Грузія як поле для макраэканамічнага экспэрымэнту.

Ідэю канстытуцыйнага замацаваньня эканамічных свабодаў на постсавецкай прасторы ўпершыню якасна сфармуляваў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, які ў 2007 годзе распрацаваў праект «Эканамічнай канстытуцыі Беларусі» [1] . Сэнс гэтага дакумэнту — дапоўніць Канстытуцыю краіны ў частцы эканамічнай палітыкі і на канстытуцыйным узроўні гарантаваць эканамічныя свабоды грамадзянаў і абмежаваньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. Тое, што ў беларускіх умовах глядзіцца як цікавы, але фантастычны інтэлектуальны праект, ва ўмовах Грузіі хутка будзе рэчаіснасьцю.

 

ЛІБЭРАЛЬНЫ ЭКАНАМІЧНЫ РЭЖЫМ НА КАНСТЫТУЦЫЙНЫМ УЗРОЎНІ

 

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі прапануе замацаваць і пашырыць усталяваны ў краіне лібэральны эканамічны рэжым на канстытуцыйным узроўні. Паводле «Акту аб эканамічнай свабодзе» і адпаведных паправак у Канстытуцыю, праект якіх ён унёс у парлямэнт 6 кастрычніка, будуць усталяваныя абмежаваньні на памер дзяржаўных выдаткаў і дзяржаўнай запазычанасьці, забаронена ўвядзеньне дадатковых ліцэнзійных і іншых абмежаваньняў эканамічнай дзейнасьці прыватных суб’ектаў.

 

Акрамя гэтага, грузінскай дзяржаве будзе забаронена валодаць акцыямі банкаў і ўводзіць абмежаваньні канвэртаванасьці нацыянальнай валюты ці перасоўваньня капіталу, а любое павелічэньне падаткаў можна будзе зьдзейсьніць толькі ў выніку агульнанацыянальнага рэфэрэндуму [2] .

 

Улічваючы, што прапрэзыдэнцкая партыя мае канстытуцыйную большасьць у парлямэнце, «Акт» і папраўкі ў Канстытуцыю хутчэй за ўсё будуць прынятыя.

 

Як любога палітыка, Міхаіла Саакашвілі можна крытыкаваць шмат за што: за некаторую аўтарытарнасьць ва ўнутранай палітыцы, за, магчыма, недастатковую гнуткасьць і хітрасьць у палітыцы зьнешняй (хаця складана ўявіць сабе, што мог бы зрабіць прэзыдэнт Грузіі для таго, каб пазьбегнуць вайны з Расеяй у жніўні 2008 г.). Ды нават і ад стылістыкі гэтай ініцыятывы трохі цягне папулізмам і піарам. Але што ня здольныя адмовіць ніякія крытыкі і пра што сарамліва маўчаць праўладныя расейскія СМІ — гэта маштаб сацыяльна-эканамічных посьпехаў, якіх дасягнула Грузія за часам Саакашвілі.

 

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫЯ ПОСЬПЕХІ ГРУЗІІ ЗА ЧАСАМ СААКАШВІЛІ

 

Паводле большасьці міжнародных рэйтынгаў, Грузія мае адныя з найбольш прывабных у рэгіёне (а то і ў сьвеце) умоваў для вядзеньня бізнэсу і для інвэстараў. Ня маючы амаль ніякіх прыродных рэсурсаў ці буйнай прамысловасьці з савецкіх часоў, краіна ў 2004-2008 гады паказвала сярэднегадавы рост ВУП памерам 9,3 %, што параўнальна з паказчыкам па Беларусі (10 % у 2008, 8,2 % у 2007, 9,9 % у 2006) зь яе ільготнымі цэнамі на расейскую сыравіну, савецкаю прамысловаю спадчынаю і маніпуляцыямі са статыстыкай.

 

Паток замежных інвэстыцыяў у Грузію не спыніўся нават пасьля сумна вядомых падзеяў 2008 году (хаця і скараціўся да USD 226,1 млн у першым паўгодзьдзі 2009 г. з USD 1,143 млрд за аналягічны пэрыяд 2008 г.). Эканамічныя страты Расеі ад вайны ў выглядзе падзеньня капіталізацыі расейскіх кампаніяў (некалькі дзесяткаў мільярдаў даляраў), вываду капіталу з краіны (да USD 20 млрд) і падзеньня аб’ёму золата-валютных рэзэрваў (на USD 16 млрд) былі непараўнальна большымі, чым страты Грузіі, таму пытаньне пра тое, хто сапраўды прайграў у той вайне, не зьяўляецца такім ужо рытарычным.

 

Цяпер Саакашвілі, разам з айцом грузінскіх эканамічных рэформаў і суаўтарам «Акту аб эканамічнай свабодзе» Кахам Бэндукідзэ, прывёў краіну да важнага пераломнага моманту, калі эканамічная трансфармацыя набывае сапраўдны глыбока інстытуцыяналізаваны характар.

 

СУТНАСЬЦЬ ЗАПЛЯНАВАНЫХ ЭКАНАМІЧНЫХ ТРАНСФАРМАЦЫЯЎ

 

Новая рэформа ня проста дазволіць Грузіі атрымаць імунітэт ад лявацкага папулізму палітыкаў, бо «взять всё и поделить» будзе ўжо куды больш складана. Міхаіл Саакашвілі мае шанец увайсьці ў гісторыю не як чалавек, які прайграў вайну ў Паўднёвай Асэтыі ці вярнуў у склад Грузіі Аджарыю. Саакашвілі і Бэндукідзэ робяцца аўтарамі цікавага і бадай што беспрэцэдэнтнага ў эканамічнай гісторыі буйнамаштабнага экспэрымэнту. Упершыню не карлікавая краіна паспрабуе перайсьці на дастаткова рэвалюцыйную мадэль сацыяльна-эканамічнага ладу, якая істотна адрозьніваецца ад агульнапрынятай мадэлі кейнсіянскай эканомікі з унівэрсытэцкага падручніка па эканоміцы.

 

Складана вінаваціць у цяперашнім сусьветным эканамічным крызісе свабодны рынак, калі сучасная дзяржава трымае ў сваіх руках ключавыя рычагі кіраваньня эканомікай праз маніпуляваньне працэнтнымі стаўкамі, курсам нацыянальнай валюты ці аб’ёмам грашовай масы ў абарачэньні ці пагатоў праз беспасярэдні ўдзел у эканамічным жыцьці ў якасьці суб’екту. Бэндукідзэ і Саакашвілі вырашылі адмовіцца ад часткі гэтых інстытуцыянальных пастулятаў, якія шараговаму чалавеку здаюцца непахіснымі, але якія не былі агульнапрынятай ісьцінай нават 100-150 гадоў таму. Калі гэты экспэрымэнт будзе пасьпяховым, грузінскі досьвед можа мець значэньне сапраўды глябальнае, і прыклад Грузіі зможа зрабіцца рэальнай новай эканамічнай мадэльлю альбо важнай прыступкай да яе.

 

ПЕРАШКОДЫ І ПОСЬПЕХІ: ГРУЗІЯ ДЫ ІНШЫЯ КРАІНЫ

 

Галоўнае, што можа перашкодзіць пасьпяховасьці найноўшай грузінскай рэформы, — добра вядомыя вонкавыя абставіны і добра вядомая небясьпека вайны, якая вісіць над краінаю. Тым, хто заўзее за пасьпяховасьць грузінскага экспэрымэнту, застаецца спадзявацца на мір у рэгіёне. Адметна, што праз гэтую рэформу Грузія як раз робіцца найбольш зацікаўленай у міры з суседзямі: сапраўды, куды эфэктыўней (а з улікам расейскай вайсковай прысутнасьці — і прасьцей) прывабіць абхазаў і паўднёвых асэтынаў сацыяльна-эканамічнымі посьпехамі, чым вярнуць гэтыя рэгіёны зброяй.

 

Праводзіць радыкальныя эканамічныя рэформы грузінам дапамаглі абставіны: з разбуранаю вайной і карупцыяй эканомікаю проста немагчыма было зрабіць штосьці іншае, акрамя як прымусіць яе выцягваць саму сябе за валасы з багны шляхам радыкальных лібэральных рэформаў. Рэформы даюць плён, і Грузія глядзіцца найбольш варта на фоне іншых каўкаскіх краінаў былога СССР — нафтавага Азэрбайджану і карумпаванай, аточанай ворагамі Армэніі.

 

Нулявыя стартавыя ўмовы, калі «няма чаго губляць», плюс валявы і адукаваны аўтарытарны прэзыдэнт — вось ідэальныя ўмовы для рашучых эканамічных рэформаў. Беларусі застаецца толькі зайздросьціць і пільна назіраць за грузінскім эканамічным экспэрымэнтам: аднойчы прыйдзе час вучыцца ў грузінаў эканамічным рэформам, і, магчыма, гэта здарыцца хутчэй, чым здаецца.

 

 


 

1. Падрабязьней пра «Эканамічную канстытуцыю Беларусі» глядзі тут.

2. Падрабязьней глядзі тут i тут.

 

n-europe.eu