Канстытуцыйны суд Беларусі, разгледзеўшы прапанову каардынатара кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігара Случака аб тым, каб заканадаўча замацаваць праверкі ведаў суддзямі дзвюх дзяржмоваў — беларускай і расійскай, не знайшоў падстаў для яе ўкаранення. У сваёй пастанове суд спаслаўся на аналіз нормаў Канстытуцыі, розных кодэксаў і законаў.

Канстытуцыйны суд стаў адзінай установай, якая разгледзела прапанову Ігара Случака. З іншых беларускіх судоў, пракуратуры і міністэрства юстыцыі, на адрас якіх актывіст накіраваў аналагічныя прапановы, прыйшлі паведамленні, што дадзенае пытанне ўрэгулявана, і ўдасканалення працэдуры ведання суддзямі беларускай мовы не патрабуецца, перадае БелаПАН.

«Тое, што Канстытуцыйны суд на працягу двух месяцаў вывучаў гэтае пытанне, усё ж пакідае надзею, што пытанне вырашыцца станоўча. Будзе складзены дадатковы зварот, дзе будзе прапанавана даць канкрэтны адказ на канкрэтны пытанне, паколькі ў папярэднім звароце былі ўказанні на канкрэтныя прабелы ў заканадаўстве, але яны былі абыдзены ўвагай», — адзначыў Ігар Случак.

telegraf.by