У сувязі са зьяўленьнем ў апошнія дні заяў вельмі шаноўнага Алега Анатольевіча Трусава («БНФ стварыў Васіль Быкаў, а не Зянон Пазьняк», ці што Быкаў мог бы балатавацца на выбарах у 1994 г. і г.д.) – якія трапляюць на тло інфармацыйнага вакууму адносна падзеяў найноўшай гісторыі і няведаньня (асабліва моладзьдзю) фактаў і храналёгіі падзеяў, бачу мэтазгодным даць наступныя тлумачэньні.

 

Васіль Уладзімеравіч Быкаў стаяў ля вытокаў стварэньня БНФ, ягоная роля ў гэтым – неацэнная. Але арганізацыйнай працай ён не займаўся, гэта было «не яго» – ды і з боку «палітыкаў» было б неразумна адрываць яго ад творчасьці дзеля рутыннай працы. Такую працук маглі рабіць пяцьдзесят чалавек, а тое, што рабіў Быкаў – мог рабіць толькі Быкаў. І ўсялякія спробы заднім чыслом прыпісаць яму гэтую ролю выглядаюць недарэчна, а імкненьне давесьці, што ён (нібыта) сьвядома ўзмацняў у БНФ ролю камуністаў – увогуле цынізм у дачыненьні да пісьменьніка, які называў камунізм самай антычалавечай ідэалёгіяй.

Сход 19 кастрычніка 1988 году ў Чырвоным касьцёле арганізоўвалі Зянон Пазьняк і Міхась Дубянецкі. У падрабязнасьці быў пасьвечаны і Васіль Быкаў. На сходзе, калі ўтварыўся аргкамітэт Мартыралёгу, Васіль Быкаў прапанаваў абраць старшынём «Мартыралёгу Беларусі» Зянона Пазьняка. Менавіта старшыня павінен быў весьці сход далей. І менавіта ад вядучага залежала, ці будзе пастаўленая на галасаваньне прапанова аб утварэньні Аргкамітэту БНФ. Пазьняк (нягледзячы на спробы супрацоўнікуаў ЦК КПБ, якія знаходзіліся ў залі, перашкодзіць) – паставіў прапанову на галасаваньне і прапанаваў склад аргкамітэту, ЯКІ НАПЯРЭДАДНІ САМ І СКЛАЎ.

Першае паседжаньне аргкамітэту сапраўды адбылося без Пазьняка – пэўныя асобы пастараліся, каб яго на ім не было, у гэты дзень у яго была справа, зьвязаная з Курапатамі, перанесьці якую ён ужо ня мог (але падрабязнасьці пакіну самому Пазьняку).

Далей слова Васілю Быкаву, цытата з ягонай кнігі «Доўгая дарога дадому»:

«На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў аргкамітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбокадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі за. Пазьняка на сходзе тады не было.

Але празь дзень-два, як Пазьняк дазнаўся пра тыя выбары, аргкамітэт быў скліканы зноў і адбыліся перавыбары. Старшынёй усё ж стаў Пазьняк. Тое, аднак, адбылося безь мяне. Я па нейкай прычыне на паседжаньні адсутнічаў. Канешне, я лічыў, што кандыдатура Пазьняка ва ўсіх адносінах лепшая за Якавенку. І калі я не прапанаваў Пазьняка на першым паседжаньні, дык толькі таму, што ён ужо быў заняты на Мартыралёгу”.

Што да Якавенкі – дык моцным ударам па БНФ было інтэрвію ў «Советской Белоруссии», якое, як ён потым прызнаўся, ўзгаднялася ў ЦК КПБ (такой вось была «роля камуністаў» у дачыненьні да новаўтворанай дэмакратычнай арганізацыі – зрэшты, гэта ня дзіўна, бо камуністы адразу адчулі ў БНФ канкурэнта).

Адносна ж далейшай працы па ўтварэньню БНФ, дык менавіта Пазьняк займаўся арганізацыяй Устаноўчага З’езду БНФ у Вільні – пасьля таго, як камуністычнае кіраўніцтва адмовіла даць памяшканьне для гэтага форуму на тэрыторыі Беларусі. Васіля Уладзіміравіча Быкава на з’езьдзе не было (ён знаходзіўся ў Гішпаніі на пісьменьніцкай канфэрэнцыі), але ён даслаў прывітаньне. У чэрвені 1989 г. на ўстаноўчым з’езьдзе БНФ старшынём Сойму БНФ быўз абраны Зянон Пазьняк, а праз год, у чэрвені 1990 – Пазьняк быў абраны і старшынём Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.

Некалькі слоў пра тое, што нібыта «Васіль Быкаў не пагадзіўся быць кандыдатам на выбарах 1994 году». Разглядаць Быкава ў гэтай ролі – значыць зусім ня ведаць Быкава. Прапаноўваць яму такое – усё роўна, што прапаноўваць яму, Быкаву, ляцець у космас. Ён катэгарычна (не ў 1994-ым, а значна раней) катэгарычна адмовіўся ад ролі палітыка (хаця палітыкай займаўся – удзельнічаў практычна ў ва усіх Соймах БНФ, выказваўся публічна на актуальныя тэмы і г.д.). Ягонае глыбокае перакананьне палягала ў тым, што прэзыдэнтам Беларусі павінен быць Зянон Пазьняк (і на сьвяткаваньні ягонага 70-годьздзя ў сквэры Купалы Быкаў публічна сказаў, што самае ягонае вялікае жаданьне – каб прэзыдэнтам быў абраны Зянон Пазьняк). Быкаў езьдзіў з намі на сустрэчы па Беларусі, выступаў як давераная асоба Пазьняка па тэлебачаньні. Васіль Уладзімеравіч Быкаў лічыў, што ўсе тыя, каму дарагая Беларусь, хто называе сябе дэмакратам – павінны аб’яднацца дзеля перамогі на выбарах кандыдата БНФ (не вакол Шушкевіча, ці Карпенкі – менавіта вакол канкрэтна Пазьняка), і пра гэта ён казаў публічна, і казаў не аднойчы. На жаль – ня ўсе прыслухаліся да тых ягоных заклікаў.