У Расеі, як вядома, цяпер лютуе моцны эканамічны крызіс, які не прамінуў ніводнай сфэры жыцьця. Вось і вымушаныя бравыя расейскія ваякі, каб хоць як зьвесьці канцы з канцамі, перакваліфікавацца ў казачнікі. Калі ж ва ўласнай арміі стан справаў далёкі ад казачнага (і гэта ўсе расейцы добра ведаюць), то можна хоць памарыць, што, як у той песьні пяецца, «есть за горами, за лесами маленькая страна»…

Ёсьць такі цудоўны савецкі анэкдот:

Выхавальніца ў дзіцячым садку гаворыць дзеткам:

 

— У Савецкім Саюзе кожны сытна есьць і прыгожа апранаецца. У Савецкім Саюзе людзі жывуць у выдатных кватэрах. Ва ўсіх дзяцей у Савецкім Саюзе шмат прыгожых цацак…

 

Вовачка зарумзаў:

 

— Я хачу ў Савецкі Саюз!…

Відаць, падобнай рэакцыі можна было б чакаць і ад Зьмітра Жалезьнічэнкі, Франака Вячоркі, Зьмітра Хведарука, Івана Шылы ды іншых маладых беларусаў, якія пры першай магчымасьці ахвотна саступілі б чаргу на аддачу свайго ганаровага доўга Радзіме іншым суайчыньнікам, каб яны пачыталі артыкул аднаго расейскага палкоўніка-журналіста зь «Независимого (?) военного обозрения». Тэкст артыкулу — ТУТ.