Праз два дні пасля арышту генеральнага дырэктара «Уралкалія» склалася ўстойлівае ўражанне, што ў справе Беларускай калійнай кампаніі закранута нешта большае, чым проста фінансавыя інтарэсы на некалькі соцень мільёнаў долараў.

З аднаго боку, пасля заяў беларускіх праваахоўных органаў і экспертаў усё ў гэтай справе стала празрыста і зразумела. Службовыя асобы расійскага «Уралкалія», якія ўваходзілі ў органы кіравання сумеснай кампаніі БКК, выкарыстоўвалі сваё службовае становішча для таго, каб «адціскаць» беларусаў ад рынкаў збыту і кантролю фінансавых плыняў. Тым самым ствараліся ўмовы не толькі для таго, каб адпаведныя фінансавыя плыні асядалі ў кішэнях расійскіх «партнёраў». Паступова «Беларуськалій» губляў рынкі і станавіўся лёгкай здабычай алігархаў, якія хацелі б прыкупіць гэты актыў за бясцэнак.

Цікавай падрабязнасцю з’яўляецца і тое, што ў выніку дзеянняў расійскіх калег сама Расія страціла некалькі мільярдаў долараў.

Аднак расійскія СМІ нават не спрабуюць каментаваць сутнасць справы. Бо самі яе фігуранты публічна прызналі сваю віну, у дэталях распісваючы і смакуючы «прадуманасць» сваёй схемы. Нашы расійскія калегі проста абураюцца «нецывілізаванасцю» беларускіх улад, якія ўзялі і арыштавалі калійнага алігарха і проста паважанага чалавека Уладзіслава Баўмгертнера.

Але па водгуках у благасферы і экспертным асяроддзі адчуваецца, што сёння закрануты нейкі вельмі адчувальны нерв постсавецкай палітыкі. Дзяржава арыштавала алігарха. Маленькая Беларусь перашкодзіла рэйдарскаму захопу. І паставіла вялікую Маскву ў тупік, хай усяго толькі на некаторы час.

Такога не было, мабыць, з часоў справы Хадаркоўскага.

Нагода задумацца: ці добра гэта, калі дзяржава сябруе з алігархамі і абслугоўвае іх інтарэсы? Ці добра гэта, калі інтэграцыйныя працэсы выкарыстоўваюць для рэйдарскага захопу прадпрыемстваў у краінах-саюзніках? Чаго варта «сяброўства» з Захадам, калі заходнія партнёры адразу аб’яўляюць у вышук расійскіх алігархаў па першым запыце беларускага боку?

Цалкам верагодна, што алігархічная логіка ў Расіі возьме верх. І мы ўбачым новы этап ціску на Беларусь. Верагодна і тое, што «калійны скандал» толькі выкарыстоўваюць для таго, каб прыкрыць чарговую бяздзейнасць Расіі падчас агрэсіі Захаду супраць Сірыі.

Усё гэта цалкам магчыма.

Але патрэбна сёння зусім іншае: патрэбна складаная і адказная размова аб мэтах эканамічнага развіцця, аб мэтах інтэграцыйных праектаў. Патрэбна абмеркаванне таго, як прымусіць дзяржаву працаваць у інтарэсах народа і развіцця краіны, а не ў інтарэсах абслугоўвання вузкага кола асоб.

Юрый Крупноў, старшыня Руху развіцця (Расія):

«Дзякуй Бацьку! Лукашэнка праз справу «Уралкалія» дапамагае Маскве хутчэй пачынаць нацыяналізацыю прамысловасці перад эканамічнай катастрофай 2014 года. У нас ёсць вельмі мала часу для таго, каб вызначыць прыярытэты прамысловага развіцця, запусціць працэс новай індустрыялізацыі на ўласных тэхналагічных падставах і сфарміраваць на гэтай аснове магутны ўнутраны рынак, дзякуючы якому мы перажывём узрушэнні будучых некалькіх гадоў. Вельмі важна ў гэтых умовах думаць невузкакарыслівымі, але агульнадзяржаўнымі інтарэсамі і мэтамі. У гэтым, на мой погляд, галоўны ўрок гэтага здарэння. Дзіўна не тое, што адбылося ў Мінску, а тое, што ўрад у Маскве не звяртае ўвагі на антырасійскія дзеянні буйных кампаній, калі алігархі блытаюць сваю кішэню з дзяржаўнай».