Паважаныя Чытачы! Аматары гісторыі!

Мне вельмі прыемна, што на беларускім выдавецкім рынку з нагоды 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і перамогі над гітлераўскай Германіяй з’явіўся спецнумар прэстыжнага навукова-папулярнага часопіса «ARCHE».

Народы Польшчы і Беларусі на працягу некалькіх стагоддзяў жылі ў агульнай дзяржаве, а гісторыя нашага суседства налічвае ўжо больш за тысячу гадоў. Я ўпэўнены, што гісторыя ўплывае на сучаснасць, таму на працягу ўсёй сваёй дыпламатычнай місіі, як Пасол Польшчы ў Беларусі, я імкнуўся распачаць аб’ектыўны і ўсебаковы гістарычны дыскурс польскіх і беларускіх гісторыкаў, заснаваны на грунтоўным аналізе архіўных матэрыялаў і глыбокіх гістарычных даследаваннях. Хацелася б пажадаць, каб публікавалася значна больш новых навуковых прац, прысвечаных найноўшай гісторыі нашых краін, створаных на базе свабоднага і неабмежаванага доступу да гістарычных крыніц. Найноўшая гісторыя выклікае нямала эмоцый, а ўсё новыя спробы перагледзець падзеі, якія мелі месца ў XX ст., могуць прывесці не толькі да парушэння пасляваеннага міжнароднага ладу, але і да з’яўлення новых канфліктаў у Еўропе.

Лешак Шарэпка
Лешак Шарэпка

Нам вядома нямала прыкладаў польска-беларускай баявой садружнасці. Мы не вялі непасрэдных войнаў адзін супраць аднаго, а нават калі ўзаемна змагаліся, то ў шэрагах чужых армій.

Я ўпэўнены, што ў нумары «ARCHE», які Вы трымаеце ў руках, Вы знойдзеце падрыхтаваныя вядомымі польскімі і беларускімі гісторыкамі цікавыя артыкулы, якія адлюстроўваюць вельмі важны ваенны ўклад палякаў і беларусаў, якія плячо ў плячо змагаліся на ўсіх франтах той вайны.

Я спадзяюся, што гэтае выданне «ARCHE» натхніць некаторых з Вас на ўласныя, больш дасканалыя даследаванні ў згаданай галіне, а ўзнятыя пытанні і іх ацэнка дазволяць усім нам ганарыцца гераізмам нашых продкаў, якія дзеля міру і бяспекі, не раздумваючы, аддалі ўласнае жыццё.

Лешак Шарэпка,
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь