Паўнейшы варыянт апублікаванага на Свабодзе досьледу аб тым, чаму Расея вырашыла ўступаць ва Ўсясьветную Гандлёвую Арганізацыю мытным саюзам, і якім бокам гэта павернецца для Беларусі.

Чаму Вашынгтон не пускаў Расею ва Ўсясьветную Гандлёвую Арганізацыю? У чым заключаецца штукарства з Мытным саюзам? Зь якім тайным пасланьнем прыязджаў да Лукашэнкі Ганс-Дытрых Геншэр? Аб чым гаварылі Лукашэнка зь Мядзьведзевым у Баранавічах? Чым тлумачацца паводзіны беларускага кіраўніка ў Вільні і з чым едзе ў Менск Бэрлусконі?..

 

НЕВЫРАШАЛЬНЫ АГРАРНЫ РЭБУС

 

Існуе цэлы шэраг канфліктных пытаньняў аб гандлёвых саступках, якія патрабуюць ад Масквы чальцы рабочай групы па ўступленьню ва ЎГА. З боку Масквы таксама высоўваюцца прэтэнзіі – галоўным чынам аб яе допуску да выкупу заходняй прамысловасьці і яе высокіх тэхналёгіяў. Гэтым Расея абумоўлівае адкрыцьцё свайго рынку для канкурэнцыі.

 

Прынцыповыя  шляхі да кампрамісу, аднак ужо былі распрацаваныя па ўсіх гэтых пытаньнях. Акрамя аднаго. Непераадольным апынуўся рэбус з дазволенымі субсідыямі сельскай гаспадарцы. Менавіта ён утрымлівае Расею ад уступленьня, нягледзячы на надзвычайную гатоўнасьць усіх бакоў да саступак.

 

ПРАВІЛЫ «КОШЫКАЎ»

 

Адным з галоўных дасягненьняў васьмігадовых перамоваў, якія закончыліся стварэньнем УГА (перамовы Ўругвайскага раўнду) — стала пагадненьне паміж паўтара сотнямі краінаў аб частковай лібэралізацыі ў галіне сельскай гаспадаркі.

 

Паводле новых правілаў, краіна якая ўступае ва ЎГА, абавязана на працягу наступных пяці год пасьля ўступленьня істотна скараціць наўпроставыя бюджэтныя датацыі сваёй сельскай гаспадарцы (так званыя датацыі «жоўтага кошыку) . За пункт адліку бярэцца ўзровень субсідыяў, які існаваў у краіне за тры гады да яе ўступленьня.

 

РАСЕЙЦЫ ПОЗНА СПАХАПІЛІСЯ

 

Для Расеі гэты пункт непрымальны, бо тры гады таму ўзровень наўпроставых бюджэтных датацыяў Аграрна-прамысловаму комплексу (АПК) федэрацыі быў надзвычай нізкі. У 2007-ым годзе, які зараз разглядаецца перамоўцамі як базавы – ён складаў каля 4-ох мільярдаў даляраў. У Беларусі, для параўнаньня – у паўтары разы больш.

 

Спадзяваньні расейкага ўраду ўскладаліся на тое, што жорсткія рынкавыя ўмовы выкуюць магутных канкурэнтаздольных вытворцаў. Аграрны рынак аднак ня цалкам падпарадкоўваецца законам лібэральнай эканамічнай мадэлі. Вынікам эксьперымэнту стаў  заняпад расейскага АПК – асабліва яго мяса-малочнай галіны.

 

Сёлета Дзьмітры Мядзьведзеў агучыў масштабную праграму фінансаваньня аграрнага сэктару. На працягу двух год Крэмль плянуе ператварыць Расею з найбуйнейшага ў сьвеце імпарцёра харчовых прадуктаў — у найбуйнейшага экспарцёра. Патэнцыял для гэтага ёсьць і праграма ўжо дае свае вынікі.

 

Скарачэньне фінансаваньня “жоўтага кошыку” з сёньняшніх 10 мільярдаў, назад да чатырох і ніжэй — азначала б, на гэты момант, разарэньне расейскага АПК у яго зародкавым стане.

 

СЛАБІНЫ БРУСЭЛЮ

 

Патрабаваньне Масквы зрабіць для яе выключэньне і дазволіць ёй давесьці да канца фінанасаваньне праграмы адраджэньня сяла гучыць вельмі справядліва, асабліва улічваючы калясальны ўзровень падтрымкі ўласным сялянам з боку эўрапейцаў.

 

Яны і радыя б, асабліва Эўразьвяз, для якога Расея мае непараўнальна большае значэньне, чым для яго заакіянскіх саюзьнікаў. Адкрыцьцё набітага бюджэтнымі ўліваньнямі вялізнага рынку (спачатку ў рамках УГА, а затым у заплянаваным амбітным праекце Ўсеэўрапейскай зоны вольнага гандлю) стаў бы сапраўднай панацэяй для стагнуючай індустрыі блёку.

 

ПРЫНЦЫПОВАСЬЦЬ ВАШЫНГТОНУ

 

Але ж больш дальнабачны, ці хутчэй, крыху менш закрануты патэнцыйнымі выгадамі Вашынгтон добра разумее, што небясьпека ў прэцэдэнце. За вынікамі аграрнага супрацьстаяньня ўважліва сочыць наступны на чарзе ва ЎГА Казахстан і нядаўна прынятая Ўкраіна.

 

Ды й наогул, парушэньне прынцыпу «жоўтага кошыку», за які Вашынгтон змагаўся дзесяцігодзьдзямі, ня толькі зьнішчыў бы ўсе дасягненьні ў справе лібэралізацыі сусьветнага гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй, але і зьвёў бы на нішто прагрэс у новых перамовах аб рэформе ЎГА (раўнд Дохі), у якіх толькі сёлета, пасьля васьмі гадоў таптаньня на месцы – нарэшце намеціўся прагрэс.

 

ХОД ВА-БАНК

 

Напружаньне ў часе супрацьстаяньня расло. Расейскі бок пачаў раз-пораз раздражнёна заяўляць што Масква стомленая перашкодамі, якія чыніць на шляху да яе членства Брусэль з Вашынгтонам, і намякаць на тое, што Крэмль можа і наогул плюнуць на гэтую задумку.

 

У 2008-ым годзе Кудрын упершыню агучыў магчымасьць пераходу да працэсу ўступленьня ва ЎГА адзінай мытнай зонай зь некаторымі партнэрамі па ЭўрАзЭС. Яго заяву, праўда, тады ніхто ўсур’ёз не ўспрыняў.

 

З наступленьнем крызісу Масква, узмацніўшы рыторыку раздражненьня і расчараваньня, адначасова падрыхтавала для вырашальнага бою беспрэцэдэнтны пакет саступак па ўсіх канфліктных пытаньнях – узамен на аграрнае паслабленьне (узяць год за базу адліку не 2007-мы, а 1992-гі год).

 

ПЕЦЯРБУРСКІ ЭКАНАМІЧНЫ ФОРУМ

 

Карты былі адкрытыя 4-га чэрвеня 2009 г, у кулюарах ХVІІІ-га Міжнароднага эканамічнага форуму ў Пецярбурзе. Форум пачаўся з сэнсацыйнага паведамленьня. На перамовах міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвіры Набіулінай з новым эўракамісарам у справах гандлю Кэтрын Эштон было ўрэшце дасягнута пагадненьне. Дзьве кабеты радасна абвясьцілі, што пераломны момант у перамовах аб уступленьні Расеі ва ЎГА наступіў, і што працэс можа быць завершаны ўжо сёлета.

 

Аднак, у адначасовых перамовах віцэ-прэм’ера Ігара Шувалава з амэрыканскім гандлёвым прадстаўніком каса нашла на камень. Ахалоджваючы радаснае вохканьне цётак, прадстаўнік ЗША Рон Керк стрымана заявіў, што ажыцьцяўленьне аптымістычнага прагнозу магчымае толькі ў выпадку, калі Расея пойдзе на ўсе без выключэньня структурныя перамены, закладзеныя ў правілах арганізацыі.

 

ДЭМАНСТРАЦЫЯ ЗУБОЎ

 

Атрымаўшы наўпроставае “не”, Масква пайшла на апошні крок загнанага ў кут перамоўшчыка. 10 чэрвеня Пуцін гучна бразнуў дзьвярыма, заявіўшы, што будзем, маўляў, тады інтэгравацца з суседзямі.

 

У працяг, адразу ж пасьля атрыманьня адмовы, Масква неадкладна і дэманстратыўна пераходзіць да крокаў у галіне падтрымкі свайго АПК, несумесных з дамоўленымі раней кампрамісамі ў гэтым пытаньні, выклікаючы абураныя воклічы з боку ЗША, ЭЗ ды ЎГА.

 

Ачысьціўшы рынак спачатку ад беларускага, а потым ад літоўскага малака і выкупіўшы шэраг беларускіх малаказаводаў, Крэмль накіраваў у Думу праект аб дапамозе айчынным малакаперапрацоўшчыкам у форме дзяржзакупаў (сутнасьць канфлікту тады патлумачыла толькі Свабода — глядзі «Сьлёзы аб пралітым малацэ»).

 

Адначасова Казахстану ды Ўкраіне была зробленая прапанова сфармаваць зерневы картэль кшталту АПЭК, і забаронены ўвоз “заразнай” амэрыканскай сьвініны.

 

ПАДВОЙНАЕ ДНО МЫТНАГА САЮЗУ

 

Прадэманстраваўшы зубы, Масква адначасова тэрмінова ўзялася за мерапрыемствы ў рамках падрыхтоўкі да кампрамісу. Насамрэч уступленьне Расеі ва ЎГА Мытным саюзам і ёсьць тым залатым ключыкам, які дасьць магчымасьць разьвязаць гордзіеў вузел пытаньня расейскіх сельскагаспадарчых датацыяў.

 

Уступаючы Саюзам, Расея дамагаецца таго, каб атрымаць агульную на тры краіны квоту фінансаваньня “жоўтага кошыку”. Прыярытэтам працы камісіі па стварэньню Мытнага саюзу, акрамя гарманізацыі мытнага рэжымы — зьяўляецца стварэньне каардынаванай сельскагаспадарчай палітыкі.

 

У рамках Мытнага саюзу, Расея і Казахстан павялічваюць датацыі свайму АПК, за кошт Беларусі, якая пачынаючы з наступнага году адмовілася ад іх цалкам. Пры ўступленьні Мытнага саюзу ва ЎГА, Масква атрымае права на дадатковых 5 мільярдаў даляраў датацыяў за кошт беларускай квоты. Казахстан жа, у якога ўзровень падтрымкі АПК і 3 гады таму быў не малы — крыху болей за мільярд.

 

Як беларускія аграрыі абыйдуцца без датацыяў? Што атрымлівае Беларусь узамен на такую саступку? Пра што ішла гутарка на таямнічых сустрэчах Лукашэнкі з Геншэрам, Мядзьведзевым ды Фратыні? Якую ролю ў гэтым працэсе адводзіць Эўразьвяз беларускай апазыцыі? Адказы на гэтыя пытаньні чытайце ў другой частцы досьледу: “Апошнія дажынкі”.

 

ekanomik.livejournal.com

 

 


 

Стась Івашкевіч — працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджарам па разьвіцьці кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў найбуйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc.