Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі ў люстэрку анкетавання студэнтаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

У назвах многіх навуковых прац, прысвечаных моўнай сітуацыі ў Беларусі, прысутнічае слова білінгвізм ці яго аналаг — дзвюхмоўе. У шэрагу даследаванняў мы знаходзім спробы класіфікаваць білінгвізм у нашай краіне — як факт. Але, хоць гэта, можа, і будзе занадта катэгарычна, хочацца выказаць сумнеў адносна таго, ці не існуе яно (дзвюхмоўе) толькі ў загалоўках артыкулаў? Пачынаючы вывучаць сучасную моўную сітуацыю ў Беларусі, даследчык трапляе ў пэўную «цьмянасць», у якой няма дакладнага вызначэння дадзенай праблемы, а ёсць, наадварот, супярэчлівасці ў яе інтэрпрэтацыі. Напрыклад, публікацыя Ліліі Выгоннай мае назву «Псіхалінгвістычныя аспекты беларуска-рускага білінгвізму»[1], і гэта пры тым, што ў дадзеным артыкуле мы сустракаем рэальнае апісанне прычын звужэння выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім і штодзённым жыцці беларусаў, і пры тым, што першая фраза ў артыкуле гучыць так: «Ужыванне тэрміна дзвюхмоўе ў адносінах да беларускай сітуацыі без дадатковага вызначэння яго спецыфікі не з’яўляецца апраўданым». Паводле слоў аўтара выходзіць, што калі выявіць дадатковую спецыфіку, то выкарыстанне тэрміна «дзвюхмоўе» стане прымальным (?). Яно ж, дзвюхмоўе, апісана і кваліфікавана, напрыклад, у артыкуле Людмілы Чумак «Да тыпалогіі білінгвізму ў Беларусі ў пачатку ХХІ стагоддзя»[2], а таксама ў шэрагу іншых публікацый. Аналізуючы, аднак, гэтыя класіфікацыі на падставе моўнай сітуацыі ў Беларусі, можна меркаваць, што яго (дзвюхмоўя) зусім няма, што гэта міф, міраж, ілюзія. Звернемся да азначэння з ужо згаданага артыкула Л. Чумак:

Дзвюхмоўе — гэта ўменне, навык, які дазваляе чалавеку ці народу ў цэлым, альбо яго частцы карыстацца вусна ці пісьмова дзвюма рознымі мовамі ў залежнасці ад сітуацыі і дабівацца ўзаемнага разумення ў працэсе зносін.

Далей у гэтай самай публікацыі да пачатковай характарыстыкі дадаюцца наступныя звесткі пра дзвюхмоўе: яно не азначае «аднолькавага свабоднага валодання рознымі мовамі», аднак з’яўляецца дастатковым «для ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў у працэсе працоўнай і грамадскай дзейнасці».

Імгненна ўзнікае цэлы шэраг пытанняў. Карыстацца ў якой ступені? Калі грамадзяніну для ўзгодненых дзеянняў з іншымі грамадзянамі дастаткова валодання, напрыклад, рускай мовай, а для кансалідацыі з нейкай грамадскай ці дзяржаўнай структурай неабходна ўмець запоўніць пэўную форму афіцыйнай паперы на беларускай мове, ці сапраўды гэты грамадзянін можа лічыць сябе білінгвам? Калі мы зрэдку чуем у грамадскім транспарце беларускую гаворку, ці павінны мы называць гэта гучным словам «білінгвізм»? Сумнеўна. Можа быць, як гэта ні прыкра, належыць вызначыць моўную сітуацыю ў Беларусі хоць бы так: моналінгвізм пры перыядычным выкарыстанні іншай (нацыянальнай) мовы? Гучыць зневажальна для большасці беларусаў, але, нам падаецца, такая характарыстыка бліжэйшая да рэальнасці.

Тут варта сказаць і пра зваротны бок праблемы. У многіх працах гаворыцца не проста пра білінгвізм, а пра беларуска-рускі білінгвізм (дзвюхмоўе). Гэта трохі дзіўна, бо «сам тэрмін “беларуска-рускае дзвюхмоўе” абумоўлівае веданне індывідуумам рускай мовы ў якасці другой (мовы)» (Іван Роўда)[3], а даўно ўжо агульным месцам стала для большасці публікацый апошняга часу сцвярджэнне «мажарытарнага» характару рускай мовы і «мінарытарнага» характару мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь (Аляксандр і Алена Лукашанцы)[4]. Толькі ў некаторых працах[5] мы сустракаем выразы «руска-беларускі» і «руска-нацыянальны білінгвізм», што больш адпавядае рэальнай сітуацыі (калі не прымаць пад увагу некатэгарычнасць (г. зн. сумнеўнасць) самога паняцця «білінгвізм» у дачыненні да моўнай сітуацыі ў Беларусі.

[1] Выгонная Л. Ц. Псіхалінгвістычныя аспекты беларуска-рускага білінгвізму // Беларуская лінгвістыка. Вып. 45. Мінск, 1996. С.10—14.

[2] Чумак Л. Н. К типологии билингвизма в Беларуси в начале ХХI в. // Язык и социум: Материалы V Международной научной конференции, Минск, 6—7 декабря 2002 г. В 2-х ч. Ч.1. Минск, 2003. С. 86—91.

[3] Ровдо И. С. Типология двуязычной коммуникации в Беларуси // Язык и социум… С. 62—65.

[4] Лукашанец А. А., Лукашанец А. Г. Беларуская мова ў сучасным горадзе (Сацыялінгвістычны аспект) // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. Мінск, 1998. С. 64—68.

[5] Траханкина Т. А. Языковой облик современного белорусского города // Язык и социум… С.109—114; Чумак Л. Н. Социолингвистические аспекты билингвизма и билингвального образования в Беларуси // Личность. Слово. Социум: Материалы 2 научно-практической конференции, Минск, 17—19 апреля 2002 г. Минск, 2002. С.129—134.


Віктар Конлех — філолаг, выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.


Цалкам артыкул можна прачытаць у “ARCHE» № 1-2 за 2015 год.