Маніторынг лібералізацыі ўяўляе з сябе агляд новых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, прынятых у перыяд са снежня 2008 г. па травень 2009 г. у адпаведнасці з зацверджаным загадам Прэм’ер-міністра С.Сідорскага ад 1 снежня 2008 г. №39/2004 Планам першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоваў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, а таксама агульнымі захадамі па лібералізацыі грамадства, задэклараванымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Планам прадугледжана 18 пунктаў, якія можна выдзеліць як накірункі дзейнасці па лібералізацыі. Для кожнага пункта прадугледжаныя найменне мерапрыемстваў, форма выканання, тэрмін выканання і дзяржаўныя органы, якія адказныя за выкананне.

 

Сярод асноўных вынікаў і тэндэнцыяў гэтага перыяду ў галіне эканамічнай лібералізацыі:

 

— З пералічаных у вышэйзгаданым Плане васемнаццаці накірункаў дзейнасці пэўнымі заканадаўчымі зменамі ахоплены ўсе з іх;

 

— У разглядаемы перыяд прыняты шырокі пакет падзаконных актаў, якія рэгулююць парадак і асаблівасці ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур пэўнымі дзяржаўнымі органамі;

 

— Найбольш паспяховым крокам, які даў рэальныя вынікі і паказаў сваю працаздольнасць, трэба прызнаць стварэнне новай ліберальнай і значна дэбюракратызаванай сістэмы рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. Усе змены былі структурнымі і паўнавартаснымі. Дастаткова ўдалымі можна прызнаць змены ў парадку сертыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі, а таксама ў пытаннях арэнды;

 

— Аднак астатнія змены і зрухі ў эканамічнай лібералізацыі збольшага носяць “кропкавы” характар і, хоць маюць станоўчую афарбоўку і ўплыў, не змяняюць сістэмы ў цэлым, а таму не аказваюць значнага ўплыву на гаспадарчую дзейнасць у краіне;

 

— Некаторыя змены ўвогуле носяць фармальны характар: так, паводле словаў прэм’ер-міністра С. Сідорскага, грошы ад амартызацыі павінны пайсці ў абаротныя сродкі, аднак гэта немагчыма, бо адлічэнні на амартызацыю ўмоўныя і не маюць рэальнага грашовага эквіваленту, які мог бы быць выкарыстаны ў якасці абаротных сродкаў. Таксама фармальным і бязмэтным падаецца пашырэнне відаў дзейнасці фізічных асобаў, якія прызнаюцца рамёствамі, бо даданыя віды дзейнасці не ахопліваюць шырокіх колаў насельніцтва, непапулярныя ў краіне і, адпаведна, зусім не ўплываюць на сітуацыю на рынку працы;

 

— Сярод няздзейсненых зменаў адзначым наступныя: прынцыпова не зменены парадак аплаты працы і аднясення выдаткаў на сабекошт прадукцыі (тавараў, паслуг) для шырокіх колаў камерцыйных арганізацыяў. Унесеных зменаў недастаткова ў галіне цэнаўтварэння, бо на большасць тавараў кошты фарміруюцца па-старому, сектар “вольных коштаў” па-ранейшаму вельмі малы, па-ранейшаму існуюць і прымяняюцца скрайнія індыкатыўныя кошты, ёсць значныя абмежаванні ў парадку разлікаў, не адменены абавязковы продаж валюты. Акрамя таго, з важных запланаваных намераў не здзейсненае прыняцце комплекснага нарматыўнага прававога акта па ліцэнзаванню, не адменены падатак з рознічнага гандлю, зацягваецца прыняцце Асаблівай часткі Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь, не знятыя абмежаванні на імпарт і экспарт пэўнай прадукцыі, і іншае;

 

— Удар па шматлікіх суб’ектах гаспадарання, якія працуюць праз імпарт харчовых і спажывецкіх тавараў, нанесла прыняцце Указа №214, які ўвёў падвышаныя ўвозныя мытныя пошліны. Такімі дзеяннямі для шырокага кола юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў фактычна скасавалася тое невялікае паляпшэнне, якое было дасягнута заканадаўчай дзейнасцю па лібералізацыі;

 

-Вынік: ніякіх агульных пераломных зменаў у парадку ажыццяўлення гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь за паўгода прасоўвання захадаў па лібералізацыі не адбылося, пэўныя захады, наадварот, скасоўвалі і супярэчылі азначанаму курсу. Аднак шэраг паляпшэнняў трэба прызнаць станоўчымі і ўплывовымі на пэўныя невялікія галіны гаспадарчай дзейнасці. Мяркуем, што тэмпы лібералізацыі і пашыранасць прыманых захадаў не адпавядаюць рэальнай эканамічнай сітуацыі, якая патрабуе больш глыбокіх, структурных і важных зменаў.

 

ЗМЕНЫ Ў ПАРАДКУ СТВАРЭННЯ І ЛІКВІДАЦЫІ СУБ’ЕКТАЎ ГАСПАДАРАННЯ І ІХ АСНОЎНЫХ НАКІРУНКАЎ ДЗЕЙНАСЦІ

 

Адным з самых шырокавядомых і важных крокаў на шляху лібералізацыі стала прыняцце Дэкрэта №1 ад 16 студзеня 2009 г. “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання” і шэрагу нарматыўных прававых актаў у развіццё палажэнняў Дэкрэта №1. З 1 лютага 2009 г. у Беларусі ўведзены паўнавартасны заяўны прынцып рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў: рэгістрацыя ажыццяўляецца ў дзень падачы пакета неабходных дакументаў шляхам прастаўлення штампа на статуце стваранай арганізацыі і ўнясення запісу ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь, а пасведчанне аб рэгістрацыі выдаецца на наступны дзень. Адмова ў рэгістрацыі пры падачы правільнага пакету дакументаў немагчымая. Звесткі, што падаюцца ў дакументах, не правяраюцца рэгіструючым органам, а падаюцца пад адказнасць заяўніка. За падачу непраўдзівых звестак устаноўлена адказнасць. Дадаткова адмененыя патрабаванні да мінімальнага памеру статутнага фонду, указання відаў дзейнасці, што плануецца ажыццяўляць, змены месцазнаходжання арганізацыі. Спрошчаны і працэс ліквідацыі арганізацый: яна адбываецца праз прынцып “аднаго акна”, максімальна скарочаны спіс падставаў для ліквідацыі.

 

Крокам па лібералізацыі было спрашчэнне арэндных адносін для суб’ектаў гаспадарання. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №24 ад 19 снежня 2008 г. “Аб некаторых пытаннях арэнды капітальных забудоваў (будынкаў, пабудоваў), ізаляваных памяшканняў” устанавіў, што дамовы арэнды і субарэнды заключаюцца на тэрмін не менш за тры гады, а заключэнне на меншы тэрмін магчымае толькі са згоды арандатараў. Такія дамовы арэнды і субарэнды, незалежна ад іх тэрміну, і правы на нерухомую маемасць, якія ўзнікаюць у сувязі з дамовамі, не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Замест гэтага арэндадаўцы па дамовах на тэрмін, большы за адзін год, у дзесяцідзённы тэрмін паведамляюць пра заключаную дамову тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2008 г. №689 “Аб некаторых мерах удасканалення кантрольнай і нагляднай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” зацвердзіў нормы, якія прыпыняюць правядзенне кантролю і нагляду за дзейнасцю юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у форме праверак і рэвізій да дня ўступлення ў сілу ўказа, які будзе рэгуляваць гэтыя пытанні. Таксама быў даданы пералік праверак і рэвізій, на якія не распаўсюджваецца згаданы мараторый. 1 красавіка 2009 г. уступілі ў сілу змены, якія былі ўнесеныя ў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. №178 “Аб парадку правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацыяў” у мэтах дэбюракратызацыі знешнеэканамічнай дзейнасці і спрашчэння правядзення знешнегандлёвых аперацый. Самае істотнае: працэдура афармлення пашпарта здзелкі заменена больш простай рэгістрацыяй здзелкі ў банку. Пры перадаплаце пры экспарце і папярэднім паступленні тавараў пры імпарце здзелкі могуць увогуле не рэгістравацца, магчыма таксама скасаванне абавязацельстваў пры перамене асобаў, дамове факторынгу, неграшовых формах скасавання абавязацельстваў (аднак патрэбна перарэгістрацыя здзелкі), скарочаны пералік аперацыяў, якія падлягаюць валютнаму кантролю (не адносяцца цяпер дамовы арэнды, лізінгу, страхавання, пазыкі, крэдыту і інш.).

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 2009 г. №178 унёс змены ва Ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 г. №508 па пытаннях банкруцтва: прадугледжана аптымізацыя парадку функцыянавання інстытута эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), а таксама дзейнасці часовых упраўляючых. У дзяржаўных органах ствараюцца камісіі па папярэджанню банкруцтва для аналізу эфектыўнасці працэдур банкруцтва, якія адбываюцца. Упраўляючыя, на падставе акрэдытацыі, будуць мець права ўдзелу ў працэдурах банкруцтва, а таксама цяпер могуць аказваць дадатковыя паслугі па банкруцтву: юрыдычныя, ацэначныя, кансультацыйныя і інш. Знята абмежаванне, што існавала раней, па колькасці справаў, якія можа праводзіць адзін упраўляючы, устаноўлены механізм выплаты ўзнагароды ўпраўляючаму пры недастатковасці маёмасці даўжніка са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

 

5 траўня 2009 г. Прэзідэнт падпісаў Указ №232 “Аб некаторых пытаннях правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў)”: прыняцце гэтага акту таксама адпавядае запланаваным мерапрыемствам па лібералізацыі ўмоваў эканамічнай дзейнасці. Указ вызначае, што з удзельнікаў конкурса забаронена браць аплату за арганізацыю, правядзенне або ўдзел у конкурсе. Звесткі пра запланаваныя конкурсы і аўкцыёны стануць больш даступнымі і будуць давацца бясплатна. Шырока разглядаюцца і іншыя пытанні правядзеньня конкурсаў і аўкцыёнаў. Аднак пры гэтым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 красавіка 2009 г. №215 скасавана вызваленне ад правядзення працэдур закупак асобных відаў тавараў (мінеральных угнаенняў, лекаў, медыцынскай тэхнікі і інш.), пачатыя працэдуры могуць быць завершаныя ў адпаведнасці з ранейшым заканадаўствам, а з 21 красавіка 2009 г. усе працэдуры будуць праводзіцца ў агульным парадку.

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2009 г. № 194 змяніў парадак чарговасці плацяжоў, аднак прадугледжаныя змены ўступяць у сілу толькі з 1 студзеня 2009 г. Прадугледжаныя чэргі плацяжоў: пазачарговая, першачарговая, другачарговая, трэцячарговая. З парадку разлікаў выключаныя нормы аб разліках наяўнымі грашовымі сродкамі паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Парадак такіх разлікаў будзе вызначацца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь.

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2009 г. №170 унёс змены ў парадак ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамёстваў. Пад такой дзейнасцю разумеецца непрадпрымальніцкая самастойная (без дапамогі іншых асобаў) дзейнасць фізічных асобаў па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з дапамогай ручной працы і інструментаў, накіраваная на задаволенне побытавых патрэбаў грамадзян. Такая дзейнасць ажыццяўляецца без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Да дзейнасці дадаліся наступныя віды: перапляценне кніг, вытворчасць упрыгожанняў і вырабаў са скуры, выраб дэкаратыўных кветак, фурнітуры для мэблі.

<!** Title> <!** EndTitle>

ЗМЕНЫ Ў АПЛАЦЕ ПРАЦЫ

 

Наступныя змены датычаць аплаты працы. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 ад 23 студзеня 2009 г. “Аб стымуляванні работнікаў арганізацый галінаў эканомікі” устаноўлена наступнае: усе стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі і інш.) могуць уключацца ў выдаткі для мэтаў цэнаўтварэння і падаткаабкладання ў межах 80% заробку працаўніка. Пры гэтым у арганізацыях па выніках мінулага года павінна быць забяспечана рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, паслугаў не ніжэй за прадугледжанае заданнем або бізнэс-планам, пры адсутнасці апошніх — памер прадугледжанага нарматыва не вышэй за 100% на працягу аднаго года. Парадак выкарыстання стымулюючых выплат вызначаецца наймальнікам на падставе калектыўнай дамовы, лакальных нарматыўных прававых актаў.

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №49 ад 23 студзеня 2009 г. “Аб некаторых пытаннях стымулявання рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) у 2009 годзе” прадугледжвае, што ў мэтах падвышэння зацікаўленасці працаўнікоў камерцыйных арганізацый у росце аб’ёмаў рэалізаванай прадукцыі, паступлення валютнай выручкі, падвышэння экспарту і інш., кіраўнікам камерцыйных прадпрыемстваў прадастаўляецца права ажыццяўляць выплату штомесячнай узнагароды супрацоўнікам, якія гэта забяспечваюць, без абмежавання памераў выплаты, пры гэтым іншыя стымулюючыя выплаты не выплочваюцца. Памеры і ўмовы выплаты ўстанаўліваюцца лакальным нарматыўным прававым актам. Таксама наймальнікам дадзена права ўстанаўліваць заробак кіраўнікам арганізацыі ў залежнасці ад зніжэння запасаў прадукцыі, тэмпаў рэалізацыі тавараў і паслуг. Такі заробак, паводле Указа, уключаецца ў выдаткі па вытворчасці і рэалізацыі, што ўлічваюцца пры цэнаўтварэнні і падаткаабкладанні.

 

Да заробкаў кіраўнікоў арганізацыяў, якія не кіруюцца нормамі Указа №49, Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 сакавіка 2009 г. №288 прадугледжана, што каэфіцыент суаднясення сярэдняга заробку кіраўніка арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці і сярэдняга заробку па арганізацыі павялічаны з 4,0 да 5,0.

 

ЗМЕНЫ Ў ПАРАДКУ ПАДАТКААБКЛАДАННЯ, ЦЭНАЎТВАРЭННЯ І БУХГАЛТАРСКІМ УЛІКУ

 

У сферы падаткаабкладання з 1 студзеня 2009 г. уступілі ў сілу шэраг важных зменаў у шматлікія заканадаўчыя акты па пытаннях падаткаабкладання. Змены датычацца:

 

— падатку на прыбытак;

 

— падатку на даданую вартасць (у адрозненне ад ранейшага, пашыраны пералік абаротаў, якія не прызнаюцца аб’ектамі падаткаабкладання, карэктаваліся падатковыя вылічэнні, не патрабуецца падаваць дэкларацыю па ПДВ пры адсутнасці аб’екта падаткаабкладання і інш.);

 

— у падаходным падатку для фізічных асобаў замест прагрэсіўнай стаўкі ўстаноўленая агульная стаўка 12%, а таксама стаўка 15% для прыбытку ад прадпрымальніцкай дзейнасці;

 

— у падатку за выкарыстанне прыродных рэсурсаў павялічана стаўка падатку за перапрацоўку нафты і нафтапрадуктаў;

 

— у падатку на нерухомасць у дачыненні да арганізацый істотна змяніўся аб’ект падаткаабкладання (замест кошту асноўных сродкаў арганізацыі аб’ектам сталі будынкі і пабудовы, у тым ліку незавершаныя, якія знаходзяцца ва ўласнасці або валоданні арганізацый;

 

— пашыраны пералік ільготаў па зямельным падатку, парадак уліку плошчы, абкладанай падаткам;

 

— зніжаная стаўка збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі з 2 да 1%;

 

— стаўка падатку з продажаў у рознічным гандлі зніжаная і ўстаноўленая ў памеры не больш за 5%, стаўка ўжываецца як у дачыненні да аперацый па айчынных, так і ў дачыненні да аперацый па імпартуемых таварах;

 

— стаўка падатку на паслугі зменшана ў 2 разы і складае не больш за 5 % ад падатковай базы;

 

— змены ўнесеныя ў Агульную частку Падатковага кодэксу Рэспублікі Беларусь датычна вызначэння часу фактычнага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для мэтаў падатковага рэзідэнцтва, парадку афармлення даверанасцяў для прадстаўлення інтарэсаў па падатковых справах, скасаваны абавязак падачы пустых падатковых дэкларацыяў, уводзіцца ў тэставым рэжыме магчымасць прадстаўлення дэкларацыі ў выглядзе электроннага дакументу, удакладнены парадак абскарджвання рашэнняў падатковых органаў;

 

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2009 г. №1 унесеныя змены ў сістэму спрошчанага падаткаабкладання: спрошчаны пераход на такую сістэму, змяніўся парадак вызначэння колькасці супрацоўнікаў, ільготы па арэнднай плаце за зямлю, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, зніжаныя стаўкі падатку.

 

У галіне цэнаўтварэння ўнесеныя змены ў Інструкцыю аб парадку фармавання і прымянення коштаў і тарыфаў, якая зацверджана Пастановай Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2008 г. №183, адносна ўключэння ў тарыфы на паслугі вартасці матэрыялаў, запасных частак, фурнітуры, парадку вылічэння рэнтабельнасці для мэтаў фарміравання тарыфаў і інш.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2008 г. №1903 зацверджана Палажэнне аб рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па коштах (тарыфах), вызначаемых з улікам кан’юнктуры рынку. Палажэнне будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2010 г. Палажэнне дае магчымасць рэалізоўваць тавары па цэнах ніжэй сабекошту, ніжэй цаны набыцця за кошт зніжэння аптовай надбаўкі і інш.

 

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2009 г. №70 унесены змены ва Ўказ №285 ад 19 траўня 1999 г. “Аб некаторых мерах па стабілізацыі коштаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”. Самым істотным крокам гэтага нарматыўнага прававога акту з’яўляецца адмена неабходнасці рэгістрацыі цэнаў (тарыфаў) на новыя тавары (кошты, паслугі), акрамя медыцынскіх паслугаў. У працяг захадаў гэтага нарматыўнага прававога акту прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2009 г. №353 “Аб парадку рэгістрацыі адпускных коштаў (тарыфаў)”. Так, рэгістрацыі падлягаюць кошты (тарыфы) пры немагчымасці выканання скрайніх індэксаў зменаў адпускных коштаў (тарыфаў), а таксама тарыфы на платныя медыцынскія паслугі. Прадугледжаны паведамляльны парадак рэгістрацыі коштаў. У галіне бухуліку міністэрствамі фінансаў і эканомікі пастановай міністэрстваў эканомікі, фінансаў, працы і сацыяльнага забеспячэння Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2008 г. №210/160/151 зацверджаныя Асноўныя палажэнні па складу выдаткаў, якія ўключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг). Аднак ніякіх істотных зменаў яны не ўтрымліваюць.

 

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2009 г. №327 устаноўлена, што да 1 студзеня 2010 г. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права не налічваць амартызацыю па ўсіх або асобных аб’ектах асноўных сродкаў і нематэрыяльных актываў, якія выкарыстоўваюцца імі ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Нарматыўныя тэрміны службы працягваюцца на тэрмін, роўны таму, у якім не налічвалася амартызацыя.

<!** Title> <!** EndTitle>

СЕРТЫФІКАЦЫЯ І ГІГІЕНІЧНАЯ РЭГІСТРАЦЫЯ

 

16 снежня 2008 г. прынятая Пастанова Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, якая адмяніла стары і прыняла новы Пералік прадукцыі, паслуг, персаналу і іншых аб’ектаў ацэнкі адпаведнасці, якія падлягаюць абавязковаму падцвержанню адпаведнасці ў Рэспубліцы Беларусь. У параўнанні з ранейшым, пералік скарочаны прыкладна на 40%: не патрабуецца сертыфікацыя пэўнага пажарнага і тэхналагічнага абсталявання, прадукцыі з каштоўных металаў, будаўнічых матэрыялаў, нафтапрадуктаў, пэўных харчовых прадуктаў і інш. У некаторых выпадках абавязковая сертыфікацыя заменена толькі на працэдуру абавязковай дэкларацыі адпаведнасці. 3 сакавіка 2009 г. Дзяржстандарт Пастановай №12 адмяніў абавязковую сертыфікацыю паслуг турыстычных аператараў і шклоработаў у будаўніцтве.

 

Савет Міністраў Пастановай №254 ад 26 лютага 2009 г. унёс змены ў парадак дзяржаўнай гігіенічнай рэгламентацыі і рэгістрацыі хімічных і біялагічных рэчываў, матэрыялаў, вырабаў з іх, сыравіны, харчовых прадуктаў і інш. у частцы ўдасканалення працэдур па падачы дакументаў, правядзенні рэгістрацыі і прыняцці рашэнняў, а таксама ў частцы дастаткова значнага павелічэння тэрмінаў дзеяння пасведчанняў аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі адпаведна пераліку.

 

ІНАВАЦЫЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ, СТЫМУЛЯЦЫЯ ВЫТВОРЧАСЦІ

 

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2009 г. №123 “Аб некаторых мерах па стымуляванні інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” устанаўлівае, што юрыдычныя асобы пры ажыццяўленні навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці без бюджэтных сродкаў і/або па вытворчасці высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг) маюць права на працягу 2 год устанаўліваць і прымяняць свабодныя кошты (тарыфы), самастойна абіраць пастаўшчыкоў і пакупнікоў высокатээхналагічных тавараў. Згаданыя юрыдычныя асобы вызваляюцца ад аплаты збору ў дзяржфонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, абавязковага продажу замежнай валюты, замацаваныя пэўныя ільготы па аднясенні выручкі на сабекошт прадукцыі.

 

4 красавіка 2009 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №175 “Аб мерах па развіццю вытворчасці легкавых аўтамабіляў”: юрыдычныя асобы, якія заключылі дамову з Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь аб умовах такой вытворчасці, на 3 гады вызваляюцца ад выплаты падатку на прыбытак, акцызаў, збору ў дзяржфонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі у частцы аб’ёмаў зробленых легкавых аўтамабіляў і аўтакампанентаў. Для прымянення ільготы патрэбна наяўнасць сертыфікату ўласнай вытворчасці, атрыманага ва ўстаноўленым парадку.

 

МЫТНЫЯ ПОШЛІНЫ

 

У мэтах стымулявання імпарту прадукцыі 7 сакавіка 2009 г. Указам Прэзідэнта Рэуспублікі Беларусь №135 былі адмененыя вывазныя мытныя пошліны ў адносінах тавараў (рыбапрадуктаў, драўніны, лесаматэрыялаў, вырабаў і лому з каштоўных металаў, іншага), якія вывозяцца з мытнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы дзяржаваў — членаў Еўразійскай эканамічнай супольнасці.

 

Аднак насуперак вышэйзгаданаму паслабленню 21 красавіка  у мэтах павелічэння попыту на айчынныя тавары ў рамках мытна-тарыфнага рэгулявання, Указам Прэзідэнта №214 “Аб часовым устанаўленні ставак увозных мытных пошлінаў на тавары” былі ўстаноўленыя часовыя (на 6 і 9 месяцаў) павышаныя стаўкі ўвазных мытных пошлін датычна тавараў, зацверджаных у пераліку. Гэта датычыць пэўных відаў побытавай тэхнікі, вопраткі, харчовых тавараў, мэблі, гародніны і інш.

 


 

Дар’я Каткоўская — вядучы юрыст камерцыйнай практыкі ТАА «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры»

 

http://belinstitute.eu