Сярод добрых багоў і шанаваных ідалаў здаўна трапляліся і злыя. Не стаў выключэньнем і наш век, а на ролю “чорнага ідала” ХХІ ст. найперш прэтэндуе тэрарызм.

Калі прыгледзецца да пантэону “чорных сіл” мінулага, можна заўважыць, што большасьць з іх была ці то негатыўным адбіткам, ці то метафізічным “ценем”, ці нават — “адпаўшай часткай” свайго былога гаспадара. Сатана, Антыхрыст, антыкамуніст ці антыглабаліст — усе яны ўзьніклі, сталі вядомымі і нават “карміліся” дзякуючы сваім “бацькам”-пратаганістам. Хто не ведае Хрыста — той не ацэніць і сілу Антыхрыста, хто нічога ня чуў пра камунізм — не зробіцца антыкамуністам. Можна сказаць і так: “чорны антыпод” — то частка шанаванага, афіцыйнага божышча, але “закапаная” ці “ўрослая” ў зямлю і таму нябачная воку шэраговага верніка. Разам з тым, яна не толькі  рэальна існуе, як адно цэлае з надземнай часткай стода, але і трымае яго ў “актуальным”, то бок — вертыкальным стане, не даючы абрынуцца прызнанаму аўтарытэту. Нешта падобнае адбываецца і з сучасным тэрарызмам. Сёньня ён існуе і “квітнее” найперш дзякуючы перамозе гуманізма, дэмакратыі і лібералізма.

Тэрор, як форма гвалту і ўсталяваньня ўлады мацнейшага, існаваў здаўна. Аднак сучасны тэрарызм — сацыяльны фэномен крыху іншага кшталту, усё часьцей гэта спосаб змаганьня меншага з большым, слабейшага з мацнейшым, бяднейшага з багацейшым. Цяперашні яго росквіт стаў магчымы дзякуючы дасягненьням заходняй цывілізацыі. Каштоўнасьць чалавечага жыцьця і правоў асобы, свабода ў выбары сродкаў дзеяньня, лёгкадаступнасьць зброі ды сродкаў масавай інфармацыі, тэхнагенна-катастрафічная ўразьлівасьць грамадзтва — вось на чым грунтуюцца разлікі сёньняшніх тэрарыстаў. З усіх метадаў барацьбы, асабліва барацьбы палітычнай, тэрарызм самы рызыкоўны, часьцей малаэфектыўны, але просты, даступны і рэзанансны. У грамадзтве перасычаным спажывецкай руцінай і будзённай аднастайнасьцю, заўсёды будзе попыт на скандалы і сэнсацыі. А тэракт якраз з ліку такіх эксклюзіўных, “гарачых” навін. Тым больш, гэта не звыклае кінамастацтва і не зацяганыя тэлесерыялы, а заўсёды жывая, непрадказальная драма ці трагедыя, часта пададзеная ў прамым эфіры, па ўсіх правілах шоў-індустрыі. З іншага боку, гэта і спосаб засьвяціцца ў СМІ або “ўвайсьці” ў гісторыю для асоб, ня здольных ўзьбіцца на “жыцьцёвую вяршыню” легальнымі шляхамі. Гэткі “трамплін” для адчайных і нецярплівых, хто адным махам, “кропкавым ударам” або нечаканым учынкам марыць вырашыць свае праблемы, патрапіўшы ў героі, супермэны ці адразу — у рай. “Безумству храбрых поём мы песьню”— так расейскі класік услаўляў терарыстаў на пачатку мінулага стагоддзя. Але рамантыка тэрарызму не адзіная прычына яго росквіту ў нашыя часы.

Сярод былых аматараў “левізны” сёньня даводзіцца чуць шкадаваньні з нагоды “заўчаснай” сьмерці камунізма. Маўляў, пасьля скону апошняга вялікага міфа навейшага часу, не засталося ні воднай мары, якая б здолела пацягнуць за сабой у “лепшае заўтра” мільёны працоўных і беспрацоўных мас. Найбольш пасьпешлівыя (ці ўсё ж аптымістычныя?) аўтары абвесьцілі нават “канец гісторыі”, то бок канчатковую перамогу прагматызму, спажывізму і пафігізму. Гэтая перамога, быццам бы, падвяла рысу пад барацьбой класаў, нацый, ідэй, назаўжды пахаваўшы інтрыгу і непрадказальнасьць гісторыі. Логіка такіх разважаньняў, амаль па-марксісцку, “жалезная”: сыты і задаволены чалавек, заняты няспынным спажываньнем або калекцыяваньнем разнастайных ўражаньняў, не мае патрэбы ў войнах-рэвалюцыях і будзе пазьбягаць канфліктаў, барацьбы і любых дэструктыўных дзеяў. Але людзі аказаліся не толькі прагматычнымі homа-эканомікусамі і спажыўцамі-матэрыялістам, але і містыкамі, шукальнікам таго … чаго ня ведаюць і самі.

Чаму пілоты-ісламісты гінулі разам з сотнямі выпадковых людзей, кіруючы “боінгі” на нюёркскія  хмарачосы? Чаму Брэйвік метадычна і бязлітасна расстрэльваў безабаронных падлеткаў? Чаму просты беларускі хлопец упарта падрываў самаробныя бомбы ў людных месцах, пакуль не дасягнуў нарэшце “жаданага выніку”?  Безумоўна, у кожным з гэтых выпадкаў былі свае прычыны і матывы. Але патлумачыць іх “псіхічнымі адхіленьнямі” ніяк не выпадае — большасьць тэрактаў здзяйсьняецца здаровымі людзьмі, што канстатуюць і псіхіатрычныя экспертызы. Дык чаму? Чаго не хапае ім — абутым, апранутым і зусім негалодным? А не хапае якраз звыш-ідэі, за якую можна аддаць сваё жыцьцё або забіць іншага. Не хапае жыцьцёвага драйву, рызыкі і незвычайных эмоцый, якіх не дае сьвет спажываньня і будзённы “мурашыны тлум”. Не хапае мары, якая была б вышэй за асабістае існаваньне і сягала б далей за шэрыя далягляды. Так, тэрарысты часам тлумачаць свае ўчынкі вельмі лагічна, як спосаб дасягненьня палітычных, ідэйных ці прыватных мэтаў. Але для большасьці людзей яны застаюцца незразумелымі як дзеяньні вар’ятаў ці вычварэнцаў. Сучасны тэрарызм нагадвае пра існаваньне містычнага патэнцыяла і неўміручасьць “чорных”, іррацыянальных жаданьняў грамадзтва. Абазваць кагось “тэрарыстам” — значыць прыбіць яго да ганебнага слупа, запісаць у сілы “зла” ці ”пякельныя вырадкі”. Парадаксальна: нягледзячы на такую адмоўную рэпутацыю, прапаганду і рост выдаткаў на антытэрарыстычную барацьбу, жадаючых папоўніць шэрагі “воінаў цемры” не становіцца менш. Чаму? Напэўна, каб не асьлепнуць зусім ад “ўсяюднага непераможнага сьвятла”, што апанавала людзкі розум. Каму-нікаму хочацца часам і крыху “цемры” …

На прыканцы варта заўважыць, што тэрарызм не толькі паразітуе на целе сучаснай цывілізацыі, падкрэсьліваючы яе вартасьці і хібы, але дае надзею дзівакам і маргіналам на здзяйсьненьне іхніх “сьветлых мар”. Хай нават такімі чорнымі ды крывымі  шляхамі. І гэта цалкам у традыцыях дэмакратыі – пакідаць альтэрнатыву, не зьнішчаць пад корань усіх іншадумцаў. А таму тэрарызм, відаць, будзе існаваць столькі, колькі ў сьвеце будзе панаваць дэмакратыя, свабода і гуманізм. Гэта значыць — значна даўжэй чым мы можам сабе ўявіць.


Чытайце таксама:

Ідалы ХХІ стагоддзя: Эканоміка

Ідалы ХХІ стагоддзя: Дэмакратыя

Ідалы ХХІ стагоддзя: Свабода

Ідалы ХХІ стагоддзя: Гуманізм