Дарагія таварышы і сябры, калегі і проста знаёмцы, аднадумцы і апаненты, жанчыны і мужчыны, маладыя і сталыя людзі, хрысціяне і нехрысціяне, сардэчна віншую вас усіх і кожнага паасобку з наступаючым Новым годам!

 

Жадаю вам усім перш-наперш здароўя. Надта ўжо непрыемная штука атрымліваць весткі аб тым, што хтосьці захварэў, у кагосьці даволі паважныя праблемы са здароўем…

Будзе здароўе – можна спадзявацца, што будзе і ўсё іншае: у пісьменнікаў і журналістаў – новыя творы, у археолагаў і гісторыкаў – новыя знаходкі, ідэі і публікацыі, у рэжысёраў – новыя спектаклі і фільмы, у маладых людзей – шчаслівае каханне, у сталых – радасць за дзяцей і ўнукаў.

Хацелася б нечага пажадаць палітыкам – таварышам па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе) і калегам з іншых партый. Думаю, што ўсе мы, незалежна ад таго, уваходзім у пэўныя партыі ці не, хочам, каб Беларусь вярнулася на шлях дэмакратычнага развіцця. Гэта – галоўнае. Таму жадаю еднасці людзей дэмакратычных перакананняў, перш за ўсё палітыкаў, у барацьбе за гэтае вяртанне.

Як далёка мы стаім ад ідэалу вольнай Беларусі, сведчыць тое, што 14 маладых і сталых мужчын сустрэнуць Новы год у няволі за свае палітычныя перакананні і палітычную дзейнасць. Давайце, таварышы і сябры, калегі і проста знаёмцы, рабіць усё залежнае ад нас дзеля вызвалення гэтых людзей з-за кратаў.

Цяпер даходзяць да нас весткі, што заходнееўрапейскія палітыкі схільныя скасаваць забарону на ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу міністра замежных спраў Беларусі. Маўляў, гэтак трэба перамоваў і для вызвалення вязняў. Мы, людзі дэмакратычных перакананняў, павінны цвёрда сказаць еўразвязаўскім палітыкам: спачатку вызваленне палітвязняў, а потым зняцце санкцый асобным дзеячам рэжыму. Нельга расслабляцца з тае прычыны, што з дазволу ўлады аднаго вязня наведаў святар, другі атрымаў магчымасць ажаніцца, а трэці – спаткацца з жонкай.

Не тут мне разважаць аб жаданні еўрапейскіх палітыкаў знізіць узровень патрабаванняў да ўладаў Беларусі. Коратка прычыну такога жадання можна выразіць формулай: інтарэсы капіталу – вышэй за ўсё. З гэтае прычыны не ўсё так ідэальна складваецца на лініі “Еўрапейскі Звяз – дэмакратычная Беларусь”. Нагадаю толькі, што да зняволення правабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага прыклалі руку “еўрапеізаваныя” літоўскія “сябры”, для якіх справы бізнесу ў Беларусі стаяць вышэй за лёс Алеся і тых людзей, якім ён дапамагаў.

Гэты ды іншыя факты павінны быць халодным душам для нашых еўрааптымістаў.

Як я разумею, “еўрапейская Беларусь” – гэта краіна з развітай грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычным палітычным ладам, высокаразвітай нацыянальнай эканомікай, высокай якасцю жыцця, а не дэіндустрыялізаваная пастаўшчыца таннай рабочай сілы і не прыдатак да эканомікі IV Райху, не сляпы выканаўца распараджэнняў еўрабюракратаў, якія вызначаюць нават, якую даўжыню і акружнасць павінен мець прэзерватыў.

Давайце рабіць усё для пабудовы еўрапейскай Беларусі, а не плішчыцца ў Еўрапейскі Звяз. Прыклад Грэцыі павінен нас насцярожыць і чамусьці навучыць.

Вось і атрымалася: палітыкам і пытанням палітыкі я надаў у гэтым навагоднім лісце-віншаванні найбольш увагі. Мусіць, таму, што кожны з нас не можа не думаць пра лёс нашай маці Беларусі.

Яшчэ раз жадаю вам, дарагія таварышы і сябры, калегі і проста знаёмцы, аднадумцы і апаненты, добрага здароўя, аптымізму і веры ў лепшае заўтра.

З павагай,

Анатоль Сідарэвіч.