Меркаванне беларускага прадпрымальніка, кіраўніка агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax Кірыла Атаманчыка аб тым, як Беларусі трэба манетызаваць сваё савецкае мінулае.

У гэтым кароткім артыкуле мне хацелася б падзяліцца думкамі адносна магчымага выкарыстання савецкай гісторыка-культурнай спадчыны ў турызме, але пачаць усё ж варта з некалькіх уступных тэзісаў.
k3_arts_s1_12
Паняцце “траўма” даўно вядома ў медыцыне, але ўсё часцей пра траўмы даводзіцца чуць і ў сацыяльным, і ў грамадскім кантэкстах. Культурная траўма можа паўстаць у выніку трансфармацыйных працэсаў, якія часцяком бываюць не толькі эвалюцыйнымі і працяглымі па часе, але і радыкальнымі, рэвалюцыйнымі, якія адбываюцца досыць хутка. У любым выпадку гэтыя працэсы вядуць да таго ці іншага выніку, які можа выклікаць адчуванне траўмы ў вызначанай сацыяльнай групы ці насельніцтва краіны, рэгіёна ці нават усяго свету. У Беларусі ёсць такія траўмы, сярод іх траўмы савецкага мінулага і Другой сусветнай вайны. Відавочна, што пасля развалу СССР большасць людзей змагла адчуць настальгію па простым і зразумелым Савецкім Саюзе. Гэта не дзіва, паколькі аўтарытарная форма сацыяльнасці з’яўляецца вельмі простай у тэарэтычна-інфармацыйным плане, а таксама больш жывучай, чым дэмакратычная, таму што яна прасцейшая і больш зразумелая для абывацеля. З майго пункту гледжання, менавіта тут і адбыўся асноўны раскол, які беларусы не могуць пераадолець і па сённяшні дзень. Палітыка дэсаветызацыі ў Беларусі скончылася, так і не пачаўшыся. Былі абраныя новыя органы ўлады, але шмат якія беларусы засталіся па сваёй сутнасці “саўком” да мозгу костак і перайшлі з БССР у “БССР-light”.

Ніжэй мне б хацелася сцісла і неперадузята ацаніць тую савецкую спадчыну, якая засталася ў Беларусі (на прыкладзе некалькіх аб’ектаў: “Лініі Сталіна”, Курапатаў і месца Белавежскай дамовы ў Віскулях), і той патэнцыял, які ёсць у нашай краіны для яе выкарыстання.

“Гарачыя галовы” кажуць, што “Лінія Сталіна” – наш нацыянальны здабытак. Іншыя ж кажуць, што гэта ганьба нацыі, прафанацыя і наогул даўно трэба пазбавіцца ад гэтага аб’екта. Такія прозвішчы, як Сталін, Гітлер, Ленін і да т.п., заўсёды будуць выклікаць жывую зацікаўленасць. Жудасныя і страшныя месцы прыцягальныя для турыстаў і заўсёды пакідаюць уражанні. Працуючы доўгі час у Літве, мы прапануем сваім кліентам тэматычныя экскурсіі “Вандроўка ў СССР”  ці “Цёмныя старонкі савецкай Вільні”. Аб’екты гэтых экскурсій надзвычай часта наведваюцца ў Літве. Распешчаныя прыгожымі сярэднявечнымі гарадамі, замкамі і палацамі, заходнія турысты шукаюць разынку ў краінах былога сацлагеру. Безумоўна, Беларусь з-за стагоддзяў разбурэнняў і войнаў не можа пахваліцца такім багаццем старадаўняй архітэктуры, таму разынкай тут можа быць якраз савецкая спадчына, на якой можна і нават трэба зарабляць – праўда, не добраахвотна-прымусовымі школьнымі экскурсіямі ў Хатынь ці Брэсцкую крэпасць, а зусім іншымі спосабамі.

Паколькі мы закранулі тэму “Лініі Сталіна”, то я з’яўляюся прыхільнікам таго, каб гэты комплекс не толькі застаўся адкрытым, але і пакінуў сваю назву, аднак яго “начынка” і інтэрпрэтацыя павінна быць іншай. Ёсць ідэі стварыць там парк савецкіх скульптур, аднак такім ужо не здзівіш, паколькі падобныя паркі ёсць у Літве і Венгрыі. Я б рабіў стаўку на рэкорды, “трэш” і эксклюзіўныя забавы. Вось вам некалькі ідэй у якасці мазгавога штурму і дыскусіі: што калі сабраць тут, у адным месцы, усе помнікі і бюсты Леніну з усёй Беларусі – гэта ж адразу Кніга рэкордаў Гінэса; што калі арганізаваць тут стрэльбішча, каб была магчымасць пастраляць не толькі з рэальнай баявой зброі, але і, напрыклад… танка; што калі вынесці казіно за межы Менска на “Лінію Сталіна” і жахнуць кагнітыўным дысанансам, сюрэалізмам і капіталізмам па “камуністычнай утопіі”? Б’юся аб заклад, такога месца ў Еўропе не знайсці!

A-4_5

Што да Курапатаў, то, з майго пункту гледжання, гэты мемарыял паказвае ўвесь трагічны лёс Беларусі. Я перакананы, што там не патрэбны пампезныя помнікі і манументы. У тых уласнаручна зробленых крыжах магутная энергетыка! Мае знаёмыя з Цэнтра даследаванняў генацыду Літвы, пабываўшы ў Курапатах, засталіся пад велізарным уражаннем, паколькі прачулі ўсю трагічнасць, моц і значнасць гэтага месца для беларусаў. У Курапатах павінна быць створана добраўладкаваная тэрыторыя пад аховай, належным чынам выведзена інтэрпрэтацыя, а сам мемарыял павінен быць уключаны ва ўсе турыстычнае маршруты Менска і Менскага раёна. Упэўнены, пры правільнай арганізацыі наведаць гэта месца будзе досыць шмат ахвотных.

Яшчэ адным цікавым аб’ектам як для заходніх, так і беларускіх турыстаў пры належнай інтэрпрэтацыі могуць стаць Віскулі. Не трэба казаць пра тую гістарычную значнасць, якая закладзена ў гэтым аб’екце. Па зразумелых прычынах цяпер гэты аб’ект не выкарыстоўваецца ў поўнай меры, аднак, спадзяюся, гэта калі-небудзь зменіцца.peoplenews_1_liankevich

Напрыканцы хачу толькі дадаць, што ў Беларусі велізарны патэнцыял для выкарыстання савецкай гісторыка-культурнай спадчыны, аднак толькі ў яго трансфармаваным выглядзе, пры іншай інтэрпрэтацыі. Нам як народу яшчэ прыйдзецца прыкласці намаганні, каб перажыць савецкія комплексы і траўмы, каб ісці далей і быць больш адкрытымі да дыялогу на няпростыя тэмы, паказаўшы як самім сабе, так і замежным гасцям сваю гісторыю ў розных яе выглядах.


Q5O1thadRlkКірыл Атаманчык – прадпрымальнік і грамадскі дзеяч. Родам з горада Жлобіна Гомельскай вобласці (Беларусь). Больш за 8 гадоў жыве ў Літве. Бакалаўр турызма і рэкрэацыі, магістр культурнай спадчыны Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Кіраўнік агенцыі адпачынку і забаваў Vilnius Relax.

ЗАТ «Правекта фабрыка» г.Вільнюс, Літва


ДРУКУЕЦЦА НА ПРАВАХ РЭКЛАМЫ