Днямі ў Ягіпце праходзіў рэферэндум па новае канстытуцыі краіны, якая мусіць замяніць папярэднюю – прынятую ў 2012 годзе за часам кіраваньня ісламістых. Ініцыятарам гэтага рэферэндуму зьяўляецца генерал Абдэль Фатах ас-Сісі – намесьнік прэм’ера краіны і, адначасова, вайсковы міністр. Гэта ён узначаліў пераварот, які прывёў да адхіленьня ад улады прэзідэнта Махамеда Мурсі 3 ліпеня 2013 году і выклікаў масавыя хваляваньні ў гарадох краіны. І гэта ён зьяўляецца самым верагодным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта гэтае краіны.

У інтэрнетах вельмі цяжка знайсьці пра яго пазітыўную інфармацыю. Ня ў тым сэнсу «пазітыўную», каб пра яго добра пісалі (такіх допісаў у Твітары і Фэйсбуку крыху болей, чым дахалеры). А ў тым сэнсе, каб на падмурку той інфармацыі можна было б скласьці ягоны палітычны і ідэялягічны партрэт.

Якой ён бачыць будучыню сваёй краіны? Якое месца будзе адведзеным рэлігіі ў пост-рэферэндумным ягіпецкім грамадстве? Што зьменіцца ў эканоміцы? У зьнешняе палітыцы? Што будзе з турыстычным бізнесам?

На ўсе гэтыя пытаньні адказаць без уласных дадумак ня тое што складана – немагчыма. Затое ягоная персона знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сацыяльных сеціваў, дзе, па адпаведных хэштэгах, можна сустрэць, як ужо было сказана, вялікую колькасьць характарыстыкаў гэтага чалавека. Характарыстыкі будуць мець толькі два адценьні – чорнае і белае. Пры гэтым, калі чорнае, дык ён будзе чарнейшым за пякельнае паліва. Калі белае – бялейшае за той сьнег, якім анёлы ачысьцілі грудзі Мухамеду.

Чорнай фарбай карыстаюцца, канечне, ісламістыя. Для іхніх апанентаў, зразумела – белая. Што характэрна, адным з паняцьцяў, якім актыўна аперавалі (яшчэ за часам падзеяў паўгадавой даўніны) і першыя, і другія, ёсьць дэмакратыя. Ісламістыя, зразумела, клічуць Сісі ворагам дэмакратыі, бо ён, праз гвалт, скінуў дэмакратычна абранага прэзідэнта. Прыхільнікі новага рэжыму (падобна, у краіне такіх большасьць), ухваляюць яго за абарону дэмакратыі, бо, што казаць, захады прэзідэнта Мурсі былі далёкімі ад дэмакратычнага вектару.

Па абмеркаваньнях у інтэрнэце зкладаецца ўражаньне, што адносная большасьць егіпцянаў, якая не жадае пераўтварэньня сваёй краіны ў апірышча ісламістых, бачыць у Сісі таго, хто можа абараніць іх ад гэтае перспектывы. І вось гэтае, як раз, шмат чаго кажа і пра Сісі, і пра сітуацыю ў Ягіпце. І гэтае «шмат» заключаецца ў тым, што ў краіне існуе запыт на «моцную руку». А гэта, у сваю чаргу, сьведчыць пра… так, адсутнасьць асэнсаваньня дэмакратыі. Дэмакратыі як працэсу ўдзелу народу ў кіраваньні краінай. «Моцная рука» тым і адрозьніваецца ад сапраўднае дэмакратыі, што пры ёй народ абірае персону, а не мадэль далейшага жыцьця. Таму так цяжка знайсьці інфрмацыю пра нейкую эканамічную праграму лідара краіны. Бо праграма ёсьць незапатрабаванай – запратрабаванай, замест яе, ёсьць персона.

Такой персонай і зьяўляецца генерал Сісі, якога так ненавідзяць ісламістыя. І якога яны б так любілі, калі б ён сваю моц накіраваў на падтрымку ісламісцкіх лёзунгаў, а не супраць іх. І ім было б гэтак жа сама да ліхтару, як гэтая «моцная рука» бачыць будучыню краіны.

Атрымліваецца гэтакі «адзіны», якому можна верыць, на якога можна спадзявацца, на якога можна маліцца. Ён мусіць стварыць будучыню, што надае яму адценьне сакральнасьці. І, адначасова, пазбаўляе яго адценьня дэмакратычнасьці. Не народ, а ён – Моцная Рука, будзе вырашаць як жыць усёй нацыі. А нацыя, якая абірае, у якасьці сваёй мэты, пошукі «Моцнае Рукі», робіць крок наперад з заплюшчанымі вачыма. А далей – пашчасьціла, і там – уздым? Ці не пашчасьціла, і там – бездань? Гэта нацыю ўжо не цікавіць.

Таму, па цяперашніх адчуваньнях, цяжка зпадзявацца на тое, што ў Ягіпце хутка наступіць грамадзянскі мір. Бо ісламістыя будуць змагацца за сваю «моцную руку», і чым гэта зкончыцца, казаць цяжка. Пры дэмакратыі можна было б разьлічваць на тое, што для незадаволеных будзе існаваць магчымасьць узяць рэванш на наступных выбарах. Але новая канстытуцыя, якую прымаюць (і прымуць) на сёньняшнім (учорашнім) рэферэндуме, надзейна абараняе ад гэтага, паколькі фігура прэзідэнта, які мог бы мець сваю праграму і сваю каманду для яе рэалізацыі, паводле новай канстытуцыі аслабляецца. Пры гэтым узмацняецца роля вайскоўцаў. Якія ня могуць прадставіць праграмы. Затое моцных рук у іх – у лішку.