Гэта ўсё стыхіі. Стыхіі фармуюць людзей.

Іспанцы ўсе складаюцца з сонца, грузіны — крутыя і вірлівыя, як Кура, в’етнамцы — людзі вады, вялікага Меконгу ды марскога ўзбярэжжа, беларусы — людзі на балоце. І тым больш цікава беларусу сутыкнуцца з сапраўднымі вогненнымі людзьмі. Інданезія знаходзіцца ў так званым “ring of fire”: тут тэктанічная пліта, на якой ляжыць Аўстралія, кантактуе з Еўразійскай плітай. Тры тысячы землятрусаў у год. Паўсюль дзейныя вулканы. Пах серы і відовішча лавы — норма. Тут, у гэтай дзіўнай краіне, мне давялося пазнаёміцца з працэсам вулканічнага вывяржэння нашмат бліжэй, чым хацелася б.

Што такое жыццё на вулкане?

Па-першае, поўная адсутнасць звыклай нам стабільнасці. За 30 кіламетраў ад Джогджакарты знаходзіцца знакаміты Мерапі — адзін з 10 самых небяспечных вулканаў свету. Даведнік Lonely Planet, выдадзены ў мінулым годзе, паведамляе, што ўвечары можна ўзяць таксоўку ў вёску Каліўранг, побач з якой знаходзіцца пункт назірання Калу Адэн. Адсюль кожную ноч можна бачыць зіхоткія выхады вулканічнай лавы. Зачараваны такой перспектывай, спрабую дамовіцца з кіроўцамі таксовак. Тыя толькі круцяць галовамі ды мыкаюць пры слове «Каліўранг». Не, маўляў, нельга! Заходжу ў турыстычнае агенцтва. «Ці можна трапіць на Калу Адэн? Хачу пабачыць лаву!» — «Калу Адэн? — смяюцца яны. — Няма болей пункту назірання Калу Адэн! Знік пры вывяржэнні Мерапі ў мінулым годзе!» — «Дык, можа, я хаця б у вёску Каліўранг пад’еду? Мо адтуль лава бачная?» — «Няма болей вёскі Каліўранг!» — суразмоўца робіць такі жэст, быццам счышчае са стала крошкі.

Трэба бачыць яго твар. Ніякага трагізму. Была вёска, няма вёскі. Норма. Чаму дзівіцца?

Выспа Тэрнатэ. 40 кіламетраў у акружнасці. 30 тысяч жыхароў. 2 тыдні дарогі па вадзе ад Джакарты. Некалі тут бывалі ўсе знакамітыя вандроўнікі свету, уключаючы Марка Пола. Бо тут — і толькі тут — вадзіўся мушкатовы арэх і гваздзіка (потым іх насадзілі па ўсёй Азіі). У цэнтры выспы — дзейны вулкан. Горад прытуліўся на ягоным схіле.

Яшчэ адна рыса тых, хто жыве на парахавой бочцы, — вясёлы фаталізм. Ведаеце, калі гэты вулкан вывяргаўся апошні раз? У пазамінулым годзе! І дамы, якія стаялі на месцы сыходу лавы, зніклі назаўсёды разам з жыхарамі. Але калі аб’яўляецца эвакуацыя, ніхто адсюль не едзе. Бо некуды. У нас вунь дом — на балоце. А ў гэтых людзей — за тры кіламетрах ад жарала, у якім увесь час кіпіць сера!

«Адзін наш сябра, швейцарац, палез на нашу гару, — кажа адзін добры чалавек, з вокнаў дома якога добра відаць вулканічная кальдэра і апалены лавай след ад лавы. — Уначы, калі ён быў там, пачалося вывяржэнне. Яго суправаджаў мой сваяк, які не размаўляе па-англійску. Той не змог нічога растлумачыць, проста сцягнуў небараку ўніз. На схіле, у лагеры, засталося ўсё: грошы, намёт, дарагая камера. Прайшло тры дні пасля вывяржэння. Швейцарац хоча лезці на гару, каб забраць свае катоўныя рэчы. Бо, выглядае, яны не кранутыя лавай. Але там ужо ачапленне, нацыянальная гвардыя! Не пускаюць! Ён пытаецца: калі гару адкрыюць? А тыя яму кажуць: можа, праз тры месяцы! А ў яго самалёт праз тыдзень!» Мой суразмоўца смяецца, сітуацыя падаецца яму вясёлай, а не страшнай. Кажу ж, стыхіі змяняюць людзей! Смелыя і бестурботныя яны, агнявыя людзі! «Ну, тады мой брат уначы праціснуўся між ачапленнем, залез на гару і перадаў швейцарцу ягоныя рэчы!» — смяецца гаспадар дома на вулкане.

З часам вучышся разумець горы і агонь. Ля кожнага вулкана ёсць некалькі азёр. Бо лава ж ніколі не выходзіць праз галоўны кратар. З яго вылятае попел і газ. А лава цягнецца з бакавых кратараў, якіх потым залівае вадзічкай. Дык вось, за тры-пяць дзён да вывяржэння вада ў гэтых кратарах змяняе колер. І гэта першая прыкмета ахтунгу.

Другая рэч, пра якую вам не скажуць на Discovery: дамы і гарады зносіць не лава як такая. Бо лава (па сутнасці вадкі камень) ніколі не плыве далёка, праз 300-500 м астывае і спыняецца. А вось калі перад вывяржэннем ішоў трапічны дождж, вось гэта вілы. Вада перамешваецца з вулканічным сыходам і утварае напаленую лавіну, якая абрынаецца з хуткасцю цунамі і нішчыць усё, да чаго дакранецца. Відовішча наступстваў гэтага сыходу на Тэрнатэ — чысты апакаліпсіс: «рака» з агромністых камянёў, што цягнецца да мора. Гэтая «рака» акрамя дамоў лёгка сарвала капітальны мост — ад яго бачныя толькі засыпаныя валунамі рэшткі апоры.

Няма нічога вечнага. Што б ты ні пабудаваў, гэта заўтра забярэ стыхія. На Яве, дзе пануе іслам, сям-там бачыш алтарыкі з выявай вулкана, а ля іх — ахвяраванні, садавіна і грошы. Людзі вымушана застаюцца анімістамі і паганцамі.

Кажуць, пражыць у Інданезіі месяц і ні разу не трапіць у трабл немагчыма. Такі тут, мякка кажучы, клімат.

Мой асабісты Армагедон здарыўся ў галоўным горадзе на выспе Суматра, Медане. Быў вечар, змрок, смог. Па інданезійскіх гарадах хадзіць немагчыма: тратуараў тут не прадугледжана. І вось, праслізгваючы сярод бібіканняў аўто ў той бок, дзе, як мне падавалася, знаходзіцца «цэнтр» (ніякага цэнтра ў Медане няма: гэта пекла, чыстае пекла!), я раптам адчуў, што страчваю прытомнасць.

Ісці было незвычайна цяжка. Пятнаццаць крокаў, і ў вачах цямнее. «Няўжо зноўку атруціўся?» — здзівіўся я. Антысанітарыя на Яве і Суматры такая, што харчовыя атручванні здараліся са мной хіба не кожны тыдзень. І тут я заўважыў, што вельмі цяжка дыхаць. Набіраеш поўныя лёгкія паветра, а яго быццам не хапае. Само паветра нібы зрабілася шчыльным і масляністым. Раптам я звярнуў увагу на гарачыню. Нягледзячы на тое, што сонца ўжо зайшло, на вуліцы было амаль 40 градусаў. «Як гэта можа быць? Што адбываецца?» — панікаваў я і працягваў целяпаць у бок «цэнтра», уяўляючы сабе халодны мангавы сок ды кубачак капучына.

«Бі кэефал», — казалі людзі ў крамах, паўз якія я праходзіў. Я спыняўся і чапляўся да іх: што вы маеце на ўвазе? Чаму мне трэба «быць асцярожным»? Але яны не ўмелі па-англійску. Яны толькі паўтаралі: «бі кэефал»!

І тут я заўважыў, што навокал няма нікога.

Ніхто не шпацыраваў.

Ніхто не гандляваў пад адкрытым небам.

Толькі аўтамабілісты ды закрытыя вулічныя кавярні. Толькі гандляры за шклом вітрын, якія кажуць мне «бі кэефал».

Я напіўся-такі свайго капучына ў той вечар. А з раніцы ад англамоўнага таксіста даведаўся, што два дні таму пачалося вывяржэнне блізкага вулкана Сінабунг. І што ў горадзе надзвычайнае становішча. «Сінабунг за апошнія суткі вывяргаўся 9 разоў. Слуп попелу — 7 кіламетраў. Да таго ж ён адрыгнуў воблака газу, якое пайшло на Медан. Па вуліцы хадзіць нельга!» — весела тлумачыў ён.

Я падняў вочы і на тле бялявых кучавых аблокаў заўважыў шэра-чорныя разводы — яны ўхутвалі ўсё неба, падобныя да крылаў кажана ці пер’я вароны. Мне зрабілася страшна — за здароўе, за тое, што неба, канечне ж, закрытае для палётаў, і я застануся тут, на Суматры, на тры месяцы.

Але потым раптам накрыла вясёлым дафенізмам. Ну, надыхаўся газу ды попелу — дык нічога! Ну, не адпусціць мяне Сінабунг — ну, дык будзе, пра што потым успамінаць! І я ўсміхнуўся таксісту той жа бесклапотнай усмешкай, якую прызвычаіўся бачыць у Інданезіі.

Здаецца, з той пары я сам часткова зрабіўся агнявым чалавекам.