«Міёры» — шыльдачка з такой назвай сустракае жыхароў і гасцей раённага цэнтра Віцебскай вобласці. Выкрасліць з яе адну літару — зблытаць падарожніка са шляху, «прапісаць» мясцовых жыхароў у іншым горадзе, знайсці месца на карце Беларусі новаму населенаму пункту…

Аднак некаторыя навукоўцы лічаць па-іншаму. Маўляў, назва ў горада не беларуская. І маюць рацыю. А можа, у мясцовых жыхароў свая праўда?

Рэдакцыя газеты «Звязда» вырашыла правесці сваё «моўнае» расследаванне. І на гэта былі падставы: афіцыйная назва горада ў даведніку «Назвы населеных пунктаў Беларусі. Віцебская вобласць» — Мёры; у той жа час ва ўсіх дакументах, на шыльдах устаноў раённага цэнтра, нават на ўзроўні штодзённага ўяўлення існуе зусім іншае найменне — Міёры.

Дык хто ж дапускае памылку? Каб разабрацца ў гэтым, паслухаем навукоўцаў і саміх мясцовых жыхароў.

З пункту гледжання навукоўцы…

Тапонімы называюць своеасаблівым летапісам зямлі: многія з іх дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў і тысячагоддзяў, ствараліся ў розныя гістарычныя эпохі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне, таму іх асновы дазваляюць прасачыць старажытныя намінатыўныя тэндэнцыі і аднавіць гісторыка-культурныя зрэзы. Даволі часта здаралася так, што гістарычныя абставіны накладвалі адбітак на форму напісання ўласнай геаграфічнай назвы, і на працягу свайго існавання адно і тое ж найменне магло мець некалькі арфаграфічных варыянтаў. Не стала ў гэтым плане выключэннем і назва аднаго з раённых цэнтраў Віцебскай вобласці — Мёры. У розных крыніцах у розныя гістарычныя перыяды гэтая назва мела рознае напісанне. Упершыню ў пісьмовых крыніцах 1514 года гэтае месца ўпамінаецца як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Пазней у перапісе ВКЛ 1567 года маёнтак значыцца як Меры, Мёры. Гэтая форма паслядоўна ўжывалася ў большасці старабеларускіх дакументаў ВКЛ. Так, у духоўным тэстаменце 1621 года (Акты Віленскай археаграфічнай камісіі, т. 33, с. 204) запісана: «Мають сынове мои Миколай, Александер и Федор Шымановичы Мерские… а деткам моим, а если прыбудуть… без проволоки поховати тело мое в церкви заложенья нового над озером, в ыменю Мерах, в повете Браславском лежачом. Па сведчанні гісторыкаў, назва Мёры існавала аж да ХІХ стагоддзя (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 5, с. 131). Непрацяглы час у дакументах выкарыстоўвалася формы Міры. На польскамоўных картах ХVІІ — ХVІІІ стст. назва мястэчка пісалася як Mіоrу. Такая форма напісання абумоўлена тым, што беларускай літары ё ў польскай мове адпавядае спалучэнне літар іо. Пазней, калі беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі, расійскія картографы памылкова кірылічнай графікай палітарна перадалі з польскай мовы спалучэнне іо праз ио. У выніку назва змяніла сваю форму з Мёры на Миоры (па беларуску Міёры). І вось гэтая чужамоўная, скажоная, з неўласцівымі для беларускай мовы гукавымі рысамі форма напісання назвы ўжываецца больш за два стагоддзі.

На сучасным этапе поруч з афіцыйнай формай Міёры даволі часта ў сродках масавай інфармацыі, у навуковай літарутуры ды і ў вусным маўленні прадстаўнікоў старэйшага пакалення беларусаў ужываецца форма Мёры. Натуральна, што ў многіх узнікае пытанне, дзе ж гістарычная праўда, якім павінна быць сучаснае найменне беларускага паселішча — Мёры ці Міёры? Атрымаць адказ на гэтае пытанне магла б дапамагчы этымалогія (паходжанне) назвы. Але да сённяшняга дня не існуе адзінай версіі паходжання: адны вучоныя звязваюць гэтую назву з фіна-ўгорскім гідранімічным фармантам jаrvі, што азначае возера (Р. Аўчыннікава); другія мяркуюць, што назва горада паходзіць ад прозвішча Маер, Меер (В. Жучкевіч); трэція звязваюць тапонім з уладальнікамі паселішча князямі Мірскімі; чацвёртыя — са старажытным словам мір у значэнні абшчына. Не меншую колькасць версій змяшчаюць і народныя легенды. Паводле народнай этымалогіі, гэтае месца атрымала такую назву ў сувязі з вялікім морам: ад невядомай хваробы памерла ўсё насельніцтва краю. Іншыя тлумачаць назву горада назвай канавы Мерыца, якая служыла мяжой паміж уладаннямі ад Мёрскага возера да Заходняй Дзвіны. Акрамя таго, існуе прыгожае паданне пра князя Меру і яго жонку Мерыцу, ад імёнаў якіх і пайшла назва месца. І ўсё ж большасць даследчыкаў сыходзіцца на думцы, што паходжанне назвы Мёры або Меры зязана з фіна-ўгорскім племем мера, мер, што мае пад сабой падставы, паколькі фіна-ўгры сапраўды пакінулі глыбокі след у тапаніміі гэтай тэрыторыі. На нашу думку, разгадку назвы трэба шукаць у самым старажытным, першасным варыянце назвы Мярэя, якая, хутчэй за ўсё, паходзіць ад фіна-ўгорскай назвы аднайменнай ракі.

Напэўна, прыйдзе час, калі вучоныя змогуць больш-менш дакладна вызначыцца з паходжаннем назвы. А што тычыцца сучаснай яе формы напісання, то можна адназначна сцвярджаць, што яна памылковая. Аналагічная сітуацыя адбывалася і з назвай яшчэ аднаго райцэнтра Віцебскай вобласці — Лёзна. Доўгі час у афіцыйных дакументах пісалі Ліёзна (па-руску Лиозно). Але мясцовыя ўлады ўлічылі думку вучоных і ў канцы ХХ стагоддзя замацавалі ў пісьмовым афіцыйным ужыванні старажытную нацыянальную форму Лёзна, якая актыўна ўвайшла ў моўную практыку. Варта было б аналагічным чынам паступіць і з назвай Мёры. Тым больш, што для гэтага ёсць юрыдычная база: у 2009 годзе вучонымі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў створаны даведнік «Назвы населеных пунктаў Беларусі. Віцебская вобласць», у якім у якасці афіцыйнай прынята форма Мёры. Гэты даведнік мае статус нарматыўнага, ён узгоднены з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь у якасці нарматыўнага выдання, прызначанага для выкарыстання рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што некаторыя жыхары раёна, асабліва прадстаўнікі маладога пакалення, прывыклі да назвы Міёры. Але хіба можна моладзь выхоўваць на памылках? Памылкі неабходна выпраўляць. Вядома, што змена адной літары ў найменні пацягне за сабой пэўныя матэрыяльныя выдаткі. Але ці не большыя духоўныя выдаткі мы пацерпім ад страты гістарычнай памяці і нацыянальнай самабытнасці?

Ігар Капылоў, вучоны сакратар
Інстытута мовы і літаратуры імя
Якуба Коласа і Янкі Купалы
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Голас народа

У адной літары справа

З пункту гледжання мясцовых жыхароў…

Леанід Мацялёнак, галоўны рэдактар газеты «Міёрскія навіны»:

— Сённяшняя афіцыйная назва нашага горада — Міёры — не з’яўляецца беларускай. Спалучэнне «іё» прыйшло да нас з Польшчы. Значыць, і назва —запазычанне. Таму я не супраць, каб яе змяніць. Больш за тое, гадоў 15—20 таму сам у газеце ўзнімаў гэтае пытанне. Аднак тыя публікацыі пэўнага выніку не прынеслі. Тым больш, і добрая магчымасць у той час была, каб змяніць назву: у 1998 годзе выдавалася кніга «Памяць», у якой можна было б замацаваць новую назву. Але толькі пагаманілі — і перасталі.

Аксана Лагунёнак, в. а. дырэктара Міёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея:

— Спрачацца з навукоўцамі я не буду. Можа, назва Мёры і больш правільная. Толькі ці ў арфаграфіі тут справа? Усё значна глыбей: у падсвядомасці народа,
у яго культуры, традыцыях. І ці варта мяняць назву, калі мы прывыклі да сучаснай, калі мы ўсё роўна, нягледзячы на яе форму напісання, будзем думаць па-іншаму? Тым больш, ці каштуе адна «лішняя» літара ў найменні тых матэрыяльных выдаткаў, якія яна за сабой пацягне? Думаю, гэтыя грошы варта ўкласці ў іншую, больш карысную і канкрэтную справу.

Вольга Федуковіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 3 горада Міёры, выкладчык беларускай мовы і літаратуры:

— Колькі я памятаю, дык у нас увесь час вядуцца спрэчкі наконт назвы населенага пункта. Вядома, да наймення Міёры мы прызвычаіліся, нягледзячы на тое, што ўжо даўно абгрунтавана яго памылковасць. А з грамацеямі не паспрачаешся. Уласна кажучы, мне асабіста сімпатычны варыянт — Мёры. Гэтая назва ўжо ўкаранілася ў гаворцы міёрцаў, лашчыць слых. Так размаўлялі мае бацькі, так кажу я, так гавораць мае дзеці. Незалежна ад таго, як абгрунтавалі назву навукоўцы, мне імпануе спрадвечная гістарычная назва. Прыгожая, мілагучная, пяшчотная… Ні ў якім разе яна не асацыюецца ў мяне са словам «паміраць».

Таццяна Стальмачонак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Міёрскага райвыканкама:

— Першапачаткова наш горад называўся Мёры. Аднак, улічваючы тое, што нарадзілася я ў Міёрскім раёне, зараз жыву ў Міёрах, мне і бліжэй сучасная назва. Упэўнена, што не адна я прывыкла да яе. Толькі нас ніхто не пытае, якая назва больш даспадобы і ці трэба яе змяняць. Таму, перш чым нешта рабіць, мэтазгодна параіцца з мясцовымі жыхарамі і ўдакладніць, у якім горадзе яны хочуць жыць —
у Міёрах ці Мёрах.