24 лютага 1950 года прэзідэнт ГДР Вільгельм Пік падпісаў дакумент аб стварэнні Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ). Міністэрства, якое стала больш вядомае пад назвай «Штазі» – гэта скарочаная форма слова Staatssicherheit – дзяржбяспека.

Калі браць у разлік на душу насельніцтва, то ні ў адной краіне свету не было такой шматлікай спецслужбы, як ва Усходняй Германіі. У 1989 годзе, напярэдадні падзення Берлінскай сцяны, у штаце МДБ ГДР было больш за 90 000 супрацоўнікаў. Гэта значыць адзін супрацоўнік «штазі» прыходзіўся, у сярэднім, на 180 жыхароў ГДР.

Выведкай і контрвыведкай, працай якая ўласцівая спецслужбам, займалася толькі дзясятая частка супрацоўнікаў «Штазі». Асноўная мэта «Штазі» была ў стварэнні таемнай ідэалагічнай паліцыі, якая жорстка душыла б любыя праявы незадаволенасці, і якая служыла б не Айчыне, не Радзіме і не народу, а партыйна-дзяржаўнай групоўцы.

Спецслужба «Штазі» для арышту чалавека ня мела патрэбы ў рашэнні суда. Яны самі выносілі рашэнні ў адносінах да любога, хто патрапляў ім на вока.

Па далёка няпоўным дадзеным, толькі ў пачатку 1950-х гадоў у ГДР было 3,5 тысячы палітвязняў.

У спэцтурмах «Штазі» былі створаны ўсе ўмовы для ломкі людзей. Асноўнай турмой ГДР, дзе ўтрымліваліся толькі палітычныя зняволеныя, была турма ў Берліне «Хоэншонхаўзэн» (Hohenschönhausen). Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў гэтым месцы быў створаны савецкі спецыяльны лагер, у падвалах якога была размешчана галоўная следчая савецкая турма. Пры савецкіх уладах тут ўтрымлівалі ваенных злачынцаў і палітычна нядобранадзейных асоб. У 1951 турму «Хоэншонхаўзэн» перадалі ў вядзенне МДБ ГДР. За час існавання турмы «Штазі» тут утрымлівалася 7,5 тысяч палітзняволеных, з якіх 30% былі жанчыны. У камерах турмы зняволеныя знаходзіліся часам па некалькі гадоў – без допытаў, без абвінавачванняў пакуль не зламаюцца і не пачнуць працаваць са следствам. Допыты ў гэтай турме праводзіліся толькі ноччу, а раніцай, калі зняволеных вярталі назад у камеру, ім забаранялася спаць. Гэта было катаванне сном.

1У наш час былая турма «Хоэншонхаўзэн» працуе як музей, і экскурсіі па ёй ладзяць былыя вязні. Так, нашай беларускай групе аб гіторыі гэтай турмы распавёў Карл-Хайнц Рыхтар, [фота: 1] якога «Штазі» закінула ў турму 17-ці гадовым юнаком. Яго арыштавалі за дапамогу 17-ці чалавекам збегчы ў Заходні Берлін. Гэтае “злачынства” назвалася “Арганізаваны масавы пабег” і на той час каралася растрэлам, альбо пажыццёвым зняволеннем. Затрымалі Карла-Хайнца Рыхтара, калі зваліўся з трохмятровай сцяны на бетон і быў змешчаны ў адзіночную камеру з пераломамі абедзьвюх ног, некалькіх рэбараў і рукі. У архівах «Штазі» захавалася распараджэнне кіраўніцтва спецслужбы не аказваць медычнай дапамогі спадару Рыхтару. Першы допыт Карла-Хайнца Рыхтара доўжыўся больш больш за 24 гадзіны. Пасля трох турэмных гадоў Карла-Хайнца Рыхтара выпусцілі дзякуючы міжнароднаму ціску. Але «Штазі» адпомсціла і ягоным блізкім. Яшчэ пад час знаходжання ў турме спадара Рыхтара была арыштаваная яго мама, у турме яна перанесла інфаркт. Калі ж улады ГДР вырашылі дэпартаваць яго з краіны, то была арыштаваная яго жонка. Праз некаторы час прымусова забралі дачку. Праз 6 месяцаў жонку Рыхтара выпусцілі. Але яна, даведаўшыся пра затрыманне дачкі, захварэла псіхічнай хваробай. Акрамя таго, яна распавяла, што пад час арышту яе неаднаразова гвалцілі. Праз 2,5 гады дачку вярнулі назад у сям’ю. Зарааз Карл-Хайнц Рыхтар праводзіць экскурсіі па турме «Хоэншонхаўзэн» каб кожны зразумеў, які злы быў час ГДР і «Штазі».

2Для перавозкі палітзняволеных «Штазі» выкарыстоўвала закамуфлігаваны пад грамадзянскія патрэбы аўтамабіль «Barkas B1000» будка якога мела 5 адсекаў для ўтрымання людзей. [Фота: 2]

Колькасць палітычных зняволеных у ГДР, лічачы толькі з 1960-га года да 89-га, калі абрынулася Берлінская сцяна,  звыш ста тысяч. Гэта вялікая лічба, найбольшая ў параўнальнанні з іншымі краінамі савецкага блока.

Практыка выкупу палітвязняў урадам і прыватнымі асобамі ФРГ у пэўнай ступені стымулявала практыку арыштаў і затрыманняў грамадзянаў органамі дзяржбяспекі. Так ФРГ выплаціла ГДР каля 3,4 мільярды марак за вызваленне 33 755 чалавек і ўз’яданне 250 000 сямей.[1]

Больш у ГДР не саджалі толькі таму, што не было куды саджаць: у адрозненне ад СССР, пасылаць сваіх дысідэнтаў у «месцы ня так аддаленыя» улады ГДР не маглі, проста таму што краіна маленькая, сібірскіх прастораў у ёй не было.

Перапоўненыя турмы і выдаткі на строгі рэжым утрымання палітвязняў ўсё часцей прымушалі «Штазі» звяртацца да пазасудовых пераследаў: людзей, якія крытычна ставіліся да рэжыму, труцілі, гвалцілі, звальнялі з працы, распаўсюджвалі пра іх гідкія чуткі, пазбаўлялі грамадзянства. Як казалася вышэй з расповяда Карла-Хайнца Рыхтара «Штазі» актыўна практыкавала прымусовае адбіранне дзяцей з сем’яў палітычна недабранадзейных грамадзян. Гэта называлася “прымусовае ўсынаўленне”. Так за час існавання ГДР было прымусова ўсыноўлена больш за 7 тысяч дзяцей.

У прынцыпе, метады «Штазі» нічым не адрозніваліся ад метадаў КДБ СССР. Сачэнне, запалохванне, шантаж, псіхічнае і фізічнае ўздзеянне на нязгодных з лініяй партыі.

Негалосныя вобшукі, сакрэтнае фатаграфаванне, праслухоўванне тэлефонных размоў і кватэр, перлюстрацыя карэспандэнцыі, вонкавае назіранне, шматлікія пазаштатныя інфарматары… «Штазі» нястомна збірала кампрамат на ўсіх, хто трапляў у яе поле зроку: хто з кім спіць, з кім выпівае, каму ўпотай прывезлі заходнія часопісы знаёмыя з замежжа, хто купіў у спекулянта чаравікі, хто распавядае анекдоты пра ўладу…

«Штазі» таксама атыўна практыкавала гвалтоўныя выкраданні людзей ня толькі з тэрыторыі Заходняга Берліна і ФРГ, але і па ўсім свеце. Яскравым прыкладам падобных злачынстваў была аперацыя «Леман» па выкраданню юрыста Вальтэра Лінзэ. Гэтае дзёрзкае злачнства атрымала міжнародны розгалас. Вярхоўны камісар ЗША ў Германіі Уолтар Донэлі даслаў ноту пратэсту генералу Васілю Чуйкову (кіраўніку Савецкай Ваеннай Адміністрацыі) у якой запатрабаваў неадкладнага вяртання Вальтэра Лінзэ. Чуйкоў адказаў, што савецкія ўлады не валодаюць якой-небудзь інфармацыяй пра месцазнаходжанне Вальтэра Лінзэ. Тым часам Лінзэ дапытваўся афіцэрамі «Штазі» ў прысутнасці прадстаўнікоў савецкай сакрэтнай службы. Праз некаторы час «Штазі» перадала Лінзэ савецкім уладам. Савецкі ваенны трыбунал у Берліне прызнаў Лінзэ вінаватым у шпіянажы, контррэвалюцыйнай дзейнасці і прапагандзе, за што прысудзіў яго да смяротнага пакарання. Яго перавезлі ў Маскву, дзе Вярхоўны Суд СССР зацвердзіў гэты прысуд. Праз гадзіну пасля гэтага Вальтэр Лінзэ быў расстраляны ў Бутырскай турме. Яго цела крэміравалі ў Данскім манастыры. Яму было пяцьдзесят гадоў.[2]

Абвінавачванні ў арганізацыі палітычных забойстваў вылучаліся супраць «Штазі» даўно, але некаторыя немцы адносілі іх хутчэй да вобласці тэорый. Але доказы, што рэжым у ГДР у выпадку неабходнасці фізічна знішчаў сваіх ворагаў, маюцца ва ўнутраных матэрыялах «Штазі». Іх час ад часу распавядае камісія пад якая займаецца апрацоўкай дакументаў МДБ ГДР. Так, камісія выявіла загад міністра МДБ ГДР Эрыха Мільке ад 1963 года. У дакуменце ўтрымліваецца распараджэнне аб стварэнні сакрэтных груп, у чыю задачу ўваходзіла арганізацыя сабатажу супраць ФРГ. Даказаная дачыненне агентаў МДБ ГДР да замаху ў 1981 годзе на Вольфганга Вельша вядомага арганізатара уцёкаў з ГДР. Яго спрабавалі атруціць катлетай, запраўленай пацучыным ядам, але Вельшу ўдалося выжыць. Агент «Штазі», які гатаваў тую смяротную страву, быў пасля абвінавачаны і прысуджаны ў 1994 годзе да шасці з паловай гадоў турмы.[3]

Падрыхтоўкай «чэкісцкіх» баевікоў займалася рабочая група AGM/S МДБ ГДР. Гэтыя каманды, як паццвярджалі былыя супрацоўнікі «Штазі», планавалі правядзенне «спецмерапрыемстваў» у ваенных і грамадзянскіх установах ФРГ.

За год да падзення Берліноской сцяны AGM/S ператварылася ў падраздзяленне, якое ў выпадку абвастрэння становішча павінна было праводзіць тэракты.

Да асабліва злачынных аспектаў дзейнасці МДБ ГДР адносіцца таксама падтрымка міжнароднага тэрарызму. Каля дзвюх тысяч чалавек з пятнаццаці краін свету прайшлі спецкурсы ў лагерах на тэрыторыі ГДР. Менавіта інструктары з ГДР навучалі арабскіх тэрарыстаў і членаў роте армее фракцыён  РАФ. Так, замах тэрарыстаў РАФ на натаўскага генерала Крозэна (Frederik Kroesen) было падрыхтавана і адрэпетавана ў ГДР. Яго машына была абстраляная ў ФРГ з супрацьтанкавай ўстаноўкі тэрарыстамі РАФ.[4]

Ва ўнутраных дакументах «Штазі» гаварылася: «Рэкамендаваць старанна сачыць за ўсёй даступнай інфармацыяй аб тэрарыстычным асяроддзі ў імперыялістычных дзяржавах, дакладна вывучаць і аналізаваць прымяняемыя тэрарыстамі сродкі і метады, каб мець магчымасць прымяняць іх самім».[5]

Зразумела, было б няправільна і нясправядліва лічыць былую ГДР краінай суцэльных даносчыкаў і сэксотаў. Як падкрэслівае ў сваёй кнізе Ёнс Гізіке, многія адмаўляліся супрацоўнічаць са «Штазі». Дзясяткі, калі не сотні інфарматараў адмыслова «разканспірыраваліся» (як гэта называлася на чэкісцкім жаргоне) гэта значыць паведамлялі сваім знаёмым, родным, альбо за куфлем піва, што далі абавязак супрацоўнічаць з дзяржбяспекай. Натуральна, што такім людзяім больш не прапаноўвалася быць інфарматарамі.

Што тычыцца пакарання за падобныя «метады працы», то кадравыя супрацоўнікі «Штазі» за невялікім выключэннем засталіся беспакаранымі па розных прычынах: ці было цяжка даказаць іх асабістую віну, ці скончыўся тэрмін даўніны за такія злачынствы, як, напрыклад, незаконнае пазбаўленне волі, шантаж, парушэнне недатыкальнасці жылля і таямніцы паштовых адпраўленняў. У выпадку з шматгадовым начальнікам Галоўнага ўпраўлення «А» Маркусам Вольфам, Канстытуцыйны суд аб’яднанай Германіі вырашыў, што судзіць былых грамадзян ГДР за шпіянаж супраць ФРГ нельга. Аднак, што тычыцца генерала Вольфа, то ён, як гаворыцца, за што змагаўся, на тое і напароўся. Маркус Вольф дамагаўся (і дамогся) у Канстытуцыйным судзе рашэння, каб такіх, як ён, прыцягвалі да адказнасці толькі ў выпадку парушэння законаў ГДР. У выніку яго судзілі за арганізацыю выкрадання. Па заходнегерманскіх законах тэрмін даўнасці за такія злачынствы ўжо мінуў, але па усходнегермансках яшчэ не.[6]

А вось што тычыцца суразмернасці пакарання за злачынствы… Аўтар кнігі «Канцэрн Мільке» Ёнс Гізіке лічыць, што важней атрымаць максімальна поўную інфармацыю аб «Штазі» і зрабіць яе здабыткам як мага больш шырокага кола людзей. Гэта куды эфектыўней за ўсякія судовыя прысуды выпрацуе ў людзей стойкую агіду да такой «паліцыі», дазволіць выкрыць хлусню тых, хто кажа пра «службу Айчыне», і тым самым дапаможа прадухіліць у будучыні стварэнне падобных рэпрэсіўных органаў, зброі татальнага тэрору купкі людзей, якія трымаюць уладу.

Што ж да пытання наконт поспеху і эфектыўнасці Міністэрства дзяржаўнай бяспекі «Штазі», то тут гаворыць сам факт, што ня толькі асновы дзяржаўнага сацыялістычнага ладу былі, у рэшце рэшт, падарваныя, але і сама дзяржава ГДР наагул перастала існаваць.

Падчас мірнай рэвалюцыі 1989 будынкі МДБ (а 15 студзеня 1990 году штаб-кватэра) былі захопленыя раз’юшанымі грамадзянамі. Знаходзячыся ў атачэнні, супрацоўнікі МДБ атрымалі загад знішчыць архіў. Згодна з загадам у першую чаргу трэба было знішчыць дакументы пра ключавых інфарматараў «Штазі», пра галоўныя аперацыяі ў ГДР і ФРГ. Архіў знішчалі з дапамогай машын-шрэдэраў. Праз велізарны аб’ём шрэдэры зламаліся і застаўшыяся дакументы раздзіралі рукамі. Рэшту шматкоў паперы складвалі ў асобныя мяхі. У цяперашні час вядуцца работы па аднаўленні гэтай часткі архіва. Неабходна ўзнавіць 45 мільёнаў старонак. Іх адновяць за пяць гадоў пры дапамозе кампутарнага аўтаматычнага аднаўлення дакументаў, якое будзе каштаваць 30 мільёнаў еўра.[7]

У Германіі архіў «Штазі», а гэта 111 км. паліц з асабістымі справамі, адкрыты для доступу з вельмі невялікімі абмежаваннямі, і кожная ахвяра фігурант справы «Штазі» мае права азнаёміцца са сваім дасье (гэта ўжо зрабілі 1,7 млн. немцаў). А вось на постсоветскай прасторы, за выключэннем балтыйскіх краін, архівы КДБ да гэтага часу ў асноўным зачыненыя, а яго супрацоўнікі надзейна абаронены ад праверак і абвінавачванняў.


 

[1] «Германия. Факты».

[2] Джон Кёлер. Секреты Штази. История знаменитой спецслужбы ГДР. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.litmir.co/br/?b=233524&p=44>.

[3] Государственный преступник номер один: киллеры «штази» против Вельша. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.dw.com/ru/>

[4] История ШТАЗИ — госбезопастности ГДР. Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.dw.com/ru/>.

[5] Ауэрбах Томас. Коммандос Штази. Подготовка оперативных групп Министерства государственной безопасности ГДР к террору и саботажу против Западной Германии. Доступ праз Інтэрнэт: <http://rubooks.org/book.php?book=1964&page=11>.

[6] Йенс Гизике «Концерн Мильке». Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.mediasprut.ru/germ/artikel/ss.shtml>

[7] «Страна должна знать своих сексотов». Доступ праз Інтэрнэт: <http://www.ntv.ru/novosti/113117/#sel>.

На фота:

1. Карл-Хайнц Рыхтар каля камеры турмы «Хоэншонхаўзэн». У гэтай адзіночнай камеры ён праседзеў 6 месяцаў.

2. Аўтамабіль «Barkas B1000». На такіх аўтамабілях перавозілі палітычных вязьняў у ГДР.