На сёння я вылучыў бы тры асноўныя адмены пазадзяржаўнага нацыяналізму ў Беларусі:

1. Архаічны этнанацыяналізм, прадстаўлены збольшага прыхільнікамі З.Пазняка і вельмі маргінальны як паводле рыторыкі, гэтак і паводле займанага месца ў медыяпрасторы.
2. Рускамоўны нацыяналізм з шавіністычным адценнем, прадстаўлены асобамі А. Тараса, В. Дзяружынскага ды інш., які адваяваў сабе частку медыяпрасторы і праз актыўную выдавецкую дзейнасць пашыраны сярод аматараў “невядомай гісторыі” або прыхільнікаў нацыяналізму неліберальнага кшталту.
3. Ліберальны нацыяналізм – дыскурс, які ствараецца вакол А. Дынька і В. Булгакава і кантраляваных імі інтэрнэт-парталаў, выдавецтва і г.д. Праз немалую раскрутку “Нашай Нівы” і “Архэ” – гэта найбольш паспяховы праект і найбольш і цікавы, таму засяродзімся падрабязней на іх платформе.

Падставовыя рысы ліберальнага нацыяналізму:

1. Ультралінгвацэнтрызм. Мова – своеасаблівы сімвал веры, альфа і амега нацыянальнай экзістэнцыі. Для Дынька мэта ў тым, каб нават “бамжы і прастытуткі размаляўлялі па-беларуску”, для Булгакава – “абы мова жыла”, не зважаючы на захаванне прамысловасці і індустрыяльнага тыпу эканомікі. Калі каротка – будзе мова, будзе ўсё. Але не для ўсіх. Прынамсі, рускамоўная бальшыня беларусаў мае быць проста шчаслівая адно праз факт “дэкаланізацыі”.

Ліберальная ўтопія пад знакам Пагоні – галоўнае максімальна сцвярджаць паўсюль беларускамоўнасць, адпаведную трактоўку гісторыі, спавядаць лаяльнасць сапраўдным нацыянальным сімвалам, астатняе вольны рынак адрэгулюе сам. Гэта і прэтэнзія на сімвалічную ўладу, якая будзе належыць медыйным шаманам ад філалогіі і гісторыі.

2. Антырасійскасць і празаходняя арыентацыя. Вольны рынак сам усё адрэгулюе апрача мовы, але пажадана любымі спосабамі адмежавацца ад Расіі. Калі беларуская прамысловасць збольшага завязаная на расійскі рынак, тым горш для беларускай прамысловасці. Адзінае выратаванне – прыватызацыя, пажадана толькі заходнім кампаніям.

Галоўнае – “прэч ад Расіі” (А. Дынько). Расію можна толькі вестэрнізаваць, зацягнуць у заходнюю цывілізацыю, далучыўшы туды найперш Беларусь. Але пры гэтым “Чого я хочу від Європи? Я хочу, щоб там не було Росії” (А. Дынько). Дзіўны парадокс – вестэрнізаваць, але не пусціць да сябе, трымаць на ланцужку. Гэта грэшнік, які мае пакаяцца, але ўсё адно будзе пакараны.

Заходні свет – свет абсалюту, зямля абяцаная (“нам, што з надзеяй глядзяць на Захад, мадэрная еўрапейская, цi то еўраатлантычная, цывiлiзацыя i здаецца ўцелаўленнем хрысцiянскага духу”, А. Дынько).

Захад, бадай, адзіная надзея ў іх разуменні для беларускага нацыяналізму, які “каб рэалізаваць свае палітычныя задумы шукаў падтрымкі ў знешніх спонсараў нацыянальнага будаўніцтва. У першыя дзесяцігоддзі XX ст. гэткім спонсарам, з пэўнымі агаворкамі, была Нямеччына, пасля Другой сусветнай вайны – ЗША. Бясспрэчна, поспех нацыянальнага руху узмацніць палітычную лаяльнасць Беларусі да Захаду, у якога яна будзе шукаць рэсурсы і дамагацца гарантый бяспекі”, В. Булгакаў”).

3. Аранжызм. Беларусь – Europe’s Last Dictatorship. Змена палітычнага рэжыму як чаканне Збавення, Плошча (Майдан) як Галгофа, палітвязні як Пакутнікі. Украіна ўвогуле выступае ў якасці ўзору, арыентыру як праз перайманне формаў (кантакты з украінскімі ліберальнымі асяродкамі з “Крытыкі”, часопіса “Ї”, Кіева-Магілянскай Акадэміі), і як займеннік Расіі (ліберальная Украіна павінна распачаць экспансію у Беларусь, А. Дынько).

Зноў парадокс, бо найбольш магутная нацыяналістычная сіла ва Украіне сёння – гэта ВА “Свабода”, дзе шмат прыхільнікаў аўтарытарнай улады і сімпатыкаў існага беларускага рэжыму. Калі ва Украіне пераможа нацыяналістычны рух, то ў выніку непазбежнай ізаляцыі з боку Захаду (украінскія нацыяналісты зусім далёкія ад лібералізму і цяперашняй рэдакцыі еўрапейскіх каштоўнасцяў) і Расіі можна чакаць хутчэй збліжэння двух краінаў на аўтарытарнай аснове ды сыходжанне гепалітычных інтарэсаў.

Вядома, гэта не ўсё, толькі асноўнае, абрысы таго, што аформілася ў пэўную ідэалогію і стратэгію дзеянняў. Сумняюся, што гэты праект мае якія-кольвек перспектывы ў Беларусі, хаця пэўны ўплыў на некаторыя групы беларускага грамадства ён будзе аказваць. Зрэшты, у гэтым праекце ёсць карысныя рысы, сваім радыкалізмам у кожным з пералічаных пунктаў і залеженасцю ад знешніх сілаў ён адцяняе тое, што можа развіцца ў нашым грамадстве ў сапраўды моцнае апірышча беларускай суб’ектнасці і нацыянальнай дзяржавы.