Неадназначная гістарычная падзея ў сусветнай гісторыі, якая паставіла знак роўнасці паміж фашызмам і камунізмам, для Беларусі ўсё ж мела станоўчы сэнс — Заходняя і Усходняя Беларусь злучыліся разам. Ёсць меркаванні, што і БССР стварылі менавіта каб абгрунтаваць вызваленчы паход Чырвонай арміі, які не прынёс аніякага плёну ў часы польска-савецкай вайны. А так можна было развязаць рукі ў вачах міжнароднай супольнасці, уз’ядноўваючы Заходнюю і Усходнюю Беларусь.

Але для гэтага спярша трэба было заключыць дагавор з Гітлерам. Цікава, як спрытна гістарычная фармулёўка “Пакт Молатава-Рыбентропа” ўтойвае імёны асноўных злачынцаў, тыранаў. “Нацысцка-савецкі пакт” усё ж гучыць больш дакладна. Шмат было зроблена дзеля таго, каб схаваць гэтую падзею. Робіцца і дагэтуль, на жаль. Неяк асабліва гэта муляла вочы савецкаму кіраўніцтву, пра што сведчыць і ўкрыванне праўды пра Катынь. І тут таксама, каб заблытаць, калі быў створаны мемарыял “Хатынь”. Гэтую думку прыводзіў Алесь Адамовіч. Хто там будзе разбірацца? Нацысты — злачынцы, а Савецкі Саюз перамог фашызм, таму ніякай Катыні быццам і не было.

Так і атрымліваецца, што, можа, падзея і станоўчая, але цалкам складзеная з няпраўды. Пачынаючы з таго, што ўз’яднання Беларусі так і не адбылося. Мяжу 1939 года захавалі, свабоднага руху не было, сем’і, сваякі, якія штучна былі падзеленыя, так і не змаглі пабачыцца пасля т.зв. вызваленчага паходу Чырвонай арміі. Савецкаму Саюзу было выгодна прытрымліваць гэтую мяжу, бо так зручней праводзіць рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі, дэпартаваць людзей. Калі б нават мяжу адразу і адкрылі і жыхары Заходняй Беларусі захацелі паглядзець, ці сапраўды ўсё так, як паказвае савецкая прапаганда, адбыўся б відавочны пазнаваўчы дысананс. Таму фактычнае ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі адбылося толькі з прыходам немцаў у чэрвені 1941 года, як ні парадаксальна гэта гучыць, калі мяжы нарэшце не стала.

Такое ў еўрапейскай гісторыі адбылося, напэўна, апошні раз: Усход істотна ссунуўся на Захад. Гэтым абумоўлена ў пэўным сэнсе і тое, што польская мяжа за кошт Нямеччыны ўжо пасля вайны ссунулася на Захад. Славянскі арэал наблізіўся да сваіх першапачатковых тысячагадовых межаў, да Берліна, які, відавочна, быў спачатку таксама славянскім паселішчам. Цікава адрэагавала на пытанне пра польскі рэваншызм ужо пасля першых дэмакратычных выбараў у 1989 годзе першы пасол Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова, якая сказала, што нават калі б такія памкненні і былі, усё адно давялося б адмовіцца ад тых заходніх тэрыторый на карысць Нямеччыны. Змірыцца з канчатковай стратай гэтых тэрыторый у польскай свядомасці прымусіў Ежы Гедройц. Але нішто не можа перакрэсліць памяць, успаміны аб колішніх сядзібах, жыцці, адпачынку ў Заходняй Беларусі, таму адпаведныя матэрыялы, натуральна, і цяпер з’яўляюцца ў Польшчы. З іншага боку, гэта карысна і нам, калі былыя гаспадары будуць узгадваць, што там было на месцы цяперашняй, на жаль, пустэчы. Калі паглядзець, у якім стане знаходзяцца польскія двары ў Заходняй Беларусі, разумееш, што толькі ўспаміны здольныя вярнуць з нябыту колішні побыт, звычаі і традыцыі. Гэтая людская памяць бліжэйшая за прапагандысцкую лухту пра тое, як хораша жылося ў Савецкім Саюзе, а як дрэнна — пад панскім прыгнётам.

Я прыгадаю некалькі эпізодаў з вусных успамінаў сведак, якія памятаюць пра 17 верасня.

Вось маладая дзяўчына, якая скончыла 8 класаў польскай гімназіі ў Заходняй Беларусі. Яе маці працавала пакаёўкай у маёнтку буйных прамыслоўцаў Пуслоўскіх. Пуслоўскія актыўна ўдзельнічалі ў лёсе сваіх падначаленых. Планавалася, што за кошт гаспадароў пасля заканчэння гімназіі (заставаўся ўсяго 1 год) дзяўчыну адправяць на курсы шыцця ў Варшаву. Таму пасля 70 гадоў пасля т.зв. вызваленчага паходу Чырвонай арміі жанчына не знайшлася сказаць нічога, апроч як: “Но пшышлі вшыве і вшыстко зламалі”.

Цяпер аднаўляецца спадчына мастака Фердынанда Рушчыца, які амаль усё сваё жыццё пражыў у Заходняй Беларусі ў драўляным двары 16 стагоддзя ў Вішнева, які спалілі партызаны падчас нямецкай акупацыі. У адмысловай інструкцыі дзеяння партызанскіх атрадаў падчас нямецкай акупацыі ў якасці задання пазначалася знішчэнне радавых гнёздаў і маёнткаў. Пасля 1939 года яго толькі разрабавалі. Там знаходзілася вялікая бібліятэка, розныя зборы, шматлікія творы мастацтва. Сведка прыгадвае, як пасля 17 верасня наведаў мясцовую краму, куды прывезлі селядзец. Дык для фасоўкі селядца не знайшлі нічога зручнейшага, чым старонкі з фаліянтаў бібліятэкі вялікага мастака. Тое, што прыдалося пад селядзец, магло б захавацца для нашчадкаў і мець цяпер гістарычную каштоўнасць.

У Заходняй Беларусі не маглі так хутка арганізаваць калгасны лад, таму калгасы тут пачаліся толькі пасля вайны — і тое не адразу. Але механізацыю сельскай гаспадаркі пачалі праводзіць і ствараць першыя машынна-трактарныя станцыі яшчэ да вайны з немцамі. Тэхніку пераганялі, і калі праз вёску ехаў трактар, дык усе жыхары выходзілі глядзець на яго, як на цуд. Сельская гаспадарка Заходняй Беларусі не была на той час механізаваная.

Шмат сустракалася сведчанняў пра тое, што прыход Чырвонай арміі віталі толькі бежанцы Першай сусветнай вайны, што вярнуліся на радзіму. У гэтых людзей быў сантымент да Расіі, добрыя ўспаміны пра тое, як імі падчас эвакуацыі апекаваліся заможныя людзі і прадстаўнікі дваранства, як на станцыях частавалі кавай і булачкамі. Сярод іх панавалі ілюзіі наконт новай улады, якая ж, наадварот, прынесла рэпрэсіі, выклікала сацыяльнае напружанне, канфлікты, якія падчас прыходу немцаў прывялі да помсты, звядзення рахункаў, вялікіх ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.

Кожная гістарычная падзея мае некалькі вымярэнняў. Патрэбная не толькі дакументальная фіксацыя, але і жывая памяць, якая дагэтуль захоўваецца ва ўспамінах. У адкрытым грамадстве любая такая падзея ўспрымаецца збалансавана і ўраўнаважвае абодва вымярэнні ўспрымання гісторыі і гістарычнага факта. Гэта адбываецца ў выніку рознабаковага даследавання, інтэрпрэтацыі. Вакол падзеяў 17 верасня пакуль шмат дысанансу, таму яна дагэтуль застаецца сумнеўнай і супярэчлівай, мэтанакіравана скалечанай гістарычнай амнезіяй у свядомасці людзей.