Беларускія ўлады ўжо два гады спрабуюць стварыць “народнае апалчэньне”, але на іх шляху стаяць сур’ёзныя перашкоды.

Два гады таму беларускія ўлады аб’явілі, што ў Беларусі ствараюцца войскі тэрытарыяльнай абароны. “Народнае апалчэньне”, паводле задумкі аўтараў, павінна будзе абараняць тылы й камунікацыі беларускай арміі у выпадку вайны. Аднак далей за раздачу генэральскіх пагонаў старшыням аблвыканкамаў справа не пайшла. Чаму стварэньне сыстэмы тэрытарыяльнай абароны ў Беларусі церпіць няўдачу? Ці магчыма ў Беларусі выкарыстаць досьвед краінаў, дзе такая сыстэма працуе? Пра гэта мы размаўляем з беларускім вайсковым экспэртам Андрэем Паратнікавым.

Сыстэма тэрытарыяльнай абароны заснаваная на ідэі, што падчас вайсковай агрэсіі цэнтралізаванае камандаваньне войскамі можа быць зьнішчанае. Эфэктыўна супрацьстаяць ворагу й весьці абаронныя баі ў сваёй мясцовасьці павінныя аўтаномныя злучэньні добра падрыхтаваных рэзервістаў. “Народнае апалчэньне” павінна змагацца з дывэрсантамі, ахоўваць стратэгічныя аб’екты, а ва ўмовах акупацыі – нават весьці партызанцкую вайну.

У Беларусі плянавалася стварыць войскі тэрытарыяльнай абароны колькасьцю ў 120 тысячаў чалавек. Аднак усе пляны засталіся толькі на паперы – кажа вайсковы аналітык Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: «Сыстэма тэрытарыяльнай абароны ў Беларусі сёньня ўяўляе сабой толькі набор асабістых справаў у ваенкаматах. Гэта пляны й схемы, якія існуюць толькі на паперы й да якіх самі вайскоўцы адносяцца зь вялікім скепсісам. Яе фактычна не існуе».

Адным з самых вядомых прыкладаў войскаў тэрытарыяльнай абароны зьяўляецца “Зьвяз абароны Эстоніі” – Kaitseliit. 12 тысячаў добраахвотнікаў маюць на руках зброю. Яны рэгулярна трэніруюцца абараняць свае родныя вёскі й гарады. Камандзірамі дружынаў, створаных па тэрытарыяльнай прыкмеце, зьяўляюцца кадравыя афіцэры. Аднак стварыць узброенае апалчэньне ў Беларусі цяжка, у тым ліку па ідэалягічных прычынах, кажа Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: «Асноўная праблема ў тым, што ў нас няма аб’ядноўваючай ідэі. Эстонскі досьвед паказвае, што сыстэма тэрытарыяльнай абароны можа быць эфэктыўнай толькі калі яна, па першае, добраахвотная; па-другое, мабільная (гэта значыць, што зброя знаходзіцца на руках у насельніцтва); па-трэцяе, калі людзі ідэйна матываваныя, чаго ў Беларусі няма. Па-чацьвёртае, калі людзі маюць на руках зброю, то павінен існаваць давер паміж уладай і насельніцтвам. Сёньня такога даверу таксама няма. Такі давер можа існаваць толькі ва ўмовах плюралістычнай дэмакратыі, калі ўладныя эліты канкуруюць, а палітычная сыстэма не зачыненая».

Беларуская армія імкліва дэградуе – канстатуе вайсковы экспэрт Андрэй Паратнікаў. У войску пануе апатыя, афіцэры не цікавяцца сваёй прафэсіяй, слаба ўяўляюць, дзеля чаго й каму яны служаць. На працягу 20 гадоў армія знаходзілася ў стане вострага недафінансаваньня. Таму нельга зьдзіўляцца, што “цякучка кадраў” вельмі высокая, спэцыялісты сыходзяць, а прафэсійны ўзровень вайскоўцаў падае.

Пры рэфармаваньні арміі беларусам будзе вельмі карысны досьвед Эстоніі, якая стварыла эфэктыўнае войска, што абапіраецца на рэсурсы ўласнай краіны – лічыць Андрэй Паратнікаў.

А. Паратнікаў: «Першае, з чаго варта было б пачаць – гэта стварыць адкрытую сыстэму. Адкрытасьць войска для грамадзтва дапамагае змагацца са злоўжываньнямі й нэгатыўнымі зьявамі, якія існуюць у войску. Па-другое, яна наблізіць сілавыя структуры да насельніцтва, іх павага й прэстыж сярод насельніцтва ўзрасьце. Таксама трэба разумець, што ўсё добрае каштуе грошай, а сыстэма бясьпекі каштуе немалых грошай. Таму грамадзтва павінна разумець, што калі яно хоча стварыць эфэктыўную сыстэму абароны й нацыянальнай бясьпекі, то яна ня будзе таннай.

Аднак ёсьць трэці момант, які робіць немажлівым рэформу арміі – гэта раскол грамадзтва. Пакуль грамадзтва не аб’яднанае нейкай ідэяй ( у Эстоніі гэта была ідэя захаваньня нацыянальнай незалежнасьці, нават недзе з дадаткам русафобіі), нельга казаць пра тое, што мы зможам пабудаваць эфэктыўную сыстэму абароны».

Добрая армія ня можа быць таннай. Эстонія выдае на абарону 450 мільёнаў даляраў у год, што ў пералічэньні на аднаго вайскоўца складае больш за 80 тысячаў даляраў. Беларусь траціць на армію 600 мільёнаў, што ў пералічэньні на аднаго вайскоўца складае ўсяго 12 тысячаў даляраў. Ці хопіць у Беларусі грошай, каб стварыць эфэктыўную армію? Андрэй Паратнікаў лічыць, што рэсурсаў хопіць.

А. Паратнікаў: «Ня трэба лічыць Беларусь жабрацкай краінай. Беларусь зусім ня бедная. Пытаньне ў тым, як эфэктыўна выдаткоўваюцца тыя сродкі, якія ёсьць. Па-другое, ня варта забывацца, што ў нас ёсьць вялікі сэктар ценявой эканомікі, якая таксама можа паслужыць падставай для росту й дадатковай акумуляцыі сродкаў.

Па-трэцяе, у нас ёсьць сыстэма “паралельнай” эканомікі. Шмат прадпрыемстваў працуюць не на бюджэт, а на нейкія пазабюджэтныя фонды, якія ніхто не кантралюе й памеры якіх невядомыя. Патэнцыял для росту ёсьць – ня толькі за кошт акумуляцыі дадатковых рэсурсаў, але й за кошт больш эфэктыўнага выкарыстаньня тых рэсурсаў, якія ёсьць. Мы ж аднекуль бярэм тыя 2,5 мільярды даляраў, якія штогод выдаткоўваем на сельскую гаспадарку!»

Такім чынам, эфэктыўную тэрытарыяльную абарону па ўзоры Эстоніі можна стварыць толькі ў дэмакратычнай краіне, дзе існуе моцная нацыянальная ідэя. Большасьць грамадзянаў павінная мець аднолькавыя ўяўленьні пра тое, што такое Радзіма й якія ў яе нацыянальныя інтарэсы. Аўтарытарная дзяржава ніколі не дазволіць грамадзянам самаарганізавацца й не асьмеліцца даць ім у рукі зброю.

Таксама нельга забывацца, што тэрытарыяльная абарона – гэта хоць і танны сродак павысіць абароназдольнасьць, але зусім не бясплатны. У беларускай дзяржавы рэсурсаў на армію не знайшлося. Гэтыя прычыны прывялі да таго, што ў 2013 годзе праграма стварэньня тэрытарыяльнай абароны была фактычна згорнутая. Напамінам пра яе засталіся толькі званьні генэрал-маёраў у кіраўнікоў аблвыканкамаў.