Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што дамінуючым аспектам ў пашырэнні супрацоўніцтва з суседнімі краінамі апынулася энергетыка. Гэта было абумоўлена вострай неабходнасцю пошуку альтэрнатыўных крыніц энерганосьбітаў і шляхоў іх дастаўкі.

На фоне супрацьстаяння афіцыйнага Мінска з Крамлём, якое рэзка абвастрылася, і небывалай актыўнасці, праяўляемай у апошні час на “беларускім напрамку” аб’яднанай Еўропай, двухбаковыя адносіны Беларусі з яе суседзямі трошкі адышлі ў цень. Разам з тым, у складваемых абставінах яны набываюць усё большае значэнне.

Украіна

У існуючых умовах афіцыйны Мінск відавочна ўскладаў асаблівыя надзеі на паўднёвых суседзяў. Яму было б вельмі пажадана, каб Кіеў як мага больш жорстка апаніраваў Маскве. У такім выпадку Крэмль павінен быў бы баяцца стварэння антырасійскага блока, паколькі ён пакуль не гатовы да супрацьстаяння адначасова на двух заходніх франтах.

Спачатку, аднак, складалася ўражанне, што новыя ўлады Украіны зусім не маюць намеру прытрымлівацца курсу сваіх папярэднікаў. Рэзкае паляпшэнне адносін Кіева і Масквы засведчыла, у прыватнасці, красавіцкае падпісанне ў Харкаве шырокамаштабнай дамовы «газ-флот».

Адсутнасць істотных зрухаў падчас апошняга афіцыйнага візіту Віктара Януковіча ў Мінск, здавалася, пацвердзіла, што Беларусь у знешняй палітыцы Украіны адышла на другі план. Гэта было тым больш непрыемна, што 2 красавіка Палата прадстаўнікоў ратыфікавала, нарэшце, шматпакутнае пагадненне аб беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, прыбраўшы тым самым быццам бы апошнюю палітычную перашкоду на шляху пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.

Аднак, хоць Аляксандр Лукашэнка дамову падпісаў, абмену ратыфікацыйнымі граматамі да гэтага часу не адбылося. Такая сітуацыя стварае складанасці для Кіева ў яго дыялогу з Еўрасаюзам аб бязвізавым рэжыме, паколькі адной з умоваў яго рэалізацыі з’яўляецца дэмаркацыя ўкраінскіх межаў.

Па наяўных звестках, Мінск адмаўляецца ажыццяўляць гэтую, па вялікім рахунку, фармальную працэдуру па шэрагу прычын: нявыплаты Украінай савецкага доўгу, неўрэгуляваных пытанняў рээкспарту ўкраінскай электраэнергіі ў Прыбалтыку, пытанняў уласнасці Беларусі ў Крыме і Чарнігаўскай вобласці, жорсткай пазіцыі ўкраінскіх уладаў па шэрагу распрацоўваемых ў Беларусі радовішчаў, якія нясуць экалагічную пагрозу ўкраінскім нацыянальным паркам.

Праўда, па словах украінскага амбасадара ў Беларусі Рамана Бяссмертнага, Украіна прызнала $ 134 млн. доўгу, што было асноўнай перашкодай, і ёсць надзея, што да канца года праблема будзе вырашаная.

Не ўсё было бясхмарна і ў чыста эканамічным узаемадзеянні, хоць у канцы мая была падпісаная «дарожная карта», дзе ўтрымліваецца каля 20 пытанняў. Як ва Украіне, так і ў Беларусі дзейнічалі абмежавальныя меры ў адносінах да тавараў партнёра. Праўда, у канцы верасня на перамовах у гэтым пытанні быў адзначаны пэўны прагрэс.

Аднак уся гэтая бязладзіца апынулася нейтралізаваная дамоўленасцю аб транзіце праз Украіну венесуэльскай нафты. У маі танкер прывёз у Адэскі порт першыя 80 тысяч тон, якія чыгункай былі дастаўленыя на Мазырскі НПЗ. Затым паступіла яшчэ некалькі партый, прычым апошняя, лістападаўская, у выпрабавальным рэжыме была перапампаваная ўжо па нафтаправодзе Адэса-Броды.

Такое садзейнічанне Украіны выклікала незадаволенасць у Крамлі. Наўпрост, зразумела, гэта не выяўлялася, але цэлы шэраг ускосных заўваг дазваляе зрабіць на гэты конт адназначную выснову. Аднак да таго моманту ў адносінах Масквы і Кіева настала некаторае пахаладанне, і апошні не палічыў патрэбным адмаўляцца ад выгаднай угоды.

Калі ўлічыць, што Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць прыняць удзел ва ўкраінскім праекце будаўніцтва тэрмінала па перавалцы звадкаванага прыроднага газу з мэтай далейшай транспарціроўкі яго ў нашу краіну, то ў гэтых умовах пашырэнне супрацоўніцтва набывае стратэгічную значнасць. І хоць у дадзеным выпадку захоўваецца сур’ёзная небяспека, што яму будзе ўсяляк процідзейнічаць Расія, перспектывы, што адкрываюцца, заслугоўваюць прыкладання максімальных намаганняў.

Еўрасуседзі

Важным агульным момантам у адносінах з Латвіяй, Літвой і Польшчай стала падпісанне пагадненняў аб спрошчаным памежным візавым рэжыме, якія, як чакаецца, у наступным годзе ўступяць у сілу.

Калі для нашых суседзяў гэта стане проста некаторым пашырэннем іх і без таго багатых у гэтым плане магчымасцяў, то для значнай часткі жыхароў Беларусі гэта будзе сур’ёзны прарыў. Хацелася б верыць, што не толькі з матэрыяльнага і побытавага пунктаў гледжання.

Літва. На дадзены момант Вільня з’яўляецца самай блізкай да Мінска сталіцай краіны, якая ўваходзіць у ЕС, не толькі геаграфічна, але і ў палітычным плане. Літоўскае кіраўніцтва ў апошні час зрабіла некалькі прыкметных крокаў, накіраваных на пашырэнне супрацоўніцтва ў гэтай сферы.

Так, прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ сталася адзіным кіраўніком дзяржавы Еўрасаюза, якія мелі ў гэтым годзе асабісты кантакт з беларускім лідэрам. Такіх сустрэч магло быць і больш, але Аляксандр Лукашэнка не скарыстаўся запрашэннем прыняць удзел у святкаванні 20-годдзя незалежнасці Літвы, накіраваўшы на гэтыя ўрачыстасці прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

Аднак у чэрвені ён сустрэўся ў Мінску з прэм’ер-міністрам Літвы Андрусам Кубілюсам, прапанаваўшы яму сумесна рэалізаваць праект па будаўніцтву тэрмінала па разрэджванню газу.

Міністры замежных спраў Літвы, Беларусі і Украіны правялі ў верасні трохбаковую сустрэчу, падчас якой былі ўхваленыя праекты ў рамках праграмы ЕЗ «Усходняе партнёрства» у галіне транспарту, лагістыкі, энергетыкі, культуры і мытні. А ў канцы кастрычніка міністры абароны дзвюх краін падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое стала першым дакументам такога роду, падпісаным Беларуссю з дзяржавай, якія ўваходзяць ў НАТА.

Відавочна, што вядучым матывам Вільні з’яўляецца забеспячэнне ўласных эканамічных інтарэсаў. У канцы жніўня праз Клайпедскі порт у нашу краіну паступіла партыя венесуэльскай нафты аб’ёмам 80 тысяч тон, пасля чаго была дасягнутая дамоўленасць аб падпісанні дамовы на год аб яе сталым транзіце. Акрамя таго, пасля закрыцця Ігналінскай АЭС Літва зацікаўленая ў куплі беларускай электраэнергіі, а таксама ў транзіце яе з Украіны.

У ліку захаваўшыхся супярэчнасцяў — адмова афіцыйнага Мінска выдаць генерала Усхопчыка, які абвінавачваецца ў датычнасці да гібелі людзей падчас штурму тэлевежы і будынку парламента ў Вільнюсе 20 гадоў таму, а таксама будаўніцтва Беларуссю атамнай электрастанцыі, якая будзе размяшчацца ў 55 км ад Вільні. Калі першае з іх не носіць занадта ўжо прынцыповага характару, то другое можа аказаць на двухбаковыя адносіны дастаткова негатыўны ўплыў.

Латвія. Тут таксама назіраліся пэўныя палітычныя зрухі, хоць і менш маштабныя. У маі ў Беларусі пабывала дэлегацыя Сейма на чале са старшынёй камісіі па міжнародных справах Андрысам Берзіньшам, у ліпені прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс даў інтэрв’ю першаму каналу беларускага тэлебачання.

23 жніўня адбыўся працоўны візіт у Латвійскую Рэспубліку міністра замежных спраў Беларусі, які сустрэўся з усім вышэйшым кіраўніцтвам краіны, а ў канцы верасня Сяргей Сідорскі прыняў удзел у V Міжнародным беларуска-латвійскім інвестыцыйным форуме «Балтыйскі рэгіён-2010» і правёў перамовы з латвійскім калегам Валдзісам Дамброўскісам.

Асноўнай тэмай быў транзіт ўсё той жа венесуэльскай нафты, да прыёму якой гатовы порт Вентспілса. Для далейшай транспарціроўкі можна выкарыстоўваць трубаправод, па якім раней расійская нафта ішла на экспарт, аднак гэтаму пакуль перашкаджаюць частковае валоданне трубой Расеяй, жаданне латвійскай боку мець доўгатэрміновыя гарантыі, юрыдычныя няяснасці і тэхнічныя складанасці. Існуе таксама варыянт перавозкі па чыгунцы.

Аднак, на думку латвійскіх СМІ, калі аб’ём паставак складзе 10 мільёнаў тон у год, то Аляксандр Лукашэнка можа атрымаць запрашэнне наведаць Латвію. Не выключана, што тады выбар будзе зроблены на яе карысць, і ўсе згаданыя праблемы знойдуць хуткае рашэнне.

Польшча. На гэтым напрамку ў двухбаковых адносінах зрухаў практычна не адбылося, нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка двойчы сустракаўся з польскім міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім. Праўда, падчас другой сустрэчы Сікорскі выступаў як прадстаўнік Еўрасаюза, і беларуска-польскія адносіны не закраналіся.

У кіеўскім жа рандэву, прайшоўшым падчас інаўгурацыі Віктара Януковіча, гаворка ішла пераважна пра канфлікт вакол Саюза палякаў у Беларусі, прычым беларускі бок некалькі нечакана заявіў, што «калі ёсць нейкія непаразуменні, інакш іх не назавеш, то мы ў стане іх вырашыць». Там было прынятае рашэнне аб стварэнні сумеснай групы экспертаў па пытаннях польскай меншасці.

Яна на самай справе правяла некалькі сустрэч, аднак, падобна, ніякіх канкрэтных вынікаў дасягнуць не ўдалося. У выніку гэтая праблема застаецца адной з асноўных супярэчнасцей.

Наўрад ці палепшыла імідж беларускага кіраўніцтва ў вачах палякаў і тое, што ў Беларусі, у адрозненне ад дзесяткаў краін свету, не была абвешчаная жалоба ў сувязі з авіякатастрофай пад Смаленскам.

Цікава, што Варшава таксама можа ўключыцца ў сітуацыю з транспарціроўкай венесуэльскай нафты, аднак у негатыўным плане. Паводле нядаўняй публікацыі ў Gazeta Wyborcza, там не вельмі задаволеныя тым, што нафта па трубаправодзе Адэса-Броды пайшла не ў бок Польшчы, а ў бок Беларусі, бо першапачаткова меркавалася, што гэтая труба будзе выкарыстана для паставак азербайджанскай нафты ў Еўропу. Але пасля таго, як выбухнуў фінансавы крызіс, гэты варыянт страціў актуальнасць.

* * *

Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што дамінуючым аспектам ў пашырэнні супрацоўніцтва з суседнімі краінамі апынулася энергетыка. Гэта было абумоўлена вострай неабходнасцю пошуку альтэрнатыўных крыніц энерганосьбітаў і шляхоў іх дастаўкі.

Трэба прызнаць, што пэўных поспехаў беларускім уладам дамагчыся атрымалася, у тым ліку з выкарыстаннем канкурэнцыі паміж краінамі-транзіцёрамі, што цалкам нармальна. Застаецца спадзявацца, што акрэсленыя пазітыўныя тэндэнцыі атрымаюць далейшае развіццё, і гэта дапаможа супрацьстаяць нарастаючаму ціску Расіі.

 

 Агенцтва палітычнай экспертызы BISS, www.belinstitute.eu