“Ці верыш ты ў дэмакратыю?” – пачуў  я недаўна дзіўнае пытаньне. А хіба трэба верыць у тое, што ёсьць бясспрэчным фактам? Веры патрабуе нешта невідавочнае, сумніўнае, а лепш — фантастычнае. А тут — руцінная з’ява для многіх краін …. Навошта ў яе верыць?

Вядома, калі мець на ўвазе асаблівасьці тутэйшага народаўладдзя, то сэнс пытаньня ў іншым — ці ёсьць дэмакратыя ў Беларусі? Аднак вось што цікава, нават там, дзе дэмакратыі ў яе класічным (“буржуазным”) разуменьні ніколі не было, вельмі любяць гэтае слова і рэгулярна яго ўжываюць. Гэта значыць, што ідэя народаўладдзя за апошняе стагоддзе стала паноўнай у самых розных палітычных рухах — ад камуністаў і нацыянал-сацыялістаў да лібералаў і кансерватараў. І не бяда, што разумеецца яна па-рознаму, галоўнае, што любоў да “простага чалавека” і  да “свайго народа” дэманструецца дэмакратамі ўсіх гатункаў. Вось і сёньня, “арэльная” дэмакратыя заходняга ўзору  стала не проста ўмовай пасьпяховасьці краіны, а свайго роду палітычнай іконай, адзіным “патэнтаваным” сродкам прагрэсу і цывілізаванага разьвіцьця. Няўжо і сапраўды гэта такая ўніверсальная, безадказная сістэма, вышэй за якую нічога няма?

Дэкларатыўная, а пагатоў, прагматычная прыхільнасьць да дэмакратыі грунтуецца на веры ў тое, што большасьць заўсёды мае рацыю, а грамадзтва мусіць кіравацца калектыўным розумам “сярэдняга чалавека”, які ідзе “сярэдзінным шляхам” па аптымальнай траекторыі да мэты, якую сам жа і абірае.

Дэкларатыўная, а пагатоў, прагматычная прыхільнасьць да дэмакратыі грунтуецца на веры ў тое, што большасьць заўсёды мае рацыю, а грамадзтва мусіць кіравацца калектыўным розумам “сярэдняга чалавека”, які ідзе “сярэдзінным шляхам” па аптымальнай траекторыі да мэты, якую сам жа і абірае. Як дагадзіць гэтай большасьці, як лацьвей паразітаваць на ейных комплексах і жаданьнях — вось сутнасьць дэмакратыі і мастацтва кіраваньня “дэмасам”. Бальшавікі “дэмасам” лічылі толькі рабочых, сялянскую беднату ды ўсіх маламаёмасных, і хоць не дужа да іх прыслухоўваліся, аднак пасьлядоўна вялі лінію на вынішчэньне ўсіх “ворагаў беднаты”. Да чаго прывяла камуністычная “дэмакратыя” добра вядома: без “эксплуататараў” соцыюм ня здоляў эфектыўна разьвівацца — спачатку ляснулася эканоміка, а за ёй усе астатнія дзяржаўныя “надбудовы”.

Вы скажаце — то была не сапраўдная дэмакратыя, таму што большасьцю ў грамадзтве тады былі не вясковыя і гарадзкія басякі, а сярэднякі, якіх рэпрэсіямі прымушалі стаць беднякамі або дзяржаўнымі батракамі. Мо яно так і было, але камуністычны цягнік сыйшоў у незварот і нам сёньня цікавей ведаць куды рухаецца сучасны дэмакратычны лакаматыў. І найперш, ягоны авангард, на які мы быццам бы мусім раўняцца — дэмакратычны Захад.

Кім ёсьць большасьць сёньняшніх заходніх выбаршчыкаў, хто апора класічнай дэмакратыі? Пакуль усё той самы знакаміты “сярэдні клас”, выпадкова-стракатая кампанія, якую цяжка сабе ўявіць, а не тое, што сабраць разам. Пазначым, напрыклад, яе  так — праграміст, кіроўца таксі, гаспадар крамы, мэнеджэр банка і сантэхнік. Хаця, гэта можа быць і фермер, і адвакат, і прадавец нерухомасьці, і нават чыноўнік. Як па марксісцкіх лекалах — проста “антынавуковая” зборка — бо “эксплуататары”, працоўныя і “паразітычныя элементы” сабраныя ў нейкім “фантасмагарычным” класе. Але ў тым відаць і моц гэтай сістэмы, што такія розныя людзі вераць у тое, што яны некага, а галоўнае — нешта выбіраюць, і большасьць з іх сьвядома ходзіць галасаваць. Калі ўзгадаць, што савецкія грамадзяне ня мелі такой веры, то заняпад СССР не будзе здавацца чымсьці парадаксальным.

Аднак зьвернемся да праблемы з іншага боку і ўявім сабе, што праз 50 гадоў большасьцю выбарцаў у Нямеччыне стануць, напрыклад, пенсіянэры, у Францыі — афра-азіяты, у Нідэрландах — спажыўцы наркотыкаў, у Аўстрыі — трансвестыты, геі і транссэксуалы. Хай нават, яны і не стануць там грамадзкай большасьцю, а проста на фоне вельмі нізкай яўкі, перамогуць на нейкіх выбарах. А ў выніку — адны дабіваюцца большай пенсіі і бясплатнай медыцыны для старых, другія — ісламскіх школ, ўніверсітэтаў і дзяржаўных сьвятаў па мусульманскім календару, трэція — зьніжэньня коштаў на цяжкія наркотыкі і дадатковы выходны для сябраў “партыі аматараў марыхуаны”…. Гэты гіпатэтычны спіс, як і сама сітуацыя пакуль здаюцца фантастычнымі. Аднак, у прынцыпе, логіка цяперашняй дэмакратыі можа прывесьці да падобнага сцэнару. І вось яно — зьмена культурнага коду ці нават прыход іншай цывілізацыі адбываецца без войнаў, генацыду, разбурэньня Рыма, Канстантынопаля або Ерусаліма. Простым паходам у выходны дзень да ўрнаў для галасаваньня і легалізацыі законных патрабаваньняў новай дэмакратычнай большасьці. Ціхі апакаліпсіс для састарэлых еўрапейскіх нацый ды нараджэньне маладых невядомых грамадзтваў. Мо так яно і лепш, а пані-гісторыя проста вынайшла новы, адносна мірны і эканомны спосаб пераходу да навейшых фармацый? Толькі ці згадзяцца з такім ходам падзей самі “старыя” еўрапейцы, ці абыйдзецца ў гэты раз “вялікае перасяленьне народаў” без вялікага гвалту і забурэньняў? Адказ, думаю, будзе відавочны ўжо праз 30-40 гадоў. А мы тым часам з недалёкай і не вельмі сьветлай будучыні, вернемся ў нашу змрочную сучаснасьць, а дакладней да беларускай дэмакратыі.

Вы спытаеце, чаму апошняе слова папярэдняга абзацу я не ўзяў у двукосьсе? Таму што ўсё пазнаецца ў параўнаньні, а наша цяперашняя ўлада, бадай, крыху дэмакратычней, чым была, напрыклад, бальшавіцкая. А самае галоўнае (ці мо самае крыўднае?), што яна пакуль так-сяк прэзентуе інтарэсы большасьці тутэйшага насельніцтва. Наш “сярэдні клас”, а дакладней — электарат Лукашэнкі — гэта рабочыя буйных прадпрыемстваў, калгаснікі, пенсіянеры і асабліва — пенсіянеркі, дырэктарат, чынавенства, сілавікі. Адным словам тыя постсавецкія “кансерватары”, каго задавальняе цяперашні “статус кво”. У адрозняньне ад класічнай дэмакратыі тут няма апазіцыя і легальна не прэзентавана палітычная меншасьць, якая на Захадзе, дзякуючы выбарам, перыядычна становіцца большасьцю. У нас выбары маюць хутчэй рытуальны характар: па-перш, каб падтрымаць застарэлую савецкую ілюзію “дземакраціі”, а па-другое, у апошія гады яшчэ і асабістую веру прэзідэнта, што ён пакуль “ўсенародны” і “адзіналюбімы”. Дык якая ж гэта дэмакратыя?—спытаеце вы. Дэкаратыўная, вертыкальна-кіруемая, рэгулярна-нахіляемая, містычна-аўтарытарная — абзавіце яе як заўгодна. Прынамсі, манархіяй яе можна будзе назваць толькі тады, калі ўлада пяройдзе ў спадчыну. А вы што, не дапускаеце такога павароту нашай дэмакратыі? Значыць, вы ў яе ня верыце. Я ж пакуль веру, што яна магчымая. Хаця дэмакратыя  не панацэя ад усіх бед, а пагатоў, не для ўсіх часоў і народаў, бо не заўсёды большасьць мае рацыю, а меншасьць памыляецца. Даць шанц меншасьці, значыць пакінуць запасны выхад, што ў крытычнай сітуацыяі можа стаць адзіным паратункам, якога не змагла ўбачыла саманадзейна-сьляпая большасьць. Ці ёсьць у нас такі шанц? Ці наш дэмакратычны выбар, абмежаны магчымасьцямі толькі адной галавы, даўно зроблены? Бо тая галава, пабыўшы 20 год “абсалютнай большасьцю”, абсалютна страціла і здольнасьць да альтэрнатывы, і рашучасьць пайсьці супраць сьляпой плыні часу. Хаця плынь тая, насамрэч, і не плынь, а наша вечнае беларускае “балота”…

Дык, ці верыце вы яшчэ ў дэмакратыю?


Чытайце таксама: Ідалы ХХІ стагоддзя: Эканоміка