Восем гадоў таму я трапіла ў Цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі (тады яшчэ ён меў іншую назву) нявопытным валанцёрам, які хацеў змяніць свет. Я дапамагала пацыентам бавіць час, адцягвала ад горкіх думак, заваёўвала ўсмешкі. Праз тры гады з выпадковай неабходнасці нарадзіўся дабрачынны рух «Клуб 5000″, дзе 5000 беларускіх рублёў дастаткова, каб выратаваць жыццё. Галоўнае — каб нас было шмат.

Работа клуба нагадвае бег на месцы. Бег на месцы — гэта фізічная нагрузка з пэўнай мэтай. Ты трэніруеш мышцы, спальваеш калорыі, набываеш прывабную форму, паляпшаеш здароўе. Але часам здаецца, што гэта бессэнсоўна. Ты бяжыш, але застаешся на месцы. Гэткая імітацыя руху. Вось так і ў нашай справе: якой бы марнай яна часам ні падавалася, вынікі адчуваюць на сабе ўсе бакі.

Самы галоўны ўрок, які я засвоіла ў гэтай школе жыцця, — безапеляцыйнае перакананне: трэба ЖЫЦЬ! Сёння. Тут і цяпер. Не існаваць, хадзіць, есці. А атрымліваць асалоду, радавацца кожнаму імгненню, любіць тое, што робіш.

Стас ляжаў у аддзяленні пасля складанай аперацыі. Яму выдалілі костку на назе і замянілі пратэзам. Ён вучыўся хадзіць, пераадольваў цяжкасці пасляаперацыйных ускладненняў, пакорліва прымаў дозы хіміятэрапіі. У Стаса была саркома. У 18 гадоў. Хлопец узяў акадэмічны водпуск ва ўніверсітэце і працягваў займацца самастойна, каб не адстаць ад праграмы. Ён перапісваў канспекты, рашаў задачы. Душой ён быў разам са сваімі аднагрупнікамі на лекцыях, капусніках і экзаменах. Яго жыццё працягвалася па-за сценамі бальніцы. Але ён быў вымушаны сядзець у палаце і глядзець на мыліцы.

Аднагодкі Стаса хадзілі на спатканні, сустракаліся з дзяўчатамі, пазнавалі радасць першага кахання і яго расчараванні. А Стас усё глядзеў на мыліцы. Аднойчы ён спытаў:

— А праўда, што «Камасутра» — вельмі карысная для адносін кніжка?

Яму хацелася працаваць над адносінамі, пакуль у тэорыі.

Тады я напісала аб’яву на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Маўляў, ёсць такі Стас, лечыцца ад раку, марыць пра «Камасутру», дапамажыце парадаваць хлопца. Магу сабе ўявіць шок чытачоў! Тут жа пасыпаліся каментары: «Гэта што, жарт?!», «Як табе не сорамна!», «Табе вернуцца такія здзекі!» і г. д. Гэта цяпер я пасміхаюся са сваёй наіўнасці. А тады для мяне не было нічога дзіўнага ў тым, што хворыя хлопцы маюць такія ж патрэбы, што і здаровыя. Я нават не адразу зразумела, дзе падвох і чаму на мяне накінуліся.

Карацей, знайшоўся адзін чалавек, які падзяляў мае погляды і падарыў Стасу «Камасутру». Чытала ўсё аддзяленне! Мне яшчэ доўга ўзгадвалі той падарунак. І дарослыя хлопцы, якія «закрыліся» ў сваёй хваробе, да якіх было не дастукацца, прынялі мяне за сваю. Яны паверылі мне, зразумелі, што я ведаю іх сакрэт: яны такія ж, як усе астатнія.

Дарэчы, Стас паправіўся. Скончыў універсітэт, пабудаваў сабе кватэру. І кожны раз, калі прыязджае да мяне ў госці, мы ўзгадваем тую «Камасутру».

Жэньку было 17. Калі ляжаў адзін у палаце, а сон ніяк не прыходзіў, ён глядзеў тэлевізар. У той вечар паказвалі фільм пра каханне. Хлопец пачаў адкрываць для сябе новы свет. Назаўтра ён папрасіў тэт-а-тэт доктарам. Распытваў пра сваю фізіялогію, пра ўплыў хіміятэрапіі на мужчын. Магчыма, ён таксама марыў пра «Камасутру».

Жэньку пашанцавала менш, чым Стасу. Ён ніколі не зможа працаваць над адносінамі, нават у тэорыі. Ён не адкрые новыя магчымасці і не паспрабуе невядомае. Яму назаўсёды засталося 17.

Я радуюся, калі назіраю гісторыі кахання тут жа ў анкацэнтры. Радуюся таму, што яны працягваюць жыць. Магчыма, гэта ўсё, што ім засталося: бальнічныя сцены і сусед з дванаццатай палаты. У іх можа быць мала часу, і яго нельга марнаваць на хваробу і дэпрэсію. Трэба паспець пражыць, адчуць, пасмакаваць.

Вы б бачылі, якія чэргі выстройваюцца, калі мы прывозім у клініку майстраў па манікюры, педыкюры, цырульніц. Большасць з тых, хто ў чарзе, — гэта мамы, закрытыя горам у чатырох сценах. Але прыходзяць і дзяўчаты-пацыенткі.

Часам бывае і такое: заходзіш у палату, запрашаеш у «салон прыгажосці», а мама пачынае ўсхліпваць, пасля пераходзіць на рыданні.

— Навошта мне тая прыгажосць, калі ў мяне дзіця хворае? Каму мы такія патрэбны?..

Так думалі і тыя, хто абвінавачваў мяне ў пошуку «Камасутры» для Стаса. А яна хвалявала яго больш за выдаленую костку. Бо нельга ўвесь час думаць пра тую злашчасную костку, хваробу і мыліцы.

— Не фатаграфуйце мяне, я лысая.

Але ты прыгожая, нават без валасоў. Любі сябе рознай, любі сябе такой. Радуйся сабе ў любым стане, у любым выглядзе, працягвай жыць. Жыць сёння.

Прыехалі ў анкацэнтр перад Новым годам. Ходзім па аддзяленні з падарункамі. Стукаем у адзіночную палату — тут ляжыць студэнтка. Уваходзім: сядзіць на ложку з закручаным ручніком вакол галавы, твар мажа крэмам. Пра незвычайнасць становішча нагадвае толькі катэтар у вене. Мы адразу разумеем, што ёй падарыць. Дастаём з меха акуратную аксамітавую каробачку. Яе, разам з іншымі падарункамі, перадалі самалётам з Францыі. Серабрыстая падвеска каня на ланцужку паблёсквае маленькімі каменьчыкамі.

— Гэта мне? — не адрываючы вачэй ад каробкі.

— Так, з Францыі даслалі. Добры знак: конь — сімвал года.

Не паспяваем зачыніць на сабой дзверы, як чуецца радасны віскат:

— Мама, ты бачыла?! Гэта мне, з Францыі! Прыгажосць якая! Ты толькі паглядзі!

Мы набываем для дзяўчат упрыгажэнні, абнаўляем гардэроб, дастаём эксклюзіўныя аксесуары, дарагую касметыку. І няхай толькі хто заікнецца пра недарэчныя растраты. Гэта бывае больш важным і патрэбным за лекі. Гэта дапамагае жыць.

Калі мая цётухна захварэла на анкалогію, то вырашыла з’ездзіць у Венецыю. За свае 50 гадоў яна ніколі не была за мяжой, нічога не бачыла. І раптам адчула: час надышоў. У яе не было запасу грошай, але апошнія патраціла на квіток. Яна вельмі дрэнна сябе адчувала, але мужна перанесла пералёт. Боль пранізваў усё цела, але яна ўсміхалася на кожным фотаздымку. Пасля Венецыі цёця Люба яшчэ з’ездзіла праведаць брата ва Украіне, якога не бачыла больш за дзясятак гадоў. Раней у яе не хапала часу, грошай, замінаў побыт, знаходзіліся больш важныя справы. Падарожжа ў Венецыю і сустрэча з братам — гэта тое, што яна паспела ў сваім жыцці. Бо раптам зразумела, што хоча жыць. Тут і цяпер.

Я хачу, каб вы не чакалі апошняга моманту. Каб былі побач з тымі, каго любіце. Каб падарожнічалі. Бачыліся з роднымі. Каб чыталі «Камасутру». Каб траціліся на абноўкі. Каб слухалі сваё сэрца і не адмаўлялі яму. Жывіце. Жывіце сёння.

 

 

Таццяна Немчанінава, 

кіраўнік дабрачыннага

руху  «Клуб 5000».