Сёньняшняе стагоддзе пакуль перажывае сваё “дзяцінства”, але ў спадчыну яму перайшло нямала застарэлых праблем і сярод іх самая “салодкая”— свабода. Хоць першыя “ідалы” свабоды з’явіліся яшчэ ў пазамінулым стагоддзі (найвядомейшы з іх — ню’ёркскі стод на Гудзоне), узыход яе на ідэялагічныя вяршыні яшчэ не завершаны. Ёсьць нямала куткоў і краін, дзе яна застаецца недасяжнай марай.

 

Свабода і насамрэч справа марная: за яе змагаюцца і пакутуюць, яе прагнуць і сьняць, але ніхто (відаць, акрамя турэмных вязьняў) дакладна не ведае, якой яна мусіць быць. Свабода — то міраж, які перасьледуе людства ўжо некалькі стагоддзяў, але міраж  настолькі прыемны, што ніколі не надакучае. Што ж такога “салодкага” ў гэтым слове — “свабода”?

Свабода, як і большасьць ідэялагем, вынайдзена чалавекам. Але ў яе ёсьць прыродны прататып —  вольнае жыцьцё дзікіх жывел, свабода якіх быццам бы нічым не абмежавана. Праўда, чалавечая грамада адпачатку прадугледжвала абмежаваньне свабоды дзеля вышэйшых мэт — іерархічнай структуры соцыюма, тэхналагічнага прагрэсу, багацьця, панаваньне над прыродай і г.д. Свабода — адна з вымушаных ахвяр на алтар чалавечых амбіцый, якую людзі заўважылі толькі дасягнуўшы цывілізацыйных вяршынь. Калі праблема харчовай бяспекі, дабрабыту і перамогі над прыродай была вырашана, можна было падумаць і пра свабоду. А паколькі здзейсьніць яе ў дагістарычным выглядзе было ўжо немагчыма, то ёй вынайшлі новыя формы ды іпастасі.

Найбольш відавочным фэноменам цывілізацыйнай няволі стала рабства, яно было і першай ахвярай на алтар свабоды. Хаця сам лібералізм і барацьба за эканамачныя вольнасьці ўзьніклі значна раней, ліквідацыя нявольніцтва ў ЗША, Расеі і Бразіліі ў канцы 19 ст. стала прыкметнай вехай на гэтым шляху. На чарзе стаяла гендэрная няроўнасьць і класавы прыгнёт, каланіяльная залежнасьць, апартэід. Адным словам, ідэялогія свабоды — лібералізм — спачатку чыста эканамічная дактрына — стаў пашыраць свае вольна-любныя ідэі на іншыя сферы чалавечых адносін, аж да інтымных. Быў момант, калі атаясамленьне роўнасьці і свабоды, прывяло да нечаканага выніку — гвалтоўная ўраўнілаўка камуністычных рэжымаў вярнула няволю феадалізму (калгасы) і нават рабаўладальніцтва (канцлагеры, гулагі). Праўда, канец мінулага стагоддзя расставіў кропкі над “і”, ды падцьвердзіў, што свабода не абавязкова вядзе да роўнасьці (хутчэй наадварот), а вось камуністычная роўнасьць не проста абмяжоўвае свабоду, але пазбаўляе грамадзтва стымулаў да натуральнага разьвіцьця. На Беларусі, аднак, гэты ўрок засвоены далёка не ўсімі і свабода не прэтэндуе тут не толькі на статус “ідала”, але простага ідэала. Ёсьць у беларусаў іншыя прыярытэты — “каўбаса-чарка-шкварка”, стабільнасьць  або “сільная рука”.

Свабода і Беларусь — то як мара і марнасьць. Лішне тут казаць пра свабоду мітынгаў, флэш-мобаў, грамадзянскіх ініцыятыў ды іншую руціну для заходняга чалавека. Нас даўно не дзівіць шматгадовы ціск на СМІ, бізнес, дысідэнтаў (былую апазіцыю), а тым больш — каланіяльная залежнасьць ад Масквы. Таму — пра якую вы свабоду?! Разважаць пра яе, седзячы ў Воршы ці Бабруйску гэтак жа сьмешна, як казаць пра смак амараў, ніколі ня бачыўшы іх у вочы. Але чалавек слабы ды яшчэ і сквапны — хочацца пакаштаваць і амараў, і свабоды, і чагось смачнейшага, чым тут пакуль не пахне. З іншага боку, ёсьць сваеасаблівы цымус — разважаць пра ідэальную свабоду ў несвабоднай краіне. Кажы што хочаш, твая фантазія нічым не абмежавана. Гэтак жа квяціста можаш распавесьці і пра жыцьцё на Сатурне, і ніхто таксама табе не паверыць. Дык вось я і кажу: свабода – справа марная, а значыць і … непераможная!

Непераможная таму, што недасяжная, як perpetuummobile ці як вечнае жыцьцё. Так павялося, што кожнае наступнае пакаленьне лічыць сябе больш дасьведчаным, адукаваным і прасунутым. Дзеці ідуць далей за бацькоў, унукі ведаюць і могуць больш за дзядоў. Натуральна, што свабода не засталася ў баку ад такога прагрэсу, і наступныя пакаленьні пачуваюцца “вальней” за былыя. Моладзь вызваляецца ад дзедаўскіх умоўнасьцяў ды законаў, і …патрапляе ў новыя, яшчэ больш заблытаныя і непрадказальныя варункі. Спачатку яны здаюцца вызваленьнем ад старых “кайданоў”, але потым …

Дагістарычныя людзі вельмі цярпелі ад прыродных катаклізмаў. Сёньняшні “вольны і ўсемагутны” чалавек мала зважае на капрызы прыроды, затое ад сацыяльна- палітычных ці экалагічных абставін, дзейнасьці многіх незнаёмых яму людзей (і не толькі сваёй краіны!) ён залежыць куды больш, чым наш дзікі прашчур ад сваіх супляменьнікаў. Сучасны індывід ёсьць маленькім шрубам машыны пад назвай глабальная цывілізацыя. “Свабодным” ён можа быць толькі ўмураваным у яе структуру. На самоце ж, у аўтаномным рэжыме ці за межамі соцыюма, ён становіцца бездапаможны і ўразьлівы, як рыба без вады. Гістарычна прагрэсіруе свабода дзеяньняў самой цывілізацыі, а чалавек, наадварот, усё больш ублытваецца ў яе сацыяльных сетках, тэхнагенных пастках і бюракратычных лабірынтах. І становіцца рабом цывілізацыйных даброт, існаваць без якіх ужо ніколі не зможа. Таму пазбаўленьне ад мінулага, ёсьць толькі ілюзіяй вызваленьня, а новыя “далягляды свабоды”— новымі ступенямі сацыяльнай залежнасьці.  Можа быў правы Оруэл, калі казаў, што большая свабода — большая кабала?

Дык, ці варта сьпяшацца туды, дзе нам рыхтуюць новыя ланцугі — хай зручнейшыя, нанатэхналагічныя і нават “саладзейшыя”? Нам звыкла і ў цяперашніх, трохі мулкіх і старамодных, але да болі сваіх. Дый сказаць па праўдзе, свабода шануе моцных і самаўпэўненых. А мы — моцныя … хіба як трава, сваёй “няломкасьцю”, а ўпэўнены толькі ў тым, што плывем па волі лёсу і начальства да нейкай змрочнай будучыні. А са свабодай, дай бог памяці, беларусы сутыкаліся яшчэ ў 1991, калі яна звалілася як сьнежны ком на галаву і ніхто дакладна не ведаў, што з ёю рабіць. Ці перажывём мы такую сустрэчу другі раз? Бо, насамрэч, жывая свабода – пані больш суворая і бязлітасная, чым “бацька”. Яна мала чаго абяцае, але шмат у каго забірае. Хай то сацыяльныя падачкі ці крошкі з “барскага стала”, але стабільныя і “заслужаныя” нашай гісторыяй апошняга стагоддзя. А каб не пашкадаваць аб новым прыходзе свабоды, мы мусім адмовіцца ад гэтай “старыны”, за якую кансерватыўныя беларусы чыпляюцца да апошняга па сваёй даўняй традыцыі. Дык ці трэба нам тая свабода?