У 9,5-мільённай Беларусі менш за чвэрць насельніцтва размаўляе па-беларуску. З года ў год гэты паказнік змяншаецца. Русіфікацыя, якую распачалі яшчэ расійскія цары і працягнулі камуністы, свайго апагею дасягнула, як не парадаксальна, у незалежнай Беларусі. Калі яе не спыніць, то праз некалькі дзесяцігоддзяў беларуская мова памрэ. Гэта будзе мацнейшы ўдар па свядомасці народу, пасля якога беларусы наўрадці падымуцца.

 

– “Ці размаўляеце Вы па-беларуску?”, – “Рэдка, бо няма на гэта часу”. Гэты абсурдны адказ мінака пачуты журналістам на адной з мінскіх вуліц выдатна ілюструе сітуацыю з беларускай мовай. Для большасці беларусаў родная мова – гэта элемент традыцыі, які час ад часу можна выцягнуць з запыленай паліцы. На ёй можна паспяваць песні на вяселлі, прачытаць на памяць урывак з вершу класіка, часам паглядзець спектакль у тэатры, пагаварыць, у рэшце рэшт, пра яе кепскі стан. Беларускай мове адведзена роля дэкарацыйнай архаічнай з’явы, не больш.

Падчас перапісу ў 2009 годзе толькі 53% рэспандэнтаў назвалі беларускую роднай мовай і толькі 23% – хатняй. У 1999 годзе беларускую мову лічылі роднай 73,6% жыхароў краіны, а ў сем’ях ёй штодзённа карысталася 37%. Беларуская мова загнаная ў катакомбы, дзе яе існаванне залежыць ад некалькіх дзясяткаў тысяч апантаных абаронцаў.

Так было не заўсёды. Старабеларуская мова стала 3-й славянскай, пасля чэшскай і польскай, на якой у Еўропе пачаўся кнігадрук. Гэта была мова Вялікага Княства Літоўскага. На ёй гаварыла эліта, горад і вёска, на ёй ствараліся дакументы, помнікі літаратуры, на ёй маліліся Богу. Але ў 17 ст. старабеларуская мова ў Рэчы Паспалітай саступіла сваё месца польскай. Яе заняпад прывёў да таго, што ў 1696 годзе беларуская мова была канчаткова забароненая.

Пазбавішыўся свайго пісьмовага значэння беларуская стала мовай сялян. Падзел Рэчы Паспалітай і далучэнне сучасных беларускіх земляў да Расійскай імперыі толькі пагоршыў стан беларускай мовы. Мовай справаводства стала руская. У афіцыйнай дакументацыі забаранялася карыстацца словамі “Беларусь” і “беларусы”. Каб паскорыць працэс русіфікацыі з расійскіх губерняў улады прысылалі “свае кадры”. Дэвізам рускай палітыкі ў Беларусі сталі словы: “што не дарабіў рускі штык – даробіць рускія школа і царква”.

Расійскі генерал-губернатар Мураўёў, якога ў Беларусі называюць “Вешальнікам”, адкрыта пісаў і казаў, што “беларускую мову неабходна знішчыць, паколькі яна заўсёды будзе інспіраваць думку пра асобную беларускую дзяржаву і пра права гэтага народа на сваю этнічную самабытнасць”.

Часам цэнзуру ўдавалася перахітрыць. У 1903 годзе некалькі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе выдалі зборнік вершаў беларускага паэта Янкі Лучыны “Вязанка” (наклад 5 тысяч). Многія іх сябры не маглі паверыць уласным вачам. Аказваецца, маладыя студэнты-беларусы прадставілі кнігу цэнзуры, як зборнік вершаў на балгарскай мове. Цэнзар прачытаў і пахваліў аўтара: “Так, сапраўды, добрыя балгарскія вершы”.

Такая палітыка працягвалася да 1905 года, пакуль у Расійскай імперыі не дазволілі карыстацца нацыянальнамі мовамі. Працэс рушыў нібы лавіна. Як грыбы пасля дажджу пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя пісменнікі. Пачалі выдавацца беларускія газеты і часопісы, выходзілі кнігі, ствараліся гурткі, тэатр, нацыянальнае беларускае мастацтва і, як справядліва прадказваў Мураўёў, гэта дало імпэт да высоўвання беларусамі палітычных лозунгаў. Менавіта хваля нацыянальнага адраджэння, якую запачаткавала легалізацыя мовы ў 1905 годзе, стварыла эліту, якая стаяла ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці: падчас абвяшчэння ў 1918 годзе БНР, а пасля яе разгону бальшавікамі, у 1919, абвяшчэння БССР. Менавіта беларуская мова стала аб’яднаўчым фактарам для тагачаснай беларускай эліты.

Першыя гады БССР далі надзею, што беларуская мова выйдзе “з вёскі ў горад”. У краіне адбываўся працэс беларусізацыі, які распачалі ўлады савецкай Беларусі. Дзяржаўныя ўстановы і часткі Чырвонай Арміі пераводзіліся на беларускую мову. Поўны пераход на беларускую навучальных установаў і арганізацый планавалася ажыццявіць на працягу 1-3 гадоў. У 1927 г. беларускай мовай валодалі 80% службоўцаў, з якіх, дарэчы, беларусы скаладалі менш паловы. 80% складалі таксама беларускія школы. Беларуская нацыянальная ідэя захапляла не толькі пасіўную да гэтага часу долю беларускага насельніцтва, але і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Беларускімі пісменнікамі, мастакамі, навукоўцамі, грамадска-палітычнымі дзеячамі станавіліся рускія, палякі, габрэі, татары і прадстаўнікі іншых народаў. Не дзеўна, што вельмі хутка ў Маскве зразумелі: партыя страчвае кантроль над беларусізацыяй і што сярод беларусаў умацоўваецца пачуццё нацыянальнай адметнасці і адрознасці ад рускага народа. У 1929 годзе пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратамі. Па сфабрыкаванай справе былі арыштанваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры. Выкарыстанне беларускай мовы пачалі абмяжоўваць. У 1933 годзе была праведзеная рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай. Наперадзе была адна з самых трагічных старонак беларускай гісторыі – Вялікі тэрор. Практычна да пачатку савецка-нямецкай вайны ў 1941 годзе ў БССР адбывалася масавае забойства нацыянальнай інтэлігенцыі і сялянства. Жыццё страцілі сотні тысяч беларусаў. Пра маштаб драмы 30-ых гадоў сведчыць трагедыя, якая здарылася 29 кастрычніка 1937 года. У гонар 20-годдзя кастрычніцкага перавароту, у Мінску адбылася беспрэцэндэнтная акцыя. На працягу адной ночы ў сутарэннях унутранай турмы НКВД, былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР – самыя вядомыя літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы. За некалькі гадоў Беларусь нацыянальнай эліце быў нанесены ўдар, пасля якога яна дагэтуль не ўзнялася. Сённяшні стан беларускай мовы і стан беларускай дэмакратыі шмат у чым тлумачыцца менавіта вынікам сталінскага тэрору. У Беларусі не адбылося змены пакаленняў, змены эліт, яе знішчылі ў 30-ыя гады. Пасля вайны яна нараджалася ізноў у вакуумных умовах савецкай рэчаіснасці.

Пасля вайны ў Крамлі паставілі задачу, што Беларусь першай у СССР пабудуе камунізм. Абавязковай умова для гэтага была адмова ад нацыянальнай мовы. І гэта задача паслядоўна выконвалася. Нездарма падчас візіту ў Мінск напрыканцы 1950-ых Мікіта Хушчоў пахваліў кіраўніцтва БССР, заявіўшы, што Беларусь першай пабудуе камунізм, бо нідзе так хутка не адбываецца русіфікацыя, як у Беларусі.

Беларуская мова маргіналізавалася. Родная мова магла прынесці беларусам толькі клопаты. Беларускамоўных абвінавачвалі у нацыяналізме, дапытвалі ў КГБ, выганялі з універсітэтаў, з працы. Для камуністаў было відавочна, што беларуская мова – гэта палітыка. Але нават яны не маглі забараніць ужыванне беларускай мовы цалкам. Таму для мовы адводзіліся асобныя галіны, дзе ёй можна было карыстацца бесперашкодна: у літаратура, пэўны працэнт на радыё й тэлебачанні, у фальклоры. Адзіным месцам, дзе беларуская мова ўжывалася масава ўвесь гэты час была вёска, насельніцтва якой марудна паддавалася працэсам русіфікацыі. Але на гарадскіх вуліцах беларуская гаворка была раўназначная цуду. У 80-ыя гады, калі пачалася перабудова, нешматлікія беларускамоўныя ў Мінску жартавалі, што ўсе яны могуць змясціцца ў адным аўтобусе. Але ў сем’ях гараджан беларуская мова працягвала змагацца за выжыванне. Справа ў тым, што амаль усё насельніцтва беларускіх гарадоў – гэта выхадцы з правінцыі, з вёсак. Прыязджаючы ў горад яны як мага хутчэй стараліся авалодаць рускай мовай. Гэта азначала прэстыж. Беларуская ж мова была непажаданым багажом, які сведчыў пра сялянскае паходжанне. А каму хочацца ў горадзе выглядаць селянінам? Але пераход з беларускай на рускую не для ўсіх быў лёгкім. У выніку ўтварыўся “моўны Франкенштэйн”, беларуска-руская міні-мова, якую спецыялісты назвалі “трасянкай”.

Драма беларускай мовы радыкальна змянілася ў 1990 годзе, калі камуністычны Вярхоўны савет пашырыў сферу яе ўжытку. Праз год Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Сітуацыя паволі пачала змяняцца ў лепшы бок: адчыняліся беларускія класы ў гарадскіх школах, расло беларускамоўнае кнігавыданне, па-беларуску загаварылі чыноўнікі, уключна з вышэйшымі асобамі ў дзяржаве. Рухавіком пераменаў стаў Беларускі народны фронт – шматысячны нацыянальна-дэмакратычны рух для якога адраджэнне мовы было адным з галоўных пунктаў палітычнай праграмы. Паўтаралася сітуацыя з пачатку 20 ст., калі мова стала аб’яднаўчым фактарам для беларускай эліты. І як тады, так і цяпер, акурат гэтая частка стала авангардам пераменаў. Менавіта дэпутаты ад БНФ дамагліся ў 1991 годзе галасавання за незалежнасць Беларусі і здолелі ініцыяваць прыняцце шэрагу законапраектаў, якія заклалі асновы маладой рэспублікі.

У Беларусі на пачатку 90-ых існавалі ўсе перадумовы для развіцця нацыянальнай культуры і мовы. Але кіруючая эліта заставалася савецкай. Не толькі самай дэнацыяналізаванай сярод краін постсавецкай прасторы, але і самай ненавіснай да ўласнай мовы, культуры і гісторыі. Працэс адраджэння мовы быў вельмі марудным, без параўнання з балтыйскімі краінамі і нават Украінай. Камуністычная наменклатура не праводзіла беларусізацыі зверху, але яна і не перашкаджала працэсам, якія пачаліся знізу. І гэтага было б дастаткова, каб паволі спыніць русіфікацыю, якую пачалі яшчэ рускія цары.

У такіх умовах да ўлады ў 1994 годзе прыйшоў першы і адзіны пакуль кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Чалавек з выключнай палітычнай інтуіцыяй, які пазіцыянаваў сябе, як таленавіты адміністратар і змагар з карупцыяй. Аднак пасля прыходу да ўлады ён пачаў не з эканамічных рэфомаў і дэмакратычных зменаў. Ён адразу ж пачаў знішчаць кволыя парасткі беларускасці, якія выйшлі на паверхню пасля распаду СССР.

Прэзідэнцкую прысягу 20 гадоў таму ён прымаў па-беларуску, паклаўшы руку на Канстытуцыю з гістарычным гербам беларусаў “Пагоня”, і цалуючы бел-чырвона-белы сцяг. Але ўжо праз год ён абвесціць вайну беларускай мове. Першым крокам стала наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, што ў рэаліях тагачаснай Беларусі азначала ізноў поўную маргіналізацыю беларускай. Пазней ён адмовіцца ад нацыянальнай сімволікі на карысць савецкай, увядзе войска ў дэмакратычна абраны парламент, разгоніць дэпутатаў і прыме новую Канстытуцыю, якая дасць яму неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Супраць беларускай мовы ўвесь гэты час Лукашэнка праводзіць рускую каланіяльную палітыку a la Мураўёў. Змаганне з беларускасцю стала яго палітычным сцягам. Лукашэнка неаднойчы публічна абражаў беларускую мову, называючы яе “непрыгожай і неразвітай”. Гаварыў, што на ёй “нельга сказаць нешта высокае”. Беларускамоўных суграмадзян ён неаднойчы абвінавачваў у тым, што яны “нічога не ўмеюць апрача таго, як размаўляць на беларускай мове”. Беларускія словы ў свае прамовы ён уключае толькі для ўзмацненення негатыўнага акцэнту, калі кпіць са сваіх апанентаў, для якіх адраджэнне беларускай мовы гэта адзін з прыярытэтаў іх палітычнай дзейнасці. Дарэчы, сам Лукашэнка не валодае аніводнай мовай. Ён з цяжкасцю можа звязаць некалькі словаў па-беларуску, але і яго руская мова нагадвае больш трасянку, чым мову Пушкіна і Салжаніцына.

Яго палітыка – гэта прымітыўнае беларусафобства. Ён прымусіў усю краіну смяяцца са свайго прызнання, што ён захапляецца вершамі класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава. Але бяда ў тым, што Быкаў празаік і вершаў ніколі не пісаў. Беларускага першадрукага Францішка Скарыну, які ў 1517 годзе выдаў Біблію па-беларуску, ён прапісаў у Санкт-Пецярбургу, заявіўшы, што той жыў там і ствараў свае творы (Пецярбург збудавалі 150 гадоў пасля смерці Скарыны). Лукашэнка паслядоўна заяўляе, што паміж беларусамі і рускімі няма ніякіх адрозненняў  і абяцае, што беларусы будуць паміраць за Расію ў выпадку, калі танкі НАТО пойдуць у бок Масквы. І магчыма яго словы не выклікалі нічога, апрача ўсмешкі, калі б за імі не ішлі канкрэтныя крокі і вынік.

Маргіналізацыя беларускай мовы прывяла да таго, што за апошнія 15 гадоў навучанне па-беларуску ў школах скарацілася з 32,9% у 1997 да 16% у мінулым годзе. І гэтыя лічбы непазбежна будуць змяншацца, бо беларускамоўныя школы працуюць пераважна ў вёсках, дзе насельніцтва імкліва вымірае альбо ўцякае ў гарады. Штогод у Беларусі зачыняюцца па 100 школаў, а новыя не адчыняюцца. Гэта нагадвае сітуацыю каталіцкага касцёла ў СССР, калі вернікам дзе-нідзе дазвалялі наведваць святыні, але рамантаваць іх, а тым больш, будаваць новыя, строга забаранялася з надзеяй, што калі разваліяцца муры апошняга касцёла, тады і знікне рэлігія.

Цяжка ў гэта паверыць, але ва ўсёй Беларусі няма аніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе выкладанне вялося б па-беларуску. У 2-мільённым Мінску па-беларуску вучыцца некалькі тысяч вучняў, а ў пяці буйнейшых пасля сталіцы гарадах карціна яшчэ больш драматычная. Рэшта вучняў мае дачыненне з беларускай мовай, як з замежнай: ангельскай або нямецкай, некалькі гадзін на тыдзень. Беларускамоўных школаў у Беларусі не больш за 6% – гэта афіцыйная лічба недзяржаўнай арганізацыі Таварыства беларускай школы.

Крытычная сітуацыя і з выданнем беларускамоўных кніг. У 2011 годзе яно не перавысіла 8,5% ад агульнага накладу выдадзеных у Беларусі кніг. Для параўнання, амаль 5% кніг у гэты ж час выйшла па-ангельску.

Амаль цалкам на рускую мову за апошнія гады перайшло дзяржаўнае тэлебачанне і радыё. З 6745 гадзін тэлевяшчання на Першым нацыянальным канале толькі 317 гадзін (4,7%) было аддадзена ў 2011 годзе беларускамоўным праграмам. На ўсю краіну выдаецца толькі адна штодзённая беларускамоўная газета. Калі дзяржаўныя выдаўцы прэсы шукаюць ашчаднасцяў, то ахвярамі эканоміі становяцца найперш беларускія перыёдыкі, якія лічацца менш запатрабаванымі.

Беларуская мова выцесненая амаль з усіх сфераў жыцця. Лукашэнкаўская прапаганда зляпіла з беларускамоўнага беларуса фальшывы вобраз прадстаўніка “пятай калоны”, агента замежнай разведкі, які толькі і чакае нагоды, каб здрадзіць уласнай дзяржаве. Зразумела, што нікому, хто думае больш-менш рацыянальна, і разумее, што ён жыве ў аўтарытарнай краіне, не патрэбныя дадатковыя праблемы з-за мовы. Выбар на карысць рускай у гэтай сітуацыі відавочны.

Змагацца за беларускамоўныя школы для дзяцей гатовыя нямногія. Большасць не разумее, навошта вывучыць амаль мёртвую мову, ад якой адмовілася нават уласная дзяржава. А дзяржава цынічна нагадвае, што беларусы самі не размаўляюць на роднай мове, то навошта, маўляў, штучна яе насаджаць. Пры гэтым дзяржаўныя мужы забываюць дадаць, што гэта як раз іх палітыка прывяла да таго, што беларусы не размаўляюць па-беларуску.

Абарона і адраджэнне роднай мовы ў Беларусі – гэта справа нешматлікай нацыянальна арыентавай інтэлігенцыі і часткі дэмакратычнай апазіцыі, якая падзеленая ўнутранымі супярэчнасцямі. Падзел па моўнай прыкмеце сярод эліт не спрыяе папулярызацыі беларускай мовы. Не бракуе галасоў, што моўнае пытанне толькі ўскладняе дэмакратызацыю, бо яшчэ больш падзяляе беларусаў. Часам даходзіць да кур’ёзных заклікаў адмовіцца ад абароны мовы, паколькі зацятасць беларускамоўных можа быць кепска ўспрынята рускамоўнай большасцю, як спроба навязаць ім мову на якой яны павінны гаварыць. Іншыя пагаджаюцца, што беларускую мову трэба адраджаць, але негатовыя самі зрабіць крок наперад – пачаць на ёй гаварыць. “Трэба вяртаць беларускую мову, але спакойна, паступова” – кажуць яны. Але час ідзе незваротна. Для маладога пакалення беларуская становіцця яшчэ больш далёкай мовай, чым ангельская. У Мінску беларускамоўнага могуць памыліць з палякам альбо ўкраінцам. Народ проста забывае сваю мову. А пераход на беларускую мову – гэта самаахавярнасць і не кожны здольны адмовіцца ад камфорту, які дае руская мова.

Добры прыклад у змаганні за беларускую мову стаў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. З 1990 па 2003 год ліцэй быў элітарнай навучальнай ўстановай, дзе адукацыя вялася на беларускай мове. 10 гадоў таму ліцэй зачынілі, а дзяцей выгналі з будынку ў цэнтры Мінску. Цяпер там месціцца суд, дзе часта судзяць актывістаў апазіцыі. Калі ўсе спробы захаваць ліцэй былі страчаныя, бацькі з дзецьмі пайшлі на неардынаны крок: навучанне пачалося весціся падпольна. Урокі адбываліся ў канспіратыўных кватэрах, у сядзібах апазыцыйных партый і арганізацый, а апошнім часам – за межамі Беларусі.

Час ад часу ў розных гарадах і мястэчках краіны ўзнікаюць спантанныя ініцыятывы па папулярызацыі беларускай мовы. Гэта і бясплатныя моўныя курсы, клубы для дзяцей, выданне кніг, газет, грамадскі актывізм, блогерства, тысячы зваротаў да мясцовых уладаў і нават судовыя працэсы супраць моўнай дыскрымінацыі. Пашырэнню беларускай мовы спрыяе і змена стаўлення да яе ў грамадстве. Калі яшчэ 15-20 гадоў таму рэакцыяй на беларускую мову ў грамадскім месцы магла быць агрэсія і непрыняцце, то сёння гэта сведчанне пра высокаадукаванасць і культуру. У сацыяльных сетках поўна сведчанняў пра тое, як беларуская мова спрашчае штодзённае жыццё яе карыстальнікам. Камусці міліцыянер дараваў штраф за перавышэнне хуткасці, другі атрымаў зніжку на каву, трэцяга бясплатна падвёз таксіст і г.д. Гэтыя прыклады дадаюць аптымізму, але трэба разумець, што сапраўднае змаганне за выратаванне мовы можа адбывацца толькі на дзяржаўным узроўні.

Беларускі народ усё яшчэ працягвае працэс самастанаўлення. Без вяртання мовы ён не завершыцца. Мова – гэта фундамент самасвядомасці, якая будуе пачуццё супольнасці, уласнай вартасці і разуменне нацыянальных інтарэсаў. Праз гэта праходзілі ўсе еўрапейскія нацыі. Гэта аб’ектыўны працэс, якога не ўдасца пазбегнуць і беларусам, калі яны хочуць стаць нацыяй. Ёсць і іншы выхад – адмовіцца ад сваёй мовы і закрыць пытанне раз і назаўсёды. Гэта тое, пра што заўсёды марылі рускія цары і камуністы, тое, да чаго імкнецца сённяшняя ўлада ў Беларусі. Беларускую мову ўдасца адрадзіць толькі тады, калі беларусы самі адкажуць на пытанне, чаму акупанты і ворагі іх дзяржаўнасці адной з галоўных задач сваёй палітыкі на акупаваных землях бачылі знішчэнне мовы беларусаў.


Артыкул быў надрукаваны ў анегльскамоўным часопісе New Eastern Europe, 1-2014.