Сёлета будзе 23 гады, як мы жывем у сваёй краіне. Час, які здавалася б, дазваляе з гістарычнай вышыні зірнуць хаця б у пачатак 90-х. Але мы, нібы зачараваныя, захрасьлі ў стэрэатыпах тых часоў, упарта таўчом затхлую ваду старых дыскусій і раздораў. Чаму, напрыклад, падзеі 1990-94 гадоў дасюль называюць беларускім Адраджэньнем? Таму што гэта паэтычна? Ці таму што грамадзкімі лідарамі тады былі мастацтвазнаўцы?

 

 

Вядома, што Адраджэньнем прынята называць зварот Еўропы да антычнай культуры ў позьнім Сярэднявеччы. А якое культурнае вяртаньне было 23 год назад у нас? А то ж было класічна-ленінскае: вярхі не маглі, а нізы не хацелі, а ў выніку… – грандыёзны сацыяльна-палітычны выбух. На якім месцы там была культура? Здаецца на апошнім, якраз пасьля мовы. Дык чаму не назваць усё сваімі імем — Рэвалюцыя!!! Тыповая дэмакратычна-нацыянальная рэвалюцыя. І справа не толькі ў тэрміналогіі, справа ў сутнасьці. За 3-4 гады карэнным чынам памянялася палітычная ўлада, эканамічны ўклад і сацыяльныя перспектывы ў краінах нашай часткі сьвету. Гэта была самая вялікая рэвалюцыя другой паловы 20 стагоддзя, а для нас яшчэ і першая беларуская рэвалюцыя. Чаму дэмакратычна-нацыяльная, а не наадварот – нацыянальна-дэмакратычная? Таму што, у адрозняньне ад Прыбалтыкі ў нас нацыянальныя лозунгі і задачы былі адсунуты на другі план. А тое, што адбывалася, напрыклад ў Маскве, увогуле трэба назваць ліберальна-дэмакратычным пераваротам, бо там нацыянальная праблематыка практычна не гучала. Такім чынам, нацыянальныя асаблівасьці беларускай рэвалюцыі — слабасьць незалежніцкіх амбіцый — выявіліся ўжо на першым этапе, але потым яны мелі фатальныя наступствы і ў іншых сферах — і эканамічнай, і палітычнай. Апафеозам і, адначасова, апошнім актам беларускай рэвалюцыі былі выбары 1994 года. Ужо з наступнага году пачаўся адкат, альбо Рэстаўрацыя, між іншым, нярэдкі вынік рэвалюцыйных падзей. Наступ контррэвалюцыі, вярнаньне манархіі ці ўсталяваньне аўтарытарнай улады — гісторыя поўніцца такімі прыкладамі і мы не сталі выключэньнем. Зноў-такі, з нацыянальнымі асаблівасьцямі, калі не сказаць – парадоксамі. Наша квазі-манархія, спалучыла ў сабе сацыяльныя пражэкты камуністаў і планавую эканоміку, модны палітычна-клоунскі папулізм і вертыкальна-паліцэйскі маналіт адзінаўладдзя, былую залежнасьць ад метраполіі і перманетную “вайну” са сваімі крамлёўскімі спонсарамі. Хто пасьля гэтага скажа, што Беларусь такая ж як і ўсе, а не эксцэнтрычная бульба-трактарная, балотна-транзітная, азіяцка-цэнтральна-еўрапейская дзяржава? Але гэта палітычная лірыка — ад лішка эмоцый да нашай любімай родзіны-радзімы. Калі ж па-сутнасьці, то страхі Лукашэнкі маюць рэальныя падставы — першая беларуская рэвалюцыя не стала апошняй. Бо, якой бы “эксклюзіўнай” не была краіна, рана ці позна ёй давядзецца адказваць на тыя ж банальныя пытаньні, на якія ўжо знайшлі адказ менш эксцэнтрычныя суседзі.

Але на гэтым беды Беларусі не канчаюцца. Ёсьць менш відавочныя праблемы, але, як “міны запаволенага дзеяньня”, яны пагражаюць яе будучыні. Спынюся толькі на самай казуістычнай з іх – на назве. Як высьветлілася, ня ўсім тутэйшым аўтахтонам падабаецца наша сёньняшняе імя – Беларусь, асабліва прыметнік – беларускі. Логіка іх такая: жылі мы пяць стагоддзяў літвінамі (па іншай версіі — ліцьвінамі), але прыйшлі паганыя маскалі і абазвалі нас бел-рускімі. Вось і ня можам мы адмыцца ад той пары. Яны ж самі хітрыя гады, засталіся безколернымі — проста рускімі, а мы ходзім як тыя “белыя вароны”. За малодшых братоў нас трымаюць, на “пабягушках”. А каб мы ведалі, хто мы насамрэч… то – “Г-ы-ы-х! Отойдзі москва, пасунься кыёў, а варшава, цыц!— Літ(ць?)віны прыйшлі! Зноў мы ад мора да мора, а Вільня — нам дарунак ад жмудзінаў!”

Гэта такая кароткая гісторыяграфія, археалогія-ідэялогія, а заводна і палітычная праграма новага руху, так бы мовіць, беларусаў літвінскага разліву. Між іншым тут не так шмат гумару, як здаецца. Ёсьць таварышы, якія ўспрыймаюць падобныя экспромты вельмі сур’ёзна. Дарэчы, каб прымірыць левае (мяккае) і правае (цьвёрдае) крыло новага руху прапаную гібрыдны варыянт – усім паплечнікам звацца літ-цьвіны. Альбо ўжыць другі стары назоў (хай даруюць мне былыя суайчыньнікі-жыды) – літвакі. Калі ж на поўным сур’ёзе, то ў бліжэйшыя 100 год прапаную пакуль заставацца беларусамі. І на тое ёсьць свае падставы. Вось напрыклад…

Ці не задумваліся вы, чаму зачынальнікі белнацыяналізму Каліноўскі і Багушэвіч, самі з польска-моўнага культурнага арэалу, прынцыповыя апаненты маскоўскіх традыцый не пацягнуліся за Літвой, а пайшлі за Беларусьсю? Хаця самі яны былі з той усходня-крэсавай шляхты, што яшчэ звалася літвінамі. Чаму яны так лёгка “купіліся” на быццам бы маскоўскую “прынаду”? Ці не лепш было трымацца свайго літвінства да канца? Справа відаць у тым, што канец літвінству прыйшоў крыху раней, напачатку 19 ст., і яны засталі толькі яго руіны. Тое, першае літвінства было не фантомам сёньняшніх прасунутых адраджэнцаў, а супольнасьцю спаланізаванай шляхты, да таго часу пазбаўленай сваёй прававой ды эканамічнай моцы і амаль цалкам страціўшай повязь з тутэйшым русінствам. Такія дзівакі-летуценьнікі як Каліноўскі і Багушэвіч, якраз і зразумелі, што старое літвінства – даўно выпрацаваная ідэя і дэмаралізаваны, непрыдатны для будучыні матэрыял. Феадалізм сканаў, а разам з ім і шляхта ВКЛ. Таму яны паставілі на “маргінальнае”, малапрэстыжнае, але дастаткова легітымнае для нашых краёў слова – Беларусь. Між іншым, забароненае на той час царскай уладай, якая напэўна ўжо ўгледзела за ім сепаратысцкі патэнцыял і памяняла на чыста геаграфічны назоў — Паўночна-Заходні край.  

Ёсьць яшчэ адзін аспект узыходжаньня на паверхню гісторыі нашага сёньняшняга імя. Калі Каліноўскі толькі інтуітыўна імкнуўся крыху аддаліцца ад Польшчы, дзе наш лёс ужо тады быў вырашаны адназначна — асіміляцыя, то Багушэвіч і яго наступнікі больш усьвядомлена ішлі на ўсход. Назва Беларусь сапраўды спачатку набліжала нас да Расеі і расейцаў (тожа-рускіх), а вось літвінства — пакідала ў безнадзеных абдымках Польшчы . Гэты момант, мусіць, найлепш адчуваюць Латышонак, Мірановіч ды іншыя беларусы “з-за кардону”, якія і сёньня бадай знаходзяцца ў “шкуры Багушэвіча”: як ні дзіўна — выжыць і сфармавацца нацыі лягчэй у вялізарнай шматэтнічнай імперыі, чым у невялікай ўнітарнай дзяржаве. У апошняй хутчэй ідуць асіміляцыйная працэсы, і гісторыя літвінства ў 18 ст. таму добры прыклад. Гэта значыць, што выбар палонафіла Багушэвіча на карысьць Беларусі быў не выпадковы, а галоўнае — стратэгічна верны. Пад Польшчай нашы нацыятворчыя працэсы не зайшлі б так далёка. Бо не ў Рэчы ж Паспалітай-2, а ў новай, савецкай імперыі атрымалася закласьці падмуркі хоць якой нацыянальна-культурнай і палітычнай аўтаноміі, акрэсьліць межы, вызначыць сталіцу. На бязрыб’е і рак — рыба. Вось такім “ракам” і стала БССР. І сёньняшняя РБ, відаць, не паўнавартасная “рыба”, бо больш поўзае (у Маскву і назад), чым вольна плавае ў сьвеце сусьветнай палітыкі. Але ж прагрэс відавочны – мы нешта можам і самі… І ўсё ж праз 150 год, зноў уваскрос прывід літвінства.

Прычыны яго зразумелыя: найбольш нецярплівыя нацыянал-радыкалы, так бы мовіць, “супер-беларусы” расчараваныя вынікам 20-гадовага існаваньня РБ, шукаюць шляхі хутчэйшай еўрапезацыі. І самы “геніяльны” спосаб, як ім здаецца – памяняць назву. Усё геніяльнае проста, ды не ўсё простае – геніяльна. Гэта бадай дзіцячая наіўнасьць, верыць у тое, што замена аднаго слова на другое раптам разарве соцыё-культурныя і эканамічныя сувязі, якім амаль два стагоддзі. Гэтак можна дагаварыцца да таго, што назваўшысь сёньня Угандай, заўтра мы апынемся ў цэнтральнай Афрыцы. Аднак, праблема не столькі ў назве, колькі ў тэндэнцыі, якая за ёй праглядаецца. Будзем шчырыя, цывілізацыйны праект пад назвай “краіна Беларусь”, дастаткова маладая і, я б сказаў, нават рэвалюцыйная з’ява. 100 гадоў для нацыі — юнацтва. Да таго ж фармаваньне яе ідзе пакутліва, марудна і непасьлядоўна. Гэта не адраджэньне, а нараджэньне чагось новага, дасюль небывалага і да канца незразумелага. А тут яшчэ гістарычныя рэмінісцэнцыі: то будзем адраджаць шляхту (ў постіндустрыяльную эпоху!). То зноў будзем ткаць слуцкія паясы і адкрываць гуты ў Налібокскай пушчы. (І пэўна ж завалім прадукцыяй Кітай ды Амерыку!) Падобныя рэтра-фантазіі літвафілаў (я б назваў іх спробай “літвінскай контррэфармацыі”) — нічога карыснага не нясуць. Бо далёка яны ад сёньняшніх рэальных праблем ды й ад жыцьця краіны ўвогуле. І ня варта цяпер пускаць энергію на пустыя спрэчкі ці “бітвы за мінулае”. Разумныя змагаюцца за сучаснае, а больш разумныя—ужо за будучае. Ня час мяняць сёньня імёны, якія дасталіся нам ад бацькоў, лепш напаўняць іх новым, сучасным змесцам – эканамічным, культурным, палітычным. І, канечне – моўным. Бо расейска-язычный “літвін”, мне здаецца горшы за простага “трасянкавага“ беларуса, які не разрываецца паміж рэальна-маскальскім існаваньнем і віртуальна-ліцьвінскімі мроямі, а жыве натуральным, суцэльным і шчырым жыцьцём сваёй краіны. Пара і нам зводзіць у адно сваё віртуальнае і рэальнае жыцьцё, выходзіць з форумных “мардабояў” і ананімных абраз да цывілізаваных кантактаў і практычных спраў. Хоць мы (у асноўным) і беларусы, але ж крыху яшчэ і еўрапейцы. Ці мо толкькі зьбіраемся імі быць?…