На фоне ажыўленага абмеркавання магчымых змяненняў у складзе акцыянераў ААТ «Уралкалій» і напярэдадні завяршэння складання спісу акцыянераў-удзельнікаў пазачарговых акцыянерных сходаў у кастрычніку і лістападзе расейскі вытворца хлорыстага калію пацвердзіў папярэднія вытворчыя планы на 2014 год.

Згодна з планамі кампаніі, вытворчасць калійных угнаенняў у Расеі ў 2014 годзе павінна дасягнуць планкі ў 13 мільёнаў тон, г.зн. стоадсоткавай загрузкі цяперашніх вытворчых магутнасцяў (у 2012 годзе «Уралкаліем» было выраблена і прададзена крыху менш за 10 мільёнаў тон хлорыстага калію).

Упершыню гэтыя планы былі агучаныя генеральным дырэктарам кампаніі Уладзіславам Баўмгертнерам на прэс-канферэнцыі з акцыянерамі і падчас святкавання Дня шахцёра ў горадзе Бярэзнікі Пермскага краю, за некалькі дзён да арышту ў Менску.

Галоўнай прычынай затрымання генеральнага дырэктара расейскай кампаніі назіральнікі аднадушна лічаць менавіта прынятую «Уралкаліем» стратэгію павелічэння вытворчасці і патаннення прадукцыі для канчатковых спажыўцоў. Фактычна, мяркуюць і ў Расеі, і ў Беларусі, Баўмгертнер быў узяты ў закладнікі па асабістым ўказанні Лукашэнкі, чый асабісты дабрабыт і стабільнасць палітычнай улады наўпрост залежаць ад даходаў канкуруючай з «Уралкаліем» кампаніі «Беларуськалій».

Даходы ад дзейнасці «Беларуськалію» складаюць да 45% даходнай часткі ўсяго бюджэту Рэспублікі Беларусь. Пасля пераходу «Уралкалію» да стратэгіі зніжэння коштаў для спажыўцоў і нарошчвання вытворчасці «Беларуськалій» быў вымушаны спыніць палову сваіх здабываючых комплексаў на «планавы» рамонт, а Лукашэнка запатрабаваў ад работнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў іншых краінах заняцца пошукам пакупнікоў (раней продажы «Беларуськалію» забяспечваліся расейскімі спецыялістамі). Захоплены беларускім КДБ гендырэктар «Уралкалію» прыехаў у Менск па асабістым запрашэнні беларускага прэм’ера Міхаіла Мясніковіча для перамоваў аб сітуацыі на сусветным калійным рынку.

На думку аналітыкаў, захаванне планаў «Уралкалію», нягледзячы на тое, што адзін з кіраўнікоў кампаніі знаходзіцца ў закладніках, паказвае на бесперспектыўнасць сілавой тактыкі беларускага боку.

«Этычны кодэкс буйных карпарацый усяго свету, — прыводзіцца меркаванне суразмоўцы аднаго з агенцтваў у Commerce and Industry Association of New York, — абвяргае саму магчымасць перамоваў з тэрарыстамі і вымагальнікамі, якія захопліваюць закладнікаў. Топ-мэнэджмэнт карпарацый маральна гатовы і да такога, неспрыяльнага павароту падзей. Менавіта таму карпаратыўныя служачыя, як такія, выключна рэдка становяцца аб’ектамі такога роду замахаў. Тое, што адбылося ў Менску — нонсэнс, магчымы толькі на постсавецкай прасторы, дзе нормы бізнесу яшчэ, на жаль, не ўстаяліся».

А «Уралкалій», адзначаюць назіральнікі, як раз адносіцца да тых расейскіх кампаній, якія імкнуцца, а шмат у чым і дасягнулі, менавіта сусветнага ўзроўню вядзення бізнесу.

Няцяжка зрабіць выснову, што пакуль беларускія ўлады спрабуюць займацца рэкетам замест наладжвання нармальнай працы свайго прадпрыемства, а «Уралкалій» нарошчваць сваю вытворчасць, «Беларуськалій» можа канчаткова ўвайсці ў піке, што пацягне за сабой эканамічны, а затым і сацыяльны крызіс у Беларусі.

Між тым, пакуль расейскія ўлады спрабуюць весці перамовы з бокам, які захапіў закладнікаў, расейскі бізнес пачаў прымяняць уласныя, негалосныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Так, на мінулым тыдні генеральны дырэктар «Камаза» Сяргей Какогін адмовіўся ехаць у Менск для працягу перамоваў аб магчымым аб’яднанні расейскага прадпрыемства з беларускім ААТ «МАЗ» (папярэднія дамоўленасці аб такім аб’яднанні двух найбуйнейшых аўтавытворцаў на захад ад Волгі былі дасягнутыя на міждзяржаўным узроўні). Крыніца ў Расейскай гандлёва-прамысловай палаце таксама паведаміла, што многія расейскія прадпрымальнікі разглядаюць магчымасць згортвання або замарожвання кантактаў з беларускімі контрагентамі і ў любым выпадку асцерагаюцца весці справы з наведваннем таго боку расейска-беларускай мяжы.

«Мы, вядома, закуплялі тавар у Гомелі, але зараз адпраўляць свайго чалавека туды, прама скажу — боязна. У параўнанні з хімічным гігантам мы — людзі невялікія. А расходным матэрыялам быць не хочацца», — паведаміў уладальнік сеткі мэблевых крамаў.