Ажно з канца мінулага года пераважнай большасці абвінавачаных у справе Плошчы, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, не дазваляюць сустрэцца з адвакатамі. У сем’ях палітвязняў нічога не ведаюць нават пра здароўе сваіх блізкіх.

Жонка Змітра Бандарэнкі збірае яму перадачы і піша лісты. На выбарах Зміцер быў даверанай асобаю кандыдата Андрэй Саннікава. Цяпер абодва ў СІЗА КДБ. Ці прапусцяць за краты хоць штосьці з перадаванага і як пачуваецца зняволены – невядома. Зваротнай сувязі няма.

ВОЛЬГА БАНДАРЭНКА, ЖОНКА ЗМІТРА БАНДАРЭНКІ:

«Я ўвогуле не ведаю, што з ім. Хаця б даведацца, ці ён жывы, і ўсё».

Сваякі разам з адвакатамі пішуць скаргі. Так, толькі сёння жонка экс-кандыдата Вольга Някляева накіравала заявы кіраўніку КДБ, міністру юстыцыі, пракурору Менску і ў Менскі гарадскі суд. Сутнасць зваротаў: КДБ пазбавіла абвінавачаных права на абарону, бо не пускае да іх адвакатаў.

ТАМАРА СІДАРЭНКА, АДВАКАТКА У. НЯКЛЯЕВА:

«Тройчы пісалі скаргі, па першых днях яшчэ, у снежні 2010-га, у Генеральную пракуратуру рэспублікі. Праз нейкі час я атрымала адказ, што скаргі перанакіраваныя ў пракуратуру гораду Менску».

А пракуратура Менску прапаноўвае скардзіцца ў сам КДБ і агучвае знаёмае да болю «ў выніку праверкі парушэнняў не знойдзена».

СЯРГЕЙ БАРЫСЕНКА, ПРАКУРАТУРА Г. МЕНСКУ:
«Усе асобы, затрыманыя па гэтай крымінальнай справе ў якасці падазраваных, органам крымінальнага пераследу забяспечаныя адвакатамі і іх права на абарону захаванае».

Аднак толькі адвакатка Сяргея Вазняка, даверанай асобы Някляева, можа пахваліцца, што бачыла свайго падабароннага. Яе – толькі на следчыя дзеянні – выклікалі самі камітэтнікі. Але чаму не пускаюць адвакатаў да астатніх?

ВАЛЯНЦІН СТЭФАНОВІЧ, ПРАВААБАРОНЦА:

«Мы бачым, што ўлады вельмі занепакоеныя тым, што гавораць адвакаты, не пра матэрыялы справы, а пра стан здароўя і ўмовы, ў якіх знаходзяцца іх падабаронныя».

СВЯТЛАНА ЛЯБЕДЗЬКА, ЖОНКА АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКІ:

«Я лічу, што гэта свайго роду калі не фізычныя, але псіхалагічныя катаванні. Ня толькі іх, хто знаходзіцца за кратамі, але, ў тым ліку, і сваякоў»

І жонка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і іншыя сваякі арыштаваных мала спадзяюцца на закон, разлічваючы больш на салідарнасць і ўзаемную дапамогу.

 

 

community.livejournal.com/minsk_by