Вядомая грамадзкая дзяячка, палітык, кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач мае намер балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. І дзеля гэтага спрабуе піярыцца ў самым станоўчым сэнсе гэтага слова.

Пра што сьведчыць яе чарговае інтэрвію інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан». Вольга Карач — у беларускім дэмакратычным асяродзьдзі чалавек вядомы. Разумніца, актывістка, прыемны чалавек і проста прыгожая жанчына. Асабіста я ёй шчыра зычу посьпеху на яе нялёгкім шляху.

Аднак я бачу шэраг праблемаў, падводных камянёў у рэалізацыі яе амбітных плянаў. Прачытаўшы згаданае інтэрвію, хацеў бы зьвярнуць увагу толькі на дзьве праблемы, якія непазьбежна ўзьнікнуць падчас яе магчымай перадвыбарчай кампаніі.

Журналіст пытаецца пра выбарчую праграму будучага кандыдата ў прэзыдэнты. Сп-ня Карач, відаць, шмат думала пра гэта і таму ўпэўнена адказвае:

«Эўрарамонт нашага агульнага дому — Беларусі. Прыйшла пара палепшыць стандарты якасьці жыцьця ўсіх беларусаў. Так, у Беларусі цяпер няма масавых сьмерцяў ад голаду, дзеці ходзяць у школу, людзі атрымліваюць зарплаты і пэнсіі своечасова. Але настаў час працаваць над паляпшэньнем якасьці таго, што мы маем сёньня. Чаму з крана сёньня немагчыма піць ваду? Ці задаволеныя мы якасьцю беларускіх прадуктаў? Экалягічныя яны? Ці задавальняе нас наша мэдыцына? Чаму ў Беларусі падаюць бальконы? Чаму ня ў кожным двары стаяць сучасныя дзіцячыя пляцоўкі? Як павысіць сярэднюю працягласьць жыцьця, у першую чаргу — беларускіх мужчын? Як зрабіць так, каб беларускія пэнсіянэры атрымлівалі асалоду ад свайго жыцьця на пэнсіі, а не дажывалі ў галечы свае гады? Як зрабіць нашы дамы больш энэргазьберагальнымі, пры гэтым не плаціць больш за ацяпленьне і не замярзаць зімой? Пытаньняў шмат, але прыйшоў час працаваць над адказамі. Я хачу бачыць Беларусь як „грамадзтва роўных магчымасьцяў“: для мужчын і для жанчын, для мінчан і жыхароў „глыбінкі“. Гэта роўны доступ — да добрай адукацыі, да якаснай мэдыцыны, да працы, якая годна аплачваецца, да выбару партнэра, рэлігіі, да магчымасьці годна гадаваць і выхоўваць дзяцей».

Праграма добрая. Яна не чапае «вялікай палітыкі», а апэлюе да штодзённых пытаньняў, якія хвалююць звычайных людзей. І я добра разумею сп-ню Карач. Вольга хоча выйсьці за межы традыцыйнага апазыцыйнага электарату і атрымаць падтрымку тых, хто ня вызначыўся, «балота», апалітычных абывацеляў, якія жывуць у нядобраўпарадкаваных пад’ездах зь непрыемнымі пахамі, але трымаюцца за стабільнасьць і баяцца радыкальных перамен. Яна спрабуе выйсьці з таго палітычнага гета, з той пасткі, у якую ўвесь час трапляюць лідэры апазыцыі, калі гавораць пра тое, што хвалюе найбольш іх саміх: сувэрэнітэт, дэмакратыю і правы чалавека, рынкавыя рэформы, лёс беларускай мовы.

Але, падаецца, Вольга незаўважна трапляе ў іншую пастку. Калі падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў я слухаў выступы па тэлевізіі кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука, які вёў кампанію пад лёзунгам «Пабудуем новае, зьберажэм лепшае» (маю на ўвазе не надрукаваную ў газэтах ягоную праграму, якую мала хто чытаў, а менавіта выступы на тэлебачаньні), то мяне не пакідала пытаньне: а дзе ж альтэрнатыва? Яраслаў прапаноўваў не зьмяняць сыстэму, а толькі зрабіць у ёй пэўныя ўдасканальваньні, пад якімі цалкам мог бы падпісацца і Лукашэнка. І ў абывацеля лягічна магло ўзьнікнуць пытаньне: навошта нам новы прэзыдэнт, калі гэтыя невялікія недахопы можа лёгка пераадолець і дзейны кіраўнік дзяржавы?

Вось і цяпер падобныя думкі ўзьнікаюць, калі чытаю гэты накід будучай праграмы Вольгі Карач. Зь яго вынікае, што праграма цалкам можа рэалізавацца ў межах цяперашняй сыстэмы. Вольга Карач не прапануе зьмены мадэлі.

Але тады яе праграма ня цягне на альтэрнатыўны праект.

Пра гэтыя праблемы і задачы, якія ўзгадвае Вольга, ня раз выказваўся і Лукашэнка. Ён рэзка крытыкуе непарадкі ў будаўніцтве, камунальнай сфэры, часта кажа пра пытаньні аховы здароўя, клапоціцца пра пэнсіянэраў. Цяпер у Беларусі амаль усеагульная вышэйшая адукацыя. Ён увесь час хваліцца, што пабудаваў «грамадзтва роўных магчымасьцяў», дзе няма багатых алігархаў.

На папрок, чаму ж ты не разьвязаў гэтыя праблемы за 21 год улады, Лукашэнка адкажа (як ужо казаў шмат разоў), што не было магчымасьцяў, бо трэ было выцягваць краіну з прорвы, будаваць дзяржаву з нуля, запускаць заводы, калгасы і інш. А вось цяпер можна ўзяцца за тыя пытаньні, якія пералічвае Вольга Карач. І пад гэтай праграмай ён лёгка можа падпісацца.

А калі так, то, з гледзішча абывацеля, навошта мяняць шыла на мыла? Гэты прэзыдэнт, прынамсі, хоць мае кіроўны досьвед.

І вось тут мы падыходзім да другой праблемы. Вольга Карач шмат разважае пра лёс людзей, якія прышлі ў палітыку зь нейкіх высокіх пасадаў:

«У чым праблема многіх іншых палітыкаў Беларусі? Яны прыходзяць у палітыку, як правіла, ужо рэалізаваўшыся ў іншай сфэры і не разумеючы, што трапляюць у вельмі спэцыфічны асяродак — гэта як Аліса ў Залюстроўі: быццам усё знаёма, але неяк ня так. Але чалавек верыць, што яго папярэдні жыцьцёвы вопыт дапаможа яму ў палітыцы. І чым вышэйшая была пасада, тым складаней яму адаптавацца ў новых умовах, тым складаней яму сказаць: «Цяпер мне давядзецца пачаць усё спачатку».

Вольга закранула важную тэму, якую я б сфармуляваў так: у Беларусі прафэсія палітыка ня лічыцца паважанай. Ва ўмовах адсутнасьці публічнай палітыкі па-іншаму і быць ня можа. Большасьць насельніцтва лічыць, што прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта павінен мець пэўны кіроўны досьвед. Але гэтая сытуацыя ставіць апазыцыйных палітыкаў у непрыемнае становішча. І Вользе Карач трэба рыхтавацца адказваць на ня вельмі зручнае пытаньне: вы прэтэндуеце на тое, каб кіраваць дзяржавай, а чым вы кіравалі ў сваім жыцьці? Магчыма, самой Вользе пытаньне падасца лёгкім: я, скажа яна, шмат гадоў кіравала грамадзянскай кампаніяй «Наш дом». Мяне асабіста такі адказ задаволіць. А ці задаволіць абывацеля, да якога апэлюе сп-ня Карач? Бо той не ўспрымае ўсур’ёз партыі, грамадзкія арганізацыі, грамадзянскія кампаніі, а значыць, і іхніх кіраўнікоў. Кіраваць міністэрствам, раёнам, заводам — вось гэта досьвед, лічыць ён. І пакуль ніхто ня думае над тым, як пераадолець гэтыя стэрэатыпы.