З 17 лістапада ў Беларусі пачала дзейнічаць пастанова праўлення Нацбанка № 577 «Аб прадастаўленні крэдытаў у замежнай валюце».

 

Згодна з дакументам, «крэдыты ў замежнай валюце прадастаўляюцца ў безнаяўным парадку шляхам пералічэння банкам замежнай валюты ў аплату разліковых дакументаў, прадстаўленых крэдытаатрымальнікам, на рахункі нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам».

Разліковыя дакументы — гэта аформленыя ў пісьмовым выглядзе патрабаванні або даручэнні арганізацый на пералічэнне грашовых сродкаў у безнаяўным парадку за адпушчаныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя працы і аказаныя паслугі. Асноўнымі разліковымі дакументамі з’яўляюцца: аплатныя даручэнні, аплатныя патрабаванні-даручэнні, разліковыя чэкі, акрэдытывы. Карацей, практычна ўсё «плацёжкі» пры разліку за тавар ці паслугі.

Банкам патрэбная валюта

На думку эканаміста Леаніда Заікі, Нацбанку нічога не застаецца, як «закрыць у безнал» такія крэдытныя лініі, каб пазбегнуць гульні на валютных курсах. «Нават самаму непадрыхтаванаму чалавеку зразумела, што можна ўзяць крэдыт у валюце пад 5% гадавых, перавесці яго ў беларускія рублі і пакласці ўжо пад 35%, а то і 47% гадавых. Такімі былі рублёвыя стаўкі ўкладаў зусім нядаўна. І жыць пры гэтым прыпяваючы» , — кажа Заіка.

Паводле яго слоў, дэпазітныя стаўкі на рынку цяпер вельмі высокія. «У наступным годзе беларускія банкі па гэтых укладах павінны выплаціць каля пяці мільярдаў долараў. Натуральна, валюту трэба берагчы. Гэтым таксама выклікана такое рашэнне», — кажа Заіка.

Бізнэс не пацерпіць

Што ж тычыцца буйнога бізнэсу, то, на думку Заікі, ён не занадта пацерпіць ад таго, што валюта пераведзена ў безнаяўны сегмент. «Па-першае, сапраўдны бізнэс крэдыты браць не будзе. Па-другое, якія зараз маюццца праблемы ў адзінай мытнай прасторы? Захацеў валюты — сеў, паехаў у тую ж Расію, памяняў», — лічыць Заіка.

«Калі хочацца валюты — вырабляй канкурэнтаздольную прадукцыю і экспартуй яе. Зарабляй грошы ў Расіі, у Еўропе, і нічога дрэннага не будзе.»Чаўночны» ж бізнэс, гэтую дурную форму карабейніцтва пара спыняць — яна павінна памерці», — лічыць Заіка.

«Такі бізнэс не мае перспектыў, гэта прымітыў, учорашні дзень. Купіў майку ў Літве за долар, а тут прадаў за восем — гэты бізнэс і не трэба апекаваць», — лічыць Заіка.

Прадпрымальнікі — не супраць

Лідэр Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка кажа: што наяўная валюта, што безнаяўная, прадпрымальнікам «па барабане». «Цяпер любы прадпрымальнік, які атрымае валютны крэдыт, папросту яго зможа «абнаявіць». Большасць прадпрымальнікаў маюць такія магчымасці, і гэта для дробнага бізнэсу не перашкода», — кажа Шумчанка.

Паводле яго слоў, праблема тут не ў тым, безнаяўныя або наяўныя валютныя крэдыты ў Беларусі будуць выдавацца, а ў працэнтных стаўках па гэтых крэдытах. «Мы 90% тавараў імпартуем, таму валюта нам патрэбна. Але пытанне ў разумнасці крэдытавання. Нядаўна мы праводзілі апытанне прадпрымальнікаў (яно хутка будзе прадстаўлена і шырокай грамадскасці). Высветлілася, што ў асноўным прадпрымальнікі для развіцця свайго бізнесу займаюць валюту ў сваякоў і сяброў. І яны таксама займаюць валюту з працэнтамі. У сяброў-сваякоў «стаўкі» па крэдытах ніжэй, чым у банках «, — кажа Шумчанка.

Працэнты — і толькі гэта пакуль перашкаджае прадпрымальнікам паспяхова карыстацца крэдытнымі лініямі дзяржавы.

Чытаць болей