«Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб не умёрлі», — казаў Францішак Багушэвіч, славуты беларускі паэт. Мы вырашылі высветліць, як зараз мінчане ставяцца да беларускай мовы, а таксама правесці асабісты эксперымент. Але пра ўсё па чарзе. Спачатку — адказы на наша пытанне.

Павел МЯНЦЮК, энергетык:

— Беларускую мову, як і ўсе мае аднагодкі, вывучаў у школе. Яна мне вельмі падабалася, таму што гэта мая родная мова, мова маіх бацькоў. Але зараз рэдка карыстаюся беларускай мовай, таму што маё асяроддзе амаль што ўсё — рускамоўнае.

 

Ганна АДАСЬКА (13 гадоў):

— З маленства ад бацькоў, бабуль, дзядуль я чула толькі рускія словы. І таму беларуская мова для мяне — як і англійская. Мне складана ўспрымаць яе на слых, а размаўляць яшчэ цяжэй. Таму і беларускую літаратуру чытаць мне складана. Але я спадзяюся, што ўсё ж такі авалодаю роднай мовай.

Наталля НІЛАВА, студэнтка:

— Беларуская мова гучала для мяне толькі на адпаведных уроках у школе і на занятках па гісторыі Беларусі ва ўніверсітэце. А ў паўсядзённым жыцці я не карыстаюся ёю. На жаль, у мяне вельмі бедны слоўнікавы запас, і я амаль што не разумею беларускую мастацкую літаратуру. Зараз я вывучаю англійскую і іспанскую мовы, такой цікавасці да беларускай у мяне няма.

Сяргей ПАЛЕСКІ, спявак (25 гадоў):

— Я рэдка звяртаюся да беларускай мовы. Аднак добра разумею яе, і, калі мой суразмоўца звяртаецца да мяне па-беларуску, я імкнуся весці размову на адной з ім мове. Лічу, гэта цудоўна, калі б усе пачалі размаўляць на матчынай мове. Але ж трэба зазірнуць праўдзе ў вочы — усё адбываецца наадварот. І мне, напрыклад, вельмі крыўдна, калі я чую, што сучаснае маладое пакаленне не можа звязаць на роднай мове нават двух слоў.

Леанід АКСЕЛЯРОТ, інжынер:

— У паўсядзённым жыцці я не карыстаюся беларускай мовай, бо лічу, што гэта мова ўзвышаная, яна нібы створана для паэтаў і пісьменнікаў. Але я быў бы рады, калі б усюды гучала родная мова. Для мяне і руская, і беларуская мовы родныя. Аднак беларускія газеты не чытаю, бо не знаходжу іх цікавымі: тэмы зусім бытавыя, а чакаеш нечага іншага, такога ж надзвычайнага, як наша мова.

Цімафей ХАТКЕВІЧ, студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ:

— Я па сваёй спецыяльнасці, на жаль, не маю магчымасці размаўляць па-беларуску кожны дзень. Але добра ведаю родную мову. Яшчэ з ліцэя ў мяне засталося шмат сяброў, якія паўсядзённа карыстаюцца беларускай мовай, так што гэта не праблема для мяне. Беларускую літаратуру я таксама люблю, асабліва Караткевіча і Быкава. Калі праходзілі іх па праграме, чытаў усе творы с задавальненнем. А зараз проста не хапае часу для чытання беларускай класікі.

Дзмітрый РЫЖАНКОЎ (45 гадоў):

— Я с задавальненнем гавару на беларускай мове. Зразумела, не кожны дзень, але гэта нескладана для мяне. У мяне таксама ёсць і сябры, з якімі мы размаўляем толькі па-беларуску. Што ж да праблемы двухмоў’я… Я лічу, што гэта не з’яўляецца складанасцю, бо кожны чалавек сам вольны выбіраць мову для зносін, тую, якая бліжэй яму, няважна, руская гэта мова ці беларуская.

Галіна КЕЗЕРАВА, пенсіянерка (61 год):

— Я родам з вёскі, а там, зразумела, усе гавораць па-беларуску, можа, не вельмі правільна, на трасянцы. І ў школе я таксама вучылася па-беларуску, зараз жа беларускамоўных школ вельмі мала. Таму сучасная моладзь увогуле не прызнае родную мову як гутарковую, паўсядзённую. Яна для іх так і застаецца мовай Купалы, Коласа…

Дар’я ЧАРНЯКОЎСКАЯ, вучаніца Ліцэя БДУ:

— Вывучэнне моў — мой любімы занятак. І мне, як будучаму філолагу, вельмі цікава займацца іх даследваннем: рускай, англійскай, іспанскай, іўрыта. З такой жа цікавасцю я вывучаю і беларускую мову. Праўда, я з большым замілаваннем слухаю іспанскую гутарку, чым беларускую. Але змагу падтрымаць бяседу на беларускай мове, гэта не з’яўляецца складанасцю для мяне.


Вось і прыйшла чарга эксперыменту. Мы правялі экспрэс-апытанне прахожых. Прапанавалі кожнаму з іх пяць самабытных беларускіх слоў для перакладу: бурштын, чэрвень, ныркі, абрус, тузін. Пераклад адпаведна — янтарь, июнь, почки, скатерть, дюжина. А вынікі нашага доследу мы адлюстравалі ў дыяграме.

Беларуская мова была ў заняпадзе.

А ўсё чаму? Таму што ў савецкія часы, калі ўсе намагаліся гаварыць па-руску і быць «гарадскімі», узнік пэўны штамп:

руская мова — прэстыжная, беларуская – «калгасная», адсталая, непрыстыжная.

Зараз жа акцэнты змяніліся. Беларуская мова ўспрымаецца як элітарная, як паказчык высокай культуры чалавека.

Бурштын – 22%

Чэрвень – 89%

Ныркi – 22%

Абрус 55 %

Тузiн – 5%