ўмацаванню нацыі, а застаецца носьбітам ідэй закладзеных савецкай таталітарнай дзяржавай у пасляваенны пэрыяд. Сучасная дзяржаўная палітыка ў гэтым пытанні не спрыяе пераадоленню гэтай сітуацыі, а шмат у чым працягвае ранейшую лінію. Гэта дае магчымасць стрымліваць працэс нацыябудаўніцтва і падтрымліваць аўтарытарную сыстэму кіравання ў краіне. У будучым пераасэнсаванне ўрбаністычнай прасторы, надзяленне яе адпаведнай сімволікай мусіць стаць адным з важнейшых інструментаў канструявання моцнай нацыльнай супольнасці, што ёсць неабходным крокам для далейшага развіцця грамадства.

wouk.livejournal.com