Улады Расіі запатрабавалі ад афіцыйнага Мінску сваю долю ў збыце прадукцыі ад беларускай АЭС у абмен на новы крэдыт. Такую ўмову расейскі бок ўнёс у праект міжурадавага пагаднення. Беларусь можа атрымаць расейскі крэдыт на будаўніцтвастанцыі, калі пагодзіцца на стварэнне супольнага прадпрыемства, якое будзе займацца экспартам электраэнергіі.

Нагадаем, што беларускую АЭС агульнай магутнасцю да 2,4 ГВт плануецца пабудаваць па расійскім праекце побач з мяжой Літвы. У звязку з гэтым на пачатку сакавіка літоўскія палітыкі і прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў Еўрапарламент з пратэстам супраць планаў Беларусі па будаўніцтве АЭС. Зварот зрабілі пасля грамадскіх слуханняў наконт ацэнкі ўплыву будучай беларускай станцыі на навакольнае асяроддзе, якія прайшлі ў Вільні на тыдзень раней. Падчас слуханняў спецыялісты беларускага Міністэрства энергетыкі не пераканалі аўдыторыю ў бяспецы будучай АЭС з эксперыментальным рэактарам. На знак пратэсту частка аўдыторыі пакінула залу.

 

Кропка адліку

 

15 студзеня 2008 года на пасяджэнні Рады Бяспекі Беларусі было прынятае палітычнае рашэнне пра будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі. Паводле разлікаў Нацыянальнай акадэміі навук, увядзенне ў энергабаланс АЭС сумарнай электрычнай магутнасцю 2 ГВт мае задаволіць каля 25% патрэбы краіны ў электраэнергіі ды прывядзе да зніжэння яе сабекошту на 13% дзякуючы скарачэнню выдаткаў на паліва. Падзеі развіваліся імкліва. Як 7 красавіка 2009 года заявіў Аляксандар Лукашэнка, краіна не адмовіцца ад будаўніцтва АЭС нават з-за глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу: «Атамную станцыю, як бы цяжка ні было, мы будзем будаваць. На маім узроўні пытанне пра тое, каб адкласці будаўніцтва АЭС на год-два, не разглядалася, і мы пакуль не збіраемся гэта адкладаць».

 

Грамадскія слуханні: хто каго слухае?

 

Некаторы час афіцыйна лічылася, што глыбокага аналізу патрабуе справа выбару месца будаўніцтва АЭС. Як сцвярджаў вядучы інжынер-тэхнолаг аддзелу кіравання праектам Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Міхаіл Жук, напрыканцы жніўня яшчэ не было вядома, дзе будаваць: «Разглядаюцца тры магчымыя пляцоўкі размяшчэння АЭС. Дзве ў Магілёўскай вобласці і адна ў Гродзенскай. Гродзенская, Астравецкая, лічыцца прыярытэтнай. У кастрычніку плануюцца слуханні па ўплыве на навакольнае асяроддзе, будуць праведзеныя кансультацыі з грамадскасцю».

 

Адначасова было зазначана, што «праект будзе расійскі, праект выбраны — гэта АЭС-2006. Такія ж атамныя станцыі будуюцца на Ленінградскай АЭС-2 і Варонежскай АЭС-2». І нават ужо вядома, дзе беларускія спецыялісты будуць навучацца абслугоўванню АЭС. «Базавай для навучання беларускіх спецыялістаў выбрана Балакоўская атамная электрастанцыя ў Саратаўскай вобласці, якая ўжо некалькі апошніх гадоў прызнаецца найлепшай АЭС Расiі», — распавёў Міхаіл Жук.

 

 

Атрымліваецца, што меркаванне грамадства наконт уплыву АЭС на навакольнае асяроддзе — гэта дэкарацыя. Кансультацый з грамадскай супольнасцю яшчэ не было, а фактычна усё, што датычыць стратэгіі дзеянняў, вызначылі. Ды і чаго марудзіць, калі адмашку прэзідэнт даў недвухсэнсоўную?! 27 жніўня 2009 года на сустрэчы з прэзідэнтам Расiі Дзмітрыем Мядзведзевым ён сказаў: «У 2010 годзе мы распачнём супольную працу па ўзвядзенні непасрэдна станцыі». А тое, што тым самым часам у Астравецкім раёне на ўчастку ад вёскі Гоза да Міхалішак у кірунку Валейкунаў (менавіта там і месціцца пляцоўка пад АЭС) ужо вяліся маштабныя дарожныя працы, не пакідала сумневаў — АЭС быць.

 

 

Уласна кажучы, грамадскую думку не тое, каб зусім ігнаравалі. Актывісты антыядзернай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства» зведалі неабыякавасць на ўласным досведзе. Перашкоды як у распаўсюдзе, так і ў атрыманні інфармацыі — парушэнне Орхускай канвенцыі. На думку актывіста згаданай кампаніі Мікалая Уласевіча, усё было перадвызначана: «Гэта не толькі праблема Астраўца, праблема — агульнанацыянальная. Я адразу ведаў, што самі мы тут нічога не зробім, тым больш яны з намі не цырымоняцца, а падтрымкі асаблівай мы не адчуваем, нават і маральнай. Але мы будзем неяк супрацьстаяць усяму гэтаму. Перш за ўсё гэта будуць намаганні ў тым кірунку, што ўлада не лічыцца з людзьмі, не выконвае свае абавязкі ў межах Орхускай канвенцыі, бо яна мусіць даваць поўную сапраўдную інфармацыю людзям і даваць выказвацца і тым, хто не згодны з рашэннем пра будаўніцтва станцыі».

 

Скажы моўчкі 

 

9 кастрычніка летась у Астравец з’ехаліся грамадскія актывісты, эколагі, эксперты. Яны загадзя акрэдытаваліся, каб патрапіць туды і прадставіць сабраныя звесткі, якія б маглі шматбакова асвятліць плюсы і мінусы будаўніцтва АЭС. Грамадскія слуханні па дзеяннях уладаў нагадалі шырокамаштабную апазіцыйную акцыю: АМАП, міліцыянты, перашкоды ў працы журналістаў, вывядзенне з залы і затрыманне з абвінавачаннем у хуліганстве расiйскага эксперта Андрэя Ажароўскага. У пратаколе напісалі: «Знаходзячыся паблізу кінатэатра «Астравец» [месца правядзення слуханняў — НЭ], паводзіўся дзёрзка ў прысутнасці грамадзян, чым парушыў грамадскі парадак пры правядзенні сходу па АЭС». Распаўсюдзіць брашуры Крытычных заўваг да справаздачы па Ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе, падрыхтаваныя шэрагам экалагічных і экспертных арганізацый Беларусі, таксама не ўдалося. Хаця яны і былі, па сутнасці, тэкстам грамадскай думкі. І яна была вельмі крытычнай, паводле Ажароўскага: «Якасць справаздачы паганая. Поўная лухта напісаная пра тое, што Расiя прыме гэтыя адкіды. Гэта вельмі вялікае пытанне, ці пойдзе Расiя на парушэнне свайго заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя і ці будзе яна прымаць адкіды з Беларусі на беззваротнай аснове. Прыняць мы можам, але мы будзем вяртаць эквівалент гэтага ядзернага лайна назад. І поўная адсутнасць ацэнкі ўплыву працэсу вываду АЭС з эксплуатацыі. Мы тут атрымалі вельмі цікавую інфармацыю, што фінальны могільнік праз 60 гадоў будзе на той жа пляцоўцы, у Астраўцы».

 

Альтэрнатыва, якой ніхто не шукаў

 

Галоўным аргументам прыхільнікаў будаўніцтва АЭС ёсць эканамічная выгада, а таксама статуснасць падзеі — маўляў, гэта нам забяспечыць незалежнасць на ўсё жыццё: і паважаць будуць болей, і энергія сапраўды ж патрэбная. Але мала хто звяртае ўвагу на меркаванне спецыялістаў, якія сведчаць, што беларусы нясуць вялізныя страты з-за таго, што не звяртаюць дастатковай увагі на сусветны досвед. І выдаткуюць у разы болей за еўрапейцаў энергіі. Паводле эксперта Інстытута прыватызацыі і менеджменту Алены Ракавай, статыстыка сведчыць: вытворчасць аднаго даляру ВУП патрабуе ў Беларусі ў 4—5 разоў больш энергарэсурсаў, чым у заходніх краінах. Да таго ж, Беларусь спажывае больш як 30 млн т умоўнага паліўнага эквіваленту, то бок прыкладна 3 тоны на аднаго чалавека, у той час як сярэдні еўрапейскі паказнік — 1 тона. Таксама Беларусь спажывае амаль удвая больш газу і электраэнергіі на чалавека, чым заходнія краіны. А прычына гэтага — адсутнасць матывацыі па энергазберажэнні для насельніцтва і неэфектыўная праца ЖКГ.

 

У гэтым жа ракурсе разважае навуковец, былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў: «Тыя пазіцыі, паводле якіх улады Беларусі настойваюць на будаўніцтве АЭС, мне як спецыялісту незразумелыя. Бо пра тое, што гэта будзе энергетычная бяспека краіны, казаць не даводзіцца. Бо дзе мы будзем купляць паліва для АЭС? Гэта першае пытанне. А другое — дзе мы будзем хаваць адпрацаванае паліва? Мы яшчэ эканоміяй электраэнергіі не займаліся як след. А дзе грошы на гэтую АЭС? Значыць, ізноў трэба браць крэдыты. А хто іх будзе вяртаць? Я нідзе ўцямнага адказу на гэтыя пытанні не чуў. Вядома, каб усе жыхары Беларусі без выключэння сказалі дакладна і зразумела, што мы не хочам новай АЭС, нам хапіла Чарнобылю, то тады можна было б улады пераканаць і прымусіць іх гэтага не рабіць».

 

А сярод каментароў да матэрыялаў у медыях на тэму будаўніцтва АЭС вельмі часта згадваюць яшчэ адзін фактар: фактар сумлення і этыкі. Маўляў, ёсць рэчы, якіх рабіць нельга, бо іх нельга рабіць. І аварыя на ЧАЭС у 1986 годзе, якая скончыла або трагічна перавярнула жыцці вельмі значнай колькасці жыхароў Беларусі, — той самы фактар, які робіць ідэю будаўніцтва АЭС у Беларусі неэтычнаю.

 

 

pdf.by