Беларусь у любым выпадку не пазьбегне эканамічнай лібэралізацыi: акурат такі сусьветны крызіс, калі ніхто ня ведае, што прынясе заўтрашні дзень, можа вымусіць улады зьмяніць сёньняшнюю эканамічную палітыку і пайсьці на эканамічныя рэформы.

УСТУП

Тое, што ровень эканамічнай актыўнасьці схільны да ваганьняў – факт відавочны. Адзін час мы можам быць сьведкамі росквіту і эканамічнага росту, другі – масавага беспрацоўя і рэзкага зьніжэньня вытворчасьці. Характэрнай рысай эканамічнага разьвіцьця зьяўляецца цыклічнасьць. І хаця пазбавіцца эканамічнай цыклічнасьці немагчыма, эканамічная палітыка дзяржавы можа паўплываць на амплітуду ваганьняў. Паводле сучаснай тэорыi, адзін цыкл доўжыцца каля 5 гадоў. Так, напрыклад, апошняя рэцэсія ў сьвеце, выкліканая лопнутай даткомаўскай бурбалкай [1], пачалася ў палове 2000 году і доўжылася каля 2,5 гадоў.

Аднак ня трэба блытаць крызіс на фінансавым рынку з рэцэсіяй цэлай эканомікі. Фармальна рэцэсію абвяшчаюць пасьля падзеньня ВУП 2 кварталы запар. Такім чынам, эканомікі Францыi, Даніi, Ірляндыi ды Ісляндыi ўжо ўвайшлі ў рэцэсію, а эканоміка ЗША, дзе распачаўся крызіс, пакуль яшчэ не ў рэцэсіi. У дадатак рэцэсія, у адрозьненьне ад крызісу, амаль заўсёды вызначаецца высокімі паказчыкамі інфляцыi ды беспрацоўя.

 ГІСТОРЫЯ КРЫЗІСУ

Каб лепей зразумець сутнасьць дадзенага крызісу, затрымаемся на яго гісторыі. Адной з мэтаў эканамічнай палітыкі як Б. Клінтана, так і Дж. Буша было павелічэньне колькасьці ўладальнікаў уласнай нерухомасьці. Таму ў 1999 годзе заканадаўчая ўлада скасавала “Glass-Steagall Act”, які быў прыняты пасьля Вялікай Дэпрэсіі ў 1933 г. і абмяжоўваў спэкуляцыi. Паступовая лібэралізацыя ды спрыяльныя палітычныя ўмовы спрычыніліся да крэдытаваньня фізычных асобаў зь нізкімі даходамі. А гарантамі такіх гіпатэчных крэдытаў былі перадусім буйныя паўдзяржаўныя прадпрыемствы “Fannie Mae” і “Freddie Mac”.

Наступнай знакавай падзеяй зьяўляецца працэс зьніжэньня ад 2001г. да 2002 г. Фэдэральнай рэзэрвавай сыстэмай (ФРС), узначальванай Аланам Грынспэнам, працэнтных ставак да ўзроўню 1%. Гэткім чынам, пасьля выбуху даткомаўскай бурбалкі кіраўніцтва манэтарных інстытуцыяў спрабавала ажывіць эканоміку. Гэта ў iх атрымалася, але другасным эфектам быў пачатак інвэставаньня ў рынак нерухомасьці. Бо варта заўважыць, што працэнтная стаўка, у галоўнай меры ад якой залежыць банкаўскі працэнт за крэдыты ды дэпазыты, была ніжэйшай, чым інфляцыя. З аднаго боку гэта заахвочвала да ўкладаньня грошай куды заўгодна, толькі ня ў банкі, а з другога – да атрыманьня на той час вельмі танных гіпатэчных крэдытаў. Перавага попыту над прапановай на рынку нерухомасьці і прывяла да надзвычайнага росту цэнаў.

Апрача таго, банкі ў ЗША давалі гіпатэчныя пазыкі нават так званым NINJA (з анг. No Income, no Job and no Assets), то бок людзям з невялікімі фінансавымі магчымасьцямі (гэтыя пазыкі маюць назву subprime). Пасьля ж буйныя амэрыканскія інвэстыцыйныя банкі стваралі даччыныя прадпрыемствы, якія на базе гэтай нерухомасьці эмітавалі структурныя аблігацыi (то бок ішоў працэс сэкуратызацыі даўгоў [2]) з мэтай атрыманьня спэкуляцыйных даходаў. Аблігацыi былі забясьпечаныя дадзеным актывам, а выплата працэнтаў залежала ад таго, ці крэдытаатрымальнікі будуць своечасова сплочваць крэдыт. Такія аблігацыi набывалі банкі, фірмы ды інвэстары ня толькі з ЗША, але таксама з Эўропы і Азіі. Доўгі час гэткія апэрацыi ішлі пасьпяхова, бо ў той самы час на рынку нерухомасьці панаваў бум і ніхто таму не зьвяртаў увагі на рызыку нясплаты крэдытаў. Дадаткова рэйтынгавыя агенцтвы выстаўлялі высокія ацэнкі бясьпекі гэтым інвэстыцыйным паперам. Як потым выявілася, рэйтынгавы працэс меў шматлікія хібы. Некаторыя, натуральна, ужо тады бачылі гэтую сьпіраль, але спадзяваліся пасьпець зарабіць вялікія грошы і своечасова выйсьці зь інвэстыцыяў.

Як толькі падвышэньне інфляцыi і перагрэў эканомікі прымусілі ФРС да павелічэньня працэнтных ставак аж да 5,25%, гэта прывяло да значных індывідуальных нявыплатаў і стала непасрэднай прычынай крызісу. Цэны на жытло хутка пачалі падаць, а неабмежаваны аптымізм спэкулянтаў згас. Пра сапраўдны крызіс пачалі гаварыць зь сярэдзіны 2007 г., калі выявілася, што аблігацыi subprime ня маюць маёмаснага пакрыцьця. Гэта выклікала сур’ёзныя праблемы ва ўсёй банкаўскай сыстэмe: рэкордныя паказчыкі стратаў у балянсавых справаздачах банкаў і недахоп банкаўскай ліквіднасьці, паніку інвэстараў і завал на фінансавых біржах, нестабільнасьць фінансавай сыстэмы і першыя азнакі рэцэсіi. Вось так коратка можна падсумаваць тое, што адбывалася да верасьня 2008 г.

У сярэдзіне верасьня як даміно пачалі банкрутаваць самыя вялікія інвэстыцыйныя банкі (у тым ліку “Lehman Brothers”). Гіпатэчныя гіганты “Fannie Mae” і “Freddie Mac” ды галоўнае страхавое таварыства “AIG” трэба было дафінансоўваць з фэдэральнага бюджэту, а iншыя банкі (“Merrill Lynch”), якія мелі клопаты, былі купленыя канкурэнтамі (“Bank of America”). Такім чынам, не засталося аніводнага зь пяці ранейшых вялікіх інвэстыцыйных банкаў Амэрыкі.

Ні працэнтныя стаўкі, якія цяпер знаходзяцца на ўзроўні 1%, ні кантравэрсійны ратавальны Плян Полсана (міністра фінансаў ЗША), пакліканы выкупіць г.зв. таксычныя аблігацыі на суму $700 млрд. (то бок маштабнае ўліваньне грошай) аказаліся ня ў сілах супакоіць фінансавыя рынкі.

ЭЎРОПА

Эканоміка – гэта сыстэма злучаных сасудаў, таму цяжкасьці банкаў адчуюць на сабе і iншыя галіны эканомікі, а праблемы ЗША выклікаюць праблемы і ў iншых краiнах.

Так, напрыклад, каб пазьбегнуць банкаўскіх банкруцтваў, пад канец верасьня ў Эўропе адбывалася нацыяналізацыя банкаў (“Fortis”) і страхавых таварыстваў (“Hypo Real Estate”).

Галоўны клопат банкаў – недахоп ліквіднасьці, бо банкі баяцца даваць узаемна адзін аднаму кароткачасовыя пазыкі (у т. л. overnight) і даюць іх Нацыянальныму банку пад меншы адсотак. Меншыя прыбыткі і павялічаная рызыка нясплаты крэдытаў банкі рэкампэнсуюць за кошт сваiх кліентаў. Трацяць на гэтым перадусім буйныя прадпрыемствы, якія прызвычаіліся да танных крэдытаў, а таксама індывідуальныя кліенты, якія маюць цяжкасьці з крэдытаздольнасьцю.

Акрамя таго, існуе пагроза run on the bank – панікі, калі значная колькасьць грамадзянаў адначасова забірае свае дэпазыты з банку, бо мае сумневы ў бясьпецы сваiх унёскаў. У выніку гэта можа весьці да дэстабілізацыi банкаўскай сістэмы і банкруцтваў банкаў.

Сёньня, каб супакоіць паніку сярод насельніцтва, краiны ЭЗ каардынуюць свае захады, якія маюць на мэце ўвядзеньне дамоўленых усімі 27 краiнамі гарантыяў дэпазытаў (у асноўным да сумы € 50 тыс.) і прыняцьце ратавальных плянаў кожнай з краiнаў паасобна, якія абапіраюцца на заснаваньні вялікіх фондаў (агулам каля $2 млрд.) для простай ці ўскоснай падтрымкі банкаўскай сыстэмы. Дагэтуль на такую падтрымку пагадзіліся ўрады Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі, Нідэрляндаў, Аўстрыі, Італіі, Швэцыi ды Швайцарыi. Маштаб такіх плянаў уражвае, але зь іншага боку цяжка казаць, што яны стабілізавалі фінансавую сыстэму. Гаворка ідзе ўжо не пра тое, якія прадпрыемствы заўтра збанкрутуюць, але якія могуць збанкрутаваць краiны.

ЯШЧЭ КРЫХУ ЛІЧБАЎ

У выніку экамічнага крызісу, паводле прагнозаў Эўрапейскай Камісіi на наступны год, эканамічны рост ЭЗ запаволіцца да 0,2%, а рост у зоне эўра нават да 0,1%. Прагнозы паказваюць, што дагэтуль ў найбольшай ступені крызіс закрануў разьвітыя краiны. Але цяпер хваля дакацілася ўжо і да краінаў, якія разьвіваюцца. Паляпшэньне можа адбыцца ў 2010 г., пасьля стабілізацыi фінансавых рынкаў і павелічэньня даверу інвэстараў і спажыўцоў. На 2010 г. Эўрапейская камісія прагназуе рост ВУП краінаў ЭЗ на 1,1%, а эўразоны на 0,9%.

Вельмі кепска выглядаюць справы ва Ўкраіне, Вугоршчыне, Ісьляндыi, якія ўжо атрымалі стабілізацыйныя крэдыты ад МВФ на сумы адпаведна $25 млрд., $16 млрд. і $2 млрд. Наступныя ў чарзе Беларусь, Літва, Латвія, Эстонія.

Цяжка прадказаць, чым і калі ўсё гэта можа скончыцца. Паводле падлікаў Нацбанку Вялікабрытаніі, у сувязі з крызісам глябальная фінансавая сыстэма можа страціць $2,8 трыльёна.

УПЛЫЎ КРЫЗІСУ НА ЭКАНОМІКУ БЕЛАРУСІ

У адрозьненьне ад краін Эўразьвязу, на Беларусь крызіс уплывае ўскосна і прычыны праблемаў у эканоміцы трэба шукаць перадусім звонку.

Афіцыйныя статыстычныя дадзеныя дагэтуль застаюцца досыць аптымістычнымі. Сёлета ў студзені-верасьні Беларусь павялічыла аб’ём зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі на 53,9%. Аб’ём замежных інвэстыцыяў у Беларусь павялічыўся ў студзені-верасні на 37,4% да $5,2 млрд. ВУП Беларусі ў студзені-кастрычніку павялічыўся на 10,7%. Прафіцыт бюджэту Беларусі ў студзені-верасьні 2008 года склаў 3,4 трлн. беларускіх рублёў.

Беларуская ўлада зь цягам часу зьмяніла сваё стаўленьне да фінансавага крызісу і яго ўплыву на эканоміку Беларусі. Да яе апошніх плянаў у эканамічнай сфэры можна дадаць курс на скарачэньне дзяржаўных выдаткаў на 5 трлн. беларускіх рублёў, што тычыцца ўсіх сфэраў, у тым ліку і сацыяльнай.

Са слоў намесніка міністра эканомікі Тацяны Старчэнкі, крызіс можа перш за ўсё паўплываць на агульны аб’ём зьнешняга крэдытаваньня і на пляны прыцягненьня інвэстараў. Памяншэньне колькасьці замежных партнэраў можа аказаць вялікі ўплыў на эканоміку. Напрыклад, Расея за час крызісу ўжо страціла 70% капіталізацыі сваіх кампаніяў, чые акцыі выстаўляліся на біржы. Дарма што Беларусь ня мае біржы, памер замежных інвэстыцыяў складае некалькі мільярдаў даляраў, што значна прысьпяшае разьвіцьцё краіны.

Банкаўская сыстэма

У той час калі ў Расеі і на Украіне людзі пачынаюць забіраць грошы з банкаў, на Беларусі сытуацыя выглядае іначай. Тэмпы росту ўнёскаў у банкі сталі меншыя, але дынаміка застаецца пазытыўная. Ліквіднасьць банкаўскай сыстэмы пакуль застаецца стабільнай. Доля замежных рэсурсаў у беларускіх банках толькі 14%, што некрытычна. І хоць рэйтынгавыя агенцтвы пагоршылі крэдытныя рэйтынгі Беларусі, зьвязана гэта з агульнай тэндэнцыяй у сьвеце, а асабліва ў нашым рэгіёне.

Трэба нагадаць, што на працягу месяцу Нацбанк двойчы падвысіў па 0,25% стаўку рэфінансаваньня – да 11% гадавых. Гэта выглядае цікава асабліва на фоне палітыкі Нацбанкаў іншых краінаў, якія, наадварот, памяншаюць стаўкі, каб палепшыць становішча з крэдытамі для прадпрыемстваў і такім чынам стымуляваць эканоміку. З аднаго боку, Беларусь павінна падвышаць стаўкі, каб зьбіць інфляцыю, якая паводле Мінэканомікі можа скласьці 14% у гэтым годзе, і не даводзіць справу да перагрэву эканомікі (прыклады, да чаго даводзіць перагрэў эканомікі, можна пабачыць у балтыйскіх краінах). Але, зь іншага боку, гэта трэба было зрабіць нашмат раней. Цяпер можа быць позна, бо спад эканамічнай актыўнасьці будзе значны.

Валавы ўнутраны прадукт

Крызіс уплывае на эканоміку Беларусі ў тым ліку праз ваганьні курсаў валют і зьніжэньне запатрабаваньня на беларускую прадукцыю. На валютных рынках пануе тэндэнцыя росту даляра і эўра, бо замежны капітал паходзіць зь інвэстыцыяў у краінах, якія разьвіваюцца, і канвэртуе мясцовыя валюты на свае, найперш даляр і эўра. Цяперашнія курсы валют маюць пазытыўны ўплыў на беларускі экспарт, таму што экспарцёры атрымліваюць даходы ў далярах, а пасьля канвэртацыі гэта дае адносна больш беларускіх рублёў. Імпарцёры, наадварот, губляюць, бо пасьля канвэртацыі атрымліваюць менш. У такой сытуацыі прадпрыемства можа альбо прыпыніць вытворчасць дадзенага тавару, альбо павялічыць на яго цану, што ў выніку вядзе да зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці яе вытворцаў у сьвеце.

У выніку ВУП расьце дзякуючы павелічэньню сукупнага экспарту нэта (экспарт мінус імпарт). Менавіта гэта і прадказваў Дзьмітры Крук – эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджменту, кажучы колькі месяцаў таму, што ў 2008 і пачатку 2009 гг. сусьветны крызіс будзе станоўча ўплываць на Беларусь. Паводле яго падлікаў, экспарт Беларусі павінен дадаткова павялічыцца на суму $2 млрд. дзякуючы вышэйзгаданаму працэсу дэвальвацыі рубля.

Зь іншага боку, рэцэсія ў сьвеце азначае зьмяншэньне спажываньня ў іншых краінах сьвету, г. зн. у тым ліку абмежаваньне выдаткаў на імпарт беларускай прадукцыі, а таксама інвэстыцыяў. Замежны капітал ужо пакрысе выходзіць з краіны, а шматлікія прадпрыемствы, арыентаваныя на экспарт – напрыклад, Беларуськалій, ГроднаАзот, МАЗ – працуюць на склад, абмяжоўваюць выдаткі на мадэрнізацыю, скарачаюць працоўны час.

Паўстае пытаньне, што пераважыць – валюта ці рэцэсія. Ужо цяпер відаць, што папярэднія ацэнкі дзяржаўных эканамістаў неактуальныя, а шмат якія эканамічныя паказчыкі на бягучы і наступны год ня будуць дасягнутыя (напрыклад, узровень ВУП, зьнешнія інвэстыцыi, інфляцыя). Усе апошнія крокі ўраду: атрыманьне стабілізацыйнага крэдыту ад Расеi ($2 млрд.), просьба аб рэзэрвавым крэдыце ад МВФ ($2 млрд.), прадукцыйны крэдыт ад кітайскага ўрадавага банку ($390 млн.) і абяцаньні лібэралізацыi ўмоваў утрыманьня замежных дэпазытаў сьведчаць аб праблемах беларускай эканомікі.

Зьнешні гандаль

Здаецца, найбольшы ўплыў на беларускую эканоміку аказала зьніжэньне сусьветнай цаны на нафту (з амаль $150 за барэль да $60). Тым самым значна зьменшыліся прыбыткі ад продажу прадуктаў нафтаперапрацоўкі, якія зьяўляюцца асноўнай крыніцай паступленьня валюты ў краіну і грошай у бюджэт (каля траціны і сукупнага экспарту, і бюджэту). Сусьветная рэцэсія таксама зьбіла цэны на газ, і таму беларускія прадпрыемствы будуць губляць канкурэнтаздольнасьць у адносінах да сваіх эўрапейскіх супернікаў, якая дагэтуль трымалася дзякуючы таннаму газу.

Ужо падаюць цэны на фосфарныя і калійныя ўгнаеньні. Імпарцёры беларускай прадукцыi ў сувязі з рэцэсіяй і спадам унутранага попыту адмаўляюцца ад раней дасягнутых пагадненьняў. Зьніжаецца запатрабаванасьць беларускай прадукцыі і ў Расеі, у якую мы пастаўляем палову свайго экспарту.

УПЛЫЎ КРЫЗІСУ НА ЖЫЦЬЦЁ ЗВЫЧАЙНЫХ БЕЛАРУСАЎ

Банкаўскія апэрацыі

Беларускія банкі ў сувязі зь фінансавым крызісам зьменшылі крэдытаваньне на жыльлё беларускіх грамадзян і павялічылі працэнтныя стаўкі на гіпатэчныя ды спажывецкія крэдыты. Акрамя таго, грамадзяне бяруць крэдыты ў далярах ці ў эўра, што можа прынесьці ім страты, бо гэтыя валюты ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве знаходзяцца на ўздыме, што азначае павелічэньне кошту сплаты крэдыту ў пераліку на беларускія рублі.

Інфляцыя

Уплывам эканамічнага крызісу зьяўляецца таксама рашэньне рэгуляваньня цэнаў толькі на сацыяльна значныя прадукты (хлеб, малако), тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі і паслугі транспарту. Цэны на астатнюю прадукцыю будуць паэтапна адпускацца.

Днямі Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў грамадзян Беларусі, што да канца году іх чакае павелічэньне коштаў на прадукты харчаваньня прыблізна на 20-30%. Каб падсаладзіць непрыемную навіну, ён загадаў ураду зрабіць усё магчымае і давесьці ўзровень сярэдняга заробку беларусаў да 1000 даляраў за месяц цягам 2–3 гадоў. Гэтая магчымасьць абмяжоўваецца тым фактам, што ВУП расьце ў Беларусі з хуткасьцю 8-9% за год. Нават калі скараціць пэўную колькасць нязначных дзяржаўных выдаткаў, усё роўна павялічыць заробак больш, чым на 10% за год, не атрымаецца. Зьмены на валютным рынку на самой справе не ўплываюць на рэальны заробак так, як падаецца. Трэба адрозьніваць заробак, налічаны ў далярах ЗША, ад рэальнага. Заробак у далярах рос дзякуючы таму, што даляр падаў. Але на працягу 2007 году курс даляра застаўся нязьменным (2140 бел. рублёў), то бок заробак ў далярах вырас на 10-15% толькі за кошт інфляцыі, якая склала 12,4%. Рэальны заробак у 2007 г. не павялічыўся.

Беспрацоўе

У наступным годзе нас могуць чакаць затрымкі выплаты зарплаты і першыя масавыя звальненьні. Гэта зьвязана зь цяжкасьцямі самых буйных беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца асноўнымі падаткаплатнікамі. Скарачэньне ж бюджэтных прыбыткаў можа паўплываць амаль на кожнага беларуса, бо тры чвэрці людзей у нас працуюць у дзяржаўным сэктары. Таму незалежна ад прафэсіi – настаўнік, лекар ці міліцыянт – кожны мае шанец адчуць на сабе праблемы рэальнай сфэры эканомікі. Гэта можа быць перавод на пэнсію, нявыплата прэміi, праца на паўстаўкі, несвоечасовая выплата заробку і нават звальненьне.

ШЛЯХІ ВЫЙСЬЦЯ З КРЫЗІСУ

Утрымаць абяцаны ўрадам прагноз эканамічнага росту ў 2009 г. на ўзроўні 10% і пратрымацца з наяўным золатавалютным рэзэрвам безь уліваньня замежных сродкаў немагчыма. Справы выглядаюць дрэнна, бо, па-першае, рэзэрвавыя актывы Беларусі скараціліся за жнівень–кастрычнік 2008 г. на 15,6% (на $884 млн.) і складалі на пачатак лістапада $4,8 млрд. З такім тэмпам рэзэрваў хопіць толькі на 15–17 месяцаў альбо на 1,5-месячны імпарт. Па-другое, рэцэсія ў Эўразьвязе і Расеi толькі пачынаецца (а менавіта на іх прыпадае 90% беларускага экспарту), і адмоўнае сальда тавараабароту Беларусі можа толькі павялічыцца. Па-трэцяе, палова золатавалютных рэзэрваў захоўваецца ў расейскіх рублях, таму дэвальвацыя расейскай валюты прывядзе да яшчэ хутчэйшага скарачэньня рэзэрваў. Па-чацьвёртае, сукупны замежны доўг Беларусі складае $17 млрд., з чаго $9 млрд. зьяўляюцца кароткачасовымі пазыкамі, з тэрмінам да аднаго году. А гэта азначае, што ўжо цяпер у Беларусі няма дастатковых валютных сродкаў, каб аплаціць бягучыя крэдыты. Гэта нагадвае фінансавую піраміду, калі беларускі ўрад бярэ адзін крэдыт дзеля сплаты іншага.

Вось чаму ўрад шукае новых крэдытаў і спрабуе завабіць замежных інвэстараў. Вось чаму ідзе размова пра прыватызацыю, у тым ліку праект на 2008–2010 гг., які ўключае прынамсі частковую прыватызацыю 500 дзяржаўных прадпрыемстваў. Ураду патрэбна замежная валюта.

Іншае выйсьце з гэтага становішча бачыцца ў дэвальвацыі беларускага рубля, што стымулявала б спажываньне беларускай прадукцыі ў сьвеце, дазволіла б зьняць праблемы з плацёжным балянсам і станоўча ўзьдзейнічала б на ўнутраны валютны рынак. Дэвальваваць трэба будзе паэтапна, каб не ўзьнікла паніка сярод насельніцтва ды замежных інвэстараў. Але незалежна ад тэмпу дэвальвацыя вядзе да росту інфляцыi, у тым ліку з-за росту цэнаў на імпартныя тавары.

Дагэтуль Беларусь жыла за кошт таннай сыравіны з Расеi, рээкспарту нафты на Захад і танных расейскіх крэдытаў. Цяпер нават гэта не дапаможа, бо рээкспарт прыносіць усё менш грошай у бюджэт, а Расея патрабуе ад Беларусі пэўных саступак (перадусім перадачы беларускіх прадпрыемстваў у расейскія рукі і ўвядзеньне супольнай валюты), якія маглі б парушыць незалежнасьць палітычна-эканамічнай сыстэмы Лукашэнкі. Каб утрымаць раўнавагу, Беларусь ужо зьвярнулася да Захаду, які гатовы даць грошы толькі ўзамен за эканамічныя рэформы.

Амэрыканскія экспэрты параўноўваюць надыходзячую рэцэсію зь Вялікай Дэпрэсіяй. Тады рэцэсія ў ЗША доўжылася 4 гады, а ў Эўропе 6 гадоў. Калі іх ацэнкі пацьвердзяцца, то пра дабрабыт мінулых гадоў у нашай краіне можна будзе надоўга забыцца. У любым выпадку Беларусь не пазьбегне эканамічнай лібэралізацыi: акурат такі сусьветны крызіс, калі ніхто ня ведае, што прынясе заўтрашні дзень, можа вымусіць улады зьмяніць сёньняшнюю эканамічную палітыку і пайсьці на эканамічныя рэформы.

___________________________________________

1. «Даткомаўская бурбалка» (ад анг. dot-com bubble) — эканамічны «пузыр», выкліканы добрай кан’юнктурай на акцыі прадпрыемстваў з інфармацыйнага сэктару. У дадзеным выпадку маюцца на ўвазе амэрыканскія біржы прадпрыемстваў.

2. Сэкуратызацыя ў дадзеным выпадку азначае выкуп непагашаных даўгоў за кошт сродкаў, атрыманых ад эмісіі аблігацыяў.

___________________________________________

Aлесь Aляхновіч — студэнт Варшаўскай школы эканомікі (спэцыялізацыя макраэканамічныя аналізы). Адбыў практыку ў Банку “Millenium” і прайшоў навучаньне на фінансавага дарадцу ў фірме “OVB” (2008). Двукратны фіналіст агульнапольскай школьнай эканамічнай алімпіяды (2007, 2006). Стыпэндыят міністра адукацыi Польшчы (2006).

Ганна Ушал — студэнтка Вышэйшай школы гандлю і права імя Лазарскага ў Варшаве. Цікавіцца фінансавымі рынкамі, банкаўскай сістэмай і міжнароднымі адносінамі.