Ліцьвіны-літвіны-літоўцы

cms-image-000037024.jpg
апублікавана: 06.01.2014
крыніца:

 

Апошнім часам мае думкі варочаюцца вакол словаў «ліцьвіны-літвіны-літоўцы». Не таму што я паддаўся на «ліцьвінаманію», задача зусім у іншым ракурсе.

Даводзіцца досыць шмат перакладаць «краёўцаў», то бок, мясцовых польскамоўных аўтараў пачатку ХХ ст. (Раман і Канстанцыя Скірмунты, Юзаф Гарбачэўскі і інш.). І натуральна, самы вялікі галаўны боль — як перакласці з польскай мовы на беларускую тэрмін «Litwini». Пачатак ХХ ст. — гэта пераходны час ад традыцыйнага тэрміна, звязанага з ВКЛ і мясцовай шляхтай, да сучаснага моўна-этнічнага вызначэння, у выніку распаўсюджвання мадэрнага літоўскага нацыяналізму. То бок, словам «Litwini» гэтага часу абазначалася як і краёвая польскамоўная шляхта, так і этнічныя літоўцы — для дзвюх розных групаў ужываўся адзін і той жа тэрмін. І гэта не клопаты сучасных перакладчыкаў, дадзеная праблема ясна ўсведамлялася і тады. Працытую Валер’яна Мэйштовіча: Ruch narodowy litewski zgłosił się do dziedzictwa po Wielkim Księstwie Litewskim. Nawet nie mieliśmy dla nich nazwy. Litwini — mówił pan Michał Juchniewicz — to Jagiełło, Chodkiewicz, Mickiewicz, Piłsudski i ja, a wy to Lietuvisy. То бок, адно з магчымых развязанняў вельмі нагадвае паводзіны шэрагу сучасных беларускіх нацыяналістаў: запазычыць саманазву суседзяў і ўвесці яе ў сваю мову як нарматыўную назву дзеля размежавання з гістарычным тэрмінам. Але гэты варыянт тады не спрацаваў і не прыжыўся ў польскай мове. Іншы шлях для польскай мовы, ужо сучасны — увесці размежаванне на «Starolitwini» і «Nowolitwini». Калі не памыляюся, гэта варыянт прапанаваны літоўскім гісторыкам Альфрэдасам Бумблаускасам. То бок, праблема ёсць, і нават шукаюцца вырашэнні ўнутры польскай мовы. Але што з беларускай мовай? У мяне ўзнікла цікавая думка наконт магчымай кадыфікацыі перакладу, якая дазваляе выкарыстоўваць слоўнікавае багацце роднай мовы і разам з тым захоўвае яснасць.

Увесці для перакладу тры тэрміны.

1. Ліцьвіны — для перакладу слова «Litwini» датычна перыяду ВКЛ, для абазначэння палітычнай нацыі, вызначанай найперш праз дзяржаўную прыналежнасць. Палітычную нацыю я бяру тут у максімальна шырокім значэнні, не абмяжоўваючы шляхтай.

2. Літвіны — для вызначэння польскамоўнай шляхты на тэрыторыі даўняга ВКЛ. Цэзурай паміж першым і другім тэрмінам будуць падзелы Рэчы Паспалітай, то бок, знікненне дзяржаўнага арганізму, вакол якога выбудоўваўся першы тып ідэнтычнасці. Былая палітычная ідэнтычнасць усяго насельніцтва застаецца толькі ў «палітычнай нацыі» ў вузкім значэнні. Я ведаю, што шмат выпадкаў фіксавання ідэнтыфікацыі «ліцьвіны» і сярод сялянскага насельніцтва ў ХІХ стагоддзі, але гэта толькі рэцыдывы, угрунтаваныя ў вясковым кансерватызме.

3. Літоўцы — для пазначэння этнасу, які заявіў пра сябе галасамі інтэлігенцыі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Галоўнымі крытэрамі вызначэння тут будзе ўжо не традыцыя ВКЛ, а этнічнае паходжанне і мова. Цэзурай паміж літвінамі і літоўцамі стане афармленне мадэрнага літоўскага нацыяналізму, ад пачатку выдання «Аўшры» і да абвешчання Акту незалежнасці Літвы. Стварэнне Сярэдняй Літвы і маніфест Пілсудскага да грамадзянаў ВКЛ — гэта зноў жа, толькі рэцыдывы, якія не мелі перад сабою ніякай будучыні.

Больш заблытаным будзе пытанне з прыметнікамі. Паколькі мы маем «Вялікае Княства Літоўскае» і «ліцьвінаў». Натуральна, ад «княства Літоўскага» адмаўляцца немагчыма. Таму як варыянт выкарыстоўваць «літоўскі» (у часы ВКЛ) для пазначэння дзяржаўнага арганізму (напрыклад, літоўскае войска, літоўская метрыка) і «ліцьвінскі» для пазначэння насельніцтва. Пры гэтым па-ранейшаму застаецца сугучнасць «літоўскага» княства і сучаснага «літоўскага», але цалкам ад яе пазбавіцца і немагчыма, ды і ці мае сэнс.

Чаму я супраць ужывання «летувісаў/летувіскі»? Найперш, гэта запазычанне, у той час, калі можна абыйсціся ўнутранымі рэсурсамі беларускай мовы. Па-другое, слова «летувісы» ў практыках яго ўжывання ў беларускай мове мае выразна негатыўнае адценне, і нават з гэтай прычыны я супраць яго выкарыстання.

Натуральна, мае разважанне датычаць банальнай тэмы, пра якую ўжо шмат напісана. Можа быць, што прапанаваны мною тут варыянт ужо кімсьці і агучваўся. Калі хто ўзгадае, і дашле адпаведныя спасылкі, буду шчыра ўдзячны.

Каментары