Каб Злучаным Штатам аб’явілі вымову і пазбавілі іх адзнакі лепшага вучня (капіталістычнага) класа. Каб у Кітая прасілі падтрымаць на плаву сусветныя фінансы і надаць імпульс эканамічнаму росту планеты. Нават у самых смелых нацыяналістычных марах кітайскія кіраўнікі не маглі ўявіць настолькі радыкальнага паварота гісторыі.

Яны больш не саромеюцца чытаць мараль гэтай Амерыцы, «якая павінна лячыцца ад шкоднай звычкі пазычаць»(Сіньхуа, 7 жніўня 2011). І ўдакладняюць, што Пекін «цалкам мае права патрабаваць ад Злучаных Штатаў, каб тыя ўзяліся за сваю структурную праблему». Хто плаціць, той і замаўляе музыку. А Кітай паказвае сябе надзвычай шчодрым: ён назапасіў 1170 мільярдаў долараў у аблігацыях Казначэйства ЗША, што адпавядае гадавой вытворчасці Расіі. Гэта фінансавая зброя, якую Паднябесная выкарыстоўвае ў палітычных мэтах, нагадваючы Захаду яго заганы.

Было б памылковым думаць, што Кітай гуляе ў гэтую гульню ў адзіночку. У рэгіёне яшчэ добра памятаюць пра меры, навязаныя Міжнародным валютным фондам (МВФ) у 1997-1998 гг. Былы пасол Сінгапура Кішорэ Махбубані (Kishore Mahbubani) не хавае іроніі: «Усе парады, што атрымалі тады азіяцкія краіны, былі праігнараваныя Захадам(1).» Нягледзячы на тэрытарыяльныя спрэчкі ў Паўднёва-Кітайскім моры, краіны Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) зрабілі націск, 9 жніўня, на ўзаемадапаўняльнасці азіяцкіх эканомік. Іх сусед вядзе сябе нясціпла, нават нахабна; але, у выпадку пагаршэння крызіса, ён валодае звонкай манетай.

Кітай, які так любіць разважаць наконт шкодных звычак, павінен быў бы, аднак, пачаць з сябе. Ён таксама «падсеў» на доўг: а менавіта амерыканскі дзярждоўг, які яму дазваляе без вялікай рызыкі размяшчаць свае фінансавыя лішкі і працягваць палітыку экспарту ў крэдыт. Ці не стаў ён ужо зараз першым крэдыторам ЗША, заняўшы месца, што некалі належала Японіі? Гэта прыносіць яму столькі ж абавязкаў, колькі і правоў. Ён не можа адным махам спыніць набыццё аблігацый Казначэйства ЗША, не рызыкуючы пры гэтым справакаваць падзенне курсу «зялёнага»: яго каласальныя валютныя рэзервы (у доларах) хутка б здуліся, як паветраны шар.

Не жадаючы выкарыстоўваць гэткую фінансавую бомбу, Кітай імкнецца вызваліцца ад гэтай залежнасці праз інтэрнацыяналізацыю сваёй валюты, каб скараціць прывілеі долара. Яна павялічвае магчымасці набыцця дзяржаўных аблігацый Кітая ў юанях на Біржы Ганконга, прыцягваючы такім чынам капіталы, якія ўсё цяжэй кантраляваць. Гульня небяспечная. Але, упэўнены між іншым, што магчымасці для кітайскага экспарту будуць скарачацца, Кітай таксама спрабуе пераарыентаваць сваю эканоміку на ўнутраны рынак. Змены ўжо пачаліся: зарплаты растуць, уводзіцца ўсеагульная мінімальная пенсія і г.д. Але, занадта павольная і, асабліва, занадта няроўнасная, гэтая спроба абагнаць час яшчэ далёкая ад перамогі.

Аднак думаць, як заходнія краіны, што рэвальвацыя юаня і рост кітайскага імпарта будуць дастатковыя, каб зноў запусціць машыну, азначае цешыць сябе ілюзіямі. Асабліва ў дачыненні да Францыі — краіны ў працэсе дэзіндустрыялізацыі, чый знешнегандлёвы дэфіцыт у значнай ступені тлумачыцца вытворчасцю французскіх аўтамабільных канцэрнаў, якая робіцца за мяжой і … рэімпартуецца. Тут таксама пазбаўленне ад шкоднай залежнасці ад прыбыткаў павінна стаць прыярытэтам.

(1) The Economist, Лондан, 20 жніўня 2011.

Пераклад: Мікалай Мялюк

Арыгінал