Уводзіны да выдання Матывацыя супраціву. Кніга апытанняў.

Ідэя гэтага праекта прыйшла мне ў галаву адразу пасля падзей сакавіка 2006 года ў Мінску. Выбух грамадзянскай актыўнасці на прэзідэнцкіх выбарах, які застаўся ў гісторыі як «Плошча» і які я калісьці наіўна акрэсліў як пачатак рэвалюцыі духу ў беларускім грамадстве, на нейкі час выглядаў як прарыў з раўнавагі лукашэнкаўскай аўтарытарнай сістэмы. Выглядала, яна навечна скансалідавала тую самую «стабільнасць», на якую моляцца прыхільнікі ця­перашняй улады і якую клянуцца абараніць, не шкадуючы жывата свайго, яе бенефіцыяры. Маральны супраціў, які справакавалі шалёныя рэпрэсіі амаль па другім законе Ньютана, здавалася б, быў адказам на пытанне, якім чынам дама­гацца зменаў у Беларусі. Не праз стратэгічную каардынацыю знешніх гульцоў, не праз дробнае палітыканства і паляванне за медыянным выбаршчыкам на бессэнсоўных выбарах, а праз пабудову маральных барыкад, выразных ліній супрацьстаяння паміж дабром і злом, і актывацыю чалавечага сумлення. Каб яно стала падмуркам таго змагарскага духу, які так і не змог растаптаць АМАП і спецназ. Нас тады было мала, але мы верылі, што зможам дамагчыся многага – абы не згас той абуджаны дух.

Але за святам (нават часамі крывавым) маральнага супраціву вельмі хутка прыйшлі сумныя будні. Запал актывістаў хутка сышоў на нішто, энергія і бад­зёрасць змяніліся апатыяй і руцінізаванай безнадзейнасцю, багата хто з’ехаў у эміграцыю знешнюю, яшчэ больш сышлі ў эміграцыю ўнутраную. Палітыкі ж павялі сябе так, што лінію дабра і зла ўжо час быў праводзіць паміж імі самімі. Стала зразумела, што Плошча, выбуховыя палітычныя падзеі – гэта толькі кульмінацыя пэўных грамадскіх працэсаў, якія ствараюць падмуркі для рэвалюцыі духу, але ніяк не іх каталізатар. Ужо ў сярэдзіне 2006 года навідавоку стаў рэзкі спад грамадзянскай актыўнасці, фактычнае замарож­ванне альтэрнатыўнага жыцця. Яно стала пакрысе прабуджацца толькі з пачаткам апошняй квазілібералізацыі і аслабленнем дзяржаўнага прэсінгу на незалежнае грамадства.

Для мяне было відавочна, што калі грамадскае жыццё будзе падпарадкоўвацца жыццю палітычнаму і працякаць, як трапна заўважыў Алесь Анціпенка, ад выбараў да выбараў, то на такія трох- ці чатырохгадовыя правалы мы асуджа­ны яшчэ на дзесяцігоддзі і лукашэнкаўская сістэма будзе хутка прыходзіць у раўнавагу пасля кароткачасовых узрушэнняў. Зразумела і іншае – людзям, якія прыходзяць да грамадзянскай дзейнасці, патрэбныя нейкія новыя, іншыя сэнсы і мэты, акрамя таго, каб чатыры-пяць год рыхтавацца да новай Плошчы (гэтыя радкі я пішу акурат 19 снежня 2010 года, калі вось-вось выбухне новая Плошча).

Але аб усім па парадку. Гэтаксама як звужэнне грамадзянскай актыўнасці да палітычнай не давала адказаў на пытанне, як падтрымаць агеньчык гра­мадскага жыцця і маральнага супраціву, заводзіла ў тупік і засяроджванне на праблематыцы няўрадавых арганізацый як цэнтральнага пункта грамадзянскай супольнасці. Мае калегі і сябры, якіх можна назваць прафесійнымі НДАшнікамі (без усялякіх адмоўных канатацый), з Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый, Адукацыйнага цэнтра «Пост» правялі шмат даследаванняў з мэтай падвышэння прафесійнасці і выніковасці дзейнасці грамадзянскага сектара, успрымання яго грамадствам, магчымых варыянтаў дзяржаўна грамадскага супрацоўніцтва. Я сам браў удзел у гэтых даследаваннях. Сектар НДА, паводле звестак даследаванняў, што я апрацоўваў, апынуўся паміж дзвюма парадыгмамі, прычым багата арганізацый імкнуліся следаваць абедзвюм. Адну парадыгму – умоўна назавём «змагарскай» (пратэсныя НДА, жорстка арыен­таваныя на змену «крывавага рэжыму»). Другая парадыгма – «сабесаўская» (НДА, якія імкнуцца прадастаўляць нейкія паслугі мэтавым групам, часцяком павышаючы спажывецкія і ўтрыманскія настроі ў грамадстве). Вельмі няшмат было арганізацый, якія, як гэта ні парадаксальна гучыць, ставілі б не вялікія і альтруістычныя мэты, а больш лакальныя, зразумелыя. Чаму НДА мусіць быць абавязкова прафесійнай і ўпакаванай па апошняй модзе ўсімі рэсурсамі і шта­там? Чаму грамадзянская дзейнасць мусіць быць прафесіяй, а не хобі? Чаму яны мусяць служыць іншым, а не сабе ды сваім сябрам? Гэтыя пытанні накладаліся на ўспаміны пра пэўныя кніжныя веды, асабліва пра тое, як паўставалі масавыя пратэсныя і нацыянальныя рухі па ўсім свеце. Іх цэнтрамі былі не прафесійныя НДА, а маленькія асацыяцыі добраахвотнікаў, якія выконвалі простыя задачы дзеля сваіх сяброў. Колькі нацыянальных рухаў паўстала з харавых гурткоў і таварыстваў аховы помнікаў! Колькі паспяховых палітычных партый – са спартовых таварыстваў! Колькі сацыяльных плыняў – з простых таварыстваў узаемадапамогі! А колькі – і таго, і другога, і трэцяга – гуртавалася першапачат­кова вакол маленькіх царкоўных суполак!

Базавая адзінка грамадзянскай супольнасці – не НДА, а чалавек! Чалавек з яго патрэбамі, якія не зводзяцца да матэрыяльных праблем, а ўключаюць самарэалізацыю, пашырэнне далягляду, набыццё новага досведу, імкненне пабачыць свет, атрымаць адукацыю і г.д. Гэтаксама як мэты грамадзянскага актывіста могуць быць нашмат шырэйшымі і больш разнастайнымі, чым звяр­жэнне «злачыннага рэжыму». І каб вызначыць, ці адпавядае грамадзянскі сектар патрэбам сваіх чальцоў, перш-наперш трэба адказаць на пытанне – а што гэта за патрэбы? Што матывуе людзей быць актыўнымі, заангажаванымі, неабыякавымі? Якія найбольш тыповыя шляхі прыходу да грамадзянскай актыўнасці?

Гэта было першае кола пытанняў, праз якія паўстаў праект «Матывацыя супраціву». Праект быў рэалізаваны цягам 2010 года пад навуковым кіраўніцтвам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і пры саўдзеле Мінскай аналітычнай групы, часопіса «ARCHE» і газеты «Наша Ніва». Структура праекта простая – намі было праведзена больш за тры дзясяткі інтэрв’ю з найбольш тыповымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Маленькая выбарка не прэтэндуе на рэпрэзентатыўнасць, а адказы на пытанні ў разгор­нутых інтэрв’ю – на статыстычную валіднасць. Нашай задачай было высветліць найбольш тыповыя матывы і погляды, стаўленні і адчуванні, зразумець найбольш базавыя ўзаемасувязі паміж выхаваннем, адукацыяй, жыццёвым досведам і гра­мадзянскай актыўнасцю і, у сваю чаргу, паміж ёй і іншымі аспектамі прыватнага, грамадскага і прафесійнага жыцця.

Абапіраючыся на гэтую вельмі немудрагелістую метадалогію, мы хацелі кінуць свежы позірк на грамадзянскую супольнасць. Зразумеўшы найбольш тыповыя матывы і ўзаемасувязі, што вядуць чалавека да неабыякавасці, мы імкнемся вызначыць магчымыя перспектыўныя шляхі нарошчвання грамад­зянскай субкультуры, шляхі, якія выходзяць за рамкі нашых меркаванняў пра грамадзянскі сектар як тэрыторыю палітычнага змагання, ці, наадварот, адмысловы такі сабес, шляхі, якія ідуць праз мазгі і сэрцы саміх грамадзян, саміх беларусаў.

Ставячы пытанні пра матывацыю і шляхі да супраціву, мы зыходзілі з пэўных гіпотэз. Беларусь успрымаецца даследчыкамі і актывістамі як краіна з крайне нізкім узроўнем «жывых» грамадзянскіх традыцый і палітычнай культуры актыўнага ўдзелу (participatory political culture), як краіна, дзе падпарадкаван­не асобы дзяржаве з’яўляецца нормай, а прынцып «мая хата з краю» дамінуе нават сярод прасунутых колаў грамадства. У гэтых умовах грамадзянская супольнасць можа паўставаць толькі праз унутраны пратэст, які вырастае з асэнсавання ўласнай адрознасці ці імкнення стаць адрозным. Да такога пратэ­сту падштурхоўвае нетыповы для паспалітага грамадзяніна жыццёвы досвед (набыты пры адносінах з пэўнымі людзьмі – такімі ж «белымі варонамі» або дзякуючы камунікацыі з іншымі грамадствамі і культурамі) або, як гэта ні пара­даксальна, уласныя традыцыі ў кантэксце карпаратыўнай дзяржавы, дзе была пэўная прастора для так званага «актывізму».

Што ж паказала даследаванне? Ці з’яўляюцца грамадскія актывісты «белымі варонамі»? Ці іх выбар – неабыякавасць, актыўны ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці, здольнасць рызыкаваць і ахвяраваць, – ёсць наступствам пэўных асабістых псіхалагічных рыс, пэўных праяў характару, інстынктыўнага жадання «паплыць супраць цячэння»? Ці значыць, што некаму з нас наканавана нарадзіцца актывістам і змагаром, а некаму – цынікам і прыстасаванцам? Ці справа ў тым, што, па словах аднаго з удзельнікаў даследавання, неабыякавасць – «гэта асаблівы склад асобы, псіхатып чалавека»? Адказы грамадзянскіх актывістаў далі падставу меркаваць, што галоўны чыннік, які прыводзіць іх да грамадзянскай актыўнасці, усё ж вонкавы, і такі чыннік працуе нават у грамадстве, дзе традыцый грамадзянскага жыцця не так шмат.

Гэты чыннік адлюстроўвае вынікі больш шырокіх даследаванняў пра фак­тары фармавання палітычнай культуры, якіх багата праведзена ў сусветнай паліталагічнай і сацыялагічнай традыцыях. Напрыклад, уплывовыя даследаванні пад кіраўніцтвам Рональда Інглегарта выявілі феномен «фарматыўнага ўзросту»: палітычныя (і не толькі) каштоўнасці і погляды і стаўленні да жыцця склада­юцца ў чалавека ў перыяд, калі ён пераходзіць з дзіцячага ў дарослы ўзрост, задумваецца пра выбар шляху жыцця, прафесіі, прымае нейкія рашэнні, якія накіроўваюць яго на далейшы шлях у жыцці, які пасля цяжка перамяніць (як пры выбары каляіны на развілцы). Мары, планы, каштоўнасці, густы, эмоцыі, што авалодваюць маладым чалавекам, потым вызначаюць яго выбар, схільнасці, пазіцыю на працягу жыцця. Чалавек можа змяніць свой modus vivendi пад уплы­вам абставінаў (калі стварае сям’ю, робіць кар’еру, прымае іншыя сацыяльныя абавязкі), але застацца сацыяльна актыўным і неабыякавым.

<!** Title> <!** EndTitle>У Беларусі, як, мабыць, і на значнай частцы постсавецкай прасторы, гра­мадзянская супольнасць прырастала хвалямі, фарматыўны ўзрост якіх супадаў з ключавымі падзеямі ў жыцці грамадства, якія мянялі светапогляд цэлага пакалення. Таксама як пакаленне шасцідзясятнікаў «ажыло» і мела свой другі шанец у канцы васьмідзясятых, шчасце (ці няшчасце) нарадзіцца ў цікавы час паўплывала і на тое, як прыходзілі ў грамадзянскі сектар беларусы. Абсалютная большасць апытаных актывістаў прыйшлі да актыўнай грамадскай дзейнасці пад уплывам вызначальных для лёсу краіны падзей. Можна акрэсліць тры пакаленні, фарматыўны ўзрост якіх прыпаў акурат на такія пікавыя перыяды:

 

Калі?

 

Хваля 1

 

Пакаленне перабудовы (часта ўзгадваецца як пакаленне «Талакі», але яно нашмат шырэйшае). Гэтае пакаленне «зарадзілася» энергіяй хуткіх, збольшага нечаканых, фантастычных зменаў, што адбыліся ў краіне цягам некалькіх гадоў пасля доўгай паласы стагнацыі. Ментальна гэтыя людзі засталіся ў часе зменаў, і, нават калі на змену перабудове і незалежнасці прыйшла лукашэнкаўская «стабільнасць», яны не здаліся і працягвалі «чакаць калядаў», паўтарэння таго шыкоўнага ў палітычным плане фарматыўнага досведу.

«Калі я закончыў сярэднюю школу, скончыў жыццё Савецкі Саюз. 1991 год, вучоба у Менску, самастойнасць, бурнае палітычнае жыццё ў новай незалежнай краіне краіне – гэта моцна ўплывала».

«Аднойчы летам 1990 года я паехаў у Мінск на свята, якое ладзіў БНФ у скверы Я. Купалы. Пасля яго вяртаўся ў Карэлічы са стосам газет, часопісаў, кніг, з бела-чырвона-белым сцяжком ды гербам «Пагоня».

«Пачатак маёй актыўнай дзейнасці прыпаў на канец 80-х гадоў. Тады ўплываць на працэсы, што бурна працякалі ў грамадстве, было надзвычай проста».

Хваля 2

Другая хваля – гэта так званае «пакаленне «Маладога Фронту», моладзь (цяпер, праўда, і не зусім моладзь), якая сфармавалася ў кантэксце першых гадоў незалежнасці і адказала супрацівам на рэстаўрацыйную палітыку прэзідэнта Лукашэнкі. Гэтая хваля пацярпела балючую паразу, аднак, ізноў-такі, засталася ў грамадзянскім сектары, не ў першую чаргу, таму што не верыла, што лука­шызм пратрымаецца доўга. У грамадзянскай субкультуры ім, аднак, давялося затрымацца найдаўжэй.

«У 1996 годзе з’явілася магчымасць страты Беларуссю незалежнасці ў выніку «інтэграцыі» з Расеяй. Пайшоў на мітынг, арганізаваны каля белару­скай амбасады ў Маскве Таварыствам беларускай культуры імя Францішка Скарыны. Так усё і пачалося».

 

«Пасля рэферэндуму 1995 года я моцна «пакрыўдзіўся» на ягоныя вынікі і вырашыў, што пасля ўніверсітэта ў 1996 годзе пайду ў БНФ».

«Моцна на маё станаўленне як асобы, лідара, паўплывала менская вяс­на 1996-га, калі здавалася, што наш нацыянальны рэванш непазбежны, на акцыі са школы на Паўднёвым Захадзе я спакойна выводзіў 10–15 чалавек аднадумцаў. На той момант, прынамсі, у сталіцы гэта быў сапраўдны ўздым, на мітынгах 96-га я акрыляўся верай, адчуваў салідарнасць і сапраўднае нацыянальнае адзінства».

Хваля 3

 

Гэта пакаленне Плошчы 2006 года (у гэтай кнізе яно найменш прадстаўлена). Тут назіраецца якраз адваротная тэндэнцыя. Згасанне агню маральнага супраціву адбылося вельмі хутка, расчараванне і безнадзей­насць вярнуліся, і да грамадзянскай дзейнасці прыйшлі хіба тыя, хто ўжо быў у яе ўцягнуты да падзеяў 2006 года.

«10 сутак» на Акрэсціна ў 2006 годзе пацвердзілі, што не ўсё можа быць так і тады, калі хочаш».

 

Фактар фарматыўнага ўзросту прыводзіць да важнай высновы: нават буйныя палітычныя няўдачы, калі яны разварушылі грамадства, маюць для яго важныя доўгатэрміновыя наступствы. У такія пікавыя падзеі чалавеку прасцей зацікавіцца палітыкай і грамадскім жыццём, а зацікаўленаму чалавеку – нашмат прасцей знайсці аднадумцаў і паплечнікаў. Таму з пытаннем «калі» звязана і пытанне, «як» чалавек прыходзіў да грамадзянскай дзейнасці.

Як?

Варыянт 1. Сябры і знаёмыя

Тут важным чыннікам з’яўляецца, скажам так, «блізкасць да арэала змагар­ства». Грамадзянская супольнасць папаўняецца метадам снежнага камяка – там, дзе ўзнікаюць асяродкі грамадзянскай актыўнасці (а ўзнікаюць яны, як правіла, у пікавыя моманты), незаангажаванаму чалавеку прасцей знайсці аднадумцаў або проста новых сяброў, якія прапануюць яму іншы, непадобны да яго будзённага досвед. Акурат таму шмат з апытаных адказвалі на пытанне «чаму Вы сталі грамадзянскім актывістам, а Вашы аднакласнікі – не?» у такім стылі : «Якраз мае аднакласнікі грамадзянскімі актывістамі і былі». Але, зноў-такі, падлетку-старшакласніку прыйсці да грамадзянскай актыўнасці ў 1990 ці 1996 годзе было нашмат прасцей, чым у, скажам, 2002-м…

«Мы выхоўваліся ў часы перабудовы, і, калі гэта ўсё пачало адбывацца ў краіне, школе, мы вельмі цікавіліся ўсімі працэсамі. Часам нават зрывалі школьныя ўрокі, бо настаўнікі расказвалі адно, а ў газетах пачыналі пісаць зусім іншае».

«З ліцэістаў, з якімі навучалася разам, якраз шмат хто займаецца грамадскай дзейнасцю і ў Беларусі, і за мяжой».

«Грамадскай дзейнасцю мы займаліся ўсе ў класе – я заканчвала ліцэй №1 г. Брэста ў год, калі быў першы рэферэндум па Канстытуцыі».

«Хаця першая мая грамадская актыўнасць праявілася падчас удзелу разам з аднакурснікамі ў першых Дзядах. З таго ўсё пачалося. Гэта былі студэнцкія гады».

«Аднойчы сябра запрасіў мяне на мітынг апазіцыі. Потым быў яшчэ досыць цікавы семінар па паліталогіі. А з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў стала зра­зумела, што магу сам паўплываць на змены ў нашай краіне».

Варыянт 2. Бацькі і сваякі

Другі, менш часты спосаб уваходу ў грамадскае жыццё – праз бліжэйшае атачэнне, бацькоў і сваякоў. Але гэта шлях тых, каму пашчасціла (ці не пашчасціла) нарадзіцца ў сям’і неабыякавых, прасунутых, грамадзейскіх людзей, тых, хто ўжо стаў суб’ектам грамадзянскай супольнасці. Такіх – выразная меншасць, але менавіта з такіх паўстаюць цэлыя дынастыі заангажаваных людзей, якія перада­юць з пакалення ў пакаленне тыя самыя «habits of the heart», звычкі душы, што ствараюць аснову дэмакратычнай субкультуры.

«З дзяцінства мне гаварылі і вучылі бацькі, што я павінен усё ў жыцці рабіць не проста так, а з пэўнай мэтай, каб пакінуць добры след… Гэта ўсё прывяло да таго, што, калі я вучыўся ў школе, я быў як бы «белай варонай» між сваімі аднакласнікамі».

«Аднак найпершы штуршок ці спрыяльную глебу да грамадскай актыўнасці дало выхаванне дома ў вялікай сям’і. Бацькі з дзяцінства ўкладалі нам у галаву важнасць развівацца, ісці да пастаўленых мэтаў, адказваць за свае рашэнні з ранняга ўзросту, не мірыцца з несправядлівасцю і падтрымліваць слабейшых за цябе».

Варыянт 3. Уласныя пошукі

 

Трэці тыповы шлях да грамадзянскай актыўнасці – гэта шлях тых, хто кажа, што іхны выбар на карысць грамадскай дзейнасці – гэта выклік асяроддзю. Гэта людзі, якія, растварыўшыся ў мэйнстрыме карпаратыўнага грамадства, часцяком не могуць знайсці пляцовак, за якія яны змаглі б зачапіцца, каб весці «жыццё іншых».

«Я паступіла ва ўніверсітэт, але пачувалася самотнаю і разгубленаю. А таксама мела жаданне прыкласці да нечага свае сілы. І тады мае аднакласнікі распавялі мне, што выпадкова даведаліся пра існаванне Задзіночання беларускіх студэнтаў».

 

«У 1996 годзе я вучыўся ў 8-м класе і на той момант ужо меў выразны погляд на тое, што адбываецца ў краіне. Аднак не меў, на жаль, паразумення на той час з роднымі ў сваіх поглядах. У маленькім вайсковым гарадку пад Баранавічамі знайсці сяброў, якія б падзялялі мае погляды, таксама было складана. У выніку большасць свайго вольнага часу я сядзеў у баранавіцкай бібліятэцы, чытаючы падшыўкі газет».

Варыянт 4. «Таквілеўска-Путнамаўская» грамадзянская супольнасць

Нарэшце, троху людзей прыйшлі да грамадзянскай дзейнасці праз найбольш распаўсюджаныя ў цывілізаваным свеце каналы сацыялізацыі, якія не звязаныя наўпрост з палітычнай дзейнасцю, – краязнаўства, вольны час. Іх шлях у чымсьці падобны да шляху трэцяй катэгорыі – да грамадзянскай актыўнасці часцей за ўсё прыводзіць выпадак.

«Вярнуўся я да актыўнасці даволі нечакана. Гэта звязана з захапленнем спортам. Прыкладна ў 1996 годзе я сустрэў свайго сябра, з якім на той час не бачыўся гады тры. Ён запытаўся, дзе я гуляю ў футбол, і запрасіў гуляць з імі. Я прыйшоў. А там гулялі Анатоль Лябедзька, Яраслаў Раманчук, Віктар Ганчар ды іншыя».

 

«Пасля першага курса было шмат вольнага часу, надта не хацелася ісці, на­прыклад, у аўташколу. Але было вялікае жаданне рабіць штось карыснае. Сябры ездзілі ў дзіцячы дом і ў Бараўляны. Адзін раз з’ездзіла, неяк адчула, што я гатовая паехаць яшчэ раз. Потым яшчэ».

Сярод матывацыйных фактараў, што падштурхоўваюць чалавека да грамадзянскай дзейнасці, выразна выдзяляецца чыннік клопату пра нацыя­нальныя каштоўнасці, мову і культуру. Гэтаксама ж знаёмства з беларушчынай і зацікаўленасць ёй правакуе чалавека на больш шырокую, разнастайную грамадзянскую дзейнасць. Гэтая ўзаемасувязь нацыянальнага з грамадзянскім сама сабою вартая дадатковага, больш глыбокага даследавання, асабліва ў рэ­чышчы разваг некаторых аналітыкаў пра супярэчнасць паміж моўна-этнічным і грамадзянскім нацыяналізмам. Нацыя легітымізуе грамадзянскую суполь­насць, стварае прастору для дзейнасці, прапануе цэлы шэраг актыўнасцяў (грамадскіх, культурных), якія даюць магчымасць заангажавацца любому. У беларускіх умовах нацыя лепш за іншыя чыннікі выхоўвае пачуццё ўласнай адказнасці за пэўныя рэчы (тую ж мову), калі чакаць падтрымцы ў справе яе за­хавання няма ад каго і калі ад уласных дзеянняў залежыць шмат. Нацыянальныя героі, міфы, легенды задаюць узоры, да якіх людзі пачынаюць цягнуцца і па якіх пачынаюць «мераць сваё жыццё». Цікава, што некаторыя творы нацыянальнай літаратуры (тыя ж «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча) грамадзянскімі актывістамі ўзгадваліся неаднаразова.

З «ненацыянальна-заклапочанай» часткі грамадзянскай супольнасці выдзя­ляюцца рамантыкі-касмапаліты – тыя, хто выгадаваўся пад уплывам класічных твораў сусветнай літаратуры, з якой браў сваіх рыцараў і герояў. Кажучы пра нацыянальны чыннік грамадзянскай актыўнасці, ключавую ролю тут адыгры­ваюць знакавыя асобы, з якімі актывісты сустракаліся на працягу жыцця і якія іх «навярталі» ў беларушчыну.

«Я шмат чытаў у дзяцінстве, думаю, гэта і пакінула нейкі след у душы. Памя­таю, як быў уражаны аповесцю Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Потым прачытаў «Каласы пад сярпом тваім» і пачаў разумець, што такое

 

Беларусь – не рэспубліка ў СССР, а амаль што казачная краіна, дзе даўней жылі незвычайныя героі-людзі».

«А ўвогуле мне заўсёды падабаліся лёгкія гістарычныя раманы Скота, Дзюма. Розныя прыгоды і гэтак далей. Ва ўсіх гэтых творах, як бы тое смешна ні гучала, захоўваўся нейкі рыцарскі дух, дух сяброўства, узаемадапамогі. А для большасці з нас гісторыя Беларусі была адкрыццём. Вось нешта з тых раманаў хацелася перанесці на нашу гісторыю, дзейнасць. Навявала, што ты павінен нешта зрабіць».

Безумоўна, большасць грамадзянскіх актывістаў адчуваюць сябе ў пэўным канфлікце з «мэйнстрымам». Для многіх з іх прорва, што аддзяляе іх ад паспалітага «электарату», проста шакуючая:

«Перыядычна, калі збіраемся кампаніяй, я згадваю прымаўку пра тое, што чым больш пазнаеш людзей, тым больш падабаюцца сабакі».

«Яны [людзі] ў асноўнай масе затурканыя, абыякавыя, «сляпыя нібы краты», палахлівыя, жывуць па прынцыпе «абы было добра».

Але толькі да таго часу, пакуль людзі не пачнуць самі адчуваць плён і вынікі грамадскай працы або проста пачынаюць давяраць асобе, якая ёй займаецца: «На ўласным досведзе бачу: да пазітыву і поспеху цягнуцца. Падтрымка адчу­ваецца, і гэта матывуе».

Шлях да падвышэння прывабнасці грамадзянскага сектара – у яго боль­шай камунікацыі з той часткай грамадства, якая жыве па законах і практыках карпаратыўнай дзяржавы. Гэта ў сваю чаргу ставіць і іншае пытанне – пра разнастайнасць формаў актыўнасці грамадзянскага сектара, яго здольнасць генераваць праекты і практыкі, якія выходзяць за рамкі самога яго.

Гэта разумеюць і самі грамадзянскія актывісты. Яны бачаць сваю адроз­насць, іншасць ад мэйнстрыму, але не імкнуцца яе абсалютызаваць, зрабіць з яе своеасаблівы культ, якому яны б пакланяліся ва ўласнай царкве абраных. Адрознасць – гэта хутчэй праблема, бар’ер, які трэба пераадолець.

 

«Для таго каб змяніць менталітэт беларусаў і дрэннае стаўленне грамад­ства да апазіцыі, трэба змяняцца самому найперш, каб прапанаваць альтэр­натыву, каб прыцягнуць людзей і зацікавіць да змянення саміх без прымусу».

«Людзі неабыякавыя, у чым за гэты час я пераканаўся. Пры пэўным індывідуальным падыходзе ў кожным чалавеку можна знайсці нешта».

* * *

Пры канцы 2010 года пытанні, што былі зададзеныя падчас падрыхтоўкі і рэалізацыі гэтага праекта, набылі новы сэнс і гучанне. Грамадзянская суполь­насць разам з палітычнымі апазіцыйнымі сіламі атрымала балючы ўдар увечары 19 снежня 2010 года. Кароткая і збольшага імітацыйная лібералізацыя, што «дазвалялася» ўладамі цягам апошніх 2–3 год, была імкліва згорнутая, і да нас вярнуўся час татальных рэпрэсій. Але сам «выбух» той снежаньскай ночы толькі пацвердзіў устойлівае існаванне патэнцыялу для палітычных і сацыяльных альтэрнатыў у грамадстве.

Гэты патэнцыял складваўся не толькі з упартасці і ахвярнасці той часткі грамадзянскай субкультуры, якую мы даследавалі ў гэтай кніжцы, але і з часткі «мэйнстрыму». Той часткі, якая прадэманстравала гатоўнасць да пераменаў у грамадстве сваім выхадам на плошчу і сваёй датычнасцю да беспрэцэдэнт­най кампаніі салідарнасці з палітвязнямі, што разгарнулася на нашых вачах апошнімі днямі 2010 года. Гэты прыліў сілаў у грамадзянскую супольнасць, з аднаго боку, цалкам ішоў у рэчышчы логікі ўзнікнення матывацыі супраціву, апісанай тут на прыкладзе ролі «выбуховай падзеі», якая пачынае фармаваць палітычную свядомасць тых, хто да яе датыкнуўся. Аднак наўрад ці большасць з іх прайшла тую самую школу сацыялізацыі, якую можна прасачыць на пры­кладах традыцыйных грамадзянскіх актывістаў.

Новы грамадзянскі супраціў кансалідуецца не вакол апазіцыйных структур, а ў сацыяльных сетках. Аднак у той жа час відавочна, што ключавымі пунктамі ў гэтых сетках з’яўляюцца якраз тыя актывісты, што прайшлі праз школу грамадзянскага сектара і здолелі «вырвацца» за яго межы, здолелі пашырыць сваё кола камунікацый на падставе даволі базавых, будзённых спраў і клопату («мамскія» блогі, абарона правоў жывёлаў, клубы аўтамабілістаў і г.д.). Сама тэма патэнцыялу сацыяльных сетак для мацавання грамадзянскай супольнасці вартая асобага даследавання. Бачна, што ва ўмовах фармавання інфармацыйнага і спажывецкага грамадства патэнцыял грамадзянскай супольнасці ляжыць акурат у разнастайнасці дзеянняў і іх формаў, каналаў камунікацыі і перса­нальнага досведу актывістаў, пашырэння іх камунікацыі з іншымі сегментамі грамадства, асабліва з беларускім сярэднім класам, што набывае моц. У той жа час, калі гаварыць не пра разавыя праекты, а пра ўстойлівую матывацыю да грамадзянскай дзейнасці, яна, магчыма, застаецца такой жа ва ўсе часы – традыцыі неабыякавасці ў сям’і і сярод сяброў, клопат пра нацыянальную культуру, імкненне да самарэалізацыі.

Матывацыі супраціву. Кніга апытанняў — гэтае выданне можна спампаваць у PDF-фармаце (гл. у Дадатку па спасылцы).


Гэтую кнігу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў «ARCHE»:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

Менск — Сяргей Бахун, тэл.(029)724-54-56, (029) 624-54-56 .

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.