Энергетычная сфера супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай можа закласці падмурак для больш шчыльнай інтэграцыі ў рэгіёне.

Зацікаўленым бокам гэтага супрацоўніцтва з’яўляюцца і іншыя посткамуністычныя краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Балтыі, у першую чаргу Польшча і Літва. Неабходна зазначыць, што адным з асноўных распрацоўшчыкаў ініцыятывы “Усходняе Партнёрства” (УсП) з’яўляецца Польшча, якая імкнецца да фармавання ўсходняй палітыкі Еўрасаюза і мае свае інтарэсы ў гэтым рэгіёне, абумоўленыя гістарычнымі фактарамі. Сярод галоўных накірункаў супрацоўніцтва краін-партнёраў у рамках УсП вызначаецца энэргетычная бясьпека і транспартны калідор поўнач-поўдзень, у рамках якіх Еўрасаюз прапануе садзейнічанне ў развіцці інфраструктуры і дыверсіфікацыі паставак вуглевадародаў [14,4]. Пры гэтым архітэктура ўсходняй палітыкі Еўрасаюза ў рэгіёне немагчымая без удзелу ў агульных праектах беларускага боку, і на сённяшні момант складваюцца спрыяльныя ўмовы для ўцягвання Беларусі ў рэгіянальныя інтэграцыйныя мадэлі, у першую чаргу ў сферы энергетыкі. Да кааперацыі Беларусі і Украіны прымушае залежнасць гэтых краін ад паставак энерганосьбітаў з адной краіны – Расійскай Федэрацыі — і адсутнасць у расійскага кіраўніцтва паслядоўнай стратэгіі рэалізацыі свайго праекта рэінтэграцыі на прасторах былога СССР. У апошні час Расіі канчаткова вызначылася з шэрагам энергетычных праектаў, якія не ўлічваюць інтарэсы сваіх заходніх партнёраў па СНД і нясуць дадатковую пагрозу іх суверэнітэту, што вывела на парадак дня неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай.

 

Пры гэтым, на сённяшнім этапе беларуска-украінская кааперацыя ў сферы энергетыкі магчымая па шэрагу напрамкаў:

 

— Супольны ўдзел у стварэнні Еўра-азіацкага нафтатранспартнага калідора па транспартыўроўцы і перапрацоўцы азербайджанскай і сярэднеазіяцкай нафты;

 

— Альянс краін-транзіцёраў газу (Беларусь-Україна-Польшча) і будаўніцтва дадатковых газавых сховішчаў на тэрыторыі Беларусі (Беларусь-Україна-Польшча);

 

— Экспарт украінскай электраэнергіі ў краіны Балтыі, асабліва ў Літву;

 

— Удзел украінскага боку ў будаўніцтве беларускай АЭС.

 

Мэтаю гэтага артыкула з’яўляецца вызначэнне пагрозаў энергетычнай бяспекі Беларусі, і выпрацоўка асноўных кірункаў кааперацыі постсавецкіх краін (а таксама краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Балтыі) у энергетычнай сферы на аснове сістэмнага падходу, аналізу статыстычных звестак, Інтэрнет рэсурсаў інфармацыйна-аналітычных агенстваў і нафта- і газаздабываючых і транспартных кампаніяў, афіцыйных дакументаў.

 

ЕЎРА-АЗІЯЦКІ НАФТАТРАНСПАРТНЫ КАЛІДОР

 

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ААТ “Нафтан” і ААТ “Мазырскі НПЗ” перапрацоўваюць 21,5 млн. тон нафты ў год і плануюць павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі да 25 млн. тон да 2011 г. Пры гэтым каля 20,9 млн. тон сырой нафты ў год беларускія НПЗ атрымліваюць з Расіі па нафтаправодзе Дружба. Беларусь здольная здабываць толькі 1,74 млн. тон, або каля 8 % ад сённяшніх магутнасцяў беларускіх НПЗ. Акрамя таго праз Беларусь транспартуецца каля 103 млн. тон нафты з 250 млн. ад агульнага экспарту Расіі [7]. Пры гэтым, гадавая здабыча нафты ў РФ складае каля 490 млн. т.

 

Пасля пачатку рэалізацыі праекта БТС-2 беларускае кіраўніцтва канчаткова зразумела, што татальная залежнасць ад расейскіх паставак нясе непасрэдную пагрозу для фукцыянавання нафтапераапрацоўчай і нафтатранспартнай сістэмы Беларусі з-за шэрагу прычынаў:

 

— Расія плануе ўвесці ў эксплуатацыю першую чаргу нафтаправоду БТС-2 у I квартале 2012 года г., нягледзячы паводле шматлікіх экспертных ацэнак на эканамічную немэтазгоднасць праекту, якія падкрэсліваюць спляценне палітычных чыннікаў (у першую чаргу канфліктаў з Беларуссю) і эканамічных інтарэсаў асобных бізнэсоўцаў з асяроддзя У. Пуціна. Акрамя таго, зараз ідзе мадэрнізацыя партоў у Санкт-Пецярбурзе, Высоцке, Калінінградзе, Балтыйску; будуецца вялікі сучасны порт Усць-Луга каля Санкт-Пецярбурга, ствараецца буйны экспартны тэрмінал у раёне Фінскага заліва ў г. Прыморск. Сур’ёзнасць намераў расійскага кіраўніцтва па дыверсіфікацыі шляхоў экспарту нафты падкрэслівае хуткасць будаўнічых работ: працы па будаўніцтву нафтаправоду пачаліся 10 чэрвеня гэтага году і праз 3 месяцы ўжо завершана 104 км лінейнай часткі трубаправода, скончана будаўніцтва адвода на Усць-Лугу [8]. Першы пускавы комплекс магутнасцю 30 млн. т. плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 1 квартале 2012 г., на другім этапе да снежні 2013 г. плануецца павялічыць магутнасць да 50 млн. т. Агульны аб’ём інвестыцый чакаецца на ўзроўні $3,8-4 млрд., а агульная працягласць трубапроваду каля 1200 км.

 

— змяншэнне здабычы нафты ў Расіі. Аналітыкі даследніцкай кампаніі Bernstein Research прагназуюць, што здабыча нафты ў Расіі пачне змяншацца з 2010 г. штогадова на 1-2% [5]. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца тое, што ў апошні час уведзена ў эксплуатацыю толькі адно нафтавае радовішча, а ў астатніх запасы скарачаюцца.

 

— пераарыентацыя паставак нафты на кітайскі напрамак. Расійскія кампанія плануюць пачаць пастаўкі сырой нафты ў Кітай у 2011 у аб’ёме 15 млн. т. [12] Расія атрымала ад КНР крэдыт на развіццё Роснафты і Транснафты ў памеры $25 млрд., які яна пагасіць нафтай: на працягу 20 год плануецца паставіць каля 300 млн.т. Таксама плануецца будаўніцтва новага нафтапераапрацоўчага завода ў г. Таньцзінь (Кітай) у адпаведнасці з дамовай паміж кампаніямі Роснафта і CNPC. [6] Пры гэтым, дэфіцыт нафтапрадуктаў у паўночнай частцы Кітая да 2020 г. прагназуецца ў памеры 20,76 млн тон. штогадова.

 

— у Расіі існуюць планы па будаўніцтву яшчэ аднаго нафтапераапрацоўчага завода, што дазволіць ёй самастойна пераапрацоўваць сырую нафту.

 

Дагэтуль бестурботнасць беларускага боку наконт дыверсіфікацыі паставак сырой нафты была выклікана выгаднымі прапановамі з расійскага боку ў сферы нафтапераапрацоўкі (давальная сыравіна, экспартная пошліна, транспартныя выдаткі і інш), а таксама адсутнасцю альтэрнатыўных транзітных маршрутаў у заходнім кірунку, здольных забяспечыць попыт еўрапейскіх спажыўцоў. Пуск нафтапровада БТС-2 пагражае Беларусі згубіць прыбыткі ад транспарціроўкі нафты ў напрамку Польшчы і Нямеччыны, а страты ў такім выпадку для беларускага боку ацэньваюцца ў памеры $600-700 млн. Яшчэ большыя страты чакаюць Беларусь у выпадку, калі будзе пабудаваны новы НПЗ для пераапрацоўкі нафты з БТС-2: страты могуць скласці каля $6 млрд. [4]

 

Выхадам з гэтай сітуацыі з’яўляецца ўдзел Беларусі ў праекце Еўра-азіяцкага нафтатранспартнага калідору. Праект плануецца рэалізаваць па тром напрамкам: паўночны – праз Польшчу, заходні – праз Славакію, Чэхію і Аўстрыю, усходні – праз Беларусь.

 

Зацікаўленымі бакамі рэалізацыі праекту з’яўляюцца сярод іншых — Польшча, Літва і Латвія: PKN Orlen (польская кампанія) валодае нафтапераапрацоўчым заводам Можейкяя у Літве, нафта на які пастаўлялася па трубе “Дружба”; таксама на Вентспілс (Латвія) ідуць трубапровады з Полацку [1]. У выпадку рэалізацыі праекту Еўра-азіяцкага нафтатранспартнага калідору (ЕАНК) разглядаецца магчымасць выкарыстання нафтатранспартнай сістэмы Украіны і Беларусі для паставак сырой нафты па ЕАНК на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і далей у Літву і Латвію.

 

Магутнасць трубаправоду ЕАНК ацэньваецца ў 40-45 млн. т. сырой нафты ў год. Першая чарга нафтатранспартнай сістэмы “Адэса-Броды” даўжынёй 674 км і магутнасцю 9-14,5 млн. тон была ўведзена ў эксплуатацыю ў траўні 2002 г. Сваю зацікаўленасць у продажы нафты для транспарціроўкі па нафтапровадзе ЕАНК пацвердзілі Азербайджан і Казахстан, якія ў апошні час павялічваюць здабычу [3]. У дадатак, удзел краін ва Ўсходнім партнёрстве дазваляе далучыць дадатковыя рэсурсы для рэалізацыі праекту: на запуск праекту ЕАНК Еўракамісія ўжо выдзеліла 178 млн. еўра, што хапае для падрыхтоўкі тэхнічнай дакументацыі, складання бізнэс-плану і пачатку будаўнічых работ. Удзел краін-чальцоў ЕС (Польшча, Літва, Латвія) ў рэалізацыі праекту дазваляе аказваць дадатковы ціск на Еўракамісію дзеля павелічэння фінансавання, скіраванага на забеспячэнне энергетычнай бяспекі краін. Акрамя таго, зацікаўленымі бакамі з’яўляюцца і іншыя дзяржавы – партнёры па Усходняму Партнёрству – Азербайджан і Грузія, што дазваляе сфармаваць асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў рамках Усходняга Партнёрства.

 

КААПЕРАЦЫЯ Ў СФЕРЫ ГАЗАВАГА ТРАНЗІТУ

 

Па газатранспартнай сістэме Беларусі ажыццяўляецца транзіт расійскага прыроднага газа ў Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобласць Расіі. У 2008 г. транзіт газа па трубаправодам, якія праходзяць праз Беларусь (газаправод “Ямал-Еўропа” і сістэма “Белтрансгазу”), склаў 51,4 млрд куб. м, у 2009 г. прагназуецца зніжэнне да 44,2 млрд куб. м [2]. Пры гэтым Расія агулам паставіла ў 2008 г. 184,4 млрд куб. м газу ў краіны Еўропы праз газапровады Беларусі і Украіны.

 

Варта зазначыць, што Расія не плануе павялічваць экспарт газа ў еўрапейскім кірунку ў бліжэйшы час, аднак у далёкай перспектыве да 2030 г. экспарт газа павінен вырасці і скласці каля 200 млрд. куб. м. Краіны СНД будуць спажываць 80-92 млрд. куб. м, а Кітай – да 75 млрд. куб. м.

 

Праект заходняга напрамку паставак газу ў Кітай можа быць рэалізаваны да 2015 г., а ўсходняга 2017-2018 г.г. Першапачатковы аб’ем паставак на заходнім кірунку ацэньваецца ў 10-15 млрд. м3, а ў выніку можа быць даведзены да 30 млрд. м3, па ўсходняму — да 38 млрд.куб. м.

 

У 2011 г. запланаваны запуск першай лініі газапроваду “Паўночны струмень” (Nord Stream) з магутнасцю 27,5 млрд. куб.м, другая чарга будзе завершана ў 2012 г. і падвоіць магутнасці па транспартыроўцы газу ў Нямеччыну да 55 млрд. куб. м [16]. Праект “Nord Stream” стварае магчымасці “газавага шантажу” Беларусі, якая імпартуе газ выключна з Расіі. У выпадку канфлікту паміж РФ і РБ, ЕС не будзе аказваць ціск у той меры, як гэта было раней: газапровад Nord Stream дазволіць забяспечыць патрэбы Нямеччыны ў газе, аднак Польшча, якая залежыць ад паставак па газаправоду “Ямал-Еўропа”, можа стаць ахвярай магчымага канфлікту.

 

Таксама Газпрам плануе рэалізаваць праект будаўніцтва газаправоду “South Stream” у абыход Украіны па дну Чорнага мора, праектнага магутнасць якога складае 63 млрд. куб.м [13]. Гэты праект складае канкурэнцыю газаправоду “Набукко”. Аднак адной з галоўных мэтаў з’яўляецца зніжэнне залежнасці па транспартыроўцы газу ад Украіны, транзіт праз якую складае каля чатырох пятых ад агульных аб’ёмаў экспартуемага з Расіі газу ў краіны Еўропы.

 

Выйсцем з сітуацыі бачыцца прыняццё агульнай беларуска-украінскай палітыкі наконт транзіту расійскага газу праз іх тэрыторыю. Выпрацоўка гэтай палітыкі магчымая пры далучэнні краін Еўрасаюза, якія болей за ўсё залежаць ад паставак расейскага газу: Польшча, Славаччына, Аўстрыя, Літва. Таксама дзеля змяншэння пагрозаў энергетычнай бяспекі Беларусі перспектыўным з’яўляецца стварэнне дадатковых газасховішчаў на тэрыторыі Беларусі, у будаўніцтве якіх можа дапамагчы ўкраінскі бок. У дадатак неабходным з’яўляецца распрацоўка з удзелам еўрапейскіх партнёраў у рамках УсП магчымасці ажыццяўлення праекту “White Stream” для транспартыроўкі газу з азербайджанскага радовішча “Шах-Дэніс” праз Грузію па дну Чорнага мора ў Украіну і потым у Беларусь. Таксама ў перспектыве існуе магчымасць далучэння да праекту Туркменіі. Праектная магутнасць газапроваду “White Stream” ацэньваецца ў 32 млрд. куб. м.

 

СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕТЫКІ

 

31 снежня 2009 г. плануецца зняццё з эксплуатацыі другога апошняга блоку Ігналінскай атамнай электрастанцыі (ІАЭС) — першы быў спынены 31 снежня 2004 г., што стварае значныя магчымасці для супрацоўніцтва Беларусі і Украіны ў сферы транзіту ўкраінскай электраэнергіі ў Літву. Ігналінская АЭС забяспечвала 70% патрэбнасцяў Літвы ў электраэнергіі, а таксама падчас функцыянавання двух блокаў ІАЭС і Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

 

Пры гэтым, у рэгіёне плануецца будаўніцтва некалькіх атамных электрастанцый, якія могуць пастаўляць лішак электраэнергіі ў краіны Балтыі, у тым ліку Літвы. У Расійскай Федэрацыі ў бліжэйшы час плануецца пабудаваць — Ленінградскую АЭС (Ленінградская вобласць, РФ) і Балтыйскую АЭС (Калінінградская вобласць, РФ). Увядзенне 1-га і 2-га энергаблокаў ЛАЭС запланавана на 2013 и 2014 годы; першы блок БАЭС запланаваны пабудаваць у 2010-2016 г.г., другі — 2012 — 2018 г.г. Варта зазначыць, што стварэнне новай АЭС у Літве магутнасцю каля 3400 мегаватт плануецца да 2020 г. на месцы цяперашняй [15, 21]. Трэба зазначыць, што і ў Беларусі да 2018 г. запланавана пабудова АЭС на мяжы з Літвой.

 

З 2010 г. і да пабудовы новай АЭС Літва вымушана набываць за мяжой электраэнергію, або прыродны газ для пераапрацоўкі на цеплавых электрастанцыях. Чакаемы попыт на электраэнергію ў Літве ў 2010 г. складае каля 9,1 млрд. кВт/г. Магутнасці Lietuvos Elektrinė (Elektrėnai) складаюць да 3 млрд. кВт.г, яшчэ 0,35 млрд. кВт / г літоўцы плануюць атрымаць за кошт узнаўляльных крыніцаў энергіі (гідраэлектрастанцыі, ветравыя паркі), 1,15 млрд. кВт / г – за кошт цеплавых электрастанцый Літвы. Дадаткова Літве неабходна пакрыць каля 3,185 млрд. кВт / г за кошт імпарту.

 

Сячэнне Україна – Беларусь дазваляе экспартаваць электраэнергію праз сеткі Беларусі ў краіны Балтыі. Прапускная здольнасць двух высокавольтных лініяў – 330 кВ Чарнобыльская АЭС – Мозыр і Чарнігаў – Гомель складае да 800 МВт. Пастаянны экспарт электраэнергіі ў Беларусь складае 400 МВт, такім чынам застаецца рэзерв у памеры 400 МВт [9]. Экспарт электраэнергіі ў Літву магчымы па замяшчаючай схеме. Украінскі бок мае магчымасць прадаваць электраэнергію “Белэнерга” (Беларусь), якую потым будзе набываць на мяжы Беларусі з Літвой кампанія-энергатрэйдэр. Україна будзе плаціць беларускаму боку за транспартыроўку электраэнергіі па тэрыторыі Беларусі ў бок Літвы. З улікам наяўных магчымасцяў да канца бягучага году магутнасць паставак украінскай электраэнергіі можа скласці каля 100 мВт. Пры гэтым, існуюць магчымасці поўнага пакрыцця патрэбаў Літвы ў імпарце электраэнергіі за кошт украінскай электраэнергіі.

 

СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў АТАМНАЙ ЭНЕРГЕТЫЦЫ

 

Да 2018 г. Беларусь плануе пабудаваць атамную станцыю на мяжы з Літвой у Астравецкім раёне (Гродзенская вобласць). Канчатковае палітычнае рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі было прынята 15 студзеня 2008 г. на пасяджэнні Рады Бяспекі Рэспублікі Беларусь [11]. Генеральны план беларускай АЭС распрацоўваецца на два энергаблокі агульнай магутнасцю 2300-2400 МВт [10]. Пуск першага блока запланаваны на 2018, другога — на 1-2 гады пазней, выхад станцыі на поўную магутнасць да 2020. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва па выніках тэндэру стане расійская дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергіі “Росатам”. У абмен Расія абяцае крэдытаваць будаўніцтва атамнай станцыі. Пры гэтым Беларуссю запатрабаваны досвед Україны ў будаўніцтве АЭС. На сённяшні час галоўным староннім (міжнародным) экспертам па маніторынгу будаўніцтва АЭС вызначаны Кіеўскі навукова-даследчы праектны інстытут «Энергапраект». Варта зазначыць, што ў Украіне каля 45% электраэнергіі выпрацоўваецца на атамных станцыях. Акрамя таго, пасля закрыцця Ігналінскай АЭС, у Летуве застаецца вялікая колькасць незапатрабаваных спецыялістаў, якія могуць працаваць на беларускай АЭС.

 

ВЫСНОВЫ

 

Пагрозы энергетычнай бяспецы Беларусі патрабуюць прыняцця неадкладных мераў па іх змяншэнню ўжо ў каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве. Адным з асноўных накірункаў забеспячэння энергетычнай бяспекі з’яўляецца выпрацоўка агульнай стратэгіі энергетычнай кааперацыі Беларусі з Украінай (а таксама з іншымі краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Балтыі) па рэалізацыі шэрагу праектаў у сферы энергетыкі і трубаправоднаму транспарту. Пры гэтым, стымулюючым фактарам падобнага супрацоўніцтва з’яўляецца зацікаўленасць Еўрасаюза, які вызначае энергетычную сферу і транспарт у якасці адных з прыярытэтаў сваёй усходняй палітыкі ў рамках ініцыятывы “Усходняе Партнёрства”, што стварае магчымасць для постсавецкіх краін прыцягнення дадатковых рэсурсаў. Пры гэтым, самымі персперктыўнымі супольнымі праектамі Беларусі і Ўкраіны з удзелам іншых краін-партнёраў УсП з’яўляюцца:

 

— стварэнне Еўра-азіяцкага нафтатранспартнага калідору па транспатыроўцы сырой нафты з Каўказу і Сярэдняй Азіі;

 

— пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі транзітам праз Беларусь ў краіны Балтыі, у першую чаргу Літвы.

 

У дадатак існуе магчымасць развіцця адносінаў у газатранспартнай сістэме і будаўніцтва падземных сховішчаў газу ў Беларусі з удзелам украінскага боку, а таксама распрацоўка магчымасцяў па супальнай рэалізацыі праекту “White Stream” па транспартыроўцы газу з Сярэдняй Азіі і яго пастаўках у Беларусь праз газатранспартную сістэму Украіны.

 

Пасляваеннае супрацоўніцтва заходнееўрапейскіх краінаў па рэгуляванню рынку вугалю і сталі прывяло ў выніку да стварэння самага паспяховага інтэграцыйнага аб’яднання ў свеце, у ХХІ ст. кааперацыя ў сферы энергетыкі і транспарту можа стаць асновай для болей шчыльнай інтэграцыі постсавецкіх краін, а ў перспектыве болей шчыльнага супрацоўніцтва і інтэграцыі з іншымі дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Балтыі, якія маюць супольныя інтарэсы з краінамі-партнёрамі УсП.

 

 


 

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

 

1. Беларусь и Латвия подключатся к «Одесса-Броды»?: электронная газета [Электронны рэсурс] // БДГ Деловая Газета: Электронная газета. – Рэжым доступу: http://bdg.by/news/news.htm?58820,2. Дата звароту: 23.10.2009.

 

2. Беларусь снизила годовой прогноз транзита газа партал [Электронны рэсурс] // Телеграф: Информационный портал. – Рэжым доступу: http://telegraf.by/in_belarus/54046.html. Дата звароту: 23.10.2009.

 

3. Вопрос о поставках казахстанской нефти для переработки на НПЗ Беларуси является актуальным — посол Казахстана: партал [Электронны рэсурс] // EXPORT.BY: Портал информационной поддержки экспорта. – Рэжым доступу: http://business.export.by/?act=news&mode=view&page=10&id=7675. Дата звароту: 23.10.2009.

 

4. Заяц А. Экономический ликбез. БТС-2 и Nord Stream — головная боль для Беларуси [Электронны рэсурс]/ А. Заяц// TUT.BY: Белорусский портал. – Рэжым доступу: http://news.tut.by/140764.html. Дата звароту: 23.10.2009.

 

5. Камнева Г. Мечта о нефти: Минэнерго распланировало добычу сырья до 2030 года [Электронны рэсурс]/ Г. Камнева // Взгляд: Электронное периодическое издание. – Рэжым доступу: http://www.vz.ru/economy/2009/8/26/321411.html. Дата звароту: 23.10.2009.

 

6. Китай станет крупнейшим импортером российской нефти: партал [Электронны рэсурс] // Oil.Эксперт: Электронный журнал – Рэжым доступу: http://www.oilexp.ru/analytics/analitika_rf/kitaj-stanet-krupnejshim-importerom-rossijskoj-nefti/30300/. Дата звароту: 23.10.2009.

 

7. Левшина И. Строительство БТС-2 вынудит Беларусь включиться в альтернативные проекты [Электронны рэсурс]/ И. Левшина // Белорусские новости: Интернет-газета информационной компании БелаПАН. – Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/economic/2009/06/18/ic_articles_113_163215/. Дата звароту: 23.10.2009.

 

8. Маненок Т. БТС-2 патронирует Путин[Электронны рэсурс]/ Т. Маненок // Белорусы и рынок: Eженедельная аналитическая газета для деловых людей. – Минск, 2009 г. — № 36 – Рэжым доступу: http://www.belmarket.by/ru/43/170/3187/. Дата звароту: 23.10.2009.

 

9. Перспективы развития экспортного потенциала Украины: : партал [Электронны рэсурс] / ДП «Енергоринок» . – Рэжым доступу: http://www.er.energy.gov.ua/doc.php?p=2450&wid=9f1fc35617cc52452c6994fe6d55fe05. Дата звароту: 23.10.2009.

 

10. Предварительный отчет об ОВОС Белорусской АЭС. — М.: РУП «БЕЛНИПИЭНЕРГОПРОМ» — 131 С.

 

11. Развіццё атамнай энергетыкі з’яўляецца важнейшым фактарам забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны: партал[Электронны рэсурс] / Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь . – Рэжым доступу: http://www.president.gov.by/by/press50069.print.html. Дата звароту: 23.10.2009.

 

12. Россия начнет поставки в Китай сырой нефти в объеме 15 млн т в год с 2011 г — посол РФ в КНР: партал [Электронны рэсурс] // ПРАЙМ-ТАСС: Агентство экономической информации, созданное центральным информагентством России ИТАР-ТАСС и информационно-издательским агентством ПРАЙМ. – Рэжым доступу: http://www.prime-tass.ru/news/0/%7B1AE4E745-2889-4399-BFF9-7DA34488CB61%7D.uif. Дата звароту: 23.10.2009.

 

13. Южный поток: партал [Электронны рэсурс] // Газпром: Официальный сайт ОАО «Газпром».– Рэжым доступу: http://www.gazprom.ru/production/projects/pipelines/south-stream/. Дата звароту: 23.10.2009.

 

14. Eastern partnership: Commission staff working document, SEC(2008) 2974, 3 December 2008. – 12 p.

 

15. European energy and transport.Trends to 2030 : update 2007. Luxembourg: Office for Official Publications of the European Communities, 2008. – 156 p.

 

16. Nord Stream: The New Gas Supply Route for Europe. Background information, Sept. 2009: партал [Электронны рэсурс] // Nord Stream: Official portal of Nord Stream AG . – Рэжым доступу:http://www.nord-stream.com/fileadmin/Dokumente/Background_Info_Project/Nord_Stream_Press_Release_Background_info_eng.pdf. Дата звароту: 23.10.2009.

 

www.belintellectuals.eu