Але чаму не стала, што зробяць дэмакраты з сілавікамі і пра ценявы кабінет БНФ, распавёў беларускі палітык у Варшаве.

 

6 снежня ў варшаўскім Універсітэце Лазарскага адбыліся “Гутаркі з Зянонам”. Спачатку вядомы палітык закрануў тэмы, якія яго хвалююць і падаюцца яму актуальнымі. Пасля адказаў на пытанні слухачоў.

“Нам не трэба 100 гадоў праходзіць тое, што прайшлі еўрапейскія вольныя дзяржавы”

Сістэма грамадства і працэсаў, якія ў ім адбываюцца, настолькі моцна ўкарэненыя ў жыццёвую сутнасць, што проста так нешта знішчыць не атрымаецца. Хіба што толькі фізічна, генацыд. Калі народ жыве, у якой бы форме ён ні жыў, заўсёды ёсць магчымасць адрадзіцца. Гісторыя гэта пацвярджае. Не толькі гісторыя габрэйскага народа, татараў, чачэнцаў. Нам не трэба 100 гадоў праходзіць тое, што прайшлі еўрапейскія вольныя дзяржавы, якія ўтварыліся пасля распаду імперыяй. Якія прайшлі шлях дзесяткі гадоў. Мы можам прайсці гэта за 5,8,10 гадоў. Развівацца гістарычны працэс можа паскорана, пераскокваючы праз некаторыя прыступкі, беручы тое, што ўжо ёсць.Становішча, у якім зараз апынулася нацыя, а мы перажываем зараз фактычна гуманітарную катастрофу, вельмі цяжкое. Але не безнадзейнае. Тым больш пад нашай ідэяй ёсць велізарны пласт культуры — Вялікае Княства.

Расійская інтэлігенцыя і няшчасны расійскі народ

Мы ведаем на ўзроўні культурным, адносін, што гэты народ, расійскі, сам няшчасны. Яго не лічылі за людзей таксама. Але гэты народ пастаўлены ў такія ўмовы, што ён вымушаны быў падтрымліваць гэтую палітыку. І ўвесь час падтрымлівалі. Як толькі пачынаем размаўляць з лепшымі прадстаўнікамі гэтага народа аб дэмакратыі, аб літаратуры, аб мастацтве — выдатна, можна гаварыць, можна спрачацца. Як толькі пераходзім да беларускай мовы і беларускай незалежнасці, адразу знікаюць усякія аргументы, толькі пена каля рота.

Пра ўдзел ў наступных прэзідэнцкіх выбарах

Абавязкова павінна быць нацыянальная альтэрнатыва гэтай уладзе. Калі мы яе не створым, намі могуць маніпуляваць. Я сказаў, што будзе аднаўляцца ценявы кабінет Народнага Фронту. І ён ужо практычна адноўлены і дзейнічае. Проста мы ў палітыцы дзейнічаем зусім іншымі метадамі. І нашым сябрам партыі сказалі: “Не лезьце ў кінакамеры, не балбатаць без патрэбы”. Палітыка, асабліва цяпер, — гэта не жарты. І жартаваць тут не можна. І дзейнічаць трэба сур’ёзна.

Ці магчыма беларускае Адраджэнне без падтрымкі дзяржавы?

Калі захаваецца антыбеларуская ўлада, то, можа быць, рух грамадства створыць паралельную сістэму каштоўнасцяў. Але калі не будзе ўлады, то не будзе нацыянальнай школы. І стварыць паўнавартасную нацыю будзе немагчыма. Мы рабілі разлікі ў 1990-х гадах па эканамічнай сістэме. Беларусь была вельмі высокаразвітая краіна ў параўнанні з астатнімі: і навукаёмістасць высокая, і кваліфікацыя рабочай сілы, і дастаткова гарманічна развітая эканоміка. Разлікі паказвалі, што за 8 гадоў Беларусь можна ператварыць — і яна б ператварылася, калі б была сістэма ўлады, якую мы хацелі б мець, — у краіну найбольш моцную эканамічна ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта быў бы такі “усходнееўрапейскі дракон”.Але калі да ўлады ў Расіі прыйшоў Гайдар, гэтая група эканамістаў зрабіла аналагічныя разлікі і прыйшла да аналагічных высноваў. І тады пачалася тая палітыка, якая працягваецца па сённяшні дзень. Бо для Расіі галоўная краіна на Захадзе — Беларусь. Гэта ключ для існавання Расіі. Яны зразумелі, што калі з’явіцца такі “дракон”, дзе людзі будуць жыць на зусім іншым узроўні, для расійскай імперскай ідэалогіі будзе проста канец.

Пра бюракратыю і яе перспектывы пры нацыянальнай дэмакратычнай ўладзе

Бюракратыя, як правіла, стараецца служыць новай уладзе. А новая ўлада не можа пазбыцца цалкам ад бюракратыі. Таму нават калі адбудзецца хуткая перамена ў Беларусі, рэжым спадзе, мы не зможам адмовіцца ад гэтай бюракратыі, яна ўвойдзе ў сістэму. Але, натуральна, будзе люстрацыя, напэўна. Натуральна, што будзе разгляд злачынстваў, якія зрабілі пэўныя людзі. І яны панясуць пэўную адказнасць.

Пра сілавікоў

Самае небяспечнае, што гэтыя сілавыя групы людзей, маецца на ўвазе структуры АМАПа, спецназу і КДБ, могуць быць скарыстаныя і будуць скарыстаныя чужой дзяржавай. Ведаеце, якой. За Савецкім Саюзам было тое ж самае. Выкарыстоўвалі рыжскі АМАП, і ў Эстоніі. Забівалі людзей, стралялі на мяжы, і ўсё гэтак далей.

Улада, якая прыйдзе пасля гэтага рэжыму, мусіць звярнуць на гэта ўвагу і прыняць усе меры, каб гэтага не адбылося. Гэтых людзей у космас не адправіш. Яны жывуць у нас, ім трэба забяспечыць пэўную працу. Але, канешне, тыя людзі, якія рабілі злачынствы, парушалі закон, рана ці позна пойдуць пад суд. Потым могуць быць іншыя падыходы, можа быць амністыя. Можа быць, людзі проста перайначацца. Не можна так жорстка падыходзіць. Бо людзей сабралі, асабліва гэтых радавых, адпаведным чынам настроілі. Яны ўдзельнічалі ў такіх непрыгожых з’явах. Але ёсць ідэалогія, ёсць людзі, якія накіравалі іх на гэта. З гэтым усім трэба будзе разабрацца.