Пасьпяховае разьмеркаваньне, два гады правінцыйнага жыцьця, і, можа быць праз гадоў пяць-дзесяць, льготны крэдыт як узнагарода за доўгую і добрую службу — прыкладна так, на думку беларускіх ідэолягаў, выглядае мяжа мараў нашай моладзі.

Штомесяц чытаю ў навінах аб чарговым пратэстным руху студэнтаў. То Букінгемскі палац атакуюць, то Венскі ўнівэр захопяць. А нядаўна італьянскія студэнты ўвогуле Пізанскую вежу на пару гадзін акупавалі. Беларуская моладзь, хто зь нямым зьдзіўленьнем, хто з абурэньнем і нязгодай глядзіць на гэта ўсё разявіўшы раты: «Во даюць!» Але ці здольны беларускі студэнт уявіць сябе на вяршыні той вежы ня ў якасьці турыста з мыльніцаў, а як нязгоднага, і таму актыўнага чальца супольнасьці, што пратэстуе супраць чарговай афёры?

 

Пасьпяховае разьмеркаваньне, два гады правінцыйнага жыцьця, і, можа быць праз гадоў пяць-дзесяць, льготны крэдыт як узнагарода за доўгую і добрую службу — прыкладна так, на думку беларускіх ідэолягаў, выглядае мяжа мараў нашай моладзі.

 

«Беларусь дае моладзі высокі ўзровень сацыяльных гарантый: у іх ліку — даступнасьць бясплатнай адукацыі ўсіх узроўняў, наданьне першага працоўнага месца, ільготнае крэдытаваньне жыльлёвага будаўніцтва для маладых сем’яў», — піша нядаўні выпускнік філялягічнага факультэту Гарадзенскага ўнівэрсытэта Аляксей Мацавіла. Цяпер спадар Мацавіла — кіраўнік «інтэрнэт-праекту Belarus.by», аглядальнік агенцтва БелТА.

 

Верагодна, для Аляксея Мацавілы як для супрацоўніка галоўнай дзяржаўнай навінавай агенцыі Беларусі будаўніцтва жытла не ўяўляе асаблівых праблем. Пэўна, хутка ён, усьлед за дзесяткамі іншых прывілейных супрацоўнікаў Беларускага тэлебачаньня атрымае ўтульную кватэру ў неблагім раёне сталіцы.

 

«Кватэрай хоць задаволены, господа Нідэрландскі, Качкачэнка і Лавянюк?» — пытаецца журналіст Tut.by Кастусь Лашкевіч у такіх жа як і ён нядаўніх выпускнікоў журфаку, а цяпер супрацоўнікаў найбольш адыёзных прапагандысцкіх мэдыяў Беларусі. У адрозьненьні ад іх, Кастусь выбраў шлях прафэсійнага росту і самаразьвіцьця, а не зьнішчэньня і прыніжэньня іншых — апошнія мэтады хлопцы з БТ выдатна дэманструюць кожны дзень.

 

Дзяржава прапануе канкрэтны водкуп за лаяльнасьць. У выглядзе добрых пасад у чынавенстве пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту для актывістаў БРСМ, льготных крэдытаў на жытло для выдатных ідэолягаў ці супрацоўнікам міліцыі і спэцслужбаў. Зрэшты, дастаткова проста не «ўзьнікаць», каб цыклічныя жорнавы рэпрэсіўнай машынкі не змалолі цябе разам зь іншымі «змагарамі». Не вылучацца, быць як усе.

 

«Зарэгістраваўся назіральнікам у ін’язе і інтэрнаце на Сьлясарнай. У лінгвістычным на датэрміновае галасаваньне стаяла доўгая чарга зь дзяўчынаў, — піша музыка Лявон Вольскі пра ўласны вопыт назіраньня за беларускімі выбарамі. — На пытаньне пра тое, навошта яны галасуюць раней тэрміну, сарамліва апускалі вочы й казалі пра тое, што едуць дахаты на выходныя. Будучыя афіцыянткі амэрыканскіх рэстарацыяў вырашаюць лёс краіны, а потым зьяжджаюць у капіталістычны рай…»

 

Кожны другі малады чалавек ва ўзросьце ад 20 да 24 хоча зьехаць зь Беларусі, і кожны трэці лічыць, што Беларусі патрэбная стабільнасьць. Але пры гэтым кожны пяты малады чалавек, згодна зь нядаўнімі апытаньнямі, гатовы ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. Ня так дрэнна. Але дзе ўсе гэтыя людзі?

 

«Нашы студэнты настолькі суровыя, што галасуюць на выбарах датэрмінова дзеля двух выходных дзён дома, а пасьля на два гады едуць па разьмеркаваньні», — піша мэдыяэкспэрт Віктар Малішэўскі.

 

«Ты вучысься ў дзяржаўнай установе, таму мы павінны выконваць тое, што нам спускаюць зьверху», — кажа выкладчыца аднаго зь менскіх каледжаў Ірына Пятроўна ў спробе прымусіць яго схадзіць прагаласаваць датэрмінова. Дзіўна, але частка беларускай моладзі сапраўды ўдзячная за апеку дзяржавы, за «першае [па-за дужкамі пакідаем «прымусовае»] месца працы, за цёплыя батарэі нарэшце. І гэта вынік той адукацыйнай сыстэмы, асновы якой былі закладзеныя яшчэ ў савецкія часы.

 

У гэты ж час беларуская ідэалёгія бачыць небясьпеку ў канкурэнтнай адукацыі і адсеве няздатных да навучаньне студэнтаў. Увогуле, атрымліваецца, што заходняя канкурэнтная сыстэма беларусам не падыходзіць:

 

«Адсеў слаба пасьпяваючых студэнтаў кожную сэсію там [за мяжой] у разы вышэй нашага — стаўка робіцца на тое, каб да атрыманьня дыплёму даходзілі толькі найбольш моцныя, якіх у выніку аказваецца адсоткаў 25–30 ад ліку тых, хто паступіў на першы курс», — працягвае спадар Мацавіла свае роздумы для БелТА. — «Ці гатовы наша грамадзтва да такой сыстэмы?» — пытаецца ідэоляг.

 

Беларуская адукацыя, лёгка падхоплівае школьніка, каб ператварыць яго ў паслухмянага студэнта, каб пасьля зрабіць зь яго лаяльнага маладога спэцыяліста з вызначаным сьпісам спажывецкіх запытаў і незайздросных мараў. Канкурэнцыя, ініцыятыва — усе гэта абмінае большую частку беларускага студэнцтва. Можа быць, у гэтым у тым ліку хаваюцца карані пасіўнасьці беларускіх студэнтаў?

 

Мне цяжка сказаць, да чаго зараз гатовая беларуская моладзь. Экспэрты кажуць, што «на сваю будучыню, прынамсі, матэрыяльна-эканамічную, многія маладыя людзі глядзяць з большым пэсымізмам, чым старэйшае пакаленьне». Пакуль толькі адзінкі здольныя вырвацца з заганнага кола сансары беларускай рэчаіснасьці. Часьцей за ўсё, на жаль, праз унутраную ці сапраўдную эміграцыю.

 

Ці знойдзе калі-небудзь беларуская моладзь сваю Пізанскую вежу, каб узяць над ёй верх? Хочацца верыць.