У сярэдзіне сакавіка каспійская нафта запоўніць трубаправод Адэса-Броды і дойдзе да заходне-ўкраінскіх і Мазырскага НПЗ.

13 лютага 2011 «Укртранснафта» пачала запампоўку ў трубаправод Адэса-Броды азербайджанскай нафты для транспарціроўкі яе на Мазырскі НПЗ у Беларусі. Падзея, якой яшчэ год назад эксперты і палітыкі маглі б прыпісаць важны геапалітычны сэнс, прайшла амаль непрыкметна. Труба, якая застаецца на працягу дзесяцігоддзя знакам энергетычнай бяспекі рэгіёну і супраціву Расейскаму нафтатранспартнаму шантажу, раптам ператварылася проста ў элемент транспартна-тэхналагічнай сістэмы дастаўкі каспійскіх вуглевадародаў ва Усходнюю і Цэнтральную Еўропу. Млявы і незацікаўлены расейскі адказ на перавод нафта-транспартнай сістэмы Адэса-Броды ў аверсны рэжым пазбавіў гэтую падзею сенсацыйнасці. Аднак адсутнасць скандалу не азначае, што ў гэтай падзеі няма стратэгічных наступстваў.

Ідэя стварэння Еўраазіяцкага нафтатранспартнага калідора (ЕАНТК) паўстала ў сярэдзіне 90-х гадоў як праект пастаўкі каспійскай нафты ў Заходнюю і Цэнтральную Еўропу, абыходзячы перагружаныя турэцкія пралівы і ў абыход Расеі. Украіна сваімі сіламі змагла ў 2002 г. пабудаваць трубу ад Адэсы да Бродаў, але займець каспійскіх вуглевадародаў для гэтага маршруту тады не атрымалася. Таму з 2004 да 2010 г. па ўкраінскім трубаправодзе ў рэверсным рэжыме давялося прапампоўваць расейскую нафту з Самары ў Адэсу.

Усе гэтыя гады вяртанне да першапачатковага маршруту транспартоўкі вуглевадародаў з поўдня на поўнач заставалася важнай палітычнай задачай.Стварэнне ЕАНТК звязвалася з дабудоўкай польскага ўчастка трубы ад Бродаў да Плоцка, з доступам да каспійскіх нафтавых рэсурсаў і пераадоленнем расейскага табу на гэты альтэрнатыўны маршрут транспарціроўкі нафты ў Еўропу.

23 траўня 2003 года ў Брусэлі ўрады Украіны, Польшчы і Еўракамісія падпісалі сумесную дэкларацыю аб падтрымцы праекту ЕАНТК. У 2007 годзе ў створанае Польшчай і Украінай СП «Сарматыя» для развіцця ЕАНТК уступілі нацыянальныя нафтатранспартныя кампаніі Азербайджана, Грузіі і Літвы.

Мэтамі ЕАНТК былі заяўленыя:

— Стварэнне альтэрнатыўнага, незалежнага і надзейнага маршруту транспартавання нафты з Каспійскага рэгіёну ў Еўропу;

— Пастаўка еўрапейскім спажыўцам да 40 мільёнаў тон высакаякаснай каспійскай нафты ў год;

— Павышэнне ўзроўню энергетычнай бяспекі ў краінах-удзельніцах праекта і ў ЕС, павелічэнне стабільнасці балансу паміж попытам і прапановай для спажыўцоў;

— Інтэграцыя ўкраінскай транспартнай сістэмы з польскай і еўрапейскай сістэмамі і інш.
Аднак усе гэтыя гады пачатак будаўніцтва польскага ўчастка нафтаправода пастаянна адкладваўся. Падчас афіцыйнага візіту Віктара Януковіча ў Польшчу 3-4 лютага 2011 года ўкраінскі прэзідэнт, мабыць, так і не пачуў нечага асабліва абнадзейлівага ад сваіх польскіх суразмоўцаў. Варшава не адмаўляецца ад гэтага праекта, але і не спяшаецца з пачаткам будаўніцтва. Выступаючы ў Гданьску, Віктар Януковіч вымушаны быў прама заявіць пра тое, што Украіна чакае «большай актыўнасці з боку партнёраў, і ў першую чаргу з боку Польшчы. Ці паплыве каспійская нафта ў Польшчу, ці будзе транспартавацца ў іншыя краіны, зараз цалкам залежыць ад польскага боку»

Кіраўніцтва СП «Сарматыя» спадзяецца да канца 2011 года завершыць падрыхтоўку канчатковага варыянту тэхніка-эканамічнага абгрунтавання будаўніцтва ўчастка Броды-Плоцк. І пасля таго, як ТЭА будзе прыведзенае ў адпаведнасць з патрабаваннямі Справаздачы аб уздзеянні праекта на навакольнае асяроддзе, можна будзе звярнуцца ў Еўракамісію і іншыя еўрапейскія інстытуты за фінансаваннем. Ужо некалькі гадоў за праектам зарэзерваваныя 495 млн. злотых аперацыйнай праграмы ЕЗ «Інфраструктура і навакольнае асяроддзе». Але доступ нават да гэтых даволі сціплых рэсурсаў абумоўлены шэрагам патрабаванняў, выкананне якіх запатрабуе часу. Аднак, калі да 2014 г. праект не будзе рэалізаваны, то можна пазбавіцца і гэтых грошай.

На фоне туманных перспектываў развіцця польскага ўчастка ЕАНТК беларускі маршрут, не прадугледжаны першапачатковымі планамі будаўніцтва Чарнаморска-балтыйскай энерга-транзітнай прасторы, выклікае ўсё большую зацікаўленасць удзельнікаў праекта. Гендырэктар «Сарматыі» Сяргей Скрыпка ўбачыў у выкарыстанні беларускай трубаправоднай сістэмы часовую замену маршруту каспійскай нафты праз Плоцк. Пасля пераразмеркавання расейскіх нафтапатокаў на карысць іншых маршрутаў частка магутнасцяў трубаправода «Дружба» вызвалілася для прапампоўвання азербайджанскай і казахскай нафты. Расеі проста няма чым запоўніць усе транзітныя магутнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У РФ ужо не хапае нафты для таго, каб аднолькава поўна задавальняць патрэбнасці і Бруселя, і Пекіна. Гэтым тлумачыцца даволі спакойная расейская рэакцыя на разварот трубы Адэса-Броды.

Украінскаму кіраўніцтву не давялося нават рабіць выбар паміж каспійскай і расейскай нафтай. З сярэдзіны мінулага года ў «Транснафты» проста няма чым запаўняць гэты нафтапровад. Паўтараецца сітуацыя пачатку 90-х, калі дэфіцыт расейскіх вуглевадародаў вымусіў Украіну звярнуцца да ідэі чарнаморска-балтыйскага нафтавага калектара і пошуку рэсурсаў у рэгіёне Каспійскага мора.У той час для ўкраінскага праекта не знайшлося дастаткова нафты. Згодна з ТЭА ЕАНТК рэальны дэфіцыт транзітных магутнасцяў у нафтаздабываючых дзяржаваў гэтага рэгіёну чакаецца не раней 2013 года. Таму замешчаная азербайджанскай венесуэльская нафта для Беларусі стала сапраўдным падарункам украінскім партнёрам.

Пакуль гаворка ішла пра замену 9 млн. т. расейскай нафты на венесуэльскую, Украіна настойвала на супастаўным аб’ёме. Але калі расейская нафта вычарпалася, давялося згаджацца на аверс трубаправода Адэса-Броды на ўмовах прапампоўкі у Беларусь усяго 4 млн. т. у год. Гэта ў 10 разоў менш, чым максімальная праектная магутнасць ЕАНТК. Праўда, Азербайджан можа ўжо ў гэтым годзе давесці пастаўкі сыравіны ў нафтатранспартную сістэму Адэса-Броды да 10 млн. т. Спажыўцы гэтай высакаякаснай нафты ёсць ва Украіне, Чэхіі, Славакіі, Польшчы. Больш нафты для ЕАНТК пакуль няма, але праз трубаправод Адэса-Броды ўжо цяпер можна перапампоўваць у гэтыя краіны не менш сыравіны, чым праходзіла ў рэверсным рэжыме ў мінулыя гады.

Ды і раней запуску ЕАНТК перашкаджаў не толькі дэфіцыт каспійскай нафты і супрацьдзеянне Расеі. У 2008 годзе ўжо прадпрымаліся спробы разгарнуць трубаправод Адэса-Броды для азербайджанскай нафты. Азербайджан быў гатовы паставіць на ўкраінскія НПЗ 5 млн.т. сыравіны. У Баку нават абмяркоўвалі праект будаўніцтва ў Бродах нафтаперапрацоўчага завода сумесна з найбуйнейшай польскай нафтакампаніяй PKN Orlen і куплю часткі актываў заходнеўкраінскіх НПЗ «Нафтахімік Прыкарпацця» (Івана-Франкоўская вобласьць) і «Галічына» (Львоўская вобласць), якія належаць групе «Прыват». Кантралючы гэтую групу ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі гатовы быў абмяняць акцыі гэтых прадпрыемстваў на пастаўкі азербайджанскай нафты. Акрамя таго, Каламойскі выяўляў цікавасць і да будаўніцтва НПЗ у Бродах, і да паставак каспійскіх вуглевадародаў у Еўропу. У 2008 годзе група «Прыват» прапанавала да падпісання «Укртранснафце» дамову аб эксклюзіўным выкарыстанні нафтатранспартнай сістэмы Адэса-Броды для перавалкі і транспарціроўкі сыравіны. Ігар Каламойскі праз свае афшоры збіраўся кантраляваць пастаўкі па гэтай магістралі азербайджанскай нафты на Украіну і ў Цэнтральную Еўропу. І хоць перавод нафтаправода Адэса-Броды ў аверсным рэжым карыстаўся адкрытай падтрымкай прэзідэнта Юшчанкі, ні ў 2008, ні ў 2009 гг. праекты Ігара Каламойскага не змаглі ажыццявіцца. Яго рэпутацыя спонсара перадвыбарчай кампаніі Віктара Юшчанкі справакавала жорсткі супраціў гэтым планам з боку палітычных канкурэнтаў украінскага прэзідэнта.

Спасылаючыся на карупцыйныя рызыкі і адсутнасць пацверджаных кантрактаў на пастаўкі азербайджанскай нафты, урад Юліі Цімашэнкі заблакаваў указы Юшчанкі аб развароце нафтатранспартнай сістэмы Адэса-Броды. Некаторая колькасць каспійскай нафты ўсё ж трапіла на Украіну на Крэменчугскі НПЗ, але для яе прапампоўкі групе «Прыват» давялося выкарыстоўваць Прыдняпроўскія нафтаправоды.

Лукашэнка аказаўся больш удачлівы, чым Каламойскі. Яму ўдалося пераканаць новага прэзідэнта Украіны скіраваць азербайджанскую нафту ў ЕАНТК. У сярэдзіне сакавіка каспійская нафта запоўніць трубаправод і дойдзе да заходне-ўкраінскіх і Мазырскага НПЗ. Тое, што не ўдавалася ідэолагам Каспійска-чарнамарска-балтыйскага мерэдыяльнага энергетычнага кластара на працягу дзесяцігоддзя, зрабіў абыякавы да лёсу ЕАНТК прагматык.

 

Агенцтва палітычнай экспертызы BISS