Новай «фішкай» лукашэнкаўскай эканамічнай мадэлі амаль год таму была абвешчаная мадэрнізацыя. І вось цяпер нават ідэолагі гэтага працэсу пачынаюць абмяркоўваць яго правал.

Як вядома, адказным за мадэрнізацыю быў прызначаны намеснік прэм’ер-міністра 70-гадовы Пётр Пракаповіч. Днямі ён даваў справаздачу Аляксандру Лукашэнке.

Вельмі цікава чытаць паведамленне прэзідэнцкай прэсавай службы пра гэтую падзею. Паводле законаў жанра, пачынаецца яно з канстатацыі поспехаў: «У цэлым за першае паўгоддзе ўдалося дабіцца станоўчых крокаў у гэтым напрамку. Распрацаваны і рэалізуюцца праграмы мадэрнізацыі на 3680 прадпрыемствах з дзяржаўнай доляй уласнасці і каля 1 тыс. прыватных».

Але паказальна, што большая частка афіцыйнага паведамлення прысвечаная праблемам. Так, Пракаповіч са шкадаваннем канстатаваў, што паказчыкі за першае паўгоддзе яшчэ далёкія ад запланаваных у цэлым па годзе. Не хапае інвестыцый, таму менш як палова прадпрыемстваў выконвае графік мадэрнізацыі. І, нарэшце, прызнанне: «Сёння мы з’яўляемся па многіх напрамках неканкурэнтаздольнымі».

Насамрэч становішча значна горш, чым здаецца Пракаповічу. Бо нават тая частка шляху, якая нібыта пройдзена, збольшага выканана на паперы. Дырэктары прадпрыемстваў проста падалі тую інфармацыю, якую ад іх чакаюць, каб не пазбавіцца сваіх пасадаў. А рэчаіснасць…

Пра рэчаіснасць распавёў кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч. На мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі за апошнія два з паловай гады выдаткавана 5 мільярдаў даляраў, але «належнай аддачы», як мяркуе прэм’ер, няма.

Чаму? Адказ можна знайсці, як ні дзіўна, у Пятра Пракаповіча: «Ніякае самае дасканалае абсталяванне, тэхналогіі не будуць эфектыўна працаваць, калі не выбудавана сістэма кіравання, сістэма матывацыі работнікаў, захавання вельмі строгай дысцыпліны і тэхналогій. Калі мы гэтага не зробім, то не зможам эфектыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ўкладзём у тэхнічную мадэрнізацыю».

Але сучасная сістэма кіравання патрэбная не толькі ў эканоміцы, але і ў палітыцы. Бо інакш не атрымаецца нічога. Усе спробы неяк так рэфармавацца, каб эканоміка зрабілася эфектыўнай, а ўлада засталася аўтарытарнай, – марныя.

Пра гэта, ў прыватнасці, сведчыць досвед Савецкага Саюзу. Як з’едліва прыгадаў эканаміст Леанід Злотнікаў, апошняя пяцігодка перад тым, як ляснуў СССР, якраз мела назву «пяцігодкі тэхнічнага прагрэсу і паскарэння». Але тагачасная мадэрнізацыя правалілася, а разам з ёй сканала і дзяржава, шмат запазычанняў з якой цяпер актыўна выкарыстоўвае Лукашэнка.

Яшчэ адзін экспэрт Яраслаў Раманчук адзначае ў артыкуле на сайце навукова-даследчага цэнтру МІзэса: «Михаил Мясникович вкупе с Петром Прокоповичем могут в качестве своего дембельского аккорда подложить стране свинью в виде триллионов рублей на так называемые «важнейшие инвестиционные приоритеты». В первой половине 2013 г. стало очевидным, что модернизация у нас идет так, как в свое время перестройка у Михаила Горбачева: начали за здравие, а закончили за упокой…»

Падобна, што мадэрнізацыю можна разглядаць як прыкмету хуткага канца рэжыму, бо ён паступова вычэрпвае свае рэсурсы і, разумеючы гэта, спрабуе змяніцца. А змяніцца не здольны.