Ані незалежнасць, ані дэмакратыя не ёсць панацэяй ад кепскага дзяржаўнага кіравання

Сярод іншага, буйны бізнес у сучасным свеце зазвычай вінавацяць у бедах краінаў так званага трэцяга свету, хаця беды гэтыя не ад эксплуатацыі інвестарамі рэсурсаў краіны, а ад таго, што мясцовы ўрад несумленна распараджаецца сродкамі, якія краіна атрымлівае.

 

«Бі інвестара, ратуй краіну»

 

У вядомым эка-алармісцкім фільме «Эпоха дурных» (Age of Stupid) гледачу сярод іншага распавядаецца трагічная гісторыя пра тое, як галандская нафтавая кампанія «Shell», маўляў, эксплуатуе рэсурсы Нігерыі, з-за чаго забруджваецца навакольнае асяроддзе і мясцовыя жыхары жывуць у дрэнных умовах. Выключна мімаходзь у стужцы згадваецца, што пры гэтым нігерыйскі ўрад атрымлівае прыбытак ад здабычы нафты, але выгоду ад нафтавага багацця краіны мае толькі вузкая праслойка карумпаванай эліты.

 

Такое ж можна назіраць і ў іншых багатых на рэсурсы краінах накшталт постсавецкіх Азербайджану ці Туркменістану. Усе рычагі допуску да радовішчаў карысных выкапняў ляжаць у руках дзяржавы — выдаванне ліцэнзіяў на распрацоўванне, фізычны кантроль месца здабычы і каналаў транспартавання.

 

Урад Кітаю дазваляе няшчадна эксплуатаваць экалогію краіны, а Малайзія ды Інданезія дазваляюць ствараць прадпрыемствы з дрэннымі ўмовамі працы і нізкімі заробкамі. Хаця і гэтыя ўрады ў нечым можна зразумець: такія захады застаюцца, бадай, адзіным сродкам стварыць хоць нейкія працоўныя месцы. Лепш ствараць месцы з нізкім заробкам і дрэннымі ўмовамі, чым пакідаць людзей без крыніцы заробку ўвогуле.

 

Але ж у вачох грамадскай думкі вінаватыя капіталісты. Вінаватымі — як у стварэнні прадпрыемстваў з выкарыстаннем дзіцячай працы, так і ў тым, што атрыманыя краінаю нафтавыя грошы прызямляюцца ў кішэні ўрадоўцаў, — у выніку чамусьці атрымліваюцца замежныя нафтавікі. Такая дзіўная логіка цалкам задавальняе як рэжымы ў так званым трэцім свеце, так і мэйнстрымавую грамадскую думку на Захадзе.

 

Вядома, і міжнародныя карпарацыі нельга ідэалізаваць: там працуюць такія ж людзі з стандартным наборам чалавечых заганаў. Можна задаць пытанне — чаму яны супрацоўнічаюць з карумпаванымі рэжымамі і не ўплываюць на іх, не высоўваюць патрабаванняў?

 

Але ж у любым выпадку варта дакладна аддзяляць прычыну ад наступства, дакладна вызначаць корань атрыманага становішча, ад якога цярпяць людзі. Корань гэты — кепскае дзяржаўнае кіраванне, нізкія маральныя якасці кіраўніцтва шмат якіх краінаў “трэцяга свету”, якім акурат больш за ўсіх выгодна перакладаць адказнасць на «злых капіталістаў».

 

Сам-насам з уласным урадам

 

Трагедыя ў тым, што якаснаму дзяржаўнаму кіраванню ў неразвітых краінах па вялікім разунку няма адкуль узяцца. Пяцьдзесят гадоў таму трыумфальна скончылася каланіяльная эра, краіны Афрыкі атрымалі самастойнасць. Пазбыўшыся каланіяльнай залежнасці ды ўлады нашчадкаў еўрапейскіх каланістаў, гэтыя краіны засталіся сам-насам з уласнымі праблемамі ды ўласнай адсталасцю.

 

Свет убачыў ператварэнне квітнеючай Радэзіі ў беднае Зімбабвэ на чале з адыёзным Робэртам Мугабэ. Свет убачыў ператварэнне багатай Паўднёвай Афрыкі часоў апартэіду ў дэмакратычную ПАР пачатку ХХІ стагоддзя з неймаверным нават для “трэцяга свету” ўзроўнем злачыннасці ды з прэзідэнтам з пяццю жонкамі.

 

Алжыр, Ангола, Кенія — сто гадоў таму гэтыя назвы маглі асацыявацца таксама і з каланіяльным шыкам, а не (толькі) з тэрарызмам, войнамі ды галечаю. Сярод «трох Гвіян» французская, якая застаецца заморскім дэпартаментам Францыі, сёння мае ВУП на душу насельніцтва ў 2-2,5 разы вышэйшы, чым незалежныя Гаяна і Сурынам.

 

Выпадак саакашвілеўскай Грузіі або Сінгапуру — рэдкія станоўчыя прыклады, калі нееўрапейская краіна добра распарадзілася нядаўна атрыманаю незалежнасцю. Яшчэ адзін характэрны прыклад — багатыя нафтаю краіны Персідскай затокі або Бруней, дзе дзяржава (што характэрна, звычайна манархічная) шчодра дзеліцца нафтавымі даходамі са сваімі падданымі.

 

Тлумачэнне толькі адно — камусь пашанцавала з кіраўніцтвам, а камусьці — не. У момант здабыцця незалежнасці ў пачатку 1960-х, Сінгапур і Ямайка мелі амаль аднолькавы памер ВУП на душу насельніцтва. У 2008 годзе паказчык Сінгапуру быў амаль у шэсць з паловаю разоў вышэйшы, чым Ямайкі. Цяжка ўкладаецца ў галаве, што яшчэ дваццаць гадоў таму адною краінаю былі Эстонія і Узбекістан.

 

Выйсця няма?

 

Самае прыкрае, што выйсця з гэтай сітуацыі няма, бо ў захаванні статус-кво зацікаўленыя эліты і ў развітых, і ў развіваных краінах. Сучасны «неакаланіялізм» дазваляе заходнім кампаніям карыстацца з рэсурсаў развіваных краінаў, але пры гэтым не браць на сябе адказнасці за іх сацыяльна-палітычнае адміністраванне, — ім хапае гарантыяў палітычнай стабільнасці ды агульнага парадку. Мясцовая эліта не зацікаўленая ў дэмакратычных пераменах, а палітычная эліта развітых краінаў тым болей не будзе ўмешвацца ў справы суверэнных дзяржаваў — ім самім гэта прынесла б толькі абвінавачанні ў імперыялізме.

 

Ані незалежнасць, ані дэмакратыя не ёсць панацэяй ад кепскага дзяржаўнага кіравання. Практыка паказвае, што яны хутчэй здольныя іх толькі паглыбіць і замацаваць, зрабіўшы магчымым для аўтакратаў-папулістаў хавацца за рыторыкаю пра незалежнасць і «народнасць».

 

Нядаўні прыклад з землятрусам у Гаіці ўжо натхніў міжнародную супольнасць на развагі што да доўгатэрміновага развіцця краінаў “трэцяга свету”. Відавочна, што гуманітарная дапамога можа дазволіць гаіцянам ператрываць беспасярэдныя наступствы катастрофы, але паставіць краіну на шлях канструктыўнага развіцця міжнародная матэрыяльная дапамога не здольная.

 

Надзея на рашучыя перамены да лепшага ў такіх умовах — або на ўдачу, або на доўгі і паступовы рост грамадскай свядомасці, палітычнай культуры і адказнасці эліты. Гэты рост, нават калі ён будзе адбывацца, расцягнецца на дзесяцігоддзі і стагоддзі. Шанцаў сённяшняму пакаленню ён, на жаль, амаль не пакідае.

 

n-europe.eu