Зараз «сутачнікі» адбываюць пакаранне на новым месцы — пад іх «выдзелілі» два паверхі сталічнага ізалятара часовага ўтрымання.
«Тут і цяпер»разбіралася, што гэта такое.

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, сумнавядомы «Акрэсціна», нарэшце зачынены на рамонт. Гэтага даўно дамагаліся праваабаронцы, якія напісалі шмат скаргаў на ўмовы ўтрымання ў гэтым легендарным месцы.

Пра гэта «Тут і цяпер» распавядае адзін з першых «сядзельцаў» у новых умовах — адзін з лідараў міжнароднага грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» (Латвія) Алег Корбан.

Нагадаем, што актывісты «Альтэрнатывы» 11 кастрычніка правялі флэшмоб супраць дзяржаўнай прапаганды. Каля рэстарана «МакДональдс» на вуліцы Няміга маладыя людзі ўстанавілі стары савецкі тэлевізар, экран якога быў аблеплены лагатыпамі дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў. На тэлевізар яны паставілі талерку з локшынай, якую таксама раскідалі навокал. Каля тэлевізара была ўстаноўлена таблічка з надпісам «Ахвяраванні на заробак БТ». Вакол таблічкі былі раскіданы скамечаныя дробныя купюры.

Вечарам 11 кастрычніка Корбана затрымалі, склалі пратакол па арт. 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства) і 12 кастрычніка прысудзілі 5 сутак адміністратыўнага арышту. І адправілі ў новы корпус.

Што за будынак?

— У прынцыпе, гэта сучасны будынак, па турэмных мерках. У «амерыканцы», дарэчы, дзе я пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года правёў 20 дзён, умовы значна горшыя.

Для «сутачнікаў» перададзены некалькі паверхаў — другі і, здаецца, трэці. Першы паверх застаўся для тых, хто трапляе па крымінальных падазрэннях, да вызначэння асобы альбо да перапраўкі на «валадарку» ў следчы ізалятар.

Варта адзначыць, што разам з «сутачнікамі» ў новыя ўмовы пераехаў і персанал старога корпуса. Яны нават яшчэ не ведалі пра размяшчэнне зняволеных і пастаянна блыталі нумар нашай камеры, называючы яе то чацвёртай, то трынаццатай, то трыццаць другой… То бок самі не звыкліся яшчэ з гэтымі сценамі.

Камера

Першае, што ўражвае: у адрозненне ад старога будынка, ёсць так званыя «нары», а не «сцэна». У маёй камеры было 5 месцаў, то бок 2 двухпавярховыя ложкі і адзін аднапавярховы. Аднак у нас камера была нейкая «скошаная», то бок не цалкам прамакутная. Уладзімір Сяргееў, які быў асуджаны са мной, сядзеў у іншай, прамакутнай камеры. Там было шэсць месцаў: тры блокі друхпавярховых «нар». А паколькі ёсць ложкі, адпаведна, ёсць і матрацы, і камплект пасцельнай бялізны, чаго, здаецца, ніколі не было ў старым корпусе.

Камера па тэрыторыі большая — прыкладна 10 на 7 метраў. У старым будынку там толькі недзе паўтара метра было ад «сцэны». Ёсць магчымасць хаця б адціскацца, хадзіць. Пол драўляны, не бетонны. На сценах ёсць палічка для таго, каб паставіць кнігі.

Другое ўражанне — прыбіральня. Гэта не проста ўнітаз на падлозе, а прыбіральня, якая адгароджваецца «ў поўны рост» і знаходзіцца па-за зонай «вочка» ў дзвярах камеры. То бок, калі раней дзяўчаты скардзіліся, што ім няёмка спраўляць патрэбы ў той час, калі ў любы момант можа зазірнуць канвойны, то цяпер гэтая праблема вырашана. Атрымліваецца асобная кабінка. Ва ўмывальніку ў кране ёсць цёплая і халодная вада.

У камеры, як і мусіць быць, ёсць акно. Яно невялікае, закратаванае і знаходзіцца высока. Праз яго нават не бачна, што на вуліцы — дождж, снег ці сонца. Яго нельга адчыніць, а гэта важна, бо дрэнна працуе вентыляцыя. Калі людзі ў камеры пачыналі паліць, утвараўся смог, дым асядаў на вопратку, на скуру. Гэта праблема тых, хто не паліць.

Пад акном — прывінчаны да падлогі стол, побач — лава, таксама прыбітая. Можна пісаць, але не выдаюць ні шашкі, ні шахматы, ні даміно. Таму, як і ў старым будынку, на гэтым стале адразу намаляваны палі для гульні, шахматная дошка і г.д. Але, на жаль, у нашай камеры ні ў каго не знайшлося фігурак, хаця б вылепленых з хлебнага мякішу, бо, як казалі нам папярэднія «сядзельцы», рэгулярна ладзяцца «шмоны» і гэтыя фігуркі вымаюцца.

Чытаць болей