“Статус-кво” – гэта ідэалёгія і палітыка імпэрскіх шавіністычных сіл, накіраваная на тое, каб лічыць разбураны імі сацыяльны (нацыянальны) аб’ект (сістэму аб’ектаў) новай базавай рэальнасьцю (статус-кво), пунктам адліку для выніковых высноў.

Палітыка “статус-кво” накіравана на замацаваньне вынікаў імпэрыялістычнага разбурэньня дзеля далейшай зьмены і ліквідацыі першапачатковай сутнасьці.

“Статус-кво” – гэта русіфікатарская мадэфікацыя прынцыпаў польскай “тлустай рысы” (“грубэй крэскі”) і заходняй “рэальполітык”. “Дэмакраты” ад “статус-кво” прапануюць зыходзіць з рэчаіснасьці, якая ўтварылася і існуе на сёньняшні дзень у Беларусі ў выніку двух стагоддзяў няволі і расейскай акупацыйнай палітыкі. Гэта значыць, прыняць за аснову, прыняць як зыходную пазыцыю ў нацыянальнай палітыцы вынікі разбурэньня, тое, што за ХХ-е стагоддзе акупанты з усходу і захаду (расейцы і немцы) зьнішчылі шэсьць мільёнаў беларусаў, тое, што расейцы расстралялі сотні беларускіх пісьменьнікаў (бо пісалі па-беларуску), спалілі беларускія кнігі, зачынілі беларускія школы, выгналі беларускую мову з унівэрсітэтаў, расстралялі і згнаілі ў турмах беларускую інтэлігенцыю, адміністрацыю, ліквідавалі эліту нацыі, разбурылі беларускую культуру і сьвятыні, помнікі і магілы, сфальсіфікавалі нацыянальную гісторыю і так напаілі безабаронны народ русіфікатарскім атрутным імпэрскім пойлам, што й “патомак яшчэ п’яны”; разбурылі храмы і замкі, і цэлыя гістарычныя гарады – і тое ўсё, значыцца, згодна «статус-кво» — не ў рахубу. Будзем, маўляў, зыходзіць з рэчаіснасьці, якая існуе (якую стварылі акупанты і нішчыцелі Беларусі, будзем зыходзіць з руін). Будзем, маўляў, “дэмакратычнымі”.

Палітыка “статус-кво” рэгулярна выкарыстоўваецца рускім імпэрыялізмам пры злачыннай зьмене дэмаграфічнага альбо моўнага становішча народаў, служыць для замацаваньня русіфікацыі, акупацыі і этнацыду ў паняволеных краінах.

Савецкі камунізм, які зьнішчыў беларускую школу, забіў лепшых, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, выгнаў беларускую мову з афіцыйнага ўжытку, прапаноўваў лічыць вынікі нацыянальнага разбурэньня аб’ектыўнай рэальнасьцю, асновай дзеля плянаваньня далейшай савецкай культурна-нацыянальнай палітыкі.

Акупацыйную палітыку статус-кво выкарыстоўвае таксама антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і некаторыя палітыкі яго “дэмапазыцыі”. Яны надзяваюць маску прагматыкаў, зьвяртаюцца да “здаровага сэнсу” і апэлююць да нацыянальнай цемры людзей, якую акупанты насаджалі 200 гадоў.

“Дэмакратыя” на базе “статус-кво” ў акупанцкай інтэрпрэтацыі — гэта адмаўленьне ад свабоды, ад справядлівасьці, ад змаганьня, ад нацыянальнага разьвіцьця, гэта легітымізацыя народнай сьмерці, замацаваньне гвалту і разбурэньня.

Альтэрнатывай імпэрскай палітыцы “статус-кво” ёсьць нацыянальна-вызвольная ідэалёгія – Адраджэньне.