Па ўсёй Летуве народ сьвяткуе 23-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасьці сваёй дзяржавы. 11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет ЛітССР прыняў Дэкларацыю аб выйсьці з СССР і аднаўленьні незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі.

Трэба нагадаць, што саўдэпія дэ юрэ і дэ факта існавала яшчэ паўтара гады, да правалу жнівеньскага путча ў 1991 годзе. Летувіскі народ быў першым з постсавецкіх, што заявіў пра нежаданьне існаваць далей у маскоўскай імпэрыі. У сьвеце гэта выклікала пэўны шок і шмат скэпсісу. Маўляў, Гарбачоў раздушыць маленькую рэспубліку. Падняліся наўтапыркі пятыя калоны асаднікаў-расейцаў і пачалі кампанію правакацый супраць летувіскага грамадзтва. Беларусы памятаюць пацешныя (але агрэсіўныя) лёзунгі акупанцкай чорнай сотні на мітынгах “інтэрфронта” ў Летуве. Вось, напрыклад: “Товарищи! Сплотимся вокруг горкомов и райкомов! За нами Москва! Победа будет за нами!”

Па камандзе з Масквы бальшавікі ў БССР “раптам успомнілі” пра Віленскі край ды зрабілі заяву: “Калі Літва пойдзе да незалежнасьці, БССР будзе патрабаваць вярнуць ёй Вільнюс…” Дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР на чале з Зянонам Пазьняком дэзавуіравалі гэты крывадушны манеўр савецкай намэнклатуры і падтрымалі дэкларацыю аб незалежнасьці Летувы.

Сотні патрыётаў-фронтаўцаў пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам выязджалі ў Вільню і далучаліся да летувіскіх абаронцаў незалежнасьці. Гэта быў сапраўдны акт міжнароднай салідарнасьці людзей і нацый. Зянон Пазьняк і іншыя дэпутаты-фронтаўцы аказвалі палітычную падтрымку сваім калегам, ня раз выязджалі ў Вільню.

Наперадзе было цяжкое змаганьне. Масква арганізавала эканамічную блакаду супраць Летувы, а потым і іншых балтыйскіх рэспублік, нагнала туды гэбоўскіх і вайсковых частках. На барыкадах Вільні загінулі дзесяткі і былі паранены сотні людзей. Але народ выстаяў. Перамога была не за ненавісьнікамі-асаднікамі, а за летувісамі.

Вырасла ўжо цэлае пакаленьне народа, якое ведае толькі незалежную радзіму. Народ сьвяткуе сваю свабоду пад нацыянальнымі сьцягамі.