У наш індустрыяльны і нават постіндустрыяльны век няма нічога прасцейшага за дрэваапрацоўку. Валі саспелы лес, закладвай баланы ў дрэваапрацоўчы станок і атрымлівай каштоўную прадукцыю на любы густ на выхадзе. Ці – валі лес і прадавай баланы з мяжу – дзе іх пакладуць у дрэваапрацоўчы станок і атрымаюць каштоўную прадукцыю на выхадзе.

 

 

У адной касмічнай і ядзернай звышдзяржаве, па якой дасюль настальгуюць некаторыя дзеячы, атрымлівалася толькі другая мадэль – з рабскай працай на гулагаўскім лесапавале і запруджанымі гнілым бярвеннем сібірскімі рэкамі. “Мы пойдзем крыху іншым шляхам”, пастанавілі ў адной сінявокай рэспубліцы – і набылі самае лепшае замежнае абсталяванне. А вось у плане чалавечага матэрыяла ад савецкіх традыцый далёка адыходзіць не сталі – і прыгоннае права для пралетарыята пакінулі. Ну, прыгонніцтва па-любому прагрэсіўнейшае за рабства, гэта вам любы трашчанок скажа.
 
Праз год высветлілася, што сістэма не працуе: вярхі (Батура, Сямашка і далей па пятнічным указе) ня могуць, нізы (падрадчыкі, працаўнікі) ня хочуць. Цікава, але дырэктара “Барысаўдрэва” ня толькі пакінулі на працы, але й дазволілі апраўдацца ў эфіры нядзельных “Контураў”. Ягоныя тлумачэнні – рэч, значна мацнейшая за гётэўскі “Фаўст”: яны высвечваюць такія пякельныя бездані дзяржімпатэнцыі, якія нават пражэктару са спадарожніка “Астра” не сніліся.
 
Між іншым, амаль пад бокам у нас – Швецыя і Фінляндыя, сусветныя чэмпіёны па дрэваапрацоўцы, дэмакратыі і правах чалавека. Вы будзеце смяяцца, але гэтыя рэчы ўзаемазалежныя: дэмакратычныя краіны без сучаснай дрэваапрацоўкі ў свеце яшчэ сустракаюцца, а вось сучасная дрэваапрацоўка ў краінах з хранічным дэфіцытам дэмакратыі – не. Вунь нават цацачныя мядзведзікі праз нашу зусім не драўляную супрацьпаветраную абарону прарываюцца, а сусьветны гігант ІКЕА ўжо каторы год праз папяровыя кардоны “Беллесбумпрама” прарвацца ня можа.
 
Мараль тут простая: як толькі ў Беларусі пройдуць свабодныя і справядлівыя выбары, дык адразу ж і дрэваапрацоўка наладзіцца. Нават смецце з вытворчых тэрыторый неяк рассасецца!